Горад

Поўная Забалаць! Грошай на дарогі ў Гродне няма і не будзе. Жыхары кажуць, што гэта парушэнне ўказа прэзідэнта

Скрыжаванне вуліц Сабалянскай і Рудзянскай — самы цэнтр новага гродзенскага раёна Забалаць. Пакуль няма дажджу, сюды яшчэ можна даехаць. Найлепш — на джыпе. Тут 5 студзеня сустрэліся гараджане і чыноўнікі. Жыхары лічаць, што ўлады ігнаруюць прэзідэнцкі Указ № 72 па забеспячэнні мінімальных умоваў добраўпарадкавання новых раёнаў.

Размова з большага нагадвала дзіцячую гульню ў глухі тэлефон. Гараджане эмацыйна запытвалі пра дарогі і «як тут жыць, калі нельга жыць», чыноўнікі - гучна тлумачылі, што грошай у бюджэце няма і не будзе. У выніку дзвюхгадзіннай дыскусіі з прадстаўнікоў улады вырвалі абяцанне — упарадкаваць адну вуліцу. Знайсці грошы на гравійку паабяцалі да канца вясны.

Жыхары Забалаці збіраюцца на сустрэчу з чыноўнікамі

Забалачанскія лайфхакі

Расповеды пра тое, як гразь засмактала боты, а паход да бліжэйшай крамы ператварыўся ў трофі-тур у Забалаці цалкам натуральныя. Гэта такая прыкмета мясцовага патрыятызму і добрага тону.

— Маё дзіця днямі босае з вуліцы вярнулася. Гумавікі так у гразь засмактала, што не выцягнуць.

— А мой сусед прызвычаіўся бампер не прыкручваць, а проста падвешваць, каб машыну не псаваць.

— Каля нас такая лужына, што мабыць і са спадарожніка відаць.

— жартуюць і дзеляцца лайфхакамі тутэйшыя ў чаканні высокіх гасцей.

Гарадскіх дзяцей з Забалаці дакладна ні ў кога язык не павернецца назваць «дзецьмі асфальту». Тут ім мора забавак — гразь, лужыны, гурбы пяску — чым не дзіцячая пляцоўка?
Праблема новага раёна, са словаў жыхароў, у адсутнасці транспартнай інфраструктуры. Ад «цывізізацыі» — забудаванай шматпавярховікамі Дзевятоўкі - да колішняй вёскі вядзе адзіная асфальтавая дарога. Далей на раёне дарог увогуле няма — хіба толькі напрамкі.

«Прывезці будаўнічыя матэрыялы вельмі складана. Тэхніка гразне, праехаць немагчыма, — кажа адін з жыхароў раёна Андрэй Фралоў. — Пачалі засяляцца маладыя сем'і з дзецьмі. Выйсці пагуляць з дзіцячым вазком, адвезці дзяцей і садок ці школу вельмі складана».

«Як тут жыць, калі нельга жыць»

Як мяркуюць тутэйшыя жыхары, сітуацыя ў Забалаці сведчыць аб парушэнні прэзідэнцкага Указа № 72. Паводле гэтага дакумента, у раёнах новабудаў маюць быць папярэдне забяспечаны мінімальныя транспартныя і інжынерныя камунікацыі. З камунікацыямі ўсё склалася добра — святло, газ і электрычнасць у Забалаць прыйшлі ў 2012 годзе. Як тут кажуць, «яшчэ пры Худыку» — папярэдніку Мечыслава Гоя на пасадзе старшыні гарвыканкама. А вось дарог па-ранейшаму няма. Як і дзіцячага садка. Каб патрапіць у бліжэйшыя дзевятоўскія яслі, трэба прайсці пару кіламетраў пешшу і адстаяць пару гадоў у чарзе па месца.

Дзеятоўка для Забалаці - амаль недасягальная «цывілізацыя». Тут знаходзяцца бліжэйшыя да новых гараджан крамы, школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, пошта ды іншыя даброты гарадскога жыцця.
Лісты ў гарвыканкам і сутрэчы з чыноўнікамі сталі для забалачан звыклай справай. Адказ звычайна адзін — няма грошай. Пытанняў у мясцовых значна больш. Маўляў, і ўчасткі многія набывалі за грошы, і падаткі плацім і ў дарожны збор робім унёскі.

«Спадзяемся, што зараз удасца „прабіць“ гравійку і дзіцячы садок. Інакш, як тут жыць, калі нельга жыць?»

«Пасёлак ведаем, праблемы знаем, але грошай няма»

У складзе дэлегацыі ад уладаў прыехалі прадстаўнікі ЖКГ, Гарсвятла, Рэмбудаўтадару, ДАІ. Узначальваў каманду намеснік старшыні гарвыканкама Казімір Гецэвіч.

«Пасёлак ведаю, знаю, што самая вялікая праблема тут — праезды і пад’езды да дамоў», — пачынае размову Казімір Гецэвіч.

З яго словаў, сёлета з гарадскога бюджэта выдзяляюцца грошы на адну вуліцу ў Пагаранах-Кашэўніках і на адну ў Баранавічах, бо гэтыя раёны даўжэй чакаюць. Забалаць сёлета дабраўпарадкаваць не плануецца.

Далей госці пачынаюць расказваць пра тое, што не варта пракладваць дарогі, пакуль усе не падвялі да дамоў газ і ваду, бо «усё роўна ўсё паперакопваюць і папсуюць» і што «ўсім цяжка, але грошай на ўсё адразу няма».

 — Паслухайце… — Нет эта вы паслухайце!..

Не праедзе ані хуткая, ані пошта, ані смеццявоз

— Майму дзіцяці амаль штотыдзень трэба выклікаць хуткую. А як яна тут праедзе?

— Дзеці, каб у школу дайсці, пакеты на боты надзяваюць. Два — у школу, два — абратна. Чатыры пакеты на дзень!

— Каналізацыі цэнтралізаванай няма, трэба выклікаць машыну, каб выпампоўвала сцёкі. Але ЖКГ і дамову заключаць з намі не хочуць, бо няма пад’ездаў, «газоны» камунальнікаў тут не пройдуць. І з вывазам смецця тое самае.

— У Забалаці ёсць ліхтары, а як да Забалаці дайсці? Вузкая дарога без асвятлення, няма ні тратуара, ні ўзбочча. Як дзецям са школы з другой змены ісці? Колькі ўжо аварый і выпадкаў было!

Урэшце, пад канец дзвюхгадзіннай перапалкі кшталту «Нет, эта вы паслушайце, я вас слухаў!» ды «Нету денег, і не будзе!» мясцовыя вырвалі з чыноўнікаў абяцанку «знайсці грошы» на адзін з цэнтральных праездаў раёна ўжо сёлета.

У пошуках рашэнняў і грошай — гараджане і чыноўнікі над планам забудовы раёна

— Як няма грошай на добраўпарадкаванне, то навошта размяркоўвалі тут участкі? — абураюцца «ў кулуарах» забалачане. — Ва Указе ж напісана — папярэдне забяспечыць. Будзем пісаць у дзяржкантроль!"

— Пішыце, — уздыхаюць чыноўнікі. Усе і так гэту праблему ведаюць.


На галерцы пад канец ужо страцілі ўвагу да таго, што адбываецца, і абмяркоўваюць з суседзямі надзённыя пытанні:

— Паштарка званіла сёння, пыталася, ці зможа праехаць да нас з газетамі. То кажу — не, зараз не даедзеце, гразка. Самі ў канцы месяца прыедзем забраць.

— А навошта тады выпісваеце тыя газеты?

— Ну як, навошта? На рабоце «рэкамендуюць»…

— Нічога, па Калядах маразы паабяцалі, замерзне наша гразь, будзем як людзі, нармальна ездзіць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024