Многія беларусы за апошнія паўгода сутыкнуліся з затрыманнямі. Ізалятары, «хімія» і выжыванне ва ўмовах зняволення сталі часткай жыцця звычайных людзей. Ілля (імя зменена на просьбу героя) пабываў у гродзенскай турме № 1 пасля пратэстаў у сувязі з жнівеньскімі выбарамі. «Там трэба займацца глупствам, якім у звычайным жыцці чалавек ніколі займацца не будзе», — распавёў ён Hrodna.life. Вязні грэюць ваду ў вядзерцы ад маянэзу, сталовыя прыборы выразаюць з пластыкавых бутэлек і робяць з фальгі, унітаз затыкаюць хлебным камяком. Hrodna.life публікуе са слоў Іллі аповяд пра асаблівасці турэмнага быту, з якімі ён сутыкнуўся, складанасці простых дзеянняў і пра тое, як ён з гэтым спраўляўся.
Пачатак геймплэя
У камеры няма посуду, сталовых прыбораў. Усё гэта зняволеныя збіраюць. Выдаюць толькі матрац, коўдру, дзве прасьціны, навалачку і жалезны кубак. Па меры развіцця геймплэя* гулец абрастае інвентаром.
Геймплэй (англ. gameplay), — кампанент кампутарнай гульні, які адказвае за інтэрактыўнае ўзаемадзеянне гульні і гульца — Заўв. Hrodna.life.
Першыя суткі ў турме праходзяць у асобнай камеры ў «карантыне» ў «амэрыканцы». За гэты час вырашаюць, куды цябе вызначыць, складаюць асабістую картку, водзяць на дактыласкапію, фатаграфуюць.
Амерыканка — асобны корпус гродзенскай турмы. Пабудаваны па прынцыпе амерыканскіх турмаў, з адзіным атрыумам на тры паверхі. У яго выходзяць камеры, замест калідора — балкончыкі. На кожным паверсе нацягнутыя сеткі. Цяпер, праз каранавірус, нацягнутыя яшчэ і плёнкі, нібыта каб не цыркулявала паветра. Унутры — старадаўнія каваныя лесвіцы.
Падняцца ў хату — перайсці з «карантыну» ў звычайную камеру.
«Амерыканка» то была пустая, то гарэлі ўсе вокны — значыць, былі вялікія затрымання. Менавіта ў час пратэстаў з другога паверха, дзе было СІЗА (следчы ізалятар), зрабілі часовы ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) — у ІЧУ пры РАУСах месцаў не хапала. Кожныя выхадныя мы чакалі, што звонку будзе нешта чутно [пратэсты — заўв. Hrodna.life], але нічога не было. Хоць у турму можна дакрычацца. Днём у камеры шумна, а пасля адбою, у 22:30−23.00, добра чуваць, што адбываецца звонку. Калі людзі вызваляюцца, дамаўляюцца і запускаюць феерверкі, каб унутры чулі. З вокнаў некаторых камер можна бачыць горад.
У камерах было ад 8 да 12 чалавек. Можа быць і менш людзей, чым месцаў у камеры. «Першаходаў» не саджаюць з тымі, хто ідзе другі раз. Пагаварыць з імі можна было праз сценку ў прагулачных дворыках. Хоць гэта забаронена і караецца, людзі ўсё роўна спрабуюць стасавацца.
Першаход — зняволены, упершыню прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Сон на арматуры
У ізалятары часовага ўтрымання днём можна ляжаць на ложку, калі табе больш няма чаго рабіць, можна спаць. У турме ты павінен напружваць нервовую сістэму максімальна. Сядзець на ложку можна, прылегчы — нельга, сон забаронены. Рэгулярна ходзіць «вертухай», глядзіць у вочка, калі прылёг — зробіць папярэджанне ці запіша парушэнне. Тры парушэнні - адпраўляюць на «кічу». Наглядчык зазірае ў вочка раз на 15 хвілін, ці раз на гадзіну, калі шумна, ці, наадварот, калі ў камеры занадта ціха.
Кіча — карцэр, дзе няма асабістых рэчаў, сваёй ежы, абмежаваны час прымання ежы: па словах героя, даецца некалькі хвілін. Ёсць прыкручаны да сцяны цвёрды ложак, які на дзень падымаецца, сесці няма дзе.
Вертухай — наглядчык.
Асноўная частка нараў звараная з «вугалка», а ўнутр увараны палосы з металічнага ліста. Калі на іх спіш, правальваешся ў дзіркі, і краі ўразаюцца ў цела, гэта як катаванне. Бываюць матрацы, якія ні на што не падыходзяць: паміж табой і арматурай пакет з анучамі.
Каб не ляжаць на арматуры, пад матрац падкладаюць шчыльныя торбы для рэчаў. Кожнаму вязню патрэбна адна торба для рэчаў, і адна запасная, каб спаць. Усё, што ў «кешары" — тваё, усё, што звонку, ці выпадзе — могуць выкінуць, як смецце.
Кешар — сумка з асабістымі рэчамі.
Перадачы — неабходныя
Перадачы ў гродзенскай турме прымаюць часта [штодня, акрамя нядзелі і панядзелка — заўв. Hrodna.life]. Мне перадавалі раз на тыдзень, камусьці прыходзіць два разы на тыдзень. Ліміт — 30 кг на месяц. Перадаваць могуць усе, не толькі сваякі. Могуць запатрабаваць пашпарт.
Важна, каб перадачы прыходзілі, інакш ты будзеш марнаваць больш энергіі, чым спажываеш з турэмнай ежай. Даюць вадкую кашу, тушаную капусту. Суп, з адной сярэдняй бульбінай, часам недаваранай, і лаўровым лістом, наліваюць на траціну талерачкі. На «кічы» наліваюць больш — там, акрамя турэмнай, іншай ежы няма. Неяк была праверка — кідалі кавалкі мяса. Звычайна замест яго — курыныя косткі, валокны. Калорый не хапае. Сукамернікі дамаўляюцца, каму што будуць перадаваць. Калі заканчваецца ліміт па вазе на тых, у каго ёсць, каму перадаць, заказваюць перадачы на тых, каму перадаць няма каму.
Уся ежа ў перадачах павінна быць асобна ў пакетах, каб яе можна было прамацаць, перагледзець. Шпік ці каўбасу дзіравяць наскрозь, правяраюць, ці няма там чаго. Пратыкалі нават вядро з маянэзам.
Чытайце таксама: У іх — музей, у нас — рэчаіснасць. Што агульнага ў латвійскай турмы 1940-х і сучасных беларускіх ізалятараў
Можна перадаваць гадзіннікі, але толькі такія, якія разбіраюцца: каб можна было праверыць, ці няма чаго ўнутры.
«Неверагодным» апранаюць кайданкі
Пад палітычных зняволеных асобна камеры не вылучаюць, усе сядзяць разам. Але цяпер палітычных становіцца больш, чым «стандартнага» крыміналу. Перыядычна зняволеных тасуюць, на зборы даюць пяць хвілін.
Палітычных наглядчыкі з іроніяй называюць «неверагоднымі». На шпацыр злосныя хуліганы і вымагальнікі павінны ісці, проста трымаючы рукі за спіной. Тых, хто праходзіць па артыкуле 364 [Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў - заўв. Hrodna.life], выводзяць у кайданках. Гэта называецца прафілактычны ўлік, асаблівыя ўмовы ўтрымання. У такім дакуменце аб прафуліку пішуць, да чаго схільны чалавек: захопу закладнікаў, штурму будынкаў адміністрацыі, уцёкаў. Прафулік у выпадку з палітычнымі ўводзіцца адвольна. У дворыку для прагулак кайданкі з палітычных здымаюць.
Прагулка — штодня па гадзіне, звычайна раніцай. Дворыкі бываюць 6 на 6 метраў, бываюць і менш, да 2,5 на 6 метраў. Там 12 чалавек не развернуцца пахадзіць, цесна. Па дарозе на шпацыр можна апусціць лісты ў паштовую скрыню на паверсе для адпраўкі.
Харчаванне, мыццё, уборка
Усю ваду грэюць кіпяцільнікам, у кране — толькі халодная. Кіпяцільнік можна перадаць у перадачы, а можна купіць у турэмнай краме. Там ён каштуе каля 12 рублёў. Разетка ў камеры адна і працуе па гадзінах: гадзіну ці дзве пасля сняданку, абеду, вячэры. Разгалінавальнік дазволены, але без провада.
Каб памыцца, памыць, трэба нагрэць вады на 12 чалавек. У турэмнай краме можна купіць і вядро, вядро альбо тазік можна перадаць. Звычайна яно адно на камеру — мала месца. У адной з камер вядра не было, мылі адзенне ў ракавіне, там жа награвалі ваду. Гэта нязручна. Для мыцця патрэбны асаблівы кіпяцільнік з доўгім провадам: разетка высока, а вядро стаіць на падлозе. У душ з гарачай вадой вязьняў водзяць раз на тыдзень. Хтосьці можа не мыцца па два тыдні, калі ў той час, як сукамернікаў павялі ў душ, быў на следчых дзеяннях.
Як функцыянуе турэмная крама. Ахова прыносіць у камеру спіс, з якога, калі на рахунку ёсць грошы, можна нешта замовіць. Кошты завышаныя. Гэта не ідзе ў лік перадач, пакупкі з крамы не лімітуюцца. Грошы можна пералічыць паштовым плацяжом у турму, на імя зняволенага. Пры выхадзе на свабоду ўсё, што засталося на рахунку, можна забраць у бухгалтэрыі.
Выдадзеныя коўдры, матрацы могуць быць з вошамі. Бываюць у камерах і прусакі. У некаторых камерах сыра, і кандэнсат капае ноччу на тых, хто спіць.
Ваду на гарбату, кашы ў камеры грэюць у вядзерцы ад маянэзу. Можна купіць або атрымаць у перадачы локшыну тыпу «Ролтан» з відэльчыкам — тады будзе, чым есці сваю ежу. Сталовыя прыборы, якія даюць з абедам, забіраюць. Некаторыя для ежы выразаюць чарпачкі з бутэлек.
У камеры зняволеныя прыбіраюць самі. На вячэрняй праверцы «вертухаі» прызначаюць дзяжурнага, адказнага за чысціню. Калі штосьці не спадабацца, дзяжурны можа атрымаць парушэнне. Унутры камеры вісіць паперка, што ён павінны гаварыць правяраючым падчас абыходу.
Калі турэмшчыкі лічаць, што зняволеныя моцна абраслі рэчамі, прыходзяць, ладзяць «шмон», і выкідаюць усё ў калідор як смецце: кнігі, «агульную» ежу.
Затычка з хлеба, каб хадзіць у туалет
У гродзенскай турме ёсьць камэры, дзе ў прыбіральні няма фіранкі, няма нічога, ёсць проста чаша. Бывае, што туалет адгароджаны сценкай, уверсе прыварана жардзіна. На яе вешаецца запасная прасціна, атрымліваецца фіранка. У кепскіх камерах сценкі няма, фіранка — з распоротых пакетаў, злепленых налепкамі ад паштэтаў, кансерваў, недзе звязаных пластыкавымі нітачкамі. Можна купіць суцэльную фіранку ў турэмнай краме.
Фаянсавых унітазаў няма — каб зняволеныя не разбілі і з асколкамі не напалі на «вертухаяў». Туалет — бетонны пастамент вышынёй 20−30 см, з чыгуннай чашай, ад якой нельга нічога адламаць ці адкруціць. Туды спускаецца труба з кранам. Каб змыць у прыбіральні, трэба набраць вады. Для гэтага з хлеба і пакетаў робіцца так званы «пацук».
Пацук — самаробная затычка для туалета, каб можна было набраць ваду ва ўнітаз і зліць.
На суткі чалавеку даюць ⅔ хлебнай «цаглінкі». Хлеба застаецца шмат, бо ёсць і іншая ежа, і з яго робяць усялякія прадметы. Мякіш паліваюць вадой, ушчыльнены ком абгортваюць ў некалькі пакетаў, каб даўжэй служыў, і абвязваюць вяроўкай. Вяроўку прывязваюць да трубы над унітазам, з якой ліецца вада. Каналізацыйная труба ва ўнітазе адкрытая, без гідразатвору, стыкуецца ў стаяк. «Пацук» затыкае адтуліну, і ён заўсёды там, каб не ішоў смурод, не былі чутныя крыкі - гэта як націснуць mute. Труба каналізацыі - перагаворная прылада: ты крикнешь, і табе адкажуць.
У турме існуюць спосабы сувязі і нават тэхналогія абмену дробнымі прадметамі паміж камерамі. Зняволеныя могуць перадаваць з камеры ў камеру запісачкі, пакуначкі з цыгарэтамі, гарбатай, кавай і падобным. На жаль, раскрыць дэталі «каналаў сувязі» мы не можам, каб не пацярпелі людзі, якія засталіся ў турме, і рэдакцыя Hrodna.life.
Вяроўкі з пакетаў
Зробленыя ў турме вяроўкі з «пацукамі», матузкі, устаўленыя ў абутак, наглядчыкі не забіраюць. Калі знойдуць проста вяроўкі - забяруць. Раней іх рабілі з трыкатажных швэдраў, якія распляталі на пражу і звівалі. Цяпер — з поліпрапіленавыя пакетаў, у якіх перадаюць перадачы. Вага пакетаў у перадачах не ўлічваецца. З аднаго пакета выходзіць чатыры метры вяроўкі. Яго разразаюць, каб атрымалася доўгае палатно. Потым скручваюць з двух краёў у трубачку, перакручваюць яе вакол сваёй восі, прывязваюць да чагосьці і выцягваюць, падаўжаючы і ўшчыльняючы палімер, закручваюць больш. Вяроўкі патрэбныя пастаянна — для «пацука», сушкі бялізны, шнуркоў.
Гэта працэс сацыяльнага навучэння — ты бачыш тэхналогію і перадаеш яе далей. У турме трэба займацца глупствам, якім у звычайным жыцці чалавек ніколі не будзе займацца.
Чытайце таксама:
- «Добавили грамм лаврового листа — получили штраф в $ 400». Кто поставляет в изолятор Гродно обеды с «совдеповскими» котлетами
- Выбор ОМОНа Гродно: как перестать бегать за медалями и заставить всех тебя ненавидеть
- Обновят камеры и благоустроят двор. В Гродно капитально отремонтируют изолятор на 320 000 рублей