Старадаўні палац у парку Жылібера пустуе з 2014 года. Яго выстаўлялі на аўкцыён больш за 10 разоў, але пакупнікоў не было. 25 траўня яго купіў уладальнік Гродзенскага парку атракцыёнаў за 1 мільён 690 рублёў.
У аўкцыёне ўдзельнічалі чатыры пакупнікі. Стартавы кошт помніка архітэктуры канца 18 стагоддзя складаў амаль 657 тыс. рублёў. У параўнанні з папярэднімі таргамі цану знізілі ў два разы. На самым першым аўкцыёне ў снежні 2016 года за палац прасілі больш за 2 млн долараў.
Новы пакупнік павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства,
правесці капрамонт або рэканструкцыю будынка і ўвесці яго ў эксплуатацыю не пазней, чым праз чатыры гады. Магчымая рэканструкцыя будынка пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння.
«Цяпер галоўная задача для нас — захаваць старадаўні будынак, — распавядае дырэктар парку атракцыёнаў Павел Кавалевіч. — Што там будзе ў будучыні, будзем яшчэ вырашаць. Можа будзе гатэль з кропкамі грамхарчу, турыстычны цэнтр, а можа яшчэ нешта. Хацелася б зрабіць месца прыцягнення моладзі. Мы адкрытыя для прапаноў».
Таксама парк атракцыёнаў працягнуў справу краязнаўцы Наталлі Канюк і ўзяў шэфства над адраджэннем батанічнага саду па суседстве з палацам.
«Батанічны сад застанецца і мы працягнем яго развіваць. З купляй гэтага будынка для нас адкрываюцца новыя гарызонты», — дадаў Павел Кавалевіч.
Спачатку кітайцы, потым Разін
Два гады таму з’явілася інфармацыя, што будынак былой медыцынскай акадэміі хацелі купіць кітайцы і перарабіць яго пад гасцініцу. У 2019 годзе паведамлялі, што аб’ектам зацікавіўся музыкант «Ласкавага мая» Андрэй Разін. Ён планаваў адкрыць там школу талентаў для адоранай моладзі з усёй Беларусі. Разін нават сустракаўся з кіраўніцтвам горада і прасіў, каб яму перадалі аб’ект за бесцань. Гарадскія ўлады на гэта не пайшлі.