Людзі і справы

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць «Купалінку»

Піяніста Аляксея Пятрова з Гродна запрасілі на некалькі тыдняў у Кітай. Ад 11 да 25 ліпеня маэстра праводзіць майстар-класы для мясцовых выканаўцаў і знаёміцца з культурай краіны. Раней Пятроў разам з жонкай, таксама піяністкай, Ганнай Голуб, дапамагалі арганізаваць у Гродне канцэрты кітайскіх оперных спявачак, што вучацца ў Беларусі.

Музыкі лічаць, што абмен музычным досведам паміж краінамі будзе развівацца. Тым больш, ад 10 жніўня паміж Кітаем і Беларуссю скасоўваецца візавы рэжым.

Кітайскія музыканты — тысячы «моцартаў» у адной зале

«У Кітаі велізарная колькасць дзяцей вучыцца іграць на фартэпіана. Займацца пачынаюць вельмі рана, многія ва ўзросце 4 гадоў, што для еўрапейскай культуры даволі незвычайна, — расказвае Аляксей Пятроў. — У нас Моцарт, мабыць, выключэнне, але мы і гэта не можам праверыць». Па словах маэстра, такой вялікай колькасці маладых людзей, якія жадаюць паслухаць урокі, яму яшчэ не даводзілася сустракаць.

«На маіх майстар-класах прысутнічаюць не толькі студэнты, але і іх педагогі. Размовы з імі часам доўжацца гадзінамі. Масавасць захаплення ігрой на фартэпіяна сярод моладзі, тут у Кітаі, робіць на мяне каласальнае ўражанне».

Хочуць вучыцца ў Беларусі. Гэта не танна, але не так дорага, як у Еўропе

«Свет музыкі часта не мае межаў і ў многім трымаецца на сяброўстве», — расказваюць Ганна Голуб і Аляксей Пятроў. Спявачкі з Кітая Галімэн Чжу і Ся Чжан даведаліся пра Аляксея Пятрова ад калегаў, потым пачулі яго выкананне ў кансерваторыі і папрасілі папрацаваць таксама з імі. Абедзьве спявачкі скончылі ў Беларусі дактарантуру па оперным мастацтве і абаранілі дысертацыі. Беларуская оперная школа лічыцца ў Кітаі прэстыжнай. Дзякуючы такому «рэнамэ» навучанне музыцы ў Беларусі вельмі запатрабаванае.

«Вучыцца ў нашай акадэміі музыкі для іх не танна, але ўсё ж не так дорага, як у Еўропе. Ды і кантакт паміж дзяржавамі даволі моцны, — тлумачыць Ганна Голуб. — А мець досвед выступаў са знакамітым музыкам і лаўрэатам шматлікіх конкурсаў лічыцца вельмі прэстыжным».

Сябар, брат і родная маці

Па словах піяністкі, не ўсе музыкі могуць добра акампанаваць вакалістам. Таму для спявачак вельмі важна, з кім яны выступаюць. «Моцны музыка для вакаліста — сябар, брат і родная маці. Настрой, эмоцыі, іх адпаведнасць тэксту — усе гэта кладзецца на нашы акампаніятарскія плечы. Канцэртмайстар для выканаўцы — гэта трэнер і дарога ў будучыню».

«Купалінка» ў іх выкананні проста ўзрывае мозг!

«Ідэя памузыцыраваць разам са спявачкамі з Кітая прыйшлася нам з Ганнай даспадобы і мы падтрымалі дзяўчат. Арганізавалі ім канцэрты ў Гомелі і ў Гродне, — расказвае Аляксей Пятроў. — Для нашых слухачоў гэта — экзотыка, а для кітайскіх музыкаў экзотыка — гэта прыехаць у Беларусь».

З такой нагоды спявачкі рыхтавалі адмысловы рэпертуар — спявалі па-кітайску, па-руску, па-беларуску, па-італьянску і па-французску. Для беларускіх музыкаў кітайскі стыль выканання і кітайская музыка ўвогуле аказаліся «не менш цікавымі, чым кітайская кухня».

«Гэта музыка такая пазітыўная і медытатыўная, што добра заходзіць у любой аўдыторыі і мае шанец стаць папулярнай у Беларусі, — мяркуе Аляксей Пятроў. — А нам таксама цікава зрабіць добрую справу для горада і прывезці сюды цікавых выканаўцаў. Бо Гродна — гэта горад таленавітых людзей. Тут шмат і вядомых музыкаў, і знакамітых мастакоў, і ўдзячнай публікі. У прынцыпе, тут шмат класных і творчых людзей».

Музыка і баявыя мастацтвы Шаоліня

На сваёй радзіме кітайскія спявачкі дапамагаюць беларускаму маэстра камунікаваць з кітайскімі студэнтамі. Галімэн добра асвоіла рускую мову і суправаджае яго ў якасці перакладчыка.

А вольныя ад музыкі хвіліны Аляксей Пятроў скарыстоўвае для знаёмства з краінай. У фэйсбуку піяніста з’явіліся здымкі на фоне кляштара, для здымаўся культавы фільм 1985 года «Баявыя мастацтвы Шаоліня».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025