“Эстонцы працягваюць раскопваць магілы”, — паведамляе праўладная “Гродзенская праўда”. Чаму дзяржаўнае выданне крытыкуе раскопкі за мяжой, але не ўзгадвае пра знішчэнне магіл у Гродзенскай вобласці? Разбіраецца Hrodna.life.

Як у Эстоніі прыбіраюць савецкія сімвалы і захоўваюць чалавечую годнасць

У верасні 2025 года ў эстонскім горадзе Пылва (Põlva) эксгумавалі рэшткі жаўнераў Чырвонай Арміі. Гэты факт не абмінула і “Гродзенская праўда”. Перш чым абурацца, разбяром важныя моманты. 

Па-першае, Эстонія ўспрымае савецкі перыяд як акупацыю, якая доўжылася 50 год. Пасля таго, як Расія напала на Украіну ў 2022 годзе, Эстонія вырашыла прыбраць помнікі савецкага часу з грамадскай прасторы. Па словах урада гэта робіцца, каб не трывожыць старыя раны ў насельніцтва. Таму ў Пылве помнік жаўнерам Чырвоная Арміі перавезлі з парка ля музычнай школы ў музей.

Па-другое, чалавечыя парэшткі, якія пахаваныя ў гэтым месцы, акуратна дасталі з зямлі. На месцы працаваў археолаг ваеннага музея. Калі косткі пералічылі, выявілі нястачу. Згодна са спісам, які захаваўся з савецкіх часоў, тут павінны быць пахаваныя больш за 100 чырвонаармайцаў. Але знайшлі астанкі толькі 30 чалавек. Куды “разбегліся” астатнія – невядома.

Па-трэцяе, усе знойдзеныя чалавечыя парэшткі перанеслі з гарадскога парка туды, дзе мусяць знаходзяцца памерлыя людзі — на могілкі.  

У 2024 годзе ў сталіцы Эстоніі Таліне таксама былі перапахаваны на могілках астанкі 36 жаўнераў Чырвонай Арміі. Дырэктар Эстонскага ваеннага музея Хелар Ліль падзяліўся ўражаннямі:

“Цырымонія пахавання прайшла ўрачыста і годна, на ёй прысутнічалі некаторыя нашчадкі перапахаваных, а малітвы чытаў праваслаўны святар”. 

Як у Беларусі трактарам абараняюць “адзіна правільную” версію гісторыі і караюць памерлых

У 2021 годзе тагачасны генеральны пракурор Андрэй Швед распачаў крымінальную справу супраць былых ваяроў Арміі Краёвай. Ён абвінаваціў байцоў у “генацыдзе беларускага народа” падчас Другой сусветнай вайны. Бо ваяры змагаліся і супраць нацыстаў, і супраць саветаў. У краіне, дзе савецкае мінулае застаецца асновай ідэалогіі, усіх, хто супраць савецкай улады, запісваюць у ворагі. Нават мёртвых.

Ад 2022 года беларускія ўлады знішчаюць месцы пахавання ваяроў Арміі Краёвай у Гродзенскай вобласці. 

Даведка Hrodna.life

Армія Краёва — падпольная армія польскай дзяржавы. Дзейнічала на акупаванай тэрыторыі міжваеннай польскай дзяржавы. Адной з мэтаў было скінуць нацысцкі і савецкі рэжымы з тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая да 1939 года належала Польшчы. На беларускіх землях асноўную частку ваяроў складалі мясцовыя жыхары.

Адно з такіх пахаванняў было на ўскрайку вёскі Мікулішкі Ашмянскага раёна. Там на бетонным прастакутным падмурку стаялі 22 крыжы. На большасці былі выбітыя імёны і прозвішчы ваяроў Арміі Краёвай. Яны загінулі ў гэтай мясцовасці ў 1944 годзе ў баях з немцамі і літоўскімі паліцыянтамі. 

Згодна з польскай крыніцай, у гэтым месцы ўжо існавалі могілкі, на якіх ляжалі амаль 30 паўстанцаў з 1863 года. Ваяроў Арміі Краёвай пахавалі побач. 

Пахаванне ў Мікулішках аднаўлялася ў 1991 годзе паводле ўспамінаў байцоў, якія засталіся ў жывых. Дакладна колькасць пахаваных невядома. 

Па загадзе беларускіх уладаў гэтыя вайсковыя могілкі зруйнавалі. Павыцягвалі крыжы, а зверху насыпалі гару пяску. Параўнайце фота “да” і “пасля” ніжэй.

Яшчэ адно пахаванне знішчана ля вёсцы Качычы. З пункту гледжання беларускіх уладаў, пахаваныя там людзі — злачынцы, бо загінулі ў баі з супрацоўнікамі НКУС. У 1945 годзе ля Качыч Армія Краёва вяла бой з прадстаўнікамі савецкай улады. Загінулі 89 ваяроў. У месцы, дзе яны пахаваны, пра існаванне магілы ўжо нічога не нагадвае. 

Інтэрактыўны слайдар дазваляе параўнаць стан пахавання “да” і “пасля”. Злева – месца пахавання ваяроў Арміі Краёвай у вёсцы Качычы, да 2022 года. Справа – тое ж месца ў 2022 годзе, калі беларуская ўлада знішчыла крыж і памятны знак. Фота: belsat.eu

У Беларусі знішчана больш за 10 пахаванняў і памятных месц ваярам Арміі Краёвай. Улады не разбіраюцца, хто загінуў у баях з немцамі, а хто з саветамі, і колькі сярод пахаваных мясцовых жыхароў. Тое, што не ўпісваецца ў афіцыйную карціну мінулага, у Беларусі надоўга не затрымліваецца. 

Месцы знішчаных пахаванняў жаўнераў Арміі Краёвай
Месцы знішчаных пахаванняў жаўнераў Арміі Краёвай. Крыніца: motolko.help

Раскапаць і перанесці або знішчыць і забыць?

Размова зараз не пра тое, як варта ставіцца да дзейнасці Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі. Больш цікавіць, як Эстонія і Беларусь абыходзяцца з памяццю пра людзей, чые імёны звязаныя з трагічнымі і спрэчнымі старонкамі гісторыі.

Эстонія прыбірае візуальныя напаміны пра савецкі час з публічных месц, але захоўвае памяць пра чалавечыя жыцці ў сакральнай прасторы. Астанкі памерлых пераносяць на могілкі. Над імі ставяць надмагіллі з імёнамі, нават калі пахаваных лічаць захопнікамі.

У Беларусі засыпаюць могілкі пяском. Руйнуюць коламі трактара памятныя месцы. Крыжы і памятныя шыльды выварочваюць з зямлі. Разам з гэтым знікаюць імёны.

І пакуль для праўладнай “Гродзенскай праўды” савецкі перыяд застаецца выключна светлым, любое іншае бачанне гісторыі лічыцца падставай для цкавання.

Пакрокавы майстар-клас ад Hrodna.life: “Як выкрыць дэзынфармацыю”. На прыкладзе артыкула ў “Гродзенскай праўдзе” пра раскопкі магіл у Эстоніі

Крок 1

Тэкст з Гродзенскай праўды”, які правяраем:
Эстонцы продолжают раскапывать могилы
Власти приступили к демонтажу памятников советской эпохи в волости Пылва.
В одноименном городке уже началась эксгумация и перенос захоронений красноармейцев, погибших при освобождении населенного пункта от немецкой оккупации.
Останки будут перенесены на кладбище Росма, а памятник передан в музей.

Крок 2: Хто першы апублікаваў пра “раскопкі”?

Назву навіны ўстаўляем у пошукавік. З абодвух бакоў сказа ставім двукоссі. Гэта значыць пошукавік будзе паказваць крыніцы ў якіх сустракаецца такі самы сказ. Слова ў слова.

За мяжой шануюць, у нас руйнуюць. Як “Гродзенская праўда” піша пра перапахаванні ахвяр вайны ў Беларусі і за мяжой
Такім жа сказам пачынаецца навіна ў Telegram канале Baltnews.  

Крок 3. Шукаем першакрыніцу

За мяжой шануюць, у нас руйнуюць. Як “Гродзенская праўда” піша пра перапахаванні ахвяр вайны ў Беларусі і за мяжой
Параўноўваем тэкст “Гродзенскай праўды” з тэкстам на Baltnews. Адрозніваецца толькі першы сказ. 
Правяраем даты публікацыі. На Baltnews матэрыял апублікаваны на два дні раней, чым у “Гродзенскай праўдзе”. 
Першакрыніца ў расейскамоўным інтэрнэце знойдзена — Baltnews.

Крок 4. Высвятляем, што прадстаўляе з сябе Baltnews

Капіруем назву Baltnews у радок пошуку. 
За мяжой шануюць, у нас руйнуюць. Як “Гродзенская праўда” піша пра перапахаванні ахвяр вайны ў Беларусі і за мяжой
Карані гэтага медыя не ў краінах Балтыі, а ў Расіі. Baltnews уваходзіць у склад медыясуполкі “Россия сегодня”. То бок, не з’яўляецца незалежнай крыніцай.

Крок 5. Што аналітыкі кажуць пра Baltnews

У краінах Балтыі сочыць за распаўсюдам дэзінфармацыі праект balticdisinfo.eu. Высвятляем, што ведае гэты праект пра baltnews. Запісваем у пашукавік фразу: baltnews balticdisinfo.

“Baltnews распаўсюджваў пракрамлёўскую прапаганду”, — піша balticdisinfo. У летняй справаздачы balticdisinfo адзначаецца, што Baltnews выкарыстоўвае эмацыйную маніпуляцыю для прасоўвання светапогляду Крамля. Гэта важны момант. У паведамленні пра Эстонію акцэнт зроблены на эмоцыях. Што вы адчуваеце, калі чуеце фразу: працягваецца раскопка магіл? 

Крок 6. Высновы

Baltnews узяў факт і інтэрпрэтаваў яго згодна з прарасійскай палітыкай. 
“Гродзенская праўда” перадрукавала. Не спраўдзіла інфармацыю.
Без дадатковых праверак у эстонскіх медыя верыць такой інфармацыі не варта.

Журналісты Hrodna.life зрабілі праверку і праказалі чытачам, што насамрэч адбываецца з вайсковымі пахаваннямі ў Эстоніі і ў Беларусі.