Людзі і справы

Практычнасць і эстэтычнасць. У Гродне адкрылася новая этнакрама «Лёля»

У краме, што працуе з 1 кастрычніка, можна набыць рамесныя вырабы беларускіх майстроў: ад упрыгожванняў да посуду. Гаспадыня «Лёлі» Дар’я Фядотава-Вановіч лічыць, што такія рэчы заменяць масавыя кітайскія тавары і павысяць спажывецкую культуру гарадзенцаў. А ў будучыні тут змогуць праходзіць майстар-класы і тэматычныя мерапрыемствы.

Сярод тавараў прадстаўленыя ўпрыгожванні, торбачкі, заплечнікі, посуд, вязанне, цацкі, кошыкі, шкатулкі і шмат іншага. Тавары пакуль больш разлічаныя на жанчын і дзяцей. Як кажуць гаспадары, рэчы спалучаюць практычнасць і эстэтычнасць:

— Калі набываеш танныя рэчы, невядома, хто і як іх робіць. А купляючы рамесныя вырабы, ты ведаеш чалавека, які іх робіць, і можаш нават пабачыць працэс стварэння. Таму можа казаць пра павышэнне культуры спажывецтва і рэчавай культуры. Шмат рэчаў - не вельмі добра, хоць яны і танныя. Зараз наадварот, усе стараюцца хату «пачысціць». А рэч ад майстра застаецца і не надакучвае з часам.

Гаспадары крамы — Дар’я Фядотава-Вановіч і Віталь Вановіч. Віталь — праграміст, Дар’я — перакладчыца і мама двух дзетак. Яны паведамілі пра адкрыццё крамы толькі за два дні, бо баяліся вялікага натоўпу людзей. Але ў суботу ў памяшканні ўсё роўна было цесна: масава прыйшлі сябры, сваякі і аматары рамёстваў.

Наведвальнікаў сустракаў ансамбль «Таўкачыкі» музычнай школы № 3 імя Антонія Тызенгаўза. Гасцей частавалі яблыкамі, малінай, печывам і зефірам. З першых хвілін працы з’явіліся пакупнікі: яны купілі кошык і падсвечнік у выглядзе коціка. Пасля гасцям прапанавалі згуляць у латэрэю. Аўтарка «Твайго стылю» аказалася адной з трох шчасліўчыкаў і забрала дадому кубак з аптымістычным надпісам.

Дар’я прызнаецца, што ішла да адкрыцця этнакрамы пяць гадоў. Пачалося ўсё з таго, што яна сама палюбіла вырабы рамеснікаў. Муж Віталь падтрымаў ідэю адкрыць краму. Назва прыйшла адразу.

— Лёля — багіня вясны, прыгажосці. Яна стараецца, каб нешта прыгожае прыносіла чалавеку натхненне, — кажа Дар’я. Яна хоча, каб такое задавальненне чалавеку прыносілі вырабы майстроў.

Крама «Лёля» падтрымлівае найперш мясцовых рамеснікаў, але будзе знаёміць з майстрамі з усёй Беларусі. Гаспадары не лічаць іншыя этнакрамы канкурэнтамі. Наадварот, Дар’я шкадуе, што такіх крам у Гродне мала.

— Я ведаю, што людзі любяць карыстацца тым, што зрабілі майстры. А дзе шукаць? У інтэрнэце выбраць нешта цяжка. Этнакрамы таксама стымулююць майстроў. Звычайна яны гандлююць на выяздзе, а старэйшым людзям гэта цяжкавата.

У будучыні ў этнакраме «Лёля» будуць ладзіць майстар-класы, у тым ліку для дзяцей, і тэматычныя сустрэчы.

[cincopa AMPAVvNuTOFg]

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025