Беларускія школьнікі, якія збіраюцца паступаць у польскія ВНУ, імкнуцца не расказваць пра гэта ў школах. Бацькі прызнаюцца: так спакайней — менш лішніх пытанняў. Але настаўнікі ўсё больш актыўна цікавяцца планамі выпускнікоў. І імкнуцца пераканаць выбраць беларускія ўніверсітэты.

Hrodna.life пагутарыў з двума сем’ямі: адна рыхтуецца да паступлення, іншая — ужо адправіла дзіця вучыцца ў Польшчу. Мы даведаліся, чаму бацькі аддаюць перавагу не гаварыць аб планах у школах і дзе сёння ў Гродне можна падрыхтавацца да іспыту па польскай мове на ўзровень B1.

«Гаворым, што ідзем у БДУІР — каб адчапіліся»

Наталля (імя зменена) — мама адзінаццацікласніка з гродзенскай гімназіі. Сям’я даўно плануе пераезд у Польшчу, але хоча зрабіць гэта спакойна: аформіць дакументы, вывучыць мову і знайсці жыллё. Сын Наталлі збіраецца паступаць у польскі ўнівэрсытэт. Але ў школе пра гэта ніхто не ведае.

— Класны кіраўнік пытаецца ў дзяцей, куды яны збіраюцца паступаць. Сын вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, і большасць хлопцаў адказваюць: «У БДУІР, на электроніку». Проста каб адчапіліся — казаць аб паступленні за мяжу там ніхто не вырашаецца, — распавядае Наталля.

Распавядаюць пра «варожую Польшчу» і шукаюць тых, хто вывучае польскую

Раней у гімназіі падобныя апытанні праводзілі ў рамках прафарыентацыі — каб зразумець, дзе дзіця працягне навучанне пасля дзявятага класа. Але цяпер у школе імкнуцца даведацца і іншае: хто збіраецца з’ехаць вучыцца ў Польшчу.

— Могуць так паміж справай спытаць: «А польскую мову вы, выпадкова, не вывучаеце?»

Разам з такімі размовамі ў школах узмацнілася і ідэалагічная праца.

— Нядаўна да 10−11 класаў прыходзілі прадстаўнікі МУС. Правялі інфармацыйны ўрок пра 2020 год і «варожыя дзяржавы». Казалі, як Еўропа і Польшча нібыта хацелі нас захапіць.

Жанчына ўпэўненая: падобныя ўрокі праводзяць спецыяльна, каб у старшакласнікаў не было жадання з’язджаць за мяжу.

Чытайце таксама: Маніпуляцыя замест фактаў: як у Гродне перапісваюць польскія навіны

«Аб паступленні расказалі толькі на вакзале»

Вера (імя зменена) — мама выпускніцы, якая ў гэтым годзе паступіла ў польскі ўніверсітэт. Увесь год яе дачка займалася польскай мовай з рэпетытарам. У школе пра гэта не ведалі.

— Нас пачалі пытацца яшчэ на першым бацькоўскім сходзе ў верасні, куды будуць паступаць дзеці. Мы нікому не расказвалі і стараліся пазбягаць гэтых размоў. Але завуч быў вельмі настойлівы — усё хацеў даведацца пра планы. Нават казаў, што, калі трэба, можна выбіць мэтавае накіраванне дзесьці або характарыстыку ад школы напісаць. Яму было важна, каб як мага больш дзяцей паступілі ў беларускія ВНУ.

Калі ў Беларусі пачалася ўступная кампанія, класны кіраўнік зноў спытала, куды будзе паступаць дачка Веры.

— Мы адказвалі, што яшчэ думаем. Калі кампанія скончылася, у тым ліку і на пазабюджэтныя месцы, сказалі, што не паступілі і будзем спрабаваць у наступным годзе.

Па словах Веры, да апошняга яны не казалі аб паступленні ў Польшчу — баяліся, што ў дачкі могуць быць праблемы на мяжы або ў класнага кіраўніка ў школе.

— Баяліся асуджэння і абвінавачванняў. Дачка расказала аднакласнікам толькі, калі ўжо была на вакзале. Потым напісала і класнай. Тая, дарэчы, парадавалася за яе.

Дзе ў Гродне можна вывучыць польскую

У гэтым годзе польскія ўніверсітэты змянілі правілы прыёму. Цяпер замежныя абітурыенты абавязаны мець сертыфікат ведання польскай мовы на ўзроўні B1. Таму гродзенскія школьнікі пачынаюць рыхтавацца загадзя.

Аднак знайсці курсы становіцца ўсё складаней. Наталля кажа, што яшчэ летам абзвоньвалі ўсе школы, якія знайшлі ў інтэрнэце. Фармальна прапаноў шмат, але па факце большасць школ не працуюць.

— Streamline, L+Point, Polska Macierz і «Профит» — гэтых школ больш няма. Нумары тэлефонаў некаторых цэнтраў заблакаваныя або недаступныя — напрыклад, у «Мова Цэнтр», «Полонийный», Polski Papa, — расказвае гродзенка.

Якія афлайн-школы польскай мовы засталіся ў Гродне?

Усё яшчэ працуе школа Zgoda (гэта праект «Студыі замежных моў ЕС»). Восем заняткаў там каштуюць каля 160 рублёў, але групы фармуюцца не адразу — часцей прапануюць індывідуальныя заняткі.

У цэнтры моў «Хогвартс» жанчыне адказалі, што польскую можна вывучаць афлайн і анлайн, аднак дарослых груп там няма. Патлумачылі гэта тым, што няма попыту, а індывідуальны занятак каштуе 45 рублёў.

Цэнтр роднай мовы «Матежь» прапануе курсы польскай, беларускай, рускай і англійскай для дарослых і дзяцей. Абяцаюць не толькі навучанне мове, але і паглыбленне ў традыцыі і культуру праз тэматычныя святы і экскурсіі.

Афлайн-групы па ўзроўнях ад A1 да B1 набірае Mova Centr. Адзін урок у групе 5−8 чалавек каштуе там 22,5 рубля.

— У інтэрнэце трапляліся прапановы анлайн-школ. У Цэнтры славянскіх культур і моў мне сказалі, што восем заняткаў каштуюць 312 рублёў. А школа польскай мовы Mova School, якая знаходзіцца ў Лодзі, прапануе 27 анлайн-заняткаў за 942 беларускіх рублі.