Сёння цяжка сказаць, якую прычыну пагібелі гродзенскага піўзавода назавуць сапраўднай следчыя. Магчыма, бамжы выплаўлялі метал, магчыма, гулялі з агнём неякія таямнічыя дзеці, а магчыма промень сонца няўдала сфакусіраваўся на драўлянай падлозе паддаша старой фабрыкі…

Тое, бадай што, ужо не так істотна. Важна, што нягледзячы на шматлікія папярэджанні журналістаў і простых гродзенцаў аб бясгаспадарнасці на кінутым заводзе, нягледзячы на пастаянную ўвагу з боку праваахоўных органаў - пракуратуры і міліцыі, ніхто так і не паклапаціўся, каб знайсці няшчасныя дзвесце рублёў на месяц і наняць для піўзавода пастаяннага стоража.

Усе чакалі, што піўзавод згарыць

Органы шмат гадоў разбіраліся, а чаму зачынілі завод у 2007-м, а чаму і як спрадалі ў 2012-м мутнай фірме, якая гандлявала металаломам, і вывезла з падвалаў дзясяткі тон металічных бочак для захоўвання піва… Дапытваліся, шукалі, забіралі, але стоража так ніхто і не наняў.

Самае сумнае — гэта відавочнасць, чаканасць падзеі. Усе чакалі, што піўзавод згарыць. Вось ён і згарэў. Таксама як досыць часта і маштабна гарыць гістарычная спадчына на Гродзеншчыне. Карчма ў Начы на Воранаўшчыне, палац у Жэмыслаўлі на Іўеўшчыне, сядзіба ва Уселюбе на Навагрудчыне… Або дамы па вуліцах 17 верасня і Будзёнага ў Гродне, на месцы якіх узводзяцца шматпавярховікі з бетону ды пенаблокаў.

Адрадзіцца завод не мог, а цяпер будзе пужаць турыстаў

Відавочна, што адрадзіцца як прамысловае прадпрыемства піўзавод ужо не мог. Не для таго стратны, але спраўна працуючы бровар, зачынялі ў часы пазамінулага старшыні гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Але надзея зрабіць са старадаўняга палаца Агінскіх, а піўзавод насамрэч раней быў палацам і ўзведзены ў сярэдзіне 17 стагоддзя (!), гасцініцу або рэстаран, былі яшчэ рэальныя.


Жыццё і смерць гродзенскага піўзавода. Як можна было пазбегнуць сумнага фіналу старога бровара


Цяпер — пасля страшнага пажара, гродзенскія гарадскія і абласныя ўлады стануць перад дылемай — зруйнаваная агромністая будыніна бачная літаральна з усіх турыстычных кропак горада, не дадасць прывабнасці для Гродна ў вачах бязвізавых турыстаў. Таму больш нельга цягнуць бясконцую лямку продажаў і перапродажаў. Глядзім праўдзе ў вочы — цяпер гэты будынак, гісторыка-культурная каштоўнасць ІІ катэгорыі, як інвестыцыйны аб’ект толкам нікому не патрэбная. Трэба тэрмінова браць і аднаўляць будынак за дзяржаўныя сродкі. Трэба ратаваць адзін з самых старых палацаў горада і каштоўных помнікаў яго мінулага.

Пажар на гродзенскім піўзаводзе: сумны канец слаўнай гісторыі?