Цырымонія ўзнагароджання конкурса “Марка Падляшша” – добрая аказія пазнаёміцца з самым блізкім рэгіёнам Польшчы, яго лепшымі фірмамі і людзьмі, кажа маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі. Штогадовае спаборніцтва сярод вытворцаў тавараў, паслуг і мерапрыемстваў прайшло ў Беластоку ў канцы красавіка. Лаўрэаты “Маркі Падляшша” атрымаюць шырокую медыйную падтрымку. На думку маршалка, гэта самая важная падзея за год, бо яна вызначае, якія маркі прадставяць рэгіён у Польшчы і ва ўсім свеце.
Вядоўца Магдалена Міська-Яцковска з RMF FM называла пераможцаў “вар’ятамі, якія думаюць, што могуць змяніць свет і робяць гэта” і параўноўвала іх да Сціва Джобса, а маршалак Ляшчынскі радаваўся, што ў такіх “вар’ятах” на Падляшшы няма недахопу.

“Гэта яны ствараюць нашу марку ў Польшчы і свеце. Сёлетнія пераможцы яшчэ раз даказваюць, якім прыўкрасным месцам з’яўляецца Падляшша. Яно вабіць сваёй прыродай, але найвялікшы наш скарб – гэта людзі – таленавітыя і захопленыя сваёй справай. Гэта яны стаяць за нашымі поспехамі”, – адзначыў Ежы Ляшчынскі.
Для беларусаў і жыхароў Гродзеншчыны ў прыватнасці, інфармацыя пра перадавыя польскія тэхналогіі таксама будзе карыснай, мяркуе маршалак: “Мы падпісалі дамову аб супрацы і пашырылі магчымасці аднаго з пераходаў. Маю надзею, што гэта дасць магчымасць пашыраць і асабістыя кантакты, і гаспадарчую супольную дзейнасць”.
Пераможцы “Маркі Падляшша” вызначаліся па дзевяці намінацыях.
Лепшыя спажывецкія тавары – костныя імпланты, пакрытыя карбанатам крэмнія ад фірмы Medgal
Са словаў віцэ-прэзідэнта кампаніі Уршулі Бароўскай-Скаржыньскай, фірма працуе на падляшскім рынку медычных тавараў ужо 35 год і ўвесь час імкнецца развівацца.

Лепшыя харчовыя прадукты – Mlekovita
Фірма Mlekovita выпускае малочныя прадукты. Кіраўнік кампаніі Дарыюш Сапіньскі адзначыў, што фірма ўвесь час імкнецца быць сяброўскай да спажыўцоў і трымаць баланс паміж даступнымі коштамі і высокай якасцю. Паводле яго, узнагарода для фірмы Mlekovita гэта яшчэ і добрая ацэнка працы тых мясцовых фермераў, што пастаўляюць на вытворчасць малако.

Адкрыццё – штучнае вока для невідушчых “MATIA”
Ужо зараз гэту прыладу называюць “здольнай змяніць свет”. Аўтар прыстасавання, студэнт Петрос Псылос дзякаваў за ўзнагароду не толькі журы, але і сваім выкладчыкам. За час, што прайшоў ад падачы заяўкі да абвяшчэння вынікаў конкурса, удалося адкрыць фірму, дзе плануецца вытворчасць такіх прыстасаванняў на камерцыйнай аснове.

Інвестыцыі – кампанія Pronar
Прыз кампаніі Pronar, што будуе сельскагаспадарчую, камунальную ды іншую тэхніку, далі за пашырэнне заводаў у Нарэўцы і Семятычах і завяршэнне будаўніцтва завода ў Гайнаўцы. Старшыня Рады ўласнікаў фірмы Сяргей Мартынюк падкрэсліў, што такія інвестыцыі не робяцца за адзін год, а з’яўляюцца вынікам доўгай працы. За 29 гадоў, што існуе фірма, яе вытворчыя плошчы дасягнулі 21 гектара, а аб’ём цэхаў складае на сёння 2,6 млн кубічных метраў.

Падзея – Фестываль Блюзу ў Сувалках
Дырэктарка Сувальскага цэнтра культуры Бажэна Каміньска абяцала на ўзнагароджанні, што Сувалкаўскі блюз закруціць усё Падляшша, а прэзідэнт Сувалак Чэслаў Рэнкевіч нагадаў, што фестываль мае ўжо дзесяцігадовую гісторыю і запрашаў далучацца да імпрэзы.

Культура – Galeria Arsenał з Беластоку
Уручаючы ўзнагароду, прэзідэнт Беластока ўзгадаў словы Коко Шанэль, што мода – гэта тое, што сёння падаецца прыгожым, а назаўтра робіцца брыдкім. З творамі мастацтва атрымліваецца наадварот. Сёння яны падаюцца брыдкімі, а з цягам часу будуць лічыцца прыгожымі. Менавіта такімі рэчамі, на яго думку, апякуецца Galeria Arsenał, што месціцца, дарэчы, у будынкку былой электрастанцыі.

Грамадства – Анджэй Парафінюк, ганоровы консул Фінляндыі ў Беластоку
Яго ўзнагародзілі за акцыю “Прадпрымальнікі – дзецям”. Сваю ўзнагароду ён паабяцаў падзяліць з усімі намінантамі, што ўдзельнічалі ў спаборніцтве за “Марку Падляшша” ў гэтай катэгорыі.

Выбар спажыўцоў – Хатні хоспіс імя прарока Іллі
Апроч узнагародаў, што прысуджала журы конкурса, права аддаць голас за аднаго з намінантаў мелі і звычайныя людзі. “Выбар спажыўцоў” сярод 21 намінанта рабіла больш за 21 000 палякаў. У сёлетнім спаборніцтве яго атрымаў “Хатні хоспіс імя прарока Іллі”. Кіраўнік хоспіса Павел Грабоўскі распавёў, што ўстанова працуе ўжо пяты год і дапамагае сем’ям, у каторых нехта знаходзіцца на мяжы жыцця.

Ганаровы Амбасадар Падляшскага ваяводства і Падляшскай эканомікі
Гэта намінацыя апошняя па чарзе, але не па значэнні. Гэтым разам тытул атрымалі адразу тры асобы, што развіваюць на Падляшшы судабудоўлю і яхтавую індустрыю. Роберт Ханіша, дырэктар вытворчай кампаніі Ślepsk, Бенедыкт Казлоўскі – уладальнік прадпрыемства Balt-Yacht Sp.j. і Себасцьян Нетупскі – кіраўнік фірмы Kotniz.

“Галіна судабудоўлі і ўсё, што звязана з яхтамі, гэта пярліна ў кароне польскай прамысловасці. Відавочна, што гэта прадукцыя ствараецца, каб зрабіць жыццё больш прыемным. Мы вельмі ганарымся, што нашы яхты ходяць па ўсім свеце, а Падляшша ў галіне судабудоўлі з’яўляецца лідарам у Польшчы. Нашы яхты і маторныя лодкі да 9 метраў прызнаны другімі ў свеце і саступаюць толькі лодкам вытворчасці ЗША”, – распавёў Себасцьян Нетупскі.
Зубры, вышыванкі і пікселі

Эмблемай “Маркі Падляшша”, што ўпершыню прайшла ў 2003 годзе, стала пікселізаваная выява зубра. “Зубр звязаны з прыродай і традыцыямі, якімі мы ганарымся. Тое, што ён намаляваны квадратамі, як вышыванка ці камп’ютарныя пікселі, звязана з сучасным бачаннем традыцый, з новымі формамі і тэхналогіямі. Праз такую выяву мы хацелі паказаць, што захоўваем карані, але гэта не адзінае, што мае рэгіён. Падляшша жыве ў ХХІ стагоддзі і імкнецца наперад”, – патлумачыў пасля цырымоніі Павел Есса з Упраўлення па адукаццыі, спорту і турызму Падляшскага ваяводства.


