У гродзенскай заакраме з’явіўся пітон. Аднак апынулася, што набыць сабе экзатычнага гадаванца не так проста. Дзе ў Гродне можна купіць змей, па якім кошце і што патрэбна для іх утрымання дома?
У рэдакцыю Hrodna.life звярнулася чытачка з пытаннем:
«У заакраме гандлёвага цэнтра OldCity ў тэрарыуме сярод хамячкоў і пакункаў корму для коцікаў стаіць тэрарыум з тлустай змяёй. Ці можна там трымаць і прадаваць змей?»
Сапраўды, у заакраме на бачным месцы ў празрыстай скрыні, скруціўшыся, ляжыць тоўстая змяя — пітон. Яго бачна нават з праходу, не заходзячы ўнутр.
Дырэктар заакрамы Дзяніс Казловіч расказаў, што пітон не прадаецца. Ён атрымаў яго ў падарунак і вырашыў выставіць як экспанат.
— Чаму нельга трымаць змей? — адказвае пытаннем на пытанне дырэктар. — Дазволу, каб яе трымаць, не патрэбна. Гэта ж выставачны экзэмляр, не на продаж.
Ён патлумачыў, што пітон патрабуе адмысловых умоваў: тэрарыум, тэмпература +26 градусаў, харчаванне з вызначанай перыядычнасцю. Дарэчы, харч у змей жывы: мышы і пацукі.
Былы ўласнік змяі, які папрасіў не называць яго імя, расказаў пра мінулае гадаванца. Яго клічуць Дацэнт. Ён адносіцца да кароткахвостых пітонаў. Пяць год таму яго, яшчэ малым, набылі ў мінскага заводчыка, які мае дазвол на развядзенне змей. З таго часу дацэнт выступаў на вяселлях, фатаграфаваўся з гасцямі.
— Ён ніколі нікога не напалохаў, не ўкусіў. Такія пітоны не нападаюць на людзей. Ён спачатку спрабуе, ці можа з’есці здабычу, і толькі тады яе душыць. Таму харчуецца мышкамі. А ўжо сяміметровы пітон можа напасці і на чалавека, — кажа суразмоўца.
Былы ўласнік перажывае, што ў яго гадаванца замала месца, каб рухацца. Раней Дацэнт жыў у большым тэрарыуме. Цяпер з-за патрэбы ўвесь час скручвацца ў яго можа наступіць заварот кішак.
Дзе ж набыць змяю? Пэўна, адзінае прыдатнае месца ў горадзе, — гэта заапарк. Цяпер там прадаюць толькі адну змяю — іерагліфічнага ўдава. Цана 300 рублёў, распавёў загадчык секцыяй «Тэрарыум» Цімафей Чупракоў.
Аднак удава наўрад ці зможа набыць чалавек-аматар. Хутчэй разглядаецца варыянт абмяняць яго на іншы экзэмпляр ў другім заапарку. У Гродне прыдбалі ўдава некалькі год таму. Тады на мяжы яго затрымалі, як кантрабанду.
Усяго ў гродзенскім заапарку 35 відаў змеяў і каля ста экзэмпляраў. Ёсць ужо маляты, якія тут нарадзіліся. Аднак пакуль іх не плануюць прадаваць: узровень размнажэння невысокі, а рэптыліі не надта дарагія, каб на іх зарабляць. Зрэшты, змей ніколі раней у заапарку не прадавалі.
У іншых заакрамах продаж змей амаль немагчымы, таму што цяжка зрабіць дакументы-дазволы.
— Калі, напрыклад, набываюць жывёлу ў Расіі, яна месяц знаходзіцца на каранціне, ёй робяць прышчэпкі. Толькі пасля гэтага яна накіроўваецца ў Беларусь. Ветэрынарная служба на мытні правярае дакументы, што жывёла здаровая. На месцы месяц гадаванец зноў знаходзіцца на каранціне, — распавчядае пра працэдуру Цімафей Чупракоў. — Прыватнікі часта не могуць зрабіць гэтыя дакументы, бо гэта цяжка, доўга, дорага. Дадатковыя складанасці з’яўляюцца, калі патэнцыйны тавар уваходзіць у міжнародны спіс рэдкіх жывёлаў.
Аднак не сакрэт, што гродзенцы ўсё ж трымаюць дома змеяў, хоць і не афішуюць экзатычных гадаванцаў. Людзі трымаюць не толькі вужоў, але і вялікіх небяспечных змеяў, як альбіносы або каліфарнійскія папярочнапаласатыя змеі.Апынулася, прасцей за усё набыць змяю праз інтэрнэт. У сеціве багата такіх абвестак.
Так, каралеўскі пітон каштуе 300 рублёў, імператарскія ўдавы боа ад 340 да 460 рублёў. Цігровы пітон — 400 долараў. Можна набыць нават ужа ўсяго за 5 рублёў. Адзінае, што за імі прыйдзецца ехаць у Мінск. Падобных гродзенскіх абвестак не ўдалося знайсці.Па апісаннях і фотаздымках у абвестках становіцца зразумела, што набываюць змей аматары вострых адчуванняў: «Спакойны, здаровы, ідзе на рукі», «Дам кантакт на амаль дармовую крыніцу харчавання (мышэй)».
Цікава, што ў Правілах утрымання хатніх гадаванцаў у Беларусі, зацверджаных пастанаўленнем Савета міністраў, гаворка ідзе толькі пра сабак і котак. Пра экзатычных істотаў, як змеі, няма ўзгадак. Атрымліваецца, калі сабаку ці ката ўласнік абавязаны зарэгістраваць, то пітона можа трымаць без дазволу.
Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Гродна Дзмітрый Гайда патлумачыў, што ў Беларусі не дзейнічаюць ветэрынарныя нормы і правілы па ўтрыманні змей дома. Адзінае, што экзэмпляры з Чырвонай кнігі або з міжнароднага спісу рэдкіх відаў абмежаваныя ў транспарціроўцы. Гэта звычайна адсочваецца на мяжы.
— У нашую кампетэнцыю хутчэй уваходзіць лячэнне або прафілактыка. З такімі гадаванцамі да нас звярталіся некалькі разоў.
Што датычыць продажу змеяў, то ветстанцыя можа выдаць гандлярам адмысловыя дакументы, дзе пазначана, што змяя здаровая і што яна нарадзілася ў Беларусі. Калі змяю прывозяць аднекуль, то пры ёй мусяць быць ветэрынарныя дакументы: пасведчанне, сертыфікат або пашпарт.
Як распавёў Дзмітрый Гайда, каля дзесяці гродзенцаў прынеслі ў клініку малых чарапашак, якіх людзі набылі падчас святкавання дня горада. А потым у іх узніклі праблемы з гадаванцамі. Відаць, чарапашкі папярэдне не мелі дакументаў аб стане здароўя.
Атрымліваецца, аматарам экзатычных жывёлаў застаецца або любавацца імі ў заапарку або рызыкаваць ды набываць гадаванцаў без «пашпарта».
Дарэчы, месяц таму на мяжы затрымалі двух варанаў, якіх спрабавалі правезці кантрабандай у Беларусь у цягніку Калінінград — Масква. Іх накіравалі ў гродзенскі заапарк.
[irp posts="40 579″ name="Канфіскаваных мытняй варанаў перадалі Гродзенскаму заапарку (+відэа)"]
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…