Здароўе і спорт

«Эх, не паспела». Кацярына Пытлева пра тое, як жыла ў чаканні раку, але хвароба ўсё адно прыйшла нечакана

Дыягназ «рак грудзей» яе маці паставілі, калі Кацярыне Пытлевай было чатыры гады. Лекі, хіміётэрапія, шпіталізацыі - усё гэта стала часткай Кацярыніных дзіцячых успамінаў. «Памятаю, як прыязджалі ў бальніцу, як мы з сястрой бегалі вакол мамы. Памятаю гэты бальнічны пах». Хвароба аказалася генетычнай. Кацярына — ужо з трэцяга пакалення жанчын сям'і, якія хварэюць на рак малочных залоз. Ведаючы гэта, яна планавала зрабіць прэвентыўную мастэктамію і выдаліць грудзі, не чакаючы раку. Але — не паспела. Пра тое, як жыла ў чаканні раку, сустрэла хваробу і праходзіць лячэнне, Кацярына распавяла Hrodna.life.

«Бабуля паводзілася незразумела»

Больш просты і падрабязны адказ на пытанне, што адбываецца c маці, Кацярына атрымала ад бабулі, татавай маці.

«Калі мы прыехалі ў госці, яна паводзіла сябе неяк мне не зразумела — выдавала маме асобны посуд, кіпяціла талеркі. Я звярнула на гэта ўвагу, пачала прыслухоўвацца [што кажуць дарослыя]. Разумела, што маці хварэе, але не фіксавалася на тым, што гэта за хвароба. Потым ужо пачалі мне тлумачыць, што ў мамы рак грудзей. Не памятаю, хто. Можа і не бацькі, а хто-небудзь са сваякоў. У сям'і пра гэта не было размоў».

«Памятаю толькі асобныя моманты. Што мама рабіла гімнастыку, што ў яе з’яўляліся кнігі пра лячэбнае галаданне, правільнае харчаванне. Тады гэта былі вельмі рэдкія кнігі, ні ў каго больш такіх не бачыла. Памятаю, што калі тату ўдавалася неяк дастаць кроплі для ўзняцця мамінага імунітэту, то ўся сям’я вельмі радавалася. Цяпер у мяне такія флэшбэкі кожны дзень. Раблю гімнастыку — і проста ўспамінаю, як заходжу ў пакой і яна робіць гімнастыку».

Калі прыйшоў час тлумачыць, чаму маці ўсё ніяк не здаравее, дзецям распавялі пра метастазы. І вось так, па крупінках, пачала складвацца карціна.

Кацярына Пытлева даведалася пра тое, што ў яе рак грудзей, пасля эміграцыі ў Літву

Асабліва ў тлумачэнні ніхто не заглыбляўся. Проста было не да таго.

«Маці не магла нешта рабіць. Тата быў заняты працай і тым, каб маці дапамагчы. Наша задача была — быць самастойнымі», — кажа Кацярына. Праз гэта, на яе думку, пасталець і навучыцца несці за сябе адказнасць прыйшлося вельмі хутка. «Дарослыя намагаліся, каб не было нейкай траўмы. Мы былі ва ўсіх гуртках, якія толькі могуць быць: і гімнастыка, і мастацкія, — усюды. Цяпер думаю, магчыма гэта было для таго, каб мы менш бачылі маму ў цяжкім стане. Памятаю як тата дзверы зачыняў, каб мы лішні раз не бачылі яе, не чулі».

«Стала зразумела, што гэта здарыцца і са мной»

У памяці ў Кацярыны застаўся першы матчын пратэз для ампутаванай грудзі - мяшочак з ільняным насеннем. «Памятаю, як мацала. Мне вельмі падабалася — мяккі такі быў, прыемны навобмацак. А калі маці прыехаў сіліконавы пратэз, гэта была падзея. Мне было ўжо гадоў 10 можа, або 9. Мама сачыла, каб з ім нічога не здарылася. Тады мяне да яго не падпускалі, а цяпер у мяне зусім такі ж».

Калі маці памерла, Кацярыне было 12 гадоў. «Практычна адразу нас з сястрой паставілі на ўлік. Мы хадзілі да генетыку на абследаванне, нам усё патлумачылі. Да таго часу ўжо захварэла і бабуля, маміна мама. Потым захварэлі цёткі, усе тры мамчыныя сястры. Так стала ясна, што ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што гэта здарыцца і са мной».

Чытайце таксама: Грудзі, дзеці, валасы. Кацярына Ваданосава — пра самыя складаныя моманты перажывання раку

Выдаленне грудзей мяне не пужала

Па словах Кацярыны, з тых часоў самаабследаванне стала пастаяннай часткай яе жыцця. Пазней ўвайшло ў звычку і праходзіць абследаванні ў мамолага. «Калі даведалася пра хваробу ў мамчыных сясцёр, стала шукаць нейкія даследаванні на гэтую тэму. Уласна, на біяфак паступіла, каб самой даследаваць праблему генетычных каранёў розных хвароб і ў першую чаргу раку».

Кацярына Пытлева — з трэцяга пакалення і шостая па ліку з жанчын сям'і, якія хварэюць на рак грудзей. На руцэ ў яе пярсцёнак з надпісам «Усё тлен»

З біялогіяй, як кажа Кацярына, не склалася: «Мала было даследчых групаў на гэтую тэму, і ў выніку мяне зацягнула журналістыка». Ужо журналісткай яна шмат пісала пра анкапацыянтаў і лекараў, якія лечаць рак.

«Вядома, пыталася ў спецыялістаў і пра сваю сітуацыю. Даведалася пра магчымасць прэвентыўнай мастэктаміі, як зрабіла Анжаліна Джалі. Выдаленне грудзей мяне не пудзіла. Не хацелася хварэць на рак — я бачыла, як гэта было ў маці і чым скончылася».

Перспектыву выдаліць грудзі, не чакаючы хваробы, Кацярына абмяркоўвала і з мужам. «Тады мы як раз „працавалі“ над з’яўленнем дзяцей. [Кацярына тройчы праходзіла працэдуру ЭКА]. Вырашылі, што выдаленне грудзей трэба разглядаць у перспектыве бліжэйшых пяці гадоў. У 2020 як раз пачала збіраць дакументы і збіралася здаваць аналізы для аперацыі».

Крыўды на лёс за рак не было

«Фізічная актыўнасць, спорт — заўсёды былі ў маім жыцці. Практычна ўжо гадоў 20 вегетарыянка, 4 гады была веганка, — распавядае Кацярына. — Сачыла за гэтым, старалася дапамагаць свайму арганізму».

Але крыўды на лёс і пытанняў «Чаму гэта здарылася са мной» у Кацярыны не было:

«Гісторыю з «Чаму я?» я прайшла, калі расла без маці, калі памёр тата, калі сама за сябе і няма на каго пакласціся, калі былі выкідышы, калі былі ЭКА, якія пастаянныя вымотваюць, калі загінула дачка… тады былі пытанні - «Чаму я?».

Кацярына Пытлева: «З ракам не было ні крыўды, ні пытанняў. Было хутчэй такое: „Эх, не паспела. Я ж ведала! Ну я ж ведала…“»

Адразу зразумела, што гэта яна. Пухліна

Нармальную плынь жыцця Кацярыны парушылі спачатку палітычныя перамены ў Беларусі, якія вымусілі сям’ю з’ехаць з краіны, а потым вайна ва Украіне. «У пачатку вайны былі вельмі цяжкія месяцы ў плане працы. Мы практычна жылі ў офісе. Я проста зусім пра сябе не клапацілася — ясі, што падвернецца пад руку, спіш, калі атрымаецца — вельмі сур’ёзны стрэс. Я неяк вырашыла, што трэба сябе выцягваць з гэтага. Хоць бы нейкую фізічную актыўнасць праяўляць, неяк адцягвацца эмацыйна і фізічна, і прымусіла сябе па раніцах хадзіць у спартзалу», — распавядае Кацярына.

Кацярына Пытлева пасля аперацыі мастэктомии

У фітнес-цэнтры была не толькі спартзала, а яшчэ і басейн з лазняй.

«Зразумела, што там можна было і душ прыняць не так, як дома, прыхапкам перад працай. Там я напэўна ўпершыню за паўгода нармальна сябе прамацала. І адразу зразумела, што гэта яна — пухліна. Яна была проста вялікая, выступала проста. Не тое, што намацала гарошынку. Вядома, былі надзеі, што можа нешта іншае. Але наогул я зразумела адразу».

Чытайце таксама: «Будут у меня красивые новые сиськи». Как рак научил Лену любить себя и радоваться жизни

Сказала ўсім, што ў мяне рак, і папрасіла не нерваваць

Хаваць, што захварэла, Кацярына не стала. Муж даведаўся пра гэта ў той жа дзень, як яна выявіла пухліну, калегі - пасля даследаванняў і біяпсіі. «Прыходжу пасля абследавання, калега пытаецца: „Ну як?“. Я кажу: „Ну — так“. А ў самой камяк у горле, ледзь стрымліваюся, каб не расплакацца. Натуральна, тыя хто побач, таксама чулі, я ж не спрабавала хаваць. Вось так і атрымалася, што ўсе калегі ў курсе».

Кацярына Пытлева на падваконні ў офісе

Кацярына папрасіла калег не нерваваць яе і асцярожней паставіцца.

«Хтосьці словы падтрымкі казаў, хтосьці распавядаў, што ў іх у сям'і таксама так было, парады нейкія давалі, што дапамагло сваякам. У цэлым, вельмі падтрымальная атмасфера была. І цяпер усе сочаць за маімі навінамі».

Зараз маці з пратэзам, а потым ёй зробяць новыя грудзі

Дзеці Кацярыны ўжо ведалі, што такое рак. Яшчэ раней гэта прыйшлося растлумачыць, калі пыталіся, чаму няма другой бабулі.

«Дачка ведае больш, — кажа Кацярына. — Яна цікавіцца медыцынай, лечыць жывёл. Бывае, ідзем кудысьці ці сядаем адпачываць, і яна пачынае: „Ну так, мама, расказвай, якія яшчэ бываюць хваробы“. Таму цяпер тлумачыць, што такое рак, мне не давялося».

Дзецям проста распавядалі, што адбываецца. Калі ішло абследаванне — што лекарам трэба высветліць, што ў маці за хвароба. Калі клалася ў бальніцу — што маці трэба прайсці лячэнне. Калі ішла на аперацыю — што маці будуць выдаляць грудзі.

У далонях у Кацярыны Пытлеваой здымны сіліконавы пратэз грудзей

«Так і сказала. Мы ж жывем у адной кватэры. Калі я пераапранаюся і дзіця зайшло, каб не спалохаўся, убачыўшы шнар. Навошта гэта? Лепш, каб дзеці разумелі, што адбываецца, каб не было ніякіх таямніц, каб яны не дадумвалі, не баяліся, каб яны бачылі ўпэўненасць у нас — у тату і ў маці - што мы кантралюем працэс, што ўсё адбываецца так, як павінна адбывацца».

«Пасля аперацыі мы казалі, што ў маці была пухліна, такі шарык у грудзях. І што цяпер яго выдалілі разам з грудзьмі. Пакуль маці ходзіць з пратэзам, а потым ёй зробяць новыя грудзі. Казалі, што ў маці хутка выпадуць валасы».

Праца заўсёды ратавала

«Калі б гэта адбылося год таму, было б цяжэй, — кажа Кацярына. — Тады я толькі выбудоўвала працэсы [на тэлеканале «Маланка"], трэба было ўсё кантраляваць. Цяпер нейкія моманты змагла дэлегаваць». А наогул працу яна лічыць сваімі галоўнымі лекамі. Ад яе не адрывалася нават у час лекавання. На хіміятэрапіі, пад кропельніцай, Кацярына мантавала відэа і вяла перамовы ў чаце з калегамі.

«Я такі чалавек, што мяне праца заўсёды ратавала. Пачынаючы са смерці маці. Бо дома было не вельмі - з розных прычынаў. Для мяне праца стала такім safety place, месцам бяспекі. Нават нейкія хобі ў мяне не прыжываюцца. Тое, чым я займаюся — гэта маё жыццё. Я заўсёды спачуваю людзям, якія вымушаныя прыйсці „адштукаваць“ нешта — як быццам здаваць сябе ў арэнду. У мяне не так. Задавальненне, станоўчыя эмоцыі, радасныя моманты — я гэта чэрпаю ў працы».

Чытайце таксама: «Быть женщиной — уже фактор риска». Онколог рассказал, как лечат рак молочной железы, почему болезнь помолодела и зачем онкохирургу быть еще и психологом

Хімія: «Я да чаго толькі не рыхтавалася»

Па расказах знаёмых і досведу тых, хто праходзіў хіміятэрапію раней, Кацярына ведала, з чым можа сутыкнуцца. «Я падрыхтавалася маральна, што я выпаду на пару дзён. У першы дзень [пасля кропельніцы] прыехала і да позняй ночы працавала, бо казалі - накрывае на другі. Хацелася пабольш паспець зрабіць. На другі дзень прачнулася — быццам нармальна. Нават зарадку зрабіла. Ведаю, што чым больш рухаешся, хоць і ў ашчадным рэжыме, — тым лепш. Зараз у ложку працую, хоць галава трошкі цяжкая», — распавяла Кацярына пасля першага сеансу хіміятэрапіі. А яшчэ ў чаканні хіміі яна купіла тазік — папярэджвалі, што можа быць млоснасць і ваніты. «Але неяк у мяне па-іншаму».

Зразумела, што я не адна

Калі ў жыццё прыходзіць рак, то гэта мяняе прыкладна ўсё. Хтосьці можа ставіцца да праяў хваробы больш спакойна, іншых накрывае трывожнасцю аж да панічных нападаў. «У мяне таксама так было і пра гэта таксама важна казаць, — мяркуе Кацярына. — Калі чалавек з гэтым сутыкаецца і не ведае што гэта, то перанесці ў разы цяжэй».

Кацярына Пытлева ў адным з памяшканняў на паверсе, дзе размяшчаецца студыя «Маланка медыя»

Самой Кацярыне прыйшлося перанесці панічную атаку двойчы. Адзін раз — у прамым эфіры. «Гэта здарылася, калі я чакала вынікі абследавання. Была ў тым стане, калі ты ўжо разумееш, што адбылося, але трэба чакаць адказ. А гэта цяжка — чакаць. І мяне накрыла проста ў прамым эфіры. Балазе, калегі паспелі зарыентавацца. У нас ёсць умоўны рух — я паказала, каб мне адключылі гук і перавялі камеру на іншага вядучага. А сама проста выпаўзла са студыі. Прыйшлося нават выклікаць хуткую — гэта сур’ёзная гісторыя і ставіцца да яе трэба сур’ёзна».

«Ты можаш быць моцнай колькі заўгодна, быць аптымісткай колькі заўгодна. У цябе можа быць план. Але гэты ўзровень стрэсу ўсё роўна неяк выявіцца. У кагосьці можа сыходзіць у эмоцыі, істэрыкі, слёзы, У кагосьці - у панічныя атакі. Бо стрэс, страх за сваё жыццё, за сваіх блізкіх, страх за дзяцей. Важна, каб жанчыны ведалі - не трэба заставацца з гэтымі страхамі сам-насам. Трэба звярнуцца да псіхолагаў, каб гэтыя станы кантраляваць. Важна гэтым займацца і рабіць гэта не на самоце».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024