Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных могілак, руін замкаў і млыноў. Мы ўжо раілі 7 месцаў для Хэлоўіна ў Гродне, а зараз прапануем містычныя лакацыі ў вобласці. Яны не толькі пагрузяць вас у жудасную атмасферу свята, але і пазнаёмяць з багатай гісторыяй рэгіёна.
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Старыя вадзяныя млыны на Гродзеншчыне паціху руйнуюцца — за апошнія гады быў страчаны амаль дзясятак такіх будынкаў. А тыя, што захаваліся, сваю прамую функцыю даўно не выконваюць, каменныя жорны паціху расцягваюць аматары даўніны для ўпрыгожвання хат і ўчасткаў. Але таямнічую атмасферу тут усё яшчэ можна адчуць — нездарма ж нашы продкі верылі, што побач з млынамі водзяцца чэрці і вадзяныя. Можа менавіта таму зараз побач з млыном у Росі стаіць валун з грозным надпісам «Купанне забаронена»?
Дзе шукаць:
Пасёлак Рось, Ваўкавыскі раён. Каардынаты млына: 53.283 033, 24.416 819
Бліжэйшыя да Гродна вадзяныя млыны ёсць у Ласосне, Тарусічах, Чэхаўшчызне. А калі ёсць магчымасць праехацца далей — рэкамендуем гіганцкі чатырохпавярховы млын Патоцкіх у Росі ці падобны, але паменш, у Зэльве. Цікавы і драўляны млын у Гальшанах. А ўвогуле закінутых млыноў мноства. Ёсць і адрэстаўраваныя — але яны ў вечар Хэлоўіна не вельмі цікавыя.
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Руіны старажытнага замка ў Гальшанах — адно з самых вядомых «містычных» месцаў у Беларусі. Шмат у чым гэта заслуга Уладзіміра Караткевіча і яго рамана «Чорны замак Альшанскі». Але свой уклад унеслі і мясцовыя «фірмовыя» прывіды: Белая панна (або Белая дама) і Чорны манах.
Звычайна легенду пра іх расказваюць так: маладая княгіня Ганна-Гардзіслава Альшанская пакахала прасталюдзіна Грэмыслава Валюжыніча. На спатканні ён прыходзіў у адзенні манаха. Калі муж княгіні даведаўся пра гэта, ён загадаў замураваць палюбоўнікаў у падзямеллі замка. Сёння «прывідаў» можна ўбачыць і ўнутры замка, і звонку — у выглядзе фігур, устаноўленых музейшчыкамі.
Праўда, апошнія гады руіны Гальшанскага замка ўжо не такія змрочныя як раней: пасля рэстаўрацыі іх расчысцілі і акультурылі.
Дзе шукаць:
Вёска Гальшаны, Ашмянскі раён. Каардынаты замка: 54.251 432, 26.20 316
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Руіны Крэўскага замка XIV стагоддзя, як і руіны ў Гальшанах, закранула рэканструкцыя. Цяпер яны не выглядаюць такімі закінутымі, але гэта не мяняе іх крывавай гісторыі. У 1382 годзе тут у зняволенні па загадзе князя Ягайлы задушылі яго дзядзьку — князя Кейстута. Падчас Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш за тры гады менавіта тут праходзілі пазіцыйныя баі. Немцы выкарыстоўвалі замак як умацаванне, тут былі склады і наглядальныя пункты. Так што не дзівуйцеся, калі сустрэнеце тут у Хэлоўін здані не ў рыцарскіх даспехах, а ў ваеннай форме пачатку XX стагоддзі.
Варта таксама наведаць Юр’еву гару з выдатным відам на ўсе Крэва і старыя яўрэйскія могілкі - усё гэта недалёка ад замка.
Дзе шукаць:
Вёска Крэва, Смаргонскі раён. Каардынаты замка: 54.309 219, 26.282 460
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Велізарны закінуты палац з запусцелымі пакоямі і зарослым паркам — гэта месца, поўнае таямніц і загадак, якое стварае ідэальную атмасферу для начных прагулак на Хэлоўін. Праўда, складана сказаць, ці можна туды патрапіць уначы. Цяпер палац зноў на балансе дзяржавы, бо ранейшыя ўладальнікі не справіліся з рэстаўрацыяй.
Палац пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя як рэзідэнцыю княжацкай сям'і Святаполк-Чацвярцінскіх. А знакамітым ён стаў у сярэдзіне 2000-х, калі тут знялі «першы беларускі хорар» — фільм «Масакра». Так што аматары пярэваратняў і ваўкалакаў абавязкова павінны тут пабываць.
Дзе шукаць:
Пасёлак Жалудок, Шчучынскі раён. Каардынаты: 53.600 949, 24.957 634
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Па ўсёй Гродзеншчыне захавалася мноства капліц, у тым ліку дастаткова змрочных, пахавальных. Але мы прапануем з’ездзіць у вёску Пералом, 20 км ад Гродна, пад самай літоўскай мяжой. Там пасярод лесу захаваліся рэшткі манастыра капуцынаў: просценькі драўляны касцёльчык і невялікая хатка-халупа, дзе перыядычна заязджае пажыць пустэльнікам які-небудзь манах.
Службы праходзяць там усяго двойчы за год, вёска фактычна вымерла і ператварылася ў дачны пасёлак для гродзенцаў. Але атмасфера таямнічага лесу, старажытнай Гродзенскай пушчы, цалкам адпавядае духу Хэлоўіна. Праўда, калі вы застанеце на месцы манаха-капуцына, ён можа паспрабаваць пераканаць вас, што лепш адзначаць каталіцкі Дзень усіх святых.
Дзе шукаць:
Вёска Пералом, Гродзенскі раён. Каардынаты: 53.893 595, 23.784 992
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Можна ўвогуле нікуды з Гродна не выязджаць, а ўзлезці на высокі бераг Нёмана ў цэнтры горада. Найстарэйшая царква Беларусі размешчана на схіле ўзгорка і выглядае асабліва таямніча на фоне ранішніх туманаў, якія ахутваюць Нёман. Увечары адсюль выдатныя віды на заход сонца. Ну і некалі царкву атачалі могілкі і дзесьці там можа блукаць прывід жорсткага воіна Давыда Гарадзенскага…
Дзе шукаць:
Каложская царква — адна з галоўных славутасцяў Гродна. Калі вы раптам не ведаеце, як туды патрапіць — вось вам каардынаты для навігатара: 53.6784, 23.818 551.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…