Людзі і справы

Польскі відэаблогер у бязвізавым Гродне: хакей, беларуская мова і штраф 400 еўра

Год таму відэа польскага блогера Міхала Сікорскага, знятае ў час падарожжа па Беларусі, набрала амаль паўмільёна праглядаў на YouTube. Сёлета Міхал разам з сябрам Паўлам вырашыў ізноў наведаць Беларусь — ужо без візы. Пяць дзён хлопцы адпачывалі ў Гродне. Без нечаканых прыгод не абыйшлося.

Аформіць пакет дакументаў для ўезду без візы дапамог мінчук Улад, які і вазіў сваіх старых сяброў па Гродне і ваколіцах.

«Калі Беларусь хоча прыцягваць турыстаў, яна павінна ўсё для іх рабіць»

Першыя тры дні хлопцы спыняліся ў апартаментах на Дзяржынскага, пасля вырашылі зняць катэдж. За гэты час яны наведалі Свяцк, Аўгустоўскі канал, упершыню ў жыцці схадзілі на хакей і ацанілі начны клуб «База» ды мясцовых дзяўчат. Але самае цікавае чакала іх у цэнтры Гродна: там Міхалу выпісалі штраф 400 еўра.

«Аказваецца, яшчэ ў мінулым годзе я наездзіў у Беларусі па платных дарогах на такую велізарную суму. Давялося заплаціць, інакш машыну забралі б на штрафстаянку. Я не плаціў за дарогі, бо нічога не ведаў, не было ніякай інфармацыі аб тым, што тады я ехаў па платнай дарозе. Гэта вялікі мінус Беларусі: няма ўказальнікаў. Калі краіна хоча прыцягваць турыстаў, яна павінна ўсё рабіць для іх. Тым больш павінны быць знакі на такіх дарогах, аж ад самай мяжы», — распавядае Міхал.


«Беларусь настолькі блізкая Польшчы, але палякі пра яе нічога не ведаюць»

Нават нечаканы буйны штраф не сапсаваў адпачынак польскім турыстам. Усё, што было запланавана ў Гродне і ваколіц, яны выканалі.

«У Беларусі я ўжо ў трэці раз, у Гродне другі і першы раз без візы. Раней я быў праездам і не меў магчымасці паглядзець гэты горад, а цяпер усё змянілася.

[irp posts="2412″ name="У Брузгах не пусцілі ў Беларусь дзвюх полек: яны пачулі пра бязвізавы рэжым і проста селі ў аўтобус"]

Гродна — месца, дзе хочацца затрымацца даўжэй. Акрамя прыгожай архітэктуры тут ёсць шмат добрых месцаў, дзе можна пад’есці і адпачыць. Дарэчы, пасля майго леташняга відэа многія мне пісалі, што хацелі б наведаць гэтую краіну, пыталіся як зрабіць візу і як лепш дабірацца. Хтосьці нават і паехаў. Але хацелася б, каб межаў паміж нашымі краінамі наогул не было. Беларусь настолькі блізкая Польшчы, але з іншага боку палякі пра яе нічога не ведаюць».

Камуністычная сімволіка і савецкая забудова

Польшчу ў Гродне хлопцу нагадвала многае: дзесьцi падобная архітэктура, недзе беларуская мова падобная да польскай.

«З беларускай мовай мы сутыкнуліся ў кавярні на Замкавай, было вельмі прыемна. І самае цікавае, што я ўсё разумеў. А так на вуліцы больш не чуў беларускай мовы. Кідаецца ў вочы камуністычная сімволіка ў цэнтры горада — плошча Леніна, вуліцы названыя ў гонар выбітных савецкіх дзеячаў. Таксама ў вочы кідаецца і савецкая забудова».

«Не трэба капіраваць захад, трэба прыцягваць сапраўднай Беларуссю»

Міхал адзначае, што для палякаў ездзіць у Беларусь — не дарагое задавальненне. Апартаменты, якія хлопцы здымалі, таксама не дарагія, хоць і была спачатку думка засяліцца ў гатэль.

«Гродна — вельмі прыгожы горад. Пяць дзён каб пазнаёміцца і трохі пазнаць яго — думаю, дастаткова. Але хацелася б паехаць і далей па Беларусі. Напрыклад, у Навагрудак, дзе жыў Адам Міцкевіч, у Нясвіж, у Мінск, ды і іншыя гарады паглядзець. Было б добра каля Аўгустоўскага канала зрабіць спецыяльны „беларускі дом“, куды б маглі прыязджаць замежныя турысты. Мне здаецца, каб прыцягнуць турыстаў не трэба капіраваць захад, трэба прыцягваць сапраўднай Беларуссю. Вашай краіне трэба сябе больш рэкламаваць за мяжой».

[irp posts="2784″ name="Нямецкі журналіст у фэйсбуку папулярызуе бязвізавы Гродна"]

Гродзенцы ходзяць у «Базу» — значыць у іх ёсць грошы

Апроч наведвання гродзенскіх славутасцяў, Міхал з сябрамі паспеў адпачыць у «Базе», памаліцца ў касцёле, а таксама схадзіць першы раз у жыцці на хакей.

«У нас у краіне хакей не вельмі папулярны, а ў Гродне мы прыехалі і ўбачылі, што тут любяць гэты спорт. Прыемна, што тут гуляе наш суайчыннік Гжэгаж Пасют.

Таксама нам спадабаўся начны клуб „База“. У Польшчы такіх месцаў вельмі мала. А тут прыемная атмасфера, шмат розных паслуг, дзяўчат шмат на танцпляцы. Што тычыцца бара, то цэны такія ж, як і ў польскім добрым клубе. Нягледзячы на высокі цэннік, у клубе было шмат людзей. Значыць у гродзенцаў ёсць грошы.

Таксама нам вельмі спадабалася ў касцёле. Кінулася ў вочы, што было вельмі шмат людзей. Нават не было месца дзе стаць. Мне здалося, што людзі ў Гродне больш сур’ёзней ставяцца да нядзельнай службы, чым у Польшчы. Таксама мы паспелі наведаць невялікі арганны канцэрт у кірсе».


У цэлым знаёмства Міхала і яго сябра Паўла з Гродзенскім рэгіёнам прайшло добра, нават вялікі штраф не вымусіў хлопцаў адмовіцца ад сваіх планаў. Па прыездзе ў Ольштын Міхал зоймецца сабраным матэрыялам у Беларусi, і неўзабаве выпусціць відэасправаздачу пра сваю паездку.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024