Колькі беларусаў паехала на заробкі ў Польшчу, кім яны працуюць і колькі зарабляюць? Каму можна разлічваць на легальную працу ў Канаде і ЗША? Hrodna.life пацікавіўся статыстыкай ды жыццём працоўных мігрантаў.
Апошнія 3−4 гады колькасць працоўных мігрантаў з Беларусі стабільна расце. Паводле падлікаў розных экспертаў за мяжой працуе ад аднаго да паўтара мільёна беларусаў. Большасць выязджае самастойна, таму яны не патрапляюць у афіцыйную статыстыку.
Паводле дадзеных Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, у мінулым годзе толькі 10,7 тыс. беларусаў з’ехалі працаваць за мяжу, у 2016 годзе — 7,4 тыс. чалавек.
Аб тым, што гэтыя лічбы нават прыблізна не адлюстроўваюць сапраўдны стан рэчаў сведчаць дадзенны з Польшчы. У 2015 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі каля 5 тысяч працоўных віз, за 2016 такіх было менш за 15 тысяч, а ў 2017 іх было ўжо 35 тысяч. І гэта толькі беларусы, якія працуюць на працоўныных візах, без уліку уладальнікаў Карты паляка і іншых. Агулам летась у Польшчы дазвол на працу атрымалі 58 тысяч грамадзян Беларусі.
Дырэктар адной з гродзенскіх фірм, якая афіцыйна займаецца працаўладкаваннем за мяжой, расказаў, на якіх работах часцей за ўсё працуюць беларусы і колькі яны там зарабляюць.
Дарэчы, такіх фірм толькі ў Гродне ўжо 16!
Будаўнікі - каля 1000 $ у месяц
Працоўныя на фабрыках, заводах — 600−700 $ у месяць
Вадзіцель-дальнабойшчык — часцей за ўсё 50 еўра ў суткі
Працоўныя на фабрыках, заводах — 600−700 $ у месяць
Сфера абслугоўвання, афіцыанткі, кухаркі - 700 $
Швачкі - 4 $ у гадзіну (каля 800 $ у месяц)
Пётр — 52-гадовы будаўнік. У Гродне ў залежнасці ад сезону ён меў ад 600 да 1000 рублёў у месяц. Выпадкова ўбачыўшы на аўто з польскімі нумарамі рэкламу «работа в Польше», вырашыў патэлефанаваць, потым параіўся з жонкай, узважыў усе «за» і «супраць» — і вырашыў паспрабаваць.
Цяпер ён працуе на будоўлі недалёка ад Познані, мае 35 долараў за 10-гадзінны працоўны дзень. Па суботах можна працаваць па жаданні - з 7.00 да 14.00 за 28 долараў. А можна адпачыць.«Выходзіць 700−800 долараў у месяц. Жыллём забяспечваюць, толькі трэба плаціць камуналку каля 28 долараў, — расказвае Пётр. — На ежу выходзіць каля 150 долараў у месяц. Дамоў прывожу 300−350 у месяц.
Шукаюць працу мужчыны і жанчыны аднолькава — сярод кліентаў фірм іх 50\50. Шмат жанчын пенсійнага ўзросту прыходзіць з матывацыяй дапамагчы дзецям і ўнукам. «Дапамагчы ім з працаўладкаваннем вельмі складана, часцей за ўсё гэтая катэгорыя кліентаў сыходзіць ні з чым. Таму ў канчатковым выніку доля мужчын вырастае і складае каля 70%», — тлумачыць «рабочую матэматыку» дырэктар гродзенскай фірмы.
Звяртаюцца як людзі рабочых прафесій, так і з вышэйшай адукацыяй. Нават настаўнікі, якія замест летняга адпачынку жадаюць падзарабіць. «Прыкладна 10% нашых кліентаў - былыя прадпрымальнікі і бізнесоўцы», — расказвае дырэктар.
«Шмат моладзі, якая толькі што атрымала або яшчэ вучыцца на катэгорыю Е, наслухаўшыся аб добрых заробках і рамантыцы, хоча «пайсці на фуру», — кажа дырэктар. Але мець толькі правы пэўнай катэгорыі не дастаткова. Трэба яшчэ дадаткова адвучыцца ў Польшчы. На гэта спатрэбіцца час і дадатковыя выдаткі. Частка такіх кліентаў адмаўляецца ад сваёй ідэі ўжо на гэтым этапе. Іншая пасля 2−3 месяцаў працы, а некаторыя ўжо пасля першага рэйсу. «Дальнабойшчык гэта не проста прафесія — гэта лад жыцця», — дадае Аляксей.Гродзенец Васіль 10 гадоў займаўся кузаўным рамонтам аўто, а цяпер працуе дальнабойшчыкам у фірме ў Беластоку. У залатыя часы ў Гродне ён зарабляў каля 1000 долараў у месяц. Вядома, працаваць для гэтага прыходзілася шмат.
«Сёння ў гэтай галіне зарабіць 1000 немагчыма. Добра калі 500−600 у месяц выходзіць. Калі ў зімовыя месяцы працы стала менш і заробкі скараціліся да 300−400 долараў - вырашыў згадаць маладосць», — расказвае 50-гадовы Васіль, які ў пачатку нулявых працаваў кіроўцам грузавіка.
Зараз ён у рэйсе 20 дзён, перапынак паміж рэйсамі - 3−8 дзён. У такім рэжыме ён мае каля 1000 еўра ў месяц — па 50 за суткі.
Рэйсы толькі па ЕС, таму стаяць у чэргах на мяжы не трэба. Звычайны маршрут — Іспанія-Польшча, радзей Іспанія-Літва. Траса робіцца за 9−11 дзён
«Ездзім па два чалавекі. Раней ездзіў з палякам, а зараз падцягну знаёмага з Гродна», — расказвае Васіль. Фірма, куды ён патрапіў, невялікая — толькі пяць машын і дзевяць кіроўцаў, з якіх ажно пяць беларусаў і толькі чатыры палякі. Васіль адзначае, што плацяць усім аднолькава, незалежна ад таго, які ў цябе пашпарт.
Аб тым, што адбываецца ў заакіянскім накірунку, распавёў дырэктар адной з фірм, якая займеецца візавай падтрымкай для ЗША і Канады.
«Попыт на Амерыку быў заўжды — 5, 10 і 20 год назад. Нейкага асаблівага росту ў апошнія часы не назіраецца. Так, трошкі расце, але назваць гэта нейкім шалёным ростам нельга».
Наш суразмоўца адзначае, што расце цікавасць сярод студэнтаў і праграмістаў. Шмат студэнтаў жадае з’ехаць, каб атрымаць там адукацыю і потым застацца ды з іх адукацыяй уладкавацца на «белую работу».
Атрымаць працоўную візу ў гэтыя краіны вельмі складана. Часцей за ўсё гэта атрымліваецца ў спецыялістаў з ІТ сферы, навукоўцаў і спартсменаў. Астатнія робяць турыстычныя візы.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…