Горад

Веларух, пажылыя гараджане і драўляная спадчына. Пра што забылі ў генплане для Гродна

20 снежня 2018 гродзенцам прэзентавалі доўгачаканы генплан развіцця горада на бліжэйшыя 10 гадоў. Грамадскае абмеркаванне завяршылася 11 студзеня. Hrodna.life сабраў прапановы гараджан і грамадскіх арганізацый Гродна па пытаннях, не ўлічаных у генплане.

Незаўважныя раварысты і тэрміналогія

Па-за ўвагай генплана засталася Канцэпцыя развіцця роварнага руху ў Беларусі, прынятая 11 студзеня 2018 года. Раварыстаў з «ВелаГродна» гэта не задавальняе.

Фота ілюстрацыйнае
У раздзеле «Развіццё транспартнай інфраструктуры» чамусьці не вылучылі падраздзел «Веласіпедны транспарт», які мусіць уключаць таксама і схему ўнутрыгарадскіх маршрутаў. Роварны рух сёння немагчыма ігнараваць, тым больш, што гэты від транспарту дапамагае захаваць гарадское паветра чысцейшым, што надзвычай актуальна якраз для Гродна.

Раварысты прапануюць унесці нарэшце яснасць у паняцці «веласцежка», «веламаршрут» і «велапешаходныя сувязі» і падобныя, якімі цяпер карыстаюцца вельмі адвольна, але якія маюць розны функцыянал.

Велатурызм і небяспечныя сцежкі

Сам велатурызм у Гродне і ваколіцах згадваецца толькі ў кантэксце агратурыстычных комплексаў, а не як паўнавартасны від турызму. Пры тым Гродна вызначылі як шматфункцыйны цэнтр турызму міжнароднага значэння. «ВелаГродна» прапануе дадаць інфармацыю пра магчымасць перасякаць памежныя пераходы раёна на ровары і пра наяўныя роварныя маршруты.

[irp posts="30 592″ name=" Каб улічылі ў генплане". Раварысты Гродна склалі мапу перспектыўных веламаршрутаў"]

Важная праблема, на якую ў генплане не звярнулі ўвагі - дубляванне роварных сцежак пешаходнымі побач. Пры адсутнасці такіх пешаход мае права рухацца па роварнай сцежцы, што і адбываецца пастаянна, напрыклад, у Пышках. Такая сітуацыя вельмі небяспечная і для раварыстаў, і для пешаходаў.

«ВелаГродна» нагадвае, што пры будаванні новых вуліц, раёнаў, рэканструкцыі старых магістраляў трэба не толькі дадаваць роварныя сцежкі, але і не забывацца на інфраструктуру для іх: роварныя паркоўкі і гаражы. Таксама гэта датычыць і ландшафтна-рэкрэацыйных аб’ектаў: патрэбны велапаркоўкі ў пешаходнай даступнасці і інфармацыйныя стэнды з маршрутамі руху.

Фота ілюстрацыйнае

Рознаму спорту — розныя пляцоўкі

«ВелаГродна» заклікае дадаць у якасці прапаноў па выкарыстанні спартыўных комплексаў (па вул. Ражанскі і вул. Фолюш) уладкаванне bmx і скейт пляцовак (bmx-парк, скейт-парк, памп-трэк і інш.). Велаактывістка Юлія Каляда, старшыня «ВелаГродна», прапануе пазначыць як магчымыя варыянты ўладкаванне пляцовак для відаў спорту, якія не маюць зараз магчымасці для трэніровак: аўтамабільнага дрыфту, мотаджымханы, матацыклетнага эндура і трыялу.

Крытычная колькасць аўтамабіляў і што з ёй рабіць

Юлія Каляда звяртае ўвагу на тое, што ў частцы «Асноўныя палажэнні» вельмі не хапае Слоўніка тэрмінаў. Акрамя таго, Юлія лічыць, што сама частка, даступная ў будучыні для азнаямлення гараджанам, невыразна паказвае асноўныя змены для Гродна. Людзям будзе цяжка сачыць за выкананнем плана.

Генплан ніяк не тлумачыць, якім чынам будуць стрымліваць рост аўтамабіляў у горадзе, рост трафіку ў цэнтры, і якая колькасць машын стане для Гродна крытычнай на 2025 і 2030 гг. Не ясна, за кошт чаго плануюць будаваць стаянкі для 85 тыс. новых машын — ці не за кошт зялёных тэрыторый і двароў, як гэта ўжо рабілі ў Гродне раней.

Юлія прапануе пазначыць генпланам неабходнасць распрацаваць да 2020 года праграму рэгулявання колькасці асабістага транспарту. А для вызвалення цэнтра ад машын прапануе акрэсліць у плане зніжэнне хуткасці ў гістарычным цэнтры, уладкаванне «перахопных» парковак (мінімум па адной на год), развіццё зон платнай паркоўкі.

Пераходы, маніпуляцыі з паркамі і новыя пірсы

Запланаванае будаўніцтва падземных пераходаў на кальцавых перасячэннях у горадзе не варта рабіць адзіным спосабам перасячэння праезджай часткі. Гэта істотная перашкода і для сталых людзей, і для раварыстаў, і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Пытанні ў Каляды выклікаюць не патлумачаныя, але ўнесеныя ў план фразы аб пераўтварэнні і развіцці лесапарка «Румлёва», Каложскага парку і «фармаванні сістэмы размяшчэння культавых аб’ектаў».

Таксама Юлія цікавіцца, ці змогуць тры пірсы ў цэнтры горада, аб будаўніцтве якіх вядзецца ў генплане, стаць і турыстычнымі аб’ектамі.

Незаўважныя сталыя людзі

«Цэнтр «Трэці сектар» звяртае ўвагу на тое, што ў генплане адзначана: да 2030 г. 30% насельніцтва Гродна складуць сталыя людзі. Аднак інтарэсы людзей гэтага пакалення слаба адлюстраваныя ў прапанаванай версіі дакумента. Таму сярод мэтаў развіцця горада актывісты арганізацыі прапанавалі дадаць «паляпшэнне якасці жыцця жыхароў горада ўсіх пакаленняў».

У гродзенскім Універсітэце Залатога Веку, фота uzv.by
Для гэтага, сярод іншага, трэба арганізаваць развіццё новых форм дадатковай адукацыі для людзей рознага ўзросту, стварыць цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў па навучанні дарослых і сталых людзей. Важна ствараць і падтрымліваць універсітэты трэцяга ўзросту і клубы сталых людзей на базе грамадскіх арганізацый і вышэйшых навучальных установаў.

Неабходна стварыць сеткі геранталагічных кабінетаў на базе паліклінік горада і ўстановы для сталага і часовага знаходжання людзей, якія пакутуюць ад дземенцыі. Арганізацыя прапануе заснаваць цэнтры мужчынскага здароўя, якія паспрыялі б зніжэнню разрыву ў працягласці жыцця паміж жанчынамі і мужчынамі. Зараз ён складае каля 10 гадоў.

Новая аўтадарога і старыя кварталы

Гісторык і краязнаўца Андрэй Вашкевіч, аўтар кніг па гісторыі і архітэктуры Гродна, скіраваў свае заўвагі, якія датычаць захавання і турыстычнага выкарыстання гістарычнага цэнтра горада. Так, яго хвалюе, што ў генплане нідзе дакладна не прапісана адмова ад будавання транспартнай артэрыі - дублёра Вялікай Траецкай па верхняй тэрасе Гараднічанкі, хаця ў СМІ гэтая інфармацыя з’яўлялася неаднойчы. Будаўніцтва такой трасы гісторык бачыць вельмі шкодным для гістарычнага цэнтра.

Вашкевіч лічыць, што праекціроўшчыкам варта прапісаць у генплане перспектыву адбудовы страчаных у пасляваенныя гады цікавых кварталаў Гродна, якія з часам могуць быць «далучаныя» да гістарычнага цэнтра. Гэта раён вуліцы Вялікая Траецкая за сінагогай, а таксама раён навокал былога гродзенскага піўзавода (сучасная вул. Завадская).

holiday.by
У праекце генплана таксама няма канкрэтыкі па ўключэнні гістарычных кварталаў горада Новы Свет і Настаўніцкая Калонія, ці прынамсі некаторых будынкаў, у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Краязнаўца кажа пра каштоўныя драўляныя будынкі Гродна, узведзеныя ў канцы 19 — пачатку 20 стст.

[irp posts="99 559″ name="Распрацоўшчыкі генплана прапануюць перагледзець межы гістарычнага цэнтра Гродна: у яго могуць уключыць Новы Свет?"]

Захаваць краявіды

Андрэй Вашкевіч прапануе прадугледзець у генплане забарону на ўзвядзенне будынкаў, вышэйшых за 7−9 паверхаў, на левым беразе Нёмана непасрэдна насупраць гістарычнага цэнтра горада. Ён лічыць, што гэта важна для захавання крявіду з боку старога горада. Тым часам, былі прапановы збудаваць 19-павярховы будынак на месцы былой малочнай вытворчасці па вул. Гарнавых.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024