Спадчына

Святы Мікалай і стогадовыя балерыны. Да Калядаў і Новага года Януш Паруліс зладзіў выставу ёлачных цацак

Шкляныя парашуцікі і грыбочкі 40-х гадоў, «блатныя» гэдээраўскія шарыкі з малюнкамі, царкія балярыны з ваты і савецкі медны дожджык з адходаў стружкі. Усе гэтыя дзіўныя цацкі можна пабачыць у абноўленай экспазіцыі музея гарадскога быту. Навагодне-калядная калекцыя Януша Паруліса налічвае каля 700 ёлачных цацак і больш за 1000 паштовак. Самыя старыя экзэмпляры маюць каля 150 гадоў.

Зоркі і парашуты — на елках пачатку 40-х

«Тут цацкі савецкія, з чырвонымі зоркамі, недзе з пачатку саракавых. І шкляны парашут з тых часоў. Даволі рэдка такія сустрэнеш зараз. У мяне іх цэлая скрынка. Чые? А не памятаю ўжо. Тут і цёткі мае жылі, і дзядзькі, што ад іх пазаставалася, што людзі прынеслі», — Януш пачынае расповед пра ёлачныя ўпрыгожванні ў першым пакойчыку музея.

«Цацак многа. Мо 500, мо 700 штук. Што вось на елачцы, што ў скрынках, у куфрах. Не ўсё падаставаў, бо месца мала. І не пералічваў. Пачнеш даставаць-лічыць, то і паб’еш нешта, пашкадуеш потым».

Прыкметай паваеннана часу былі і ватныя яблычкі, што вешалі на елкі замест сапраўдных. «Сады за вайну пасеклі на дровы. У лес хадзіць было забаронена, то палілі ў печы яблынямі. Пасля вайны яблык у горадзе было не знайсці».

Вяршыня мараў - цацкі з ГДР

Наступныя цацкі, на каторыя звяртае ўвагу гаспадар, з 50 — 60-х гадоў. «У іх шкло іншае, яны цяжкія. Такія на вулічных елках вешалі разам з папяровымі гірляндамі».

Зорачкі-сняжынкі і грыбочкі - трохі пазнейшыя, 70-х гадоў мінулага стагоддзя, мяркуе Януш. Пра пачатак 80-х нагадвае дожджык з адходаў меднай стружкі і вінілавая кружэлка з навагодняй казкай.

«А гэта цацкі з ГДР. Скрынка спецыяльная, „З новым годам“ напісана. Мара, праўда? Такія толькі па блату можна было дастаць», — адкрывае Януш вечка яшчэ адной пажоўклай скрынкі. На пытанне, адкуль жа блат, толькі смяецца: маўляў, я ж тут старажыл, усе вакол свае, праз тое і блат.

Зоркі балета і Батлеема — з пазамінулага стагоддзя

«А глядзі, што яшчэ цікавае ёсць», — як фокуснік зайца з капялюша, Януш дастае са скрынкі ад цукерак сапраўдныя цуды — стогадовых лялек, зробленых з ваты.

Незважаючы на ўзрост, балярыны па-ранейшаму элегантна б’юць ножкаю і круцяць фуэтэ, пакуль Януш трымае іх за нітачкі. «Падазраю, што гэта цацкі яшчэ царскага часу. Таксама як і прышчэпкі для свечак на ёлку». Да таго ж перыяду адносіць Януш і папяровых анёлкаў разам з батлеемскімі зоркамі.

«А гэта табе як? Абалдзенная красата. Шэдэўры ў мяне тут, панімаеш»,

— падымае Януш вечка яшчэ адной скрынкі. — Не хачу кранаць рукамі, каб не пашкодзіць. Старыя вельмі карцінкі. Тут анёлкі і святы Мікалай. Пэўна, больш за сотню год маюць".

-А чаму не Дзед Мароз?

-Бо не было тады ніякага Дзеда Мароза. Яго Саветы прыдумалі. А на той час быў толькі Святы Мікалай.

Паштовак у калекцыі таксама шмат, больш за тысячу. Сярод іх — каля сотні беларускамоўных, што за савецкім часам было не вельмі распаўсюджанай з’явай.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025