На беларуска-польскай мяжы з’явіўся новы від бізнесу. Прадпрымальныя беларусы за грошы прапануюць праехаць да шлагбаума без чаргі — яны падсаджваюць у машыны людзей з інваліднасцю або пасажыраў з дзецьмі да трох гадоў, якія маюць права на прыярытэтны праезд.

Гэтая паслуга карыстаецца попытам — чэргі на мяжы працягваюць біць рэкорды. Па дадзеных беларускага памежнага камітэта, на 12:00 19 жніўня ў электроннай чарзе на выезд у Польшчу стаялі 4620 легкавых аўтамабіляў і 157 аўтобусаў.

Вакол гэтай паслугі ўжо сфармаваўся цэлы рынак: пасрэднікі прапануюць свае паслугі, а людзі ў чатах дзеляцца цэнамі і досведам.

Hrodna.life паразмаўляў з гродзенкай, якая скарысталася такой паслугай, а таксама вывучыў прыгранічныя чаты: колькі гатовыя плаціць людзі за такія паслугі і наколькі яны запатрабаваныя.

«Зараз усё распісана, але пастараюцца дапамагчы»

Дар’я (імя зменена) зарэгістравалася ў электроннай чарзе яшчэ на мінулым тыдні. Яна планавала перасякаць мяжу звычайным чынам і без пасрэднікаў. Але, назіраючы за чаргой, зразумела — ёсць рызыка не паспець у Польшчу ў патрэбны час. Тады яна вырашыла скарыстацца паслугай з удзелам людзей з інваліднасцю і бацькоў з маленькімі дзецьмі. Дар’я кажа, што праблем з гэтым няма: падобныя прапановы можна лёгка знайсці ў спецыялізаваных чатах (праўда, нам так і не ўдалося адшукаць такія аб’явы). У яе выпадку ўсё было яшчэ прасцей.

— У мяне ёсць знаёмыя, якія раней перасякалі мяжу з дапамогай людзей з інваліднасцю. Мне далі кантакты такіх перавозчыкаў. Я патэлефанавала, расказала, калі мне трэба быць у Польшчы… Мне адказалі, што зараз усё занята, але паспрабуюць дапамагчы.

Суправаджаючага з прыярытэтам чалавека для Дар'і знайшлі ў той жа дзень. Гэта быў інвалід першай групы. Мужчына падсеў да іх у машыну на мяжы. Беларусы абмінулі чаргу і адразу пад’ехалі да шлагбаума. На перасячэнне мяжы спатрэбілася каля пяці гадзін.

— Інвалід выйшаў на мосце, а мы паехалі далей, — кажа гродзенка.

Чытайце таксама: Транспартная інспекцыя хоча забараніць падсадкі на мяжы

Колькі каштавала такое суправаджэнне, Дар’я не сказала. Дзяўчына ў якасці прыкладу прыводзіць сярэднія расцэнкі за такія паслугі і кажа, што яны залежаць ад колькасці машын у чарзе і «як дамовіцеся з пасрэднікам».

— Як правіла, цэны стартуюць ад 100 еўра. Але гэта калі машын у чарзе каля 1000. Калі больш — значыць, і цэны на паслугу растуць. Як правіла, прапарцыйна. Цяпер у чарзе больш за 4000 машын, таму тарыфы падняліся, вядома.

«Знаёмым зарадзілі 500 еўра»

Карыстальнікі прыгранічных чатаў актыўна абмяркоўваюць тое, што адбываецца.

«Па сутнасці гэта гандаль людзьмі. Гэтых інвалідаў падсаджвае банда. Інваліды за гэта атрымліваюць капейкі, я ўпэўненая. З вас бяруць 200−300 еўра, у залежнасці ад становішча на мяжы. Мне прапаноўвалі за 200, калі была чарга на два дні. Прычым яны абсалютна спакойна падыходзяць да машын, што пад’язджаюць на рэгістрацыю», — піша адна з удзельніц чата.

Аўтар паведамлення перакананая, што «ў гэтых хлопцаў добры дах», бо аб праблеме ведаюць, але ніхто не спяшаецца яе вырашыць.

«Калі палічыць прыбытак, то гэта больш за мільён еўра ў месяц цяпер», — робіць заключэнне карыстальніца.

«Чарга круціцца, лавэха муціцца», — жартуе ў адказ удзельнік чата. «Знаёмым зарадзілі 500 еўра», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

Праўда, аўтар паведамлення не ўдакладніў, за што менавіта. Бо, як тлумачаць у чатах, «прыгранічныя» прадпрымальнікі працуюць па дзвюх схемах.

«Ёсць тыя, хто інвалідаў падсаджвае. Ёсць тыя, хто з інвалідам таксуе, беручы па 100−200 еўра за перавоз праз мост».

У чалавека з прыярытэтам (то бок чалавека з інваліднасцю, які мае статус інваліда 1-й групы) візы можа і не быць. На беларускім баку ў яго не правяраюць падставы для перасячэння польскай мяжы. А да яе ён не даязджае. Выходзіць з машыны пасля беларускага кантролю на мосце і на папутках вяртаецца дадому.

«Учора праходзілі мяжу РБ-РП. У дворыку з боку РБ як у псіханеўралагічным дыспансеры, такой колькасці інвалідаў нідзе за раз не ўбачыш, многія з іх наогул не разумеюць, што адбываецца — іх водзяць за руку вушлыя мужычкі. Пасля моста, натуральна, ні аднаго інваліда няма», — дзеліцца ўражаннем ад мяжы яшчэ адзін карыстальнік.

Беларусы пішуць скаргі

Дарэчы, беларусы не толькі актыўна каментуюць тое, што адбываецца на мяжы, але і адпраўляюць скаргі ў кампетэнтныя органы. У сваіх зваротах яны прапануюць «абмежаваць ільготнікам праезд па прыярытэце адзін раз у месяц», а пры неабходнасці ездзіць часцей — у «індывідуальным парадку атрымліваць дазвол у пагранкамітэце». А з улікам таго, што ёсць электронная чарга — наогул адмяніць прыярытэтны праезд.

Адзін з карыстальнікаў, дарэчы, ужо атрымаў адказ на зварот.

«Ператэлефанавалі па звароце з памежнага камітэта. Сказалі, ведаюць праблему, працуюць, правяраць візы няма паўнамоцтваў. Працуюць паводле ўказу прэзідэнта. Параілі усе гэта ж напісаць у АБЭЗ, падатковую, міліцыю. Гэта іх прамы абавязак выяўляць „прыярытэтчыкаў“».

«Развярнулі моцік і бус з ільготнікам»

Скаргі ўсё ж, напэўна, падзейнічалі. Па паведамленнях некаторых карыстальнікаў у чатах стала вядома, што беларускія памежнікі сталі адпраўляць назад у Беларусь машыны, адкуль выходзілі людзі з інваліднасцю.

«Што ні кажы, але шквал скаргаў такі зрушыў сітуацыю з мёртвай кропкі. З аднаго боку пачалі ганяць, другія, мабыць, вырашылі пачаць працаваць крыху больш актыўна».

«Мы сёння пераступілі мост прыкладна ў 11. Памежнік размаўляў з дзяўчынай з дзіцем, якія стаялі на мосце».

«Развярнулі моцік і бус з ільготнікам»

Але некаторыя мяркуюць, што гэтыя меры часовыя. І такі «бізнес» будзе перыядычна з’яўляцца на мяжы.

«Так, здымаць неяк трэба і выкладваць, а то сёння іх прыціснулі трохі, заўтра ўсё ўляжацца і зноў павыпаўзаюць гэтыя „таляны“ і яжмамкі з інвалідамі».