У Рыты праз тэст ДНК атрымалася знайсцi бацьку-замежніка, пра якога ніхто нічога не ведаў. Веранiка змагла разабраць радавыя траўмы і адчуць гісторыю краю праз гісторыю ўласнай сям'і. Васіль адшукаў месца сілы ў вёсцы, дзе продкі жылі больш за два стагоддзі, і разам з жонкай знайшоў 600 сваякоў.
З чаго пачаць пошук родзiчаў i складанне радаводу, якiя сучасныя сродкі для гэтага можна выкарыстоўваць? Лайфхакi каналу Hrodna 11:27 даў гiсторык, якi працаваў са сваёй генеалогіяй «па-навуковаму», а праз 15 гадоў змог скласці радавод, не выходзячы з кватэры.
У пасведчанні аб нараджэнні гродзенку Рыту (імя зменена на просьбу гераіні) запісалі на дзеда, які памёр задоўга да яе нараджэння. Дзед быў з вёскі, але меў добрую адукацыю, працаваў у лясніцтве, і быў вельмі прыгожым. Маці Рыты вельмі ганарыцца ім. Яна сабрала радавод па яго галіне да XVIII ст. — да жанчыны, якая першай згадваецца з такім жа прозвішчам. Рыту ён не надта цікавіць — яна больш шануе бабулю. Тая была з вельмі простай сям'і. Дзед рана памёр, і пасля бабуля сама цягнула дзяцей.
«Адкуль мой бацька — была сямейная таямніца. Ёсць мама ў Рыты, цёця, бабуля, а бацькі як бы не было». Рыта бачыла, што для маці гэта балючае пытанне, і не хацела турбаваць яе, не хацела скандалаў. «Я прыдумвала сабе гісторыі, але, шчыра кажучы, сама не вельмі ў іх верыла. Вось стаіць Рыта, а вакол яе — кола цішыні і непрабіваймасці».
Рыце было 34, калі ў канцы 2021 года яна заказала ДНК-тэст з амерыканскага сэрвісу FamilyTreeDNA. Яе натхніў допіс знаёмай у Facebook і зніжка — а таксама тое, што з дзяцінства ёй ніхто не расказваў, хто яе бацька.
Тады тэст абышоўся Рыце блізу $ 50−70, яшчэ $ 10 яна заплаціла за дастаўку. Жанчына заказала тры — маці, мужу і сабе. Камплект для тэсту прыйшоў праз тры тыдні.
ДНК-тэсты выкарыстоўваюцца ў дыягностыцы і дазваляюць даведацца пра спадчынныя хваробы, схільнасць да алергіі, устойлівасць арганізму да вірусаў, схільнасць да паўнаты ці худзізны, пацвердзіць ці абвергнуць бацькоўства. Зараз жа мноства сэрвісаў прапануюць праз ДНК высветліць этнічнае паходжанне і знайсці родных. У асноўным для гэтага выкарыстоўваюць мазок сліны з унутранага боку шчакі. Праз сэрвіс, якім карысталася Рыта, можна зрабіць агульны тэст, або падрабязны па мацярынскай ці па бацькоўскай (даступны толькі мужчынам) лініі. На сайце абяцаюць прасачыць радавод на пяць пакаленняў таму. Ёсць магчымасць звязацца з людзьмі, якія таксама здавалі ДНК-тэст і могуць прыходзіцца сваякамі.
На рэсурсах адрозніваюцца базы ДНК і класіфікацыя рэгіёнаў - адпаведна, вынікі могуць не супадаць. Напрыклад, на адным з найбольш папулярных рэсурсаў MyHeritage пад этнічнай групай «балканцы» (адна з трох асноўных складовых у выніках беларусаў) найчасцей хаваецца паходжанне з Украіны. Таксама часта ў беларусаў выяўляюцца групы «ўсходні еўрапеец» і «прыбалты». Параўнаць рэгіёны можна, дадаўшы адзін і той самы тэст на розныя рэсурсы.
Рыта запакавала палачкі з аналізам у колбы і падпісала, што гэта менавіта яе матэрыял. Канверт са зваротным адрасам і маркай быў у камплекце. Тэст меў код, які даваў доступ у кабінет на сайце сэрвісу. Вынік Рыта атрымала праз месяц. Яна паспела ўсё зрабіць якраз да пачатку вайны ва Украіне — потым тэсты ў Беларусь ужо не дастаўлялі.
«Я была тады ў вельмі падаўленым, узрушаным стане. Пачалася вайна. Мы зрабілі рамонт і заязджалі ў нашу кватэру з разгубленым пачуццём — можа, нам гэтая кватэра ўжо і непатрэбная. Я памятаю, іду каля аўтавакзалу і гляджу вынікі. І не магу паверыць: прабягаюся па рэгіёнах, а ў мяне стаіць Бліжні Усход і Афрыка — 46%. Божа, афрыканцы ў маім родзе!»
У класіфікацыі сэрвісу гэты рэгіён аб’ядноўваў больш дробныя. Калі Рыта яго разгарнула, выявілася, што туды ўключылі Каўказ. Паўднёвы і Паўночны Каўказ занялі ў яе па 15−17%, Турцыя, Арменія і Месапатамія — 13%.
Рыта паказала вынікі маці і запатрабавала тлумачэнняў. Маці, «ціхенька спаўзаючы па сценцы», расказала гісторыю пра тыповы курортны раман. У ёй быў сімпатычны каўказец, Чорнае мора, лета, віно. Але маці не памятала дакладна ані імя, ані нават месца іх сустрэчы. Гэта было 35 гадоў таму, і больш яны не бачыліся. Тым не менш, Рыта вырашыла знайсці бацьку.
«Людзі капаюць гісторыю [роду], каб былі нагоды для пэўнага гонару. Хтосьці знаходзіць шляхту, хтосьці - людзей, ад якіх яны чэрпаюць сілы. Але калі даведалася [пра паходжанне] я, мяне проста пачало разрываць знутры. Я шукала нагоды для гонару, падтрымкі, ці прынамсі я шукала гэтага чалавека, каб паведаміць яму аб сабе. Але тое, што я атрымала — было зусім не тое».
На сайце сэрвісу Рыта адкрыла мэтчы (супадзенні), дзе пазначаны людзі, з якімі ёсць долі супадзенняў, — магчымыя сваякі. Першым у спісе быў чалавек з абхазскім прозвішчам і імем Асман. Паводле сэрвісу, ён прыходзіўся ёй прыблізна трох-пяціюрадным братам. Пазней выявілася, што насамрэч чатырохюрадным. Рыта напісала яму на e-mail — адказу не было. Жанчына не мела аніякіх звестак пра бацьку і вырашыла шукаць не яго, а гэтага Асмана ці кагосьці, хто яго ведае, і ўжо праз яго выйсці на бацьку. Шукала ў сацсетках: пісала людзям з такім імем і прозвішчам з Абхазіі. Ніхто не адказаў. Тады яна пачала пісаць людзям, у якіх супадала толькі прозвішча. Аказалася, яно вельмі папулярнае ў Абхазіі і нават у Турцыі - «як Івановых шукаць у Расіі». Рыта пісала па 10 лістоў на дзень, каб сацсеткі яе не заблакавалі, і рыхтавалася да доўгіх пошукаў.
Але на пяты дзень ёй адказаў 20-гадовы хлопец. Ён напісаў, што Асман — яго брат, і што ён таксама шукаў Рыту. Праз дзень Асман сам напісаў ёй, і яны пачалі камунікаваць. Ён меркаваў, што бацькам Рыты можа быць адзін з ягоных шматлікіх дзядзькаў. Ён дасылаў фотаздымкі дзядзькаў Рыце, а тая паказвала іх маці. Маці нікога не пазнавала: Рыцін тата быў не характэрнага для каўказцаў тыпажу. Пасля Асман успомніў, што ў аднаго з яго траюрадных дзядзькаў ёсць дачка, падобная да Рыты, і даў кантакты. Рыта звязалася з ёй, а тая прыслала некалькі фота, па якіх Рыціна маці нарэшце апазнала яе бацьку. Выявілася, што шмат гадоў таму ён прадставіўся Русланам, сапраўднае ж імя было Беслан. У гэты ж час Рыце перастаў адказваць Асман. Бацька знайшоўся, але даў зразумець, што не хоча аніякіх кантактаў з «новай» дачкой.
Хоць Рыта аказалася напалову абхазка, у яе дзяцінстве быў не Каўказ, а беларуская вёска. Зараз яна з’ехала за мяжу, у шматнацыянальную краіну, і яе адчуванне сябе беларускай дапамагае ёй не зліцца там з іншымі рускамоўнымі супольнасцямі.
«У глабальным свеце шмат што размываецца. Але вайна, рэвалюцыі, пратэсты прымушаюць людзей шукаць адказ на пытанне — хто я?»
У Рыты захаваўся кантакт з сястрой. «Я ведаю, чым я падобная да бацькі. Сястра падобная да мяне, але яшчэ больш — да яго. Усе яе дзеці вельмі падобны да дзеда». Сын Рыты таксама мае каўказскія рысы твару. Пасля сваіх вышукаў яна зразумела, чаму, і зараз мае, што адказваць дзецям на пытанне, хто іх дзед і дзе ён.
У дзяцінстве гродзенцы Вераніцы падабалася праграма «Моя родословная», куды запрашалі вядомых людзей і высвятлялі, хто іх продак. Яна спрабавала распытваць маці, але тая не змагла расказаць шмат. Пазней дзяўчына зацікавілася псіхалогіяй і прачытала кнігу аб тым, што радавыя траўмы захоўваюцца ад трох пакаленняў. Ёй стала цікава праз мінулае разабрацца ў сабе.
Радавыя (сямейныя) траўмы ў псіхалогіі - гэта псіхалагічныя траўмы, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення. Яны могуць узнікаць праз моцныя эмацыйныя ці фізічныя перажыванні, такія як вайна ці гвалт, і праяўляцца як паўторныя патэрны паводзін ці псіхічныя разлады ў нашчадкаў.
Акрамя таго, Вераніка любіць гісторыю. «Калі нешта даведаешся [пра продкаў] - накладваеш гэта на гістарычныя падзеі. І так: о, паўстанне Кастуся Каліноўскага! Мы якраз там тусілі недзе ў гэтай мясцовасці». Яна вырашыла заняцца радаводам.
Вераніка паехала ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Сістэма ёй не спадабалася: усё вырашалася праз дырэктарку, стасункі з якой аказаліся для яе складанымі. «Ты прыходзіш, кажаш, што табе трэба, і яна скануе. Табе ўвогуле можна даверыць гэтыя кніжкі, нельга? [Дырэктарка паводзіць сябе] як выхавацелька нейкая».
У Беларусі два архівы: Нацыянальны гістарычны архіў і Нацыянальны архіў. У гістарычным архіве захоўваюцца справы да 1917 г., метрычныя кнігі касцёлаў і цэркваў. У Нацыянальным архіве захоўваюць архіўныя фонды і дакументы пераважна пасля 1917 г. У архівах ЗАГСаў справы захоўваюцца 100 гадоў, пасля іх перадаюць у гістарычны архіў.
У Гродне ёсць Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна і Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Гэта самастойныя ўстановы.
У гістарычным архіве захоўваюцца дакументы ХVI — пач. XX стст. (да 1915 г.) і метрычныя кнігі - да пачатку 1950-х гг. XX ст. Мясцовасць:
У дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці захоўваюцца дакументы пераважна з 1921 г. да нашых дзён. Мясцовасць:
Каб карыстацца пошукам, трэба ведаць перыяд і мясцовасць, адкуль паходзяць продкі. Дакументы паміж 1915 і 1921 г. варта шукаць у абодвух архівах. Метрычныя кнігі парафій касцёлаў і цэркваў - самае простае, з чым можна пачынаць працу ў архіве: там есць дата нараджэння, вяселля, смерці, часам — прафесія, прычына смерці.
Вераніка пабывала ў архіве адзін раз, нешта выпісала для сябе. Але аказалася, што ёй патрэбна касцельная кніга з Кузніцы. Зараз гэта памежная з Беларуссю вёска на тэрыторыі Польшчы і, адпаведна, шукаць трэба ў польскім архіве.
«У Беларусі да 1933 года кнігі чамусьці ёсць. Але калі ў цябе нехта нарадзіўся пасля 1933, вельмі цяжка капаць». Частка кніг не захавалася. Вераніка не ведала, дзе шукаць, і заказала ўсе метрычныя кнігі сваёй мясцовасці. Калі яна расказала пра свае пошукі ў Instagram, ёй параілі электронныя рэсурсы. На адным з іх — Jamiński Zespół Indeksacyjny — знайшлася адлічбаваная кніга Кузніцкага касцёла. Для пошуку дастаткова ведаць імя і прозвішча. Там таксама ёсць сканаваныя, але не алічбаваныя архівы. Для працы з імі трэба чакаць, пакуль загрузіцца старонка, разбіраць рукапісны почырк, і «ўключаць логіку»: могуць быць памылкі ў напісанні, з’яўляцца або знікаць літары ў прозвішчах праз фанетыку розных моў.
«Мне проста пашанцавала, і я знайшла [продкаў] да 1736-га года нараджэння. Гэта восьмае ці дзявятае калена. Да падзелу Рэчы Паспалітай!»
Паралельна з пошукамі Вераніка запаўняла генеалагічнае дрэва на сайце MyHeritage. У адной з расійскіх кніг яна знайшла вёску, адкуль родам продкі. Выявілася, там не было прыгоннага права, зямля належала сялянам і была радавая абшчына. «Праз некаторы час я зразумела ўсялякія фішкі: нельга адрознівацца, трэба быць як усе, а што людзі скажуць — такія вось падставовыя фразачкі з іх радавой абшчыны. Калі ўсе разам жывуць, важна быць як усе, каб цябе прымалі».
Прозвішча бабулі Веранікі - Толкін. «Я пачала глядзець, адкуль увогуле яны прыйшлі. Бліжэйшая вёска Толкіны — гэта былая Прусія, зараз — самая поўнач Польшчы. Магчыма, яны адтуль. Я нават пачала гугліць, чаму з Прусіі маглі пераязджаць у Польшчу ў 1700 нейкім годзе — тады і Прусія, і Рэч Паспалітая была».
Вераніка знайшла шмат аднафамільцаў, таму сумняецца, што яе Толкіны — сваякі англічаніна Джона Рона Руэла Толкіна, аўтара «Уладара пярсцёнкаў». Але на Hrodna 11:27 раней пісалі, што ў Англію продкі пісьменніка прыплылі з… Гданьска, і прынамсі адзін з іх нарадзіўся там у 1740-х гг. У Гданьск Толкіны прыбылі з Усходняй Прусіі, дзе яшчэ ў самым пачатку XVI ст. існавала некалькі вёсак, населеных Толкінамі, і захавалася мясцовасць Tołkiny.
Чытайце таксама: Беларускі след у радаводзе Толкіна: ці жывуць пад Гроднам сваякі стваральніка «Уладара Пярсцёнкаў»?
Дзяўчына адшукала каля 100 сваякоў. Дзякуючы сваім пошукам яна высветліла, што меркаванне, быццам раней усё выходзілі замуж рана і рана паміралі - не праўда. У яе родзе часцей былі познія шлюбы — у 30−36, у такім узросце і нараджалі, а паміралі ў 50−70 гадоў.
Каб крыху больш даведацца пра радню па бацькоўскай лініі, Вераніка пазнаёмілася са зводнай сястрой, якую да таго ніколі не бачыла. Яны разам з’ездзілі на могілкі, паглядзелі, дзе пахаваныя родныя. Вераніка запісала даты. «Там увогуле ўсе доўгажыхары: па 94 гады жылі, калі пеніцыліну не было». Праўда, дзяўчына не стала працягваць камунікацыю з сястрой па-за гэтай тэмай: яны выявіліся рознымі людзьмі, і ёй было цяжка эмацыйна.
«Усе шукаюць радавод, думаючы, што там графы якія-небудзь, князі. У нейкіх выпадках гэта проста сяляне, але гэта таксама цікава — падумаць, як яны жылі. Ты даведаешся, як клічуць, дату нараджэння, дзейнасць — і гістарычныя падзеі, што тут было. Праз гэта, я думаю, можна зразумець сябе яшчэ больш».
Вераніка з’ездзіла ў вёску Іванаўцы Гродзенскага раёна, дзе раней жылі яе родныя. Ёй хацелася ўбачыць, які там ландшафт, якія дамы, хоць дом яе продкаў не захаваўся. На скрыжаванні дарог каля вёскі Дайлідкі яна ўбачыла заімшэлыя валуны з крыжамі, на якіх быў выгравіраваны год паўстання Кастуся Каліноўскага. У той час там жылі яе родныя — яна задумалася, ці не яны ўсталёўвалі тыя камяні.
Пошук каранёў заняў у дзяўчыны шмат часу, асабліва праца з кнігамі. «Гэта суперзахапляльна. Я калі пачала шукаць, проста да трох ночы не магла спыніцца. Гэта — дэтэктыў, ты расследуеш, думаеш, потым пачынаеш шукаць, што яшчэ можна [знайсці]. Ёсць яшчэ куча форумаў, ты можаш там сядзець, глядзець, прападаеш проста гадзінамі». Вераніка хацела б з’ездзіць у архіў яшчэ. Запісы касцёла ў Кузніцы, кнігу з якога вывучала Вераніка, пачынаюцца з 1730-х гадоў. «А што было далей? Адкуль яны [продкі] наогул? Яны з’явіліся, ці гэта проста кніжка толькі пачалася? Можа там ёсць іншыя кнігі, неадлічбаваныя?» Для пошукаў засталася і галіна бацькі. У будучыні Вераніка плануе здаць ДНК-тэст.
Пошук продкаў - гэта пошук апоры, упэўнена Вераніка. «Нехта хоча шукаць, каб знайсці нейкіх супер вядомых людзей. У кагосьці „я“ павялічваецца — я няпросты, я шляхціц». Яна не знайшла шляхты ў родзе, але яе кропка апоры «стала шырэйшай».
«[Гістарычныя] падзеі ў мінулым з табой звязаныя, таму што твае продкі ў гэтым удзельнічалі, іх па-іншаму адчуваеш, прысвойваеш гэта сабе».
Адна з сямейных гісторый Веранікі - аб тым, як дзед хаваўся ў час вайны на гарышчы. «Чаго ён хаваўся? Усё ж ваяваць ішлі, ветэраны ўсё. А тут тады была Усходняя Польшча. Спачатку дашлі Саветы ў 1939, потым прыйшлі іншыя, і пытанне, супраць каго ён павінен ваяваць? У сяброўкі дзед быў у Арміі Краёвай, тут гэта даволі распаўсюджаная гісторыя — на тэрыторыі Гродзеншчыны была Армія Краёва. Але гэта нейкая забароненая інфармацыя».
Пасля таго, як Гродзеншчына далучылася да БССР, можна было выехаць у Польшчу як рэпатрыянт. Бабуля Веранікі не паехала — ёй было 14 гадоў. Калі скончылася вайна, яна, страціўшы дом, прыйшла ў Вялікую Капліцу пад Гроднам жыць да цёткі. «У 14 гадоў ты не думаеш, як табе рэпатрыявацца ў Польшчу. Адзіная сваячка была тут, але яна не збіралася з’язджаць, хату губляць. Ты проста даведваешся, і выкрываеш нейкія падставовыя праўды: была і такая гісторыя, і такая».
Бабулю па бацьку Вераніка не ведала: яна была яго пазашлюбным дзіцём, у каталіцкай сям'і бацькі яе не прынялі. Але калі яна складала радавод, спецыяльна паехала ў яго родную вёску паглядзець на іх дом. Яна сама адгадала, які - прыгожы, з выразанымі фіранкамі. Тады ж яна даведалася, што ў 20 гадоў бацька маляваў: цэлы альбом прысвяціў сваёй службе ў Германіі, пра якую ёй не расказваў. Вераніцы заўсёды падабалася гэтая краіна — быццам бы перадалося ад бацькі невербальна. Бацька быў рукадзельнікам, рабіў дываны, вучыў Вераніку вышываць. Цяпер яна сама займаецца керамікай.
Васіль — гісторык паводле адукацыі. Яшчэ на чацвёртым курсе зацікавіўся ўласным паходжаннем: «А ці ёсць шляхта ў родзе?». У 2008 годзе пайшоў у бібліятэку і стаў вывучаць, як складаць радаслоўную. Згодна з тэорыяй, напачатку трэба сабраць усе вусныя крыніцы: апытаць бабуль, дзядуль і ўсіх жывых сваякоў, нават не прамых. Яны могуць дапоўніць адзін аднаго, нехта будзе памятаць больш ці менш.
Могілкі - яшчэ адна крыніца для генеалогіі. На магілах зазвычай пазначаныя гады жыцця, якіх могуць не ведаць ці памятаць недакладна сваякі.
«Сямідзесяцігадовая стрыечная бабуля вадзіла нас [з жонкай] па могілках, расказвала, хто каму радня, пры тым памятала настолькі - траюрадны брат сястры, сват…».
Збіраючы звесткі, трэба запісваць імя, прозвішча, гады нараджэння і смерці, род заняткаў. Ад калена да калена гэтая інфармацыя будзе змяншацца. І толькі калі дойдзеце да чалавека, пра якога вядома толькі імя і прозвішча, трэба ісці ў архіў.
Чытайце таксама: Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна
«Архіў - як рэжымны аб’ект: пакуль запішашся, каб цябе дапусцілі, а за раз выдаецца абмежаваная колькасць спраў - пяць».
Што ў справе — залежыць ад сістэматызацыі. Гэта могуць быць метрычныя кнігі цэркваў, сярод якіх адна — тая, што патрэбна, ці наадварот, усе метрычныя кнігі пэўнай царквы, перапісы насельніцтва. У рэвізскіх сказках — колішніх перапісах насельнітва і маёмасці - ёсць інфармацыя пра тых, хто жыў у нейкім доме, іх гаспадарку. Там можа быць памылкова вызначаны ўзрост, бо дзяцей запісвалі «на вока», і разбежкі ў годзе нараджэння з метрыкамі могуць складаць 3−4 гады. Якую справу замаўляць, можна высветліць праз электронны каталог. Папярэдне — адшукаць, напрыклад, у Wikipedia, да якога раёна належала патрэбная вёска. Фатаграфаваць у архіве забаронена. За плату, паводле заяўкі, можна атрымаць скан патрэбных старонак, папярэдне зроблены ў архіве. Васіль мяркуе, што адсканаванага матэрыялу шмат, але яго не выкладаюць у адкрыты доступ.
Яшчэ ёсць Цэнтральны архіў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Там могуць быць звесткі пра рэпрэсаваных сваякоў. Часам можна атрымаць інфармацыю, даслаўшы падрабязны разгорнуты запыт, хоць, наколькі ведае Васіль, шанец на адмову вялікі. Забіраць вынікі трэба толькі з дакументальным пацвярджэннем сваяцтва.
Каб атрымаць інфармацыю пра кагосьці ў ЗАГСе (датычыць спраў, якім не мінула 100 гадоў), таксама трэба дакументальна пацвердзіць, што гэта сваяк. Там можна спраўдзіць гады жыцця чалавека, калі быў заключаны які шлюб, ці былі дзеці і хто, ці не мяняў хтосьці нацыянальнасць. Важна ведаць, у які ЗАГС звяртацца: можа быць так, што раней вёска належала да аднаго ЗАГСа, пасля — да іншага. Асабліва часта адміністрацыйны падзел змяняўся ў 1920-я гады.
Тое ж датычыць і метрычных кніг парафій. «Можа быць так, што ты нешта шукаў, шукаў, не знайшоў, а пасля выявіцца, што ты не там шукаў».
Па адной з ліній у Васіля ёсць складанасць: туды, дзе некалі ляжалі дакументы з 1865 па 1917, у час вайны трапіў снарад. Яны былі знішчаны, таму вельмі важнай аказалася інфармацыя ад жывых крыніц.
У першы падыход Васілю не хапіла часу на архівы, з’явілася сям’я, дзеці. Да свайго радаводу ён вярнуўся праз 15 гадоў. У сяброўскім чаце адна з удзельніц падзялілася сваім досведам і расказала пра сучасныя рэсурсы.
«Для мяне свет перавярнуўся! Нейкія галіны роду яна дакопвала да XVIII стагоддзя, проста седзячы дома. [Думаў] як так можна, трэба ж ехаць у архіў!»
У выніку працягу пошукаў Васіль змог скласці радавод па адной з галін роду да дзявятага калена.
Генеалагічнае дрэва ён складаў на сайце MyHeritage. Праз бясплатную версію можна дадаць да 200 сваякоў. З досведу Васіля, калі ўжо маеш нейкую назапашаную інфармацыю — гэта зусім няшмат. Але пры замове тэсту ДНК на сервісе даецца «безліміт» на месяц. Васіль замовіў тэст. Разам з жонкай за гэты час атрымалася знайсці і дадаць туды 600 чалавек на дваіх.
Тэст ДНК можа паказаць супадзенне з кімсьці, але неабавязкова, што ўдасца адшукаць ступень роднасці і агульнага продка. Васіль ліставаўся з дзяўчынай з Брытаніі, якая рабіла ДНК-тэст для свайму бацьку, эмігранту з Беларусі. У яго і Васіля было досыць вялікае супадзенне ў ДНК — 1,5%, але агульных продкаў не знайшлі. Дзякуючы тэсту ДНК і людзям, знойдзеным праз яго, можна даведацца пра памылкі ў прозвішчах, якія маглі калісьці быць дапушчаныя ў дакументах.
У межах бясплатнай версіі сайта MyHeritage можна аб’ядноўваць генеалагічныя дрэвы сужэнцаў і сваякоў, праглядаць асобныя галіны, дадаваць фота і дакументы. Можна даслаць запыт на ўзаемны доступ да дрэваў людзей, з якім ёсць супадзенні ў генеалогіі. Пры гэтым важна памятаць, што робіцца даступнай закрытая ў іншым выпадку інфармацыя — пра жывых сваякоў, якая лічыцца прыватнай. «Калі табе адкрываецца ўсё яго дрэва, і ты разумееш, што ён бачыць усё тваё дрэва, а ты з гэтым чалавекам знаёмы тыдзень — ну такое сабе».
Таксама сайт прапануе інфармацыю з іншых рэсурсаў, якую ён можа падцягнуць па імю і прозвішчу, дазваляе выводзіць генеалагічнае дрэва ў фармаце pdf і іншых, дадаваць яго на іншыя рэсурсы.
З жывых крыніц Васіль ведаў пра існаванне прапрапрадзеда Дзяміда, у гонар якога ягоную галіну роду ў вёсцы называлі Дзямідкамі. Але больш інфармацыі пра яго знайсці пакуль не ўдалося, таму далейшы пошук па той галіне зараз немагчымы. Калі б Васіль меў звесткі пра родзіча, які жыў да 1865 года, то праз базу дадзеных мармонаў і праз рэвізскія сказкі ён бы атрымаў доступ да генеалогіі аж да сярэдзіны XVIII ст.
Ліставацца з незнаёмымі людзьмі, якія аказаліся дальнімі сваякамі, не цяжка, бо ёсць агульная тэма і мэта — атрымаць больш інфармацыі. Праз пошук родных у Васіля стала больш блізкай камунікацыя з роднай цёткай, а дзядзька пісаў падзякі і прасіў дзяліцца новай інфармацыяй. «Гэтая тэма збліжае, можна дзяліцца ўражаннямі, адчуваць сваю роднасць і супольную гісторыю». Аднаго з сыноў Васіль назваў у гонар прапрапрадзеда.
«Гэтая праца бясконцая. Можна пашырацца і паглыбляцца, гарызантальна, вертыкальна. Можна зайсці ў XIX стагоддзе і ўсю вёску перапісаць». Ёсць розныя падыходы да складання генеалогіі: камусьці цікава шукаць продкаў па вертыкалі, камусьці - перапісаць усю радню. «Гэта як дэтэктыў - каб раскруціць, ты знаходзіш нейкія нюансікі, шукаеш у адным дакуменце, у іншым. У цябе ёсць тэорыя і ёсць мінімальная зачэпка. Яе трэба пацвердзіць. І ў гэтым кайф, калі ты шукаеш — і потым знаходзіш дакументальнае пацвярджэнне. Некаторыя людзі не могуць спыніцца: калі ты ўсё выцягнуў з дакументаў, трэба выцягваць з ДНК».
Для Васіля было важна высветліць, што ягоны бацька — карэнны беларус, чые продкі пражылі ў адной вёсцы 250 гадоў. І гэтая вёска, куды ён у дзяцінстве ездзіў да бабулі - ягонае сапраўднае месца сілы.
У апошнія гады шмат беларусаў пачалі цікавіцца, адкуль яны, шукаць сваё месца. «Бо калі ты чытаеш пра нейкіх там каралёў, князёў, прэзідэнтаў - гэта адно, а гісторыя твайго роду — гэта зусім іншае».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…