Спадчына

Юрыст з-пад Ваўкавыска хацеў спыніць Гітлера. Ён вядомы на ўвесь свет, але забыты ў Беларусі

За тыдзень да пачатку Другой сусветнай вайны Адольф Гітлер выступіў перад кіраўнікамі вермахта, каб патлумачыць, чаму напад на Польшчу непазбежны. «У рэшце рэшт, хто сёння гаворыць пра знічтажэнне армянаў?» — удакладняў ён. Гаворка пра больш за мільён армянаў, якія загінулі з 1915 па 1919 гады. Турцыя за гэта не адказала.

Пройдзе амаль 30 год і яшчэ адна сусветная вайна, якая забярэ 55 млн жыццяў, калі з’явіцца паняцце гендацыду. Яго прыдумаў габрэй з-пад Ваўкавыска Рафал Лэмкін. Яшчэ да Халакоста ён заклікаў увесці адказнасць за масавае знішчэнне людзей, каб прадухіліць такія злачынствы. За гэта міністр замежных справаў Польшчы абвінаваціў яго ў «знявазе нямецкіх сяброў».

Сёння Рафаэль Лемкін — вядомы на ўвесь свет юрыст, у ягоны гонар названыя вуліцы, стыпендыі для даследчыкаў, але не ў Беларусі. На радзіме пра яго амаль не ўзгадваюць. Пры гэтым тэрмін «генацыд» мы чуем у навінах ледзь не кожны дзень.

У біяграфіі Рафаэля Лемкіна сустракаюцца малавывучаныя, а часам і супярэчлівыя звесткі. Гэта звязана з тым, што дзесяцігоддзі не было ніякай цікавасці да ягонага жыцця. Але ў 2000-х сiтуацыя змянiлася, навукоўцы сталi даследаваць генацыд.

У 12 год даведаўся пра масавыя забойствы

Рафаэль Лемкін нарадзіўся ў 1900 годзе ў сям'і габрэяў на хутары Бязводнае, які тады падпарадкоўваўся Ваўкавыску, а цяпер належыць да Зельвенскага раёну. Невялікая вёска ажывае толькі ўлетку, калі на лецішчы прыязджаюць жыхары горада. Стала тут жыве ўсяго некалькі сямей. Пра славутага юрыста ўжо ніхто не ведае. Сёння няма ніякіх згадак, што тут некалі было габрэйскае мястэчка.

Бацька Рафаэля, Іосіф Лемкін, быў фермерам. Маці, Бэла Памеранц, займалася жывапісам, лінгвістыкай і вывучала філасофію. У яго было два браты — Эліяс (памёр у 1983 годзе) і Самуэль (памёр у 1917). Бацька быў арандадатарам сельскагаспадарчага хутара, дзяцей выхоўвала маці, начытаная жанчына.

Спачатку Рафаэль вучыўся дома — зімовымі вечарамі, свабоднымі ад працы на ферме. Затым сям’я пераязджае ў горад, дзе сыны ідуць у школу. Першая сусветная вайна, маршы рускіх і нямецкіх войскаў, што рушылі праз горад, у значнай ступені разбурылі звыклы лад жыцця сям'і.

Рафаэль Лемкін у 16 гадоў на групавым фота. Здымак з калекцыі Center for Jewish History

Пра масавыя забойствы Рафаэль упершыню даведаўся ў 12 год з кнігі Генрыка Сянкевіча Quo Vadis. Пасля распытваў маці пра бітву пры Карфагене, мангольскія нашэсці, пераслед гугенотаў. Пазней ён напіша: «Крывавая лінія вяла ад рымскай арэны праз шыбеніцу Францыі да пагрому Беластока».

Чаму сын фермера вырашыў стаць юрыстам

З Ваўкавыска Рафаэль адпраўляецца на вучобу ў гандлёвую школу ў Беластоку. Аднак насамрэч яго цікавіць лінгвістыка і права. Чаму сын фермера вырашае стаць юрыстам?

«Лемкін быў глыбока ўражаны масавым забойства армян у Асманскай імперыі, — тлумачыць навуковы супрацоўнік музея генацыда армян у Ерэване Нарэк Пагасян. — Рафаэлю быў 21 год, ён вывучаў лінгвістыку ў Львоўскім універсітэце, калі даведаўся з мясцовай газеты, што Сагамон Тэйлеран забіў у Берліне былога міністра ўнутраных справаў Асманскай імперыі Талаат-пашу. Суд над Тэйлеранам быў гучным працэсам, за якім пачынае сачыць Лемкін».

Адзначым, што Лемкін быў паліглотам: свабодна размаўляў на дзевяці мовах, чытаў — на чатырнаццаці.

Непакоіла беспакаранасць за масавыя забойствы

Палiтык Мехмед Талаат-паша атаесамляецца са знічтажэннем армянскага народа, паколькі быў галоўным арганізатарам генацыда. Ён збег з Турцыі пасля паразы яго краіны ў Першай сусветнай вайне і знайшоў прытулак у Германіі. Аднойчы яго на вуліцы спыніў малады армянін Сагамон Тэйлеран. Ён пазнаў былога міністра, а пасля застрэліў яго. Гэта была адчайная мера: забойца згубіў шмат родных падчас разні, але бачыў беспакаранасць турэцкага рэжыма. У выніку суд над Сагамонам ператварыўся ў працэс над турэцкім злачынцам. Берлінскі суд прыйшоў да высновы, што Тэйлеран не ўсведамляў, што робіць, у момант злачынства згубіў сувязь з рэальнасцю — і вызваліў яго.

Той факт, што турэцкія ўлады, якія арганізавалі масавае знічтажэнне армян, засталіся беспакаранымі, непакоіць Лемкіна. Ён пытае ў прафесара па крымінальным праве, чаму армяне не арыштавалі Талаата за разню. Прафесар адказвае, што няма закона, па якім гэта можна зрабіць.

Рафаэль Лемкін, дата невядомая. Фота з калекцыі Center for Jewish History

Яшчэ ў 1919 годзе Рафаэль пераехаў у Кракаў, каб вывучаць права ў Ягелонскім універсітэце. Там ён правёў два семестры, пасля перавёўся ў Львоў. Аднак жаданне паглыбіцца ў міжнароднае права ўзнікла ў яго пасля той размовы з прафесарам. І ён пераводзіцца ў Львоўскую юрыдычную школу, дзе пачынае займацца пошукам старажытных і сучасных прававых нормаў, якія забараняюць масавыя забойствы.

Ці сутыкаўся сам Лемкін як габрэй с дыскрымінацыяй?

«Я не сустракаў фактаў, якія сведчаць пра тое, што Лемкін быў засяроджаны на дыскрымінацыі габрэяў у Польшчы ці Украіне, але ён быў узрушаны, даведаўшыся пра габрэйскія пагромы ў раннім узросце, — кажа Нарэк Пагасян. — У 1906 годзе 70 яўрэяў былі забітыя і 90 атрымалі сур’ёзныя раненні ў разні ў Беластоцкім раёне Польшчы, якая тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі».

Сведчанняў пра масавыя пагромы ў Беларусі небагата. Лічыцца, што на фоне суседніх краінаў — Украіны, Літвы, Польшчы — беларусы ставіліся больш цярпліва да габрэяў. Але прыкрыя факты былі і ў нашай гісторыі.

Вось якія ўспаміны засталіся ў былога прэм’ер-міністра Ізраіля Шымона Перэса, які паходзіць з мястэчка Вішнева на Валожыншчыне. Тут у 1930-я чалец габрэйскай грамады быў жорстка забіты антысеміцкай бандай у суседнім лесе.

«Яго фота было ў газеце, — прыгадваў Перэс. — Мы ўсе былі напалоханыя. І вырашылі з’ехаць у Палестыну, як толькі змаглі».

У 1926 годзе ў Львове юрыст Рафаэль Лемкін атрымлівае доктарскую ступень па праве.

Шыльда Рафаэлю Лемкіну на Львоўскім універсітэце

Лемкін папярэджваў пра небяспеку Гітлера — у адказ яго звольнілі з пракуратуры

Лемкін пагрузіўся ў юрыдычныя даследаванні спачатку ў Львове, затым у Гейдельбергскім універсітэце ў Германіі. Яго раздражняла, што ён нідзе не мог знайсці прававых норм, якія забараняюць забойства прадстаўнікоў нацыянальных, расавых ці рэлігійных груп.

У 1929-м ён атрымлівае працу пракурора ў Варшаве. У гэты час ён пачынае ў адзіночку распрацоўваць закон аб міжнародным праве, які абавязаў бы ўрады спыніць мэтанакіраванае знічтажэнне этнічных, нацыянальных і рэлігійных груп. У 1933-м ён прадставіў закон сваім еўрапейскім калегам на Міжнароднай канферэнцыі Лігі Нацый у Мадрыдзе.

«У 1933 годзе, калі да пачатку Другой сусветнай вайны засталавалася шэсць год, Лемкін упершыню прапанаваў стварыць шматбаковую канвенцыю, каб кваліфікаваць знічтажэнне чалавечых груп як міжнароднае злачынства, — кажа супрацоўнік музея генацыда армян у Ерэване. — У сваім дакладзе Лемкін выдзяліў новы від злачынства, пераслед нацыянальных, рэлігійных ці сацыяльных груп, якое ён назваў „варварствам“, знічтажэнне твораў мастацтва і культуры — „вандалізмам“. Рафаэль Лемкін сцвярджаў, што свету патрэбны закон, які забараняе рэпрэсіі супраць этнічных і рэгілійных груп, і папярэдзіў, што трэба прадухіліць у іншых краінах паўтарэнне злачынстваў, якія здзейснілі ўлады Асманскай імперыі супраць армянаў. Лемкін звяртаў увагу на прыход да ўлады Гітлера, ягоныя небяспечныя ідэі».

Аднак міжнародная супольнасць праігнаравала прапановы Лемкіна на Мадрыдскай канферэнцыі. Больш за тое, міністр замежных справаў Польшчы Юзаф Бэк абвінаваціў Лемкіна ў «знявазе сваіх нямецкіх сяброў». Польскі ўрад забараніў яму пакідаць межы краіны, хутка яго звольнілі з пасады пракурора. Ён пачынае практыку адвакатам.

Гэта быў час, калі польскія ўлады спрабавалі балансаваць у адносінах з Германіяй. У 1934-м была падпісаная дэкларацыя аб непрымяненні сілы паміж Польшай і Германіяй. У 1939-м з нападу Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна.

Рафаэль Лемкін. Фота: Joseph Boyle, CORBIS

«Да Другой сусветнай вайны прывяло тое, што мы не абаранялі правы чалавека, мяркуючы, што дзяржавы сувярэнныя і могуць паступаць са сваімі грамадзянамі, як захочуць — гэта іх унутраная справа, — тлумачыў польскі праваабаронца Марэк Навіцкі. — Калі б мы своечасова схапілі за горла Гітлера, калі ён пачаў забіваць габрэяў, цыган, псіхічна хворых людзей, гісторыя свету разгарнулася б інакш. Калі мы будзем прадухіляць парушэнне правоў чалавека, то абаронім свет ад вайны, бо менавіта парушэнне правоў чалавека прыводзіць да войнаў, і гэта трэба прадухіляць».

У час вайны загінулі амаль усе родныя Лемкіна. Як гэта паўплывала на яго працу

Пачатак Другой сусветнай вайны, падзел Польшчы паміж Германіяй і СССР, сталі паваротным момантам у жыцці Лемкіна. Не, ён не расчараваўся ў ідэях справядлівасці, аднак вырашае пакінуць радзіму. Ён ужо ведае аб рэпрэсіях супраць габрэяў у Германіі і не чакае нічога добрага ад рэжыма Гітлера.

Праз Літву ён едзе ў Швецыю, дзе з 1940 года пачынае выкладаць у Стакгольмскім універсітэце. Адначасова збірае дакументы і сведчанні, на якіх маглі грунтавацца абвінавачанні адносна разбуральных дзеянняў гітлераўскіх акупантаў у заваяваных імі краінах. Знаходжанне ў Еўропе не было бяспечным. Швецыя займала нейтральны статус у вайне, але было незразумелым, як доўга яна зможа так пратрымацца. І Лемкін вырашае паспрабаваць замацавацца ў Амерыцы. Шлях ягоны праходзіць праз Японію.

З дапамогай свайго калегі доктара Макдэрмота Лемкін змог уладкавацца выкладчыкам ва ўніверсітэт Дзюка. Трапіўшы ў ЗША ў канцы 1941 года, ён пазбег долі, якая напаткала яго родных — 49 чальцоў габрэйскай сям'і былі забітыя, у тым ліку ягоныя бацькі. Толькі сям’я брата Эліяса змагла перажыць Халакост. Двух пляменнікаў адправілі ў савецкі папраўча-працоўны лагер, аднак Лемкін змог дапамагчы свайму брату і сям'і эміграваць у Канаду ў 1948 годзе.

«Яго асабістая трагедыя стварыла ўмовы, каб яшчэ з большай энергіяй працягнуць працу па стварэнні паняцця генацыду і пераследу за злачынства. Хаця, як мы ўжо згадвалі, ён займаўся гэтым пытаннем яшчэ да Халакосту», — падкрэслівае Нарэк Пагасян.

Калі Штаты ўступілі ў Другую сусветную вайну, армія наняла Лемкіна выкладаць заняткі ў ваенным урадзе. Ён таксама стаў кансультантам па вайсковай эканоміцы.

Ідэнтыфікацыйная картка саветніка па міжнародных справах ваеннага дэпартаменту

Як узнікла паняцце генацыду

Да 1944 года паняцця генацыду не існавала, яго прыдумаў Рафаэль Лемкін. Ён выдаў у ЗША кнігу «Кіраванне дзяржаў „Восі“ ў акупаванай Еўропе», дзе ўпершыню ўвёў у юрыспрудэнцыю тэрмін «генацыд», злучыўшы грэцкае слова genos, што азначае «род, племя», з лацінскім caedo — «забіваю».

Хаця часта лічыцца, што Лемкін стварыў паняцце «генацыд» спецыяльна для выпадку Халакосту, насамрэч ён хацеў знайсці тэрмін для апісання старажытнай ваеннай тактыкі, адроджанай нацыстамі. У сваёй навуковай працы ў 1944 годзе ён спасылаўся на знішчэнне армян у 1915 годзе як на асноўны прыклад генацыду.

«Лемкін за сваю навуковую кар’еру вывучаў розныя генацыды і масавыя забойствы. Але тэма генацыду армян мела для яго асаблівае значэнне, бо ён адзначаў, што вінаватыя не былі пакараныя па законе. Ён ставіў перад сабой задачу стварыць адпаведны закон у міжнародным праве, — удакладняе навуковы супрацоўнік музея генацыда армян. — Лемкін не толькі ўвёў тэрмін „генацыд“, ён адыграў важную ролю ў прыняцці Канвенцыі аб генацыдзе 9 снежня 1948 года, каб выключыць магчымасць беспакаранасці вінаватых. Ён настойваў, што менавіта адсутнасць прававой нормы дазволіла младатурэцкім злачынцам ухіліцца ад пакарання, а маладыя армянскія мсціўцы выканалі задачу па іх пакаранні».

Чаму краіны не спяшаліся прымаць новую норму

Нягледзячы на старшэнныя разбурэнні падчас Другой сусветнай вайны і дакументальныя пацвярджэнні знішчэння цэлых нацый дабіцца прыняцця Канвенцыі аб генацыдзе было няпроста.

«Лемкін сутыкнуўся са шматлікімі цяжкасцямі ў барацьбе за стварэнне міжнароднага заканадаўства аб злачынстве генацыду, — працягвае Нарэк Пагасян. — Прызнанне злачынства генацыду па міжнародным праве і распрацоўка Канвенцыі маглі б стаць ключавымі падчас Нюрнбергскага працэсу, дзе Лемкін быў дарадцам амерыканскага суддзі, аднак гэтага не адбылося — краіны не спяшаліся зацвярджаць норму, таму што ў гісторыі многіх з іх былі прыклады генацыду».

Ратыфікацыя канвенцыі аб папярэджанні генацыду

У 1948 годзе была прынятая Канвенцыя аб генацыдзе, але ізноў было супрацьдзеянне — Лемкіну давялося актыўна працаваць над тым, каб дзяржавы ратыфікавалі міжнародную дамову, яе мэтай было схіліць дэлегатаў дзяржаў-членаў ААН у гэтым кірунку.

Сваю галоўную працу так і не паспеў скончыць

Пра Лемкіна было напісана шмат газетных артыкулаў, яго двойчы намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру.

«Лемкін адрозніваўся працавітасцю, галоўным дасягненнем яго прафесійнай дзейнасці павінна была стаць кніга „Гісторыя генацыду“, — кажа Пагасян. — Гэта першая праца, прысвечаная гісторыі генацыду, у якой павінны былі быць разгледжаны многія генацыды, якія мелі месца на працягу ўсёй гісторыі. На жаль, Лемкін не паспеў яе скончыць».

Варта адзначыць, што і з’яўленне тэрміна генацыд, і ратыфікацыя адпаведнай Канвенцыі не змусілі Турцыю прызнаць генацыд армян, нават праз сто год пасля страшных падзеяў. Гэта тэма па сёння з’яўляецца самай балючай і спрэчнай ва ўзаемаадносінах двух дзяржаў.

Адзінокі юрыст

Рафаэль Лемкін да канца жыцця быў адзінокім, ён ніколі не быў жанаты і не пакінуў нашчадкаў. У апошнія гады ў яго было слабое здароўе, ён пакутаваў ад высокага кравянога ціску і жыў у галечы. З часам усё больш ізаляваўся ад свайго атачэння.

У сваёй аўтабіяграфіі ён прызнаецца, што быў асуджаны на адзіноту, якая была неад’емнай умовай ягонага жыцця. Рафаэль лічыў, што толькі адзінокія людзі могуць дасягнуць стану інтуіцыі, неабходнага для імгненнай ацэнкі сітуацыі і хуткіх дзеянняў.

28 жніўня 1959 года Лемкін памёр ад сардэчнага прыступу ў Нью-Ёрку ва ўзросце 59 гадоў. На пахаванні прысутнічала ўсяго сем чалавек: ягоныя сваякі і самыя блізкія сябры. Усё сваё жыццё ён прысвяціў памяці мільёнаў ахвяр генацыду, стварэнню механізмаў пакарання вінаватых у самым страшным злачынстве.

Юрыст пахаваны на габрэйскіх могілках Маунт-Хэўрон у Нью-Ёрку, на яго надмагіллі напісана «Доктар Рафаэль Лемкін (1900−1959), бацька Канвенцыі аб генацыдзе».

Магіла Рафаэля Лемкіна

Беларускі парадокс: навіны пра генацыд з’яўляюцца кожны дзень, але пра Лемкіна ўсё яшчэ няма ніводнай згадкі

«Мы можам сцвярджаць, што ў выніку яго намаганняў канцэпцыя генацыду і Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго сталі рэальнасцю, — адзначае Нарык Пагасян. — Юрыст унёс вялікі ўклад у развіццё генацыдазнаўства як асобнай галіны навукі».

У Арменіі і Галандыі ёсць вуліцы, названыя ў гонар Рафаэля Лемкіна. У многіх даследчых інстытутах і юрыдычных школах стыпендыі для таленавітых навукоўцаў называюць іменем Лемкіна. У Беларусі вы не знойдзеце ніводнай згадкі пра славутага земляка, дзякуючы якому ўвесь свет сёння мае механізм прадухілення і пакарання за генацыд.

Асабліва парадаксальна гэта выглядае ў год гістарычнай памяці, калі дзяржава з экранаў тэлевізараў ледзь не кожны дзень прадукуе навіны пра генацыд. Міністр эканомікі дагаварыўся да таго, што супраць Беларусі вядзецца эканамічны генацыд (так ён адрэагаваў на заходнія санкцыі).
«Адным з крытэрыяў генацыду з’яўляецца стварэнне для пэўнай групы такіх жыццёвых умоў, якія разлічаны на яе поўнае ці частковае фізічнае знішчэнне, — пракаментаваў заяву „Салідарнасці“ гісторык Аляксандр Фрыдман. — Што агульнага гэта мае з санкцыямі? Можна толькі сказаць, што міністар прызнаў, што абмежаваньні балюча б’юць па эканоміцы. Палітыкі абясцэньваюць гэтае паняцце, забываючы, якія страшныя падзеі насамрэч стаялі за гэтым».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024