Спадчына

Знакамітыя вучоныя з Гродна: Павел Кушнер — рэвалюцыянер і этнолаг, які «вызначаў» межы СССР

Сёння прозвішча гэтага чалавека, яго жыццёвы шлях і навуковыя дасягненні невядомыя ў Гродне амаль нікому. Між тым у студзені гэтага года Паўлу Іванавічу Кушнеру споўнілася б 130 гадоў, а таксама прамінула 50 гадоў з дня яго смерці.

Рэвалюцыянер, журналіст, дыпламат

Кушнер пражыў адразу некалькі жыццяў. Незаконны сын расійскага чыноўніка, міравога суддзі Івана Гаўрылавіча Кнышова і харысткі гродзенскага тэатра Любові Маісееўны Кушнер, ён у дакументах пісаўся рускім, хаця ад яўрэйскіх каранёў ніколі не адракаўся. Павел Іванавіч нават прозішчы меў два — афіцыйнае Кушнер (па маці) і неафіцыйнае Кнышаў (па бацьку). Апошняе пераўтварылася ў ягоную падпольную рэвалюцыйную мянушку — Кныш.

Павел Кушнер
Кушнер паспеў пабыць і рэвалюцыянерам, і журналістам, і дыпламатам, а ў этнаграфічную навуку прыйшоў пазнавата, маючы амаль 50 гадоў, але не застаўся ў навуковых структурах проста чыноўнікам, але пакінуў па сабе заўважны след.

Бацькі не маглі мець афіцыйнага шлюбу

Бацькі Паўла Кушнера мелі шэсць дзяцей. Аднак статус расійскага чыноўніка не дазваляў ажаніцца з яўрэйкай і афіцыйнага шлюбу яны так і не ўзялі. Сям’я жыла разам, аднак у 1894 годзе, калі Паўлу было пяць гадоў, ягоны бацька праваліўся пад лёд на Нёмане, захварэў запаленнем лёгкіх і праз некалькі гадоў памёр. Маці не магла атрымаць нават пенсію па страце кармільца і апынулася ў поўнай галечы, зарабляла праннем бялізны.

Праз некалькі гадоў яна з трыма дзецьмі з’язджае ў Рыгу да сваякоў. Больш самастойныя дзеці, у тым і Павел, застаюцца ў далёкай сваячкі Афанасьевай. Павел быў пакінуты сам сабе, фактычна рэпетытарствам і дадатковымі працамі зарабляючы на навучанне ў гімназіі.

Пратэсты, партыя і выгнанне з гімназіі

У час рэвалюцыі 1905 года Кушнер бярэ актыўны ўдзел у забастоўках гімназістаў да якіх далучаюцца яўрэі, расійцы, палякі, беларусы. Падчас адной дэманстрацыі Кушнер быў так моцна збіты казакамі, што пару гадзін праляжаў на марозе. Усё гэта прывяло да таго, што ў яго некалькі раз пачыналіся сухоты.

На Туркестанцкі фронт

Ужо ў 1905 г. Кушнер уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю і, выгнаны з гродзенскай гімназіі, перабраўся ў Рыгу. Быў журналістам Рыга-Арлоўскай чыгункі, прымаў удзел у Лютаўскай рэвалюцыі. Восенню 1917 г. ён становіцца на бок бальшавікоў і пачынае рабіць ваенна-палітычную кар’еру. Пры чым робіць яе не ў кабінеце, а на франтах грамадзянскай вайны. Напрыклад, кіруе палітупраўленнем Туркестанцкага фронта, які ўзначальвае Міхаіл Фрунзэ, з ім Кушнер нават паспеў пасябраваць.

Падчас рэвалюцыйных баёў 1917 у Маскве
Згадваў, што атрымаў ад савецкага камандарма цудоўны аўстрыйскі карабін, які страціў у час экспедыцыі па Манголіі ў 1930-х. Туркестанцкі фронт — гэта ўся савецкая Азія — ад Астрахані да Бухары. Кушнер бывае там паўсюль, цікавіцца людзьмі, робіць нататкі. Ён начытаны, паспявае чытаць не толькі марксісцкую літаратуру, але і ўсё па цікаўнай яму тэме.
Турскестанцкі фронт

З турмы ў навуку

У 1920-х Павел Кушнер лічыцца прызнаным спецыялістам па ўсходзе. Кіруе аддзелам важнай газеты «Чырвоная Татарыя». У пачатку 1930-х Кушнер нават паспрабаваў дыпламатычнага хлеба. Два гады быў гандлёвым прадстаўніком СССР у Літве і год у Нарвегіі. Як сведчаць адкрытыя цяпер дакументы — ён і праўда не выконваў ніякіх шпіёнскіх заданняў, сапраўды займаўся галоўным чынам гадлёвымі справамі.

Турскестанцкі фронт
У часы сталінскай мясарубкі Кушнер на паўгода трапляе ў турму. Яму давялося шчасліва выбрацца з яе (дапамагла бездакорная бальшавіцкая карма) і нават атрымаць пасаду намесніка дырэктара музея народаў СССР. Вось тут і пачынаецца ягоны шлях як вучонага.

Тэорыя і практыка: як Кушнер паўплываў на межы СССР

Савецкая этнаграфія ў тыя часы была вельмі хворай навукай. Разбураная вульгарным сацыялагічным падыходам яна была насычаная догмамі і бязглуздзіцай. Кушнер актыўна выступае за «этнічны» падыход да этнаграфічных характарыстык народаў. Вучоны сцвярджае, што этнаграфія — гэта не толькі пра старажытныя прымітыўныя народы, але тэрмін цалкам прымянімы да сучасных народаў. Гэта фактычна пераход ад паняцця «этнаграфія» да паняцця «этналогіі». Кушнер уводзіць паняцце «этнічны вызначальнік» і сцвярджае, што іх можа быць шмат: мова, этнічная свядомасць, формы жытла, вопратка, прылады працы, ежа і іншае. Ён абгрунтоўвае схему «племя — народнасць — нацыя», уласцівыя для розных этапаў развіцця грамадства.


Яны родам з Гродзеншчыны: Рафаэль Лемкін — чалавек, які «прыдумаў» генацыд


Апрача тэорыі Павел Кушнер займаўся і практычнай работай. Ён піша манаграфію «Этнические территории и этнические границы», а таксама займаецца падрыхтоўкай карт рассялення народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Карты гэтыя збольшага не былі ў шырокім доступе, выкарыстоўваліся чыноўнікамі і ваеннымі, але яны вельмі аб’ектыўныя, на іх стварэнне траціліся вялікія сілы. Праводзячы новыя межы СССР савецкія ўлады выкарыстоўвалі менавіта дадзеныя гэтых этнаграфічных даследаванняў. Можна сказаць, што дзякуючы даследаванням Паўла Кушнера і яго паплечніка Майсея Грынблата Гродзеншчына была вызначага як пераважна этнічная беларуская тэрыторыя і аказалася ў складзе Беларусі. Яны ж таксама вызначылі, дзе ў былой Усходняй Прусіі прайшла мяжа Літоўскай ССР.

Ідэалогія і рэальнасць: дамінуючая нацыя «з'ядала» меншыя

Канешне, Кушнер сыходзіў з няправільнага, выключна ідэалагічнага пастулата аб тым, што ў СССР няма нацыянальнага прыгнёту і межы народаў будуць вызначацца дабравольным прыняццем людзмі той ці іншай нацыянальнай свядомасці (напрыклад на Каўказе або на ўкраінска-расійскім паграніччы). Але ў рэальнасці ён жа сам адзначаў наяўныя тут праблемы, пішучы пра 7 мільёнаў рускамоўных украінцаў, беларусаў і яўрэяў, якія з 1926 па 1939 год змянілі сваю нацыянальнасць на расійскую. Адным словам, рэальнасць супярэчыла ідэалогіі, дамінуючая нацыя «з'ядала» меншыя народы ў сацыялістычнай дзяржаве не горш, чым у капіталістычнай.

Кушнера цікавіла многае — напрыклад праблема мяшаных нацыянальных сем’яў. Таксама ён быў адным з аўтараў першай манаграфіі, прысвечанай асобнай вёсцы «Село Вирятино в прошлом и настоящем». У Беларусі гэту справу працягнуў Мікалай Улашчык, напісаўшы кнігу «Была такая вёска». Ва ўмовах, калі ніякай сацыялогіі ў СССР не існавала, такія даследаванні мелі вялікае і сацыялагічнае, і гістарычнае значэнне.

Памёр Павел Кушнер у 1968 г. Расійскія этнолагі сцвярджаюць, што яго тэарэтычныя і практычныя даследаванні (найперш этнаграфічныя атласы) не страцілі актуальнсці дасюль. Праўда, іх няма ў шырокім доступе ў інтэрнэце, ды і пра самога Кушнера ведаюць нямногія. Між тым звярнуць увагу на яго спадчыну гродзенскім навукоўцам было б варта. Тым больш, што на Беларусь ён неаднойчы звяртаў сваю увагу.


Знакамітыя вучоныя Гродна: браты Урублеўскія — навукоўцы і інжынеры, пра якіх сорамна не ведаць

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024