«Прычына продажу — эміграцыя». У Гродне прадаюць бары і кафэ як гатовы бізнес, сярод іх — Cuba, Corsar, «Ниндзя Кебаб»

У Гродне актыўна прадаюць гатовы бізнес: ад павільёна на міні-рынку да сеткі кафэ. Большасць аб’яў з’явіліся ў жніўні 2021 года. Некаторыя не хаваюць: прычына продажу бізнесу — пераезд гаспадароў у іншую краіну. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала аб’явы на kufar.by і налічыла не менш за сем устаноў грамадскага харчавання, якія прадаюцца. Эксперт пракаментаваў: прадаваць бізнэс будуць актыўна, цяпер яго можна купіць са зніжкай.

Бар Cuba (61 000 рублёў ці $ 25 000)

Бар Cuba ў 2019 годзе. Фота: Hrodna.life

Аб’ява аб продажы з’явілася 16 жніўня 2021 года. Бар гаспадары пазіцыянуюць як «установу з выдатнай васьмігадовай рэпутацыяй» і «любімае месца для сустрэч гродзенцаў і гасцей горада». З барам прадаецца ўся мэбля, барнае і кухоннае абсталяванне і нават напоі. Гаспадары прапануюць разгледзець пытанне аб пакупцы памяшкання ва ўласнасць.

У памяшканні — 100 м. кв. Арэндны кошт — самы нізкі для цэнтра горада. У зале ўстаноўлены кандыцыянер, выцяжка, TV 55 і 43″, музычнае і акустычнае абсталяванне. Абсталяванне і посуд падбіраліся згодна з санітарна-эпідэміялагічнымі правіламі. Магчымы гандаль.

Бар некалькі гадоў таму сутыкнуўся з праблемамі з-за непаразумення з суседзямі. Яны скардзіліся на шум і рэгулярна выклікалі міліцыю. Улетку пасля моцнага дажджу бар затапіла. Месца на Калючынскай, 12 можна назваць няўдалым для бізнэсу — там зачыніўся і бар «Moloko».

«Захацеў - прадаю», — коратка пракаментаваў ўладальнік бара і кінуў трубку.

Бар Corsar (36 500 рублёў ці $ 14 520)

Бар Corsar у Гродне. Фота: Hrodna.life

Бар на Кірава, 3 прадаецца з 16 жніўня. Ён працуе з сакавіка 2018 года. «Свая кліенцкая база, свая светлавая і гукавая апаратура, утульны дворык для летняй пляцоўкі, адэкватная арэнда, сваё ТАА з усімі ліцэнзіямі», — так апісваюць уладальнікі бізнэс. Яны таксама згодныя пагандлявацца. Бар прадаецца ў сувязі са зменай месца жыхарства ўладальніка.

Па нумары, паказанаму ў аб’яве, Hrodna.life не адказалі. Паводле інфармацыі рэдакцыі, бар ужо прадалі. Звязацца з новым уладальнікам пакуль не ўдалося. Работнікі распавялі аб змене канцэпцыі ўстановы.

«Coffee pause» (кошт дагаворны)

Coffee pause у Гродне. Фота: Hrodna.life

Кароткая аб’ява аб продажы кавярні з’явілася 24 жніўня.

Установа адкрылася на вуліцы Вялікай Траецкай два гады таму. Фішкай кавярні былі венскія вафлі. Па аўторках 10% ад выручкі ўладальнікі абяцалі пералічваць на дабрачыннасць.

Бізнэс прадаюць у сувязі з пераездам у іншую краіну, верагодна — Польшчу, распавёў уладальнік кавярні Ігар. «Пакуль былі турысты, пакуль былі адкрытыя межы, было нядрэнна [у плане вядзення бізнэсу]», — распавёў бізнэсовец. Пакупкай кафэ актыўна цікавяцца — Ігар выбірае пакупнікоў. Цану магчымай здзелкі ён не раскрывае.

La Bar Storiz (41 000 рублёў ці $ 16 310)

La Bar Storiz. Фота: kufar.by

Аб’ект грамадскага харчавання на вул. Вялікая Траецкая таксама прадаецца з 17 жніўня. «З абсталяваннем і мэбляй. Усе камунікацыі, вентыляцыя, гарачае і халоднае водазабеспячэнне. 28 кв. м. Пасадачных месцаў - 23, з улікам кантактнага бара. Гандаль дарэчны», — паведамляе гаспадыня. Ад каментароў Hrodna.life яна адмовілася.

Бар ''Lunatic'' (130 000 рублёў ці $ 52 000)

Бар «Lunatic». Фота: Instagram установы

Аб продажы бара стала вядома яшчэ ў сярэдзіне ліпеня 2021 года, аб чым Hrodna.life расказваў. Тады гаспадар запэўніў нас, што ўстанова «пераедзе» ў Мінск, але бар па-ранейшаму знаходзіцца ў аб’явах аб продажы.

У продаж уваходзіла ліцэнзія, дамова арэнды на пяць гадоў (па самай нізкай стаўцы ў горадзе), сістэма кандыцыянавання і вентыляцыі, разлічаная пад кальяны, поўны камплект музычнага абсталявання (калонкі, пульт, сабвуфер, святламузыка).

З пакупкай уладальнік мог набыць прафесійнае барнае абсталяванне, посуд, вырабленую для бара дызайнерскую мэблю. Яна ўключае барную стойку і сталы з граніту, а таксама неонавую шыльду. У памяшканні знаходзяцца два санвузла, мыйны цэх, склад і гардэроб.

''Ниндзя Кебаб'' (85 000 рублёў ці $ 33 800)

Кафэ «Ниндзя Кебаб». Фота: Hrodna.life

Сетка кафэ, фішка якіх — шаурма, прадаецца з 16 жніўня. «Кафэ цалкам абсталяванае прафесійнай тэхнікай. Адно кафэ знаходзіцца на лепшым трафіку горада, на вул. Савецкай, другое — на праязной вуліцы Белушы. З моманту адкрыцця пункты адразу працавалі ў плюс. Бізнэс пад ключ, усе ў камплекце. Бонусам абсталяваны склад 70 квадратаў з таннай арэндай. Прычына продажу — эміграцыя», — значыцца ў аб’яве.

«У працэсе», — адказаў уладальнік на пытанне аб продажы. Ад іншых каментароў ён адмовіўся.

Більярдны клуб (28 000 рублёў ці $ 11 100)

Більярдны клуб. Фота: kufar.by

Дзеючы більярдны клуб з чатырма сталамі, гандлёвай кропкай і кальянамі прадаецца з 6 ліпеня.

Бізнэс быў прыбытковым да 2014 года, а потым «усё забраў інтэрнэт», распавёў Hrodna.life уладальнік Сяргей. «Галоўнае — сябе разрэкламаваць, навешаць людзям лапшы на вушы, што вось так трэба рабіць і як адпачываць. Гэта робіцца пры дапамозе інтэрнэту — Instagram, TikTok. А гэта ўсё каштуе грошай і выдаткаў». Гэта ўжо пяты більярдны клуб Сяргея з 1996 года. Бізнэс не стратны, але прыбытку не прыносіць. Пакупнікоў пакуль няма. На думку Сяргея, няма каму купляць — усе спрабуюць прадаць. Закрывацца ён пакуль не плануе.

Што яшчэ прадаюць у Гродне?

Таксама ў Гродне прадаецца іншы гатовы бізнес: ад гандлёвых намётаў і фота-кропак да салонаў прыгажосці і кузні. Напрыклад, крама разліўных напояў, павільён з шаурмой, салон мабільных і камп’ютарных аксэсуараў.

Эканаміст: «Атакі на прыватны бізнес зараз набіраюць абарот»

Эканаміст Леў Львоўскі. Фота: сацсеткі героя

 — Пытанне продажу гатовага бізнесу цяпер хутчэй за ўсё знаходзіцца на лакальным піку папулярнасці, — пракаментаваў Hrodna.life Леў Львоўскі, эканаміст праекта BEROC. — Тут варта адрозніваць дзве важныя катэгорыі, абедзве з якіх звязаны з бягучай фазай палітычнага крызісу, — перапродаж бізнесу з мэтай фармальнай змены ўласніка, калі ў дзяржаўных органаў пачынае раптам з’яўляцца занадта шмат прэтэнзій менавіта да канкрэтнага ўласніка, і сапраўдны продаж гатовага бізнесу, звязаны з сыходам ад спраў або ад’ездам з краіны ўласніка.

Ці выгадна зараз купляць бізнэс? «Калі гаворка ідзе аб прадпрымальніках, якія вымушана з’язджаюць з краіны, то зразумела, што бізнес яны будуць прадаваць з тым ці іншым дысконтам (зніжкай — Hrodna.life). Таму хтосьці сапраўды можа ад гэтага выйграць. З іншага боку, атакі на прыватны бізнес зараз набіраюць абарот, і няма ніякай гарантыі, што ў новага, верагодна, перш лаяльнага да ўладаў ўласніка не з’явяцца дакладна такія ж праблемы, як у папярэдняга ўладальніка», — лічыць эканаміст.

Частку бізнесу можна весці і дыстанцыйна, але ў такім выпадку зніжаецца і першапачатковая матывацыя яго прадаваць. Некаторыя прадпрымальнікі прадаюць бізнэс з-за вымушанага пераезду, а некаторыя — з-за добраахвотнага. Ад гэтага таксама будзе залежаць тое, наколькі яны могуць захаваць бізнэс нават пасля пераезду, каментуе экспэрт.

Як шмат бізнэсоўцаў закрыюць праекты і што чакае Беларусь, калі гэта адбудзецца?

 — Рабіць такія здагадкі цяпер немагчыма, — лічыць Леў Львоўскі. — Наогул, закрыццё рэнтабельных бізнэсаў - рэч вельмі рэдкая. У той жа час, мы бачым вяртанне старой рыторыкі з боку ўладаў аб антысацыяльнай ролі бізнэсу, нелаяльнасці з боку прадпрымальнікаў і, вядома ж, спадарожныя гэтым заявам канкрэтныя дзеянні - крымінальныя і адміністрацыйныя справы, праверкі і штрафы. Які будзе маштаб бедства, у дадзеным выпадку залежыць ад далейшых дзеянняў уладаў і, вядома, ад агульнай эканамічнай кан’юнктуры.

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024