Людзі і справы

«У Гродне — больш мяккія метады». Чаму ў рэгіёне паказальна затрымліваюць дырэктараў і начальнікаў

Шэраг паказальных затрыманняў прайшоў у Гродзенскай вобласці за тры месяцы. Сярод затрыманых — спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак, дырэктар школы, начальніца аддзела банка і намеснік гендырэктара крамы «ГЕММА». Такія затрыманні - сігнал, што недатыкальных у Беларусі няма. Але з уладамі яшчэ можна дамовіцца, выказаў здагадку ў размове з Hrodna.life палітолаг Андрэй Казакевіч.

Прааналізаваць дынаміку падобных затрыманняў немагчыма, лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч. Гэта адбываецца, таму што публічна паказваюць не ўсю карціну, а невялікую выбарку спраў.

Цяпер асноўная мэта ўладаў - прафілактыка. Рэпрэсіі ўзмацняюцца ў тым ліку і праз вайну ва Украіне, якую Беларусь падтрымала. Ва Украіне дзейнічаюць беларускія ўзброеныя фармаванні, рыхтуюцца арміі суседніх дзяржаў. Беларусь адказвае на гэта вайсковымі вучэннямі і працай з «нелаяльнымі элементамі». Затрымаць могуць за публічнае выказванне пазіцыі, даносы або ў рамках сістэмнай адпрацоўкі.

«Зразумела, што яны не могуць арыштаваць усіх і ў іх такая задача не стаіць. Задача стаіць менавіта збіваць актыўнасць, прафілактычна арыштоўваючы людзей, дэманструючы іх на камеру і пасылаючы мэсэдж, што, вось, нікуды не суйцеся. Калі мы глядзім на практыку гэтых відэа і публічных палітычных спраў, становіцца ясна, што важна пасылаць такія сігналы розным групам, паказваць, што ніхто з іх не абаронены. Калі вы працуеце дзесьці ў выканкамах ці вы бізнесмен, які прыносіць грошы, — усё роўна вы ўсё трапляеце ў гэтую зону рызыкі. І ўсім трэба разумець, што могуць быць наступствы», — лічыць эксперт.

Затрыманыя ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Такім чынам улады спрабуюць дэматываваць людзей, пасеяць страх і дамагчыся фрагментацыі грамадства — напрыклад, сказаўшы, што на чалавека данеслі.

Ці шмат у Беларусі даносчыкаў?

Даносы ў Беларусі не вельмі распаўсюджаныя, мяркуючы па размовах з людзьмі ў краіне, лічыць Казакевіч.

«Па ўсёй бачнасці, большасць даносаў ідзе з тых жа сілавых структур, у тым ліку ад былых работнікаў. Такая ж праца вядзецца праз работнікаў праўладных арганізацый — прафсаюзаў, БРСМ. Падобна на тое, што ад іх таксама шмат зыходзіць. Але ключавое значэнне мае маніторынг сеткавай актыўнасці. Гэта значыць, гэта не такія класічныя даносы, калі твой калега піша на цябе. Гэта, хутчэй, нешта па абавязку службы. Хоць, вядома, ёсць нейкі сегмент „класічных“ даносчыкаў, якім проста трапілася на вочы нешта ў інтэрнэце і чыёйсьці кватэры», — лічыць Казакевіч.

Чытайце таксама: Затрыманы раней спартыўны дырэктар ФК «Нёман» пакінуў клуб

Малаверагодна, што кіраўнікоў масава могуць прымушаць супрацоўнічаць з сілавымі структурамі і «стукаць», лічыць Казакевіч.

«Улада і так можа атрымаць усю гэтую інфармацыю. У іх дастаткова магчымасцяў атрымаць доступ да ўсіх электронных носьбітам. Гэта ўжо дае вельмі шмат пра кожнага супрацоўніка. Напэўна, яны асобным людзям прапануюць такога роду супрацоўніцтва або просяць потым нейкія справаздачы. Але складана сказаць, наколькі гэта эфектыўна. Ад дрэнна матываванага агента — не вельмі якасная інфармацыя». У буйных арганізацыях і ўстановах уводзяць штатныя адзінкі, адказныя за «бяспеку». У іх абавязкі і ўваходзіць такая праца на пастаяннай аснове.

Чытайце таксама: Дзе ў Гродне больш «неабыякавых» грамадзян? У сеціве з’явілася мапа з іх адрасамі

Адкупіцца можна

Ці можна адкупіцца ад пераследу, дакладна невядома, але эксперт мяркуе, што так.

«Паколькі нямала было ў тым ліку палітычных спраў, па якіх людзі фактычна адкупляліся. Асабліва, калі чалавек не здзейсніў чагосьці надзвычай адчувальнага — проста нешта дзесьці каментаваў, удзельнічаў у акцыях, пераводзіў сродкі. Гэта значыць, зрабіў тое, што ў вачах нашых уладаў «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі» або гэтыя дзеянні былі даўно. Верагоднасць адкупіцца зніжаецца па меры росту «цяжкасці», а таксама грамадскага рэзанансу справы.

Андрэй мяркуе, што многія падобныя справы і ініцыююцца для таго, каб атрымліваць грошы.

АМАП у Гродне падчас пратэстаў. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

 — Чалавека «ўзялі», але справа не распачатая, вядзецца праверка. На гэтай стадыі могуць сказаць, што, ведаеш, такая-такая сума і ўсё і справа будзе знята. Ці такую-та суму перавядзі ў такую арганізацыю, можа быць нават дзяржаўную. Асноўныя такія магчымасці для водкупу — на стадыі да ўзбуджэння справы. Пасля ўзбуджэння справы складаней і чым бліжэй да судовага разгляду, тым верагоднасць [водкупу] памяншаецца.

Яшчэ адзін варыянт — перакваліфікацыя справы на больш «лёгкую» або зусім адміністрацыйную за «кампенсацыю». Пасля пачатку хвалі палітычных спраў такія выпадкі вядомыя. Гэта можна лічыць часткай карупцыі ў краіне. Таксама гэта сур’ёзная праблема для захавання прывабнага бізнес клімату ўнутры Беларусі.

Ці звольняць усіх нязгодных?

Наступствы затрымання часта не такія сур’ёзныя. Чалавека могуць панізіць на пасадзе або звольніць, а праз нейкі час «ціха» зноў прыняць на працу. Таксама наўрад ці звольняць тых, хто на прадпрыемстве выконвае важныя функцыі — праз тое, што няма работнікаў у прынцыпе ці няма работнікаў такой кваліфікацыі. Але залежыць ад «цяжару зробленага», і адносін з начальствам. Але калі прыйшло ўказанне зверху ў дачыненні да канкрэтнага чалавека, то шанцаў захаваць месца практычна няма.

Рэальна знайсці працу ў іншай установе. У розных працадаўцаў - розныя падыходы і розныя людзі, адказныя за бяспеку. Гэта Андрэй Казакевіч бачыць на прыкладзе сферы адукацыі.

Людзі ў Гродне. Фота: Hrodna.life

«Дзесьці вельмі жорсткае закручванне гаек, таму што там рэктар/дэкан/загадчык кафедры баіцца за сваё месца або сам неяк вось матываваны змагацца з такога роду людзьмі. У іншых — больш ліберальна».

Праз тое, што занадта шмат людзей былі «замяшаныя» ў пратэстах, чыста фізічна ўсіх пакараць і звольніць не ўяўляецца магчымым, мяркуе экспэрт.

Чытайце таксама: 3000 вакансій ёсць у Гродне. Але супрацоўнікі не могуць працаўладкавацца праз чорныя спісы

Імунітэту ад затрыманняў няма

За адну і тую ж правіну прадстаўніку сілавога блока будзе крымінальная справа, а бізнэсоўца могуць папрасіць адкупіцца.

«Я думаю, што няма нейкага імунітэту ад палітычных затрыманняў. У дачыненні да работнікаў сілавых структур праводзіцца ўважлівы кантроль сацыяльных сетак, прыватных выказванняў. У апошні час часта выклікаюць на паліграф. Могуць задаваць у стылі „За каго вы галасавалі на выбарах у 2020-м годзе?“ і на падставе гэтага прымаць рашэнні, звальняць ці не. < … > На дзяржслужбе ўжо менш кантролю, але ён таксама ёсць. Чым далей ад дзяржавы, тым, уласна, кантролю менш і больш схільныя заплюшчваць на гэта вочы», — лічыць Казакевіч.

Дзе сілавікі «дабрэйшыя»?

Праца сілавікоў можа адрознівацца ад рэгіёну да рэгіёну. Але справа не ў тым, што дзесьці сілавікі больш мяккія, а ў магчымых наступствах для сацыяльнай напружанасці.

«У Гродне, калі мы ўспомнім палітычную гісторыю, падзеі 2020-га года, шмат нелаяльных людзей. Адпаведна, даводзіцца выкарыстоўваць больш мяккія метады, каб не выклікаць вялікага абурэння ў грамадстве, каб не выклікаць масавай эміграцыі. А там, дзе апазіцыянераў менш, падтрымка ўлады больш высокая, такая нелаяльнасць больш бачная і ёсць больш магчымасцяў на яе ціснуць», — распавёў эксперт Hrodna.life.

Таксама рамкі дазволенага ў вялікім горадзе будуць вышэй, чым у малым. Па той жа прычыне — канцэнтрацыя недзяржаўнай актыўнасці і апазіцыйных настрояў там значна вышэйшая, чым у малых гарадах.

Прыемная «пабочка»

«Пабочны эфект» такіх затрыманняў - пратэстоўцы даведаюцца, як шмат людзей, якія маюць рэсурсы і ўплыў, у 2020-м годзе былі на іх баку. Але гэтая радасць не заахвоціць да дзеяння.

«Па-першае, яны [сілавікі - Hrodna.life] паказваюць, што няма недатыкальных, — лічыць Казакевіч. — Яны паказваюць, што гатовыя шукаць і знаходзіць. Адпаведна, гэта працуе на тое, каб людзей запалохваць, каб атамізаваць іх, дэматываваць для далейшага ўдзелу. Так, хтосьці праз такія паведамленні можа зразумець, як насамрэч маштабнымі былі пратэстныя настроі ў 2020 годзе. Але наўрад ці гэта прыемнае пачуццё заахвоціць да грамадскай дзейнасці або да пераводу грошы ў знак салідарнасці і дапамогі. Асабліва, калі вы ў Беларусі».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024