Дэні родам са Шры-Ланкі. Доўгі час ён марыў пра вучобу ў Англіі, але з-за фінансавых цяжкасцяў мусіў памяняць краіну Яе Вялікасці на больш сціплую Беларусь. Так Дэні і апынуўся ў Гродне, але нават не мог cабе ўявіць, што ў будучыні не толькі палюбіць гэтую краіну, але і пусціць тут свае карані.
Беларусь — першая еўрапейская дзяржава, якую наведаў Дэні. Да гэтага хлопец быў у Сінгапуры, Індыі, на Мальдывах і іншых краінах, якія знаходзяцца недалёка ад Шры-Ланкі.
У 2014 годзе Дэні паступіў на падрыхтоўчы факультэт ГрДУ і пасля года вывучэння рускай мовы планаваў падаць дакументы ў Медыцынскі універсітэт ды вучыцца на псiхiатара. Але сустрэў тут дзяўчыну, якая ў будучыні стала яго жонкай.
«Мы ажаніліся, а пра вучобу прыйшлося забыць: з’явілася сям’я, пра якую трэба было турбавацца. Ды і ў мяне была ўжо адна вышэйшая адукацыя, якую я атрымаў у акадэміі Шры-Ланкі. Кінуўшы вучобу, я захаваў грошы і некалькі гадоў жыцця», — кажа хлопец.
Денні вельмі хутка вывучыў рускую мову. Пасля трох месяцаў знаходжання ў Беларусі разумеў большасць рускіх словаў. Кажа, што яму гэта ўдалося дзякуючы добрай памяці, жонцы і сябрам.
«Мой сакрэт — шмат рускамоўных сяброў, і пры гэтым трэба шмат кантактаваць. Калі не мець зносіны з носьбітамі мовы, то, як бы не намагаўся, ты не вывучыш добра мову. У Гродне ў мяне шмат рускамоўных сяброў, і ўсяго тры сябра-замежніка».
Дэні вырашыў, што хоча быць праваслаўным, як і яго жонка. Пра незвычайны выпадак, калі пратэстант са Шры-Ланкі прымае ў Гродне праваслаўе, тады казалі і пісалі многія.
«Я заўсёды марыў ажаніцца на светлай дзяўчыне ў царкве і мая мара спраўдзілася. Я ж нарадзіўся ў будысцкай сям'і, але будызм — гэта не рэлігія, а філасофія. Гэта кожны павінен ведаць. Яшчэ ў Шры-Ланцы я прыняў лютэранства, менавіта там я даведаўся пра Бога.
Чаму я пайшоў у праваслаўе? Наогул, калі ты ўпершыню пазнаеш Бога, табе ўсё роўна ў якую царкву ты ходзіш: лютэранскую, праваслаўную або баптысцкую, галоўнае — гэта Бог. Мая жонка праваслаўная, ды і мне вельмі спадабаліся служэнні ў Каложскай царкве, таму я прыняў новую канфесію.
Спачатку мне многае было не зразумела: навошта цалаваць іконы, для чаго яны наогул патрэбныя, бо ў лютэранскай царкве такога няма, але служыцелі праваслаўнага храма мне ўсё падрабязна патлумачылі".
Пасля прыняцця праваслаўя Дэні стаў валанцёрыць у Каложы панамаром — дапамагае святару.
«Я люблю гэты храм, аднойчы, калі я ад’язджаў, я плакаў, бо не хацеў пакідаць гэтае месца. Гэта самы лепшы храм, ён ні з якім іншым не параўнаецца. За час, якi я жыву ў Гродне, я яго вельмі палюбіў».
Дэні ўжо паўтары гады як стаў бацькам і разам з жонкай гадуе дачку.
«Пакуль я толькі валанцёру і працаваць афіцыйна не магу, але, думаю, хутка гэта зменіцца. Я хачу стаць выкладчыкам англійскай мовы, але ў Беларусі нельга выкладаць без нацыянальнага дыплома, таму я абдумваю і іншыя планы.
Хацелася б адкрыць сваю справу ў Беларусі, але гэта вельмі праблематычна. У маёй краіне няма такой вялікай колькасці падаткаў і законаў, як у Беларусі. Менавіта гэта і ёсць асноўнай праблемай: чаму замежнікі мала адкрываюць сваіх спраў у гэтай краiне".
Дэні не хавае, што калісьцi ён з сям’ёй з’едзе з Беларусі, але куды — пакуль не ведае.
«Можа, кудыcцi ў Еўропу. Спачатку паеду я, уладкуюся там, а праз пару месяцаў забяру жонку з дзіцём. Не падумайце нічога дрэннага, я люблю Беларусь. У вас добрыя людзі, прыгожая прырода і надвор’е мне ваша падабаецца, але ёсць дрэннае — законы, праблемы з працай і эканомікай.
У Шры-Ланцы, калі добра працаваць, можна атрымліваць 1000 долараў у месяц, а ў Беларусі гэта нерэальна. А я хачу забяспечыць годнае жыццё сваёй сям'і, не хачу, каб яна ў чымсьці мела патрэбу".
Як ні дзіўна, але Дэні вельмі падабаецца беларускі клімат. У роднай Шры-Ланцы для яго занадта горача.
«Я не люблю спёку, а ў Шры-Ланцы заўсёды цёпла, таму мне вельмі камфортна ў Беларусі. Тут я ўпершыню дакрануўся да снегу, раней я яго бачыў толькі на вяршынях гор. Для мяне гэта такая ж экзотыка, як для вас мора. Вы прывыклі да снегу, а я ўжо прывык да мора, і яно мне надакучыла».
Больш за ўсё Дэні падабаюцца беларускія людзі. Ён лічыць, што беларусы добрыя і талерантныя. За ўвесь час, што ён тут жыве, толькі два разы сустрэў расістаў.
«Яны звычайна кажуць нешта кшталту: „Фу, чорны, негр…“, але я насамрэч не адношуся да негроіднай расы, проста скура ў мяне цямней. Але ім не дакажаш, а мне на гэта фіялетава. Але апошнім разам нават да бойкі дайшло. Я палічыў гэта ненармальным. Вось уявіце, каб вас так гнабілі ў нас у Шры-Ланцы. Праўда, непрыемна?»
Дэні лічыць, што людзі ў Шры-Ланцы і Беларусі вельмі розныя. Розныя нацыянальнасці, колер скуры, вера і кухня.
«Як неба і зямля. Беларусы вельмі працавітыя, таму што ў вас няма выбару, вы не можаце не працаваць. А ў Шры-Ланцы жывуць гультаі, мы не любім працаваць. У нас заўсёды цёпла, круглы год расце ежа, таму пра многія праблемаы нам не трэба турбавацца».
Больш за ўсё ў Беларусі Дэні не хапае родных. На жаль, яны пакуль яшчэ ні разу не былі ў Беларусі, але дапамагаюць яму.
«Мае бацькі пакуль у Беларусі не былі, але яны вельмі хочуць прыехаць да нас у госці. Я вельмі сумую па сваіх блізкіх. Мы з жонкай і дачкой ужо ездзілі да мяне ў Шры-Ланку. Мы былі там некалькі месяцаў, потым жонка з дзіцем з’ехалі, а я яшчэ застаўся на некаторы час. Спадзяюся, неўзабаве да нас прыедзе мой бацька. Думаю, яму спадабаецца ў Беларусі».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…