Людзі і справы

Ад «Дзікага палявання…» да «Чарнобыльскай малітвы». Перакладчыца Альма Лапінскене — пра «смак» беларускай літаратуры на літоўскай мове

Дзякуючы працы Альмы Лапінскене літоўцы ведаюць пра рамантычны партрыятызм Караткевіча, смеласць спалучэння сапраўднасці з белетрыстыкай Алексіевіч, глыбіню словаў і філасофскую пранікнёнасць паэзіі Разанава.

Дзяцінства Альма Лапінскене прайшло ў Сібіры, куды саслалі яе разам з бацькамі. Вывучаць беларускую літаратуру яна пачынала ў супрацы з Адамам Мальдзісам. Пазней Альма 20 гадоў узначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы. У яе асабістай бібліяграфіі пераклады з беларускай на літоўскую больш дзясятка кніг. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» перакладчыца расказала пра шлях да беларускай мовы і «дарогу ў свет праз суседскі двор».

«Смак» той працы — і горкі, і прыемны

Знаёмства з беларускай літаратурай пачалося для Альмы Лапінскене на пачатку 1980-х. У той час яна збірала матэрыялы аб літоўска-беларускіх сувязях для сваёй дысертацыі.

«Я даволі часта ездзіла y Мінск, працавала у бібліятэках, удзельнічала у пісьменніцкіх сходах і, вядома ж, пазнаёмілася з многімі тагачаснымі беларускімі творцамі. Асабліва хацелася пазнаёміцца з тымі пісьменнікамі, творчасць якіх мне найбольш спадабалася», — расказае яна. У той час Альма пазнаёмілася з прафесарам Адамам Мальдзісам, а праз яго — з Уладзімірам Караткевічам.

Чытайце таксама: Гродзенскі аблвыканкам вырашыў не даваць Астравецкай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса

«Мы некалькі разоў сустракаліся, гаварылі пра літаратуру, гісторыю нашых народаў, нават спрачаліся наконт трактоўкі некаторых момантаў нашай агульнай гісторыі ў яго творчасці, — расказала Альма пра Караткевіча. — Мяне захапляў рамантычны дух яго творчасці, глыбокі патрыятызм. Можа таму першым творам беларускай літаратуры, які я пераклала, было яго апавяданне „Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў“. Перакладаючы я адчула „смак“ той працы — і горкі, і прыемны».

Чытайце таксама: «Ні дня без Ажэшкі». Як перакладчыца Святлана Воцінава рэпатрыюе пані Элізу ў беларускую літаратурную класіку

Ад сацрэалізму да свабоды выбару

«Перакласці мяне падштурхнула выдатны рэдактар, мая сяброўка, аднакурсніца Бронэ Балчэне, — кажа Альма аб працы, што пачалася як спроба, а стала заняткам на цэлае жыццё. — Дзякуючы ёй, я адкрыла для сябе гэтую цікавую і важную сферу творчасці».

Альма пераклала на літоўскую зборнік беларускіх апавяданняў «Langas į žalią sodą» («Акно ў зялёны сад», Vyturys, 1988), у які ўвайшла і навэла Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы».

«Гэты зборнік — другая беларуская кніга, якую я пераклала. Першы пераклад — раман Васіля Хомчанкі „Grįžimas į ugnį“ („Вяртанне у агонь“, Vaga, 1985). Гэта абсалютна савецкі твор сацрэалізму. Як вядома, у савецкія часы кнігі для перакладу адбіраліся выдавецтвам зыходзячы з ідэалагічных патрабаванняў».

Сітуацыя з творамі для перакладу змянілася пасля 1990-х. Стала магчыма свабодна выбіраць, што перакладаць, а выдавецтвы арыентаваліся на забароненую падчас савецкай улады, у асноўным, заходнюю, літаратуру.

«Суседзі, асабліва постсавецкая прастора, апынуліся ўбаку, прынамсі, на некаторы час. Нешта, вядома, перакладалася i друкавалася, але не сістэматычна. Я была рада, калі выйшаў мой пераклад аповесці Уладзіміра Караткевіча «Šiurpioji karaliaus Stacho medžioklė» («Дзікае паляванне караля Стаха», Vyturys, 1994) і раманa Валянціны Коўтун «Gailestingumo kryžius» («Крыж міласэрнасці», Alma littera, 1997).

Вокладка кнігі «Дзікае паляванне караля Стаха», што выйшла ў 1994 годзе ў перакладзе Альмы Лапінскене

Чытайце таксама: «Каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю». Марыя Мартысевіч расказала, як працуе з тэкстам паэмы «Гражына»

Алексіевіч і Разанаў - любімыя аўтары перакладчыцы

«Дзякуючы Валянціне Коўтун я пераклала кнігу Святланы Алексіевіч «Černobylio malda» («Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999). У той час я зацікавілася творчасцю Алеся Разанава, пачала публікаваць пераклады яго вершаў ў літоўскім літаратурным друку.

Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў — асноўныя аўтары, якіх я перакладала. У сціплым спісе маіх перакладаў тры кнігі Алексіевіч («Černobylio malda» / «Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999, 2015, «Karo veidas nemoteriškas» / «У вайны нежаночае аблічча», Alma littera, 2017, «Paskutinieji liudytojai» / «Апошнія сведкі», Alma littera, 2020) i тры кнігі Разанава («Medžioklė rojaus slėnyje» / «Паляванне ў райскай даліне», Homo liber, 2008, «Krikšto motinos dovana» / «Падарунак хроснай маці», Homo liber, 2013 і да 75-годдзя з дня нараджэння паэта «Žodžiai nutilo: tylon beldžiasi širdis» / «Словы аціхлі: у немату стукае сэрца», Hieronymus, 2022).

Вокладкі кніг Святланы Алексіевіч, што вышлі па-літоўску ў перакладзе Альмы Лапінскене

Падобныя і - розныя

«Больш за ўсё прыцягвае і цікавіць мастацкая выразнасць, арыгінальнасць, значнасць ідэі твора, — апісвае Альма творы беларускіх аўтараў. — Мяне захапляюць рамантызм і патрыятызм Караткевіча, працавітасць і смеласць Алексіевіч пісаць на нязручныя для савецкай сістэмы тэмы, сугестыйнасць яе кніг, якая вынікае з спалучэння сапраўднасці і белетрыстыкі, любоў Разанава да мовы, увага да слова, глыбіня яго паэзіі, яго філасофскія пранікненні»

Што па падабенства і адрознасці беларускай і літоўскай мастацкай літаратуры, то перакладчыца мяркуе — яны падобныя і - розныя.

Менавіта так называлася і яе сумеснае з Адамам Мальдзісам даследванне «Перазовы сяброўскіх галасоў», апублікаванае ў часопісе «Навука і тэхніка» ў 1988 годзе.

«Кожная літаратура, гаворачы пра светапогляд, этнагенез, гісторыю свайго народа, уздымае і агульначалавечыя праблемы, таму кожная непаўторная, цікавая і ў той жа час блізкая і зразумелая».

Альма Лапінскене — мовазнаўца, перакладчыца.

Нарадзілася ў Заходняй Літве, у два гады з бацькамі і братам была саслана ў Сібір, расла на беразе Ангары. Там пайшла ў школу і скончыла пяць класаў. Працягвала навучанне ўжо ў Літве.

Вывучала літоўскую мову і літаратуру ў Віленскім універсітэце. Пасля заканчэння працавала ў Інстытуце літоўскай літаратуры і фальклору (у той час — Інстытут літоўскай мовы і літаратуры). У супрацы з калегамі з Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы ў Мінску рабіла даследванне аб літоўскa-беларускіх літаратурных сувязях. Абараніла кандыдацкую дысертацыю пра літоўска-беларускія стасункі ў савецкі час. Гэты тэкст стаў часткай сумеснай з Адамам Мальдзісам кнігі.

Дваццаць гадоў Альма Лапінскене ўзначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы, удзельнічала ў з’ездах і канферэнцыях, арганізаваных Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў.

Яшчэ адзін накірунак яе даследаванняў — літаратурнае і культурнае жыццё віленскіх літоўцаў у міжваенны перыяд. Па гэтай тэме Лапінскене напісала дзве манаграфіі.

Чытайце таксама: «Калі перакладала, плакала кожны дзень». Ванда Марцінш — пра кнігу «Літоўцы ля Мора Лапцевых«

Шлях у свет ідзе праз суседскі двор

Перакладаць і чытаць літаратуру суседніх краінаў «не толькі варта, але і неабходна», лічыць Альма Лапінскене.

«Бо шлях у свет ідзе праз суседскі двор. Усё ж, добрасуседства грунтуецца на ўзаемным пазнанні адзін аднаго. Радуе, што нарэшце мацнее тэндэнцыя звяртацца да літаратуры нашых суседзяў і як мага лепш яе пазнаваць».

Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў абвясціў гэты год Годам латышскай літаратуры, а 2022 год быў прысвечаны беларускай літаратуры. Год пачаўся з вечара беларускай паэзіі ў Доме сігнатараў 25 сакавіка, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі, і завяршыўся 12 снежня у Клубе пісьменнікаў - адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння Разанава новай дзвюхмоўнай кнігай яго пункціраў.

Кніга Алеся Разанава ў перакладзе Альмы Лапінскене на літоўскую. Вокладка выдання, прымеркаванага да 75-годдзя з дня нараджэння паэта

Гэта быў год інтэнсіўных перакладаў беларускай літаратуры на літоўскую мову. Акрамя названай анталогіі і кнігі Разанава, выйшла кніга нарысаў Інэсы Плескачэўскай пра Францыска Скарыну, а 8−9 нумар літаратурнага часопіса «Мetai» быў прысвечаны беларускай літаратуры.

«Таксама мне прыемна, што маладое пакаленне (Марюс Бурокас, Вітас Дэкшніс і інш.) падтрымлівае сувязь з беларускімі пісьменнікамі і перакладае адзін аднаго. Летась намаганнямі маладых у выдавецтве „Bazilisko ambasada“ на літоўскай мове выйшла анталогія сучаснай беларускай паэзіі „Baltai raudonai baltai“ („Белае Чырвонае Белае“)».

Анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» у перакладзе на літоўскую мову

Чытайце таксама: Высоцкі па-беларуску. Перакладчык Міхась Булавацкі прадставіў гродзенцам «антысавецкага» паэта на роднай мове

Што з беларускага падабаецца літоўскім чытачам?

Па словах перакладчыцы, аўдыторыя добра прымала творы Уладзіміра Караткевіча: «Памятаю не адзін добры водгук на яго апавяданнi i аповесць». Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, то адразу ўзрасла цікавасць і да яе кніг: «Вялікую папулярнасць набыла „Чарнобыльская малітва“. У 2020 годзе „Апошнія сведкі“ занялі першае месца ў намінацыі „Перакладны нон-фікшн“ на партале „15 хвілін“. Мы з Алесем Разанавым неаднойчы ўдзельнічалі ў чытаннях фестывалю „Poezijas pavasaris“, яго паэзія заўсёды выклікала вялікую цікавасць у слухачоў».

Шанец зрабіць нешта ўпершыню

«Вялікіх планаў не будую, жыццё заўсёды прапануе нешта цікавае, трэба толькі гэтага жадаць і спадзявацца», — кажа Альма пра далейшае. Але адзначае, што зараз з’яўляюцца кнігі, якімі хочацца падзяліцца з літоўскімі чытачамі: «Адна з кніг, якія я прачытала ў мінулы год — Евы Вежнавец „Па што ідзеш, воўча?“ Моцная кніга, адназначна вартая перакладу. Нядаўна сяброўка з Кіева прыслала выдатны раман украінскага пісьменніка Володимира Лиса „Століття Якова“ з настойлівай прапановай перакласці яго на літоўскую. Такім чынам, мая наступная праца зразумелая — упершыню буду перакладаць з украінскай».

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024