У гісторыі 38-гадовай Алены — развод пасля 12 гадоў шлюбу і спробаў «паправіць сям’ю» будаўніцтвам кватэры і нараджэннем дзяцей. На шляху да разводу цяжэй за ўсё было пераадолець патрыярхальныя парады збоку і стэрэатыпы ў сваёй галаве. «У навакольных было дзіўнае стаўленне да таго, што я «раптам» вырашылася на развод. Мне казалі: «Усё ж добра. Ён цябе не б’е. У іншых яшчэ горш, а жывуць. Ты проста з тлушчу шалееш. Разбураеш сям’ю, дзяцей без бацькі пакідаеш».
У выніку такая «дапамога» прывяла да таго, што Алена адчула сябе ў пастцы. «Калі жаніліся, я не думала пра развод, не планавала, што жыццё пойдзе такім шляхам і што закон мяне не абароніць».
«Развядзёнкі» — серыя матэрыялаў Hrodna.life пра тое, чаму жанчыны ідуць на развод і як пераадольваюць складанасці сітуацыі. Усе гісторыі - сапраўдныя і адбыліся ў Гродне. Усе імёны гераінь змененыя.
«У першы год мы былі ідэальнай сям’ёй»
Алена выйшла замуж у 24 гады. «Не рана», — ацэньвае яна. Пра мужа кажа, што гэта быў «просты хлопец на два гады за мяне старэйшы, выдатны сябар, душа кампаніі, весялун, рукасты».
У першы год шлюбу адносіны былі выдатнымі. Пара жыла ў свабоднай кватэры аленінай сваячкі. Жанчына з’ехала працаваць за мяжу і саступіла кватэру маладым. «Увесь рамонт муж зрабіў сваімі рукамі. Мая маці прадала гараж, дапамагла нам грашыма на будматэрыялы і мэблю, хоць яго сям’я не вельмі хацела браць удзел у жыцці сям'і сына».
Гэта здавалася ёй нармальным. У яе асяроддзі існавала меркаванне, што «да шлюбу жанчыну судзяць па тым, што яна мае, а мужчыну па таму, што ён умее». А ў шлюбе — наадварот. «Мне здавалася, мы былі ідэальнай сям’ёй», — кажа Алена.
«Так мы сталі жыць у розных пакоях»
«Калі нарадзіўся сын, муж ад шчасця плакаў у тэлефон, казаў, як моцна любіць нас і як ён шчаслівы», — распавяла Алена Hrodna.life. Але пасля вяртання дадому з радзільні побыт і паўсядзённыя цяжкасці неўзабаве разбурылі сямейную ідылію.
«Мы адразу вырашылі, што будзем класці малога спаць адразу ў асобны пакой — мужу трэба было высыпацца, яму раніцай на працу. Але першыя тры месяцы сын плакаў практычна ўвесь час. Сілаў хадзіць туды-сюды ў мяне з кожнай ноччу станавілася ўсё менш».
З агульных заняткаў у гэты перыяд засталося толькі купанне малога і рэдкія сумесныя шпацыры. Дапамога мужа складалася ў тым, што часам ён згаджаўся пагуляць з вазочкам на вуліцы, каб даць Алене магчымасць зрабіць нейкія справы па хаце ці папрацаваць — яна знайшла падпрацоўку з дому. «Пра мой адпачынак гаворка не заходзіла ніколі. Муж казаў: «Ты ж не працуеш, значыць не стамляешся».
Сабе ён дазваляў час ад часу нават паходы ў начны клуб. «Раніцай пасля такога адпачынку яму таксама патрэбны быў адпачынак. Увесь дзень ён ляжаў, ці праводзіў за кампутарам, гуляючы ў танкі і пахмяляючыся півам. Пасля чарговага такога паходу я папрасіла яго сысці, і ён сышоў. Месяц мы жылі асобна».
«Як бы банальна ні гучала, але заўсёды трэба размаўляць»
Выпадак Алены — прыклад таго, што адбываецца, калі не агучваюцца чаканні партнёраў адзін ад аднаго (або агучваюцца, але ігнаруюцца). Сямейныя адносіны наўпрост залежаць ад чаканняў. З гэтымі чаканнямі мы ўступаем у адносіны і ствараем сям'і. Праблемы ўзнікаюць, калі гэтыя чаканні не ўсведамляюцца (і таму не могуць быць вербалізаваныя), чаканні ўсведамляюцца, але не прагаворваюцца (калі любіць — сам мусіць здагадацца) або чаканні ўсведамляюцца, прагаворваюцца, але… ігнаруюцца.
У выпадку Алены добра відаць, што чаканні мужа і жонкі адзін ад аднаго мяняюцца з часам. Гэта нармальна. Чалавек развіваецца і мяняецца, мяняюцца абставіны. Адна справа — чаканні ад партнёра, калі жывуць удваіх, зусім іншае — калі з’яўляюцца дзеці. Як бы банальна ні гучала, але заўсёды трэба размаўляць. Асабліва — пра свае чаканні.
«Самая вялікая памылка ў маім жыцці»
Яшчэ адно змяненне ў сямейным жыцці было звязана са змяненнем статусу ў чарзе на кватэру. «Муж стаяў у чарзе на пашырэнне. Пасля шлюбу і нараджэння дзіцяці нас перавялі ў чаргу для маладых сем’яў. Мы атрымалі льготны крэдыт і пачалі будаваць двухпакаёвую кватэру на Альшанцы».
На дзень нараджэння сына, калі яму споўніўся год, муж са свякрухай прыйшлі да Алены ў госці. «Свякроў цэлы дзень расхвальвала мужа, казала, які ён выдатны, што адпачываць трэба ўсім, і нічога ж страшнага ён не зрабіў наогул. Мне было страшна: я адна, у мяне дзіця на руках, якое будзе расці без бацькі. Я спалохалася, што не пацягну, і папрасіла мужа вярнуцца. Гэта была самая вялікая памылка ў маім жыцці», — успамінае Алена.
«Далей мы проста існавалі разам — то лепш, то горш. Жылі па-ранейшаму ў розных пакоях, ён па-ранейшаму гуляў у танкі, піў піва і гуляў з сябрамі. Я выйшла з дэкрэта і мяне закруціла — дом-праца-дабрачынная дзейнасць. Трэба было даганяць у прафесійным плане два гады дэкрэта».
«Ён увесь час хацеў мяне ці пафарбаваць, ці пастрыгчы, ці перарабіць мне грудзі»
«Адносіны ў нас так і не складваліся. Пагаварыць ўдваіх не было пра што. У кампаніі ён пастаянна дэманстраваў, што са мной штосьці не так. Мог папросту сказаць нашым сябрам: „Ну скажыце, ёй трэба пафарбавацца. Алена, Паглядзі які ў Вікі прыгожы колер валасоў!“. Ён увесь час хацеў мяне ці пафарбаваць, ці пастрыгчы, ці апрануць мяне ў міні, ці перарабіць мне грудзі. Гэта чапляла страшна. Не разумею да гэтага часу, чаму я гэта трывала», — распавяла Алена для Hrodna.life.
Як рэагаваць на такія паводзіны? Не паверыце, але ўсё гэтак жа — казаць. Казаць, што гэта для мяне недапушчальна, гэта мяне абражае і т. д.
Калі словы ігнаруюцца, наступны крок — аддаляцца. Эмацыйна, у бытавым плане, у стасунках, у сексе.
Гэта, вядома, супярэчыць стэрэатыпным устаноўкам і гучыць для многіх абуральна. Але інакш ніякія словы не маюць сэнсу.
Набліжацца варта толькі тады, калі сітуацыя мяняецца.
Дарэчы, я стала выпіваць па вечарах піва разам з ім, каб быць на адной хвалі. Нейкі час у мяне нядрэнна атрымлівалася. Потым я зразумела, што я п’ю практычна кожны дзень. Па крыху, але кожны дзень. І гэта нармальна так мяне страсянула.
«Ідзі сама да псіхолага. Я не псіх»
З часам склалася так, што сваячка, у кватэры якой жыла сям’я, вырашыла прадаваць кватэру. Да гэтага часу як раз скончылася будаўніцтва новай кватэры.
«Муж зноў усё зрабіў сваімі рукамі, зноў цалкам за кошт сродкаў, якія дала нам мая маці. Гэта быў нейкі ўздым — новы дом, новае жыццё, сын вось-вось пойдзе ў школу. Мы задумаліся пра другое дзіця. Праўда, яно не атрымлівалася ў нас амаль тры гады».
Але другі дэкрэт толькі расставіў усе кропкі над «і».
«Я зноў была адна, толькі ўжо з двума дзецьмі. Муж — зноў з півам, танкамі, сябрамі і адпачынкам пасля адпачынку. Мы не хадзілі разам з гуляць у горад, парк ці заапарк, не хадзілі ў кафэ або кіно, да лекараў я таксама вадзіла дзяцей заўсёды адна, з зайздрасцю і цікаўнасцю разглядаючы бацькоў у паліклініках. Мы па-ранейшаму жылі ў розных пакоях, нават у новай кватэры, бо што «ён не можа так спаць», мы нават не елі разам за адным сталом. З малодшым ён практычна не гуляў, нават не купаў яго, як старэйшага, таму што «ты сама добра спраўляешся».
Я спрабавала з ім гаварыць, але ў адказ чула, што ў нас усё добра, што я выдумляю, што ўсё так жывуць. На прапанову пайсці да псіхолага ён казаў, што я нагледзелася фільмаў і што ён не псіх. Маўляў, калі ты псіх, то ідзі сама. І ведаеце, я пайшла".
Псіхолаг ніколі не кажа, як лепш паступіць
Да псіхолага варта звяртацца таму, у каго праблема. У мужа Алены, як бачым, праблемы не было: «усё ж добра». Але нават калі адзін з сужэнцаў звяртаецца па дапамогу псіхолага, гэта мае сэнс.
Важна памятаць, што псіхолаг ніколі не прымае рашэнне за кліента і ніколі не кажа, як лепш паступіць.
У гутарках з псіхолагам чалавек працуе са сваімі перажываннямі і з часам пачынае лепш разумець, чаго ж ён сам хоча. Не псіхолаг, не грамадства, не цешча/свякроў/сяброўка, а ён сам.
Як быць з гэтым разуменнем, чалавек таксама вырашае сам: ці пакінуць усё як ёсць, ці разводзіцца.
Псіхолаг клапоціцца пра дабрабыт свайго кліента, а не пра тое, як захаваць сям’ю любой цаной.
Чытайце таксама: «За год дети получили от папы 5 рублей на троих». История Виктории, в которой она осталась с детьми и кредитом, и год сражалась за алименты
Яму нічога не будзе, а дзецям у школу — сігнал
Пасля працы з псіхолагам Алена змагла наважыцца падаць на развод. Пары ўдалося дамовіцца пра падзел маёмасці без суда, паводле шлюбнай дамовы. Там жа прапісалі пытанні выплаты аліментаў і парадак зносін мужа і жонкі з дзецьмі. Кватэру ў ільготным крэдыце падзялілі па долях на дваіх. «Так мы і жылі - практычна нічога не памянялася. Толькі я адмовілася абслугоўваць яго ў бытавым плане. Яму давялося самому сабе праць, прасаваць, гатаваць і гэтак далей. Так мы пражылі амаль год».
У гэты час былы муж часта прыходзіў дадому нецвярозым. Калі Алены з дзецьмі не было дома, прыводзіў дадому кампаніі і жанчын. Пасля аднаго з такіх візітаў Алёна выклікала ўчастковага — паказаць, у якіх умовах былы муж пакінуў кватэру да вяртання яе і дзяцей пасля выхадных на лецішчы. Міліцыянт сказаў прыкладна наступнае:
«Вы разумееце, чалавек знаходзіцца ў сябе дома, ён можа хадзіць голым, пісаць і какаць нават пасярод пакоя — мы нічога не можам зрабіць. Ён жа не на вуліцы хуліганіў. Вось калі б ён ударыў вас — тады іншая справа. Вы зразумейце, я прыйду, правяду з ім гутарку і пайду. Яму ад гэтай гутаркі нічога не будзе, а вось сігнал у школу і сад я буду вымушаны даць. Паставіць іх у вядомасць, што дзеці растуць у неналежных умовах. Да вас пойдуць камісіі, будуць высвятляць, ці можаце вы, як афіцыйны апякун, забяспечыць ім нармальныя ўмовы пражывання. Калі не, то гэтую функцыю возьме на сябе дзяржава».
«Я апынулася ў пастцы»
Каб пераканацца ў тым, што словы ўчастковага адпавядаюць закону, Алена пайшла на кансультацыю да юрыста. «Ён толькі пацвердзіў словы ўчастковага. І дадаў, што мы абое ўласнікі кватэры і звязаныя ільготным крэдытам. Без згоды абаіх ні прадаць, ні здаць у арэнду сваю частку кватэры нельга. «Больш за тое, ён можа ажаніцца і прывесці ў ваш дом сваю жонку. У іх могуць быць дзеці. Вы разумееце, што гэта будзе за жыццё?»
«Я зразумела, што ў такім выпадку сэнс разводу проста страчваецца. Дамовіцца, каб муж аформіў сваю долю кватэры на сыноў, паспрабаваў выплаціць сваю частку крэдыту або выкупіць маю частку кватэры не ўдалося. У мяне таксама няма сродкаў, каб выкупіць яго долю. Браць на гэта крэдыт, маючы на ўтрыманні дваіх дзяцей, было б відавочным фінансавым самагубствам. Я апынулася ў пастцы».
Чытайце таксама: «Думала, это любовь всей моей жизни. Оказалось — полный крах». История Анны, которая после развода осталась с ребёнком, но без жилья
Лепш так, чым як было
Адзінае рашэнне, якое Алена палічыла для сябе магчымым — забраць дзяцей і сысці на здымную кватэру. Свой пакой у агульнай кватэры яна проста замкнула на ключ.
«Я зняла кватэру таксама на Альшанцы, каб дзеці маглі бачыцца з бацькам, каб не мяняць ім сад і школу. Сябры дапамаглі зрабіць там касметычны рамонт. Перавезла рэчы, потым мэблю. Нядаўна мы з дзецьмі пераехалі. Тут яшчэ не ўсё гатова, але жыць ужо можна. Старэйшы ўсё разумее, а вось меншы часта пытаецца, калі ж мы вернемся дадому. Сэрца маё рвецца на часткі ад яго слоў. Я разумею, што дома ў нас фактычна няма. І няма магчымасці ні ўвязацца ў новае будаўніцтва, ні купіць нешта гатовае.
Зараз мы паволі будуем сваё новае жыццё, тата пару разоў браў дзяцей да сябе, вадзіў іх гуляць, забаўляцца. Цяпер тата для іх — свята, у адрозненні ад маці, якая патрабуе і прымушае нешта рабіць. Але лепш так, чым як было".