Каралеўскія паркі і ахоўныя пасадкі. Топ-7 незнакамітых месцаў Гродна, дзе можна шпацыраваць летам 2023

На шпацыр можна пайсці ў парк Жылібера, Каложскі або Румлёва — але вы там ужо былі. Гродна хавае і менш вядомыя месцы для шпацыраў, вартыя ўвагі. Сем невідавочных маршрутаў для шпацыру на лета-2023 сабраў канал Urban Hrodna .

Зялёная рука парка Панямунь

Насупраць вядомага лесапарка Румлёва ляжыць сядзібна-паркавы комплекс Панямунь. Ад яго засталася капліца, пераробленая пад гаражы з майстэрняй, і палац на беразе, часткова перароблены ў кватэры. Дабрацца туды можна ад Белуша па вуліцы Панямуньскай і пасля Прагулачнай. На карце парк Панямунь выглядае як зялёная лапа нейкай істоты ці рука, працягнутая ад ракі ўглыб гарада.

Леваваруч ад палаца да Нёмана спускаецца яр са сцежкамі паміж высокіх пагоркаў. На схілах растуць грабы. На тэрыторыі былой сядзібы захаваліся старыя ліпы.

Дарога праз Панямунь. Фота: Irea_foto

З супрацьлеглага берага бачна, што сам палац быццам лунае над вадой. З боку Нёмана пад ім праглядаюцца абрысы тэрасаў. У час росквіту палаца тут былі каралеўскія аранжарэі, цяпер жа — агароды. Пейзажны парк заклалі ўжо пасля смерці Панятоўскага. Прагулачны шлях працягваўся з парку праз яр з падвесным драўляным мостам, па алеі ў дуброву. Рассечаны схіл тэрасы з плыўнымі спускамі і ярападобнымі паніжэннямі пакрыты гожымі дрэвамі. Зараз планіроўка старога парку бачная з цяжкасцю. Дуброва не захавалася.

Палац. Замест аранжарэй — агароды. Фота: Irea_foto
Капліца. Фота: Irea_foto

Гістарычны парк займае 30,7 га. Гэта самая вялікая тэрыторыя з тых, што прапануюць добраўпарадкаваць у першую чаргу паводле схемы азелянённых тэрыторый. Адна са сцежак зараз называецца «Сцежка здароўя імя В.В.Тарасенка».

Побач з паркам у найбліжэйшыя гады плануюць збудаваць новы мікрараён. З боку парка і былой каралеўскай рэзідэнцыі дамы будуць са зменшанай колькасцю паверхаў.

Батанічны сад Аграрнага і старыя ліпы

Ці ведалі вы, што ў Гродне ёсць яшчэ адзін міні батанічны сад, акрамя таго, што ў Жылібера? Ён месціцца каля Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта на вул. Церашковай.

Універсітэцкі дэндрарый заклалі ў 1960-х гг. Яго планавалі засадзіць ажно да вул. Ліможа, але перашкодзіў новы мікрараён. Зараз агульная калекцыя дрэў і кустоў універсітэта, размешчаная на плошчы 5,2 га, налічвае каля 90 відаў. Тут і мясцовая флора, і расліны з іншых кантынентаў, напрыклад, паўночнаамерыканскія дуб чырвоны, клён серабрысты, сумах пухнаты. Растуць тут і чаромха, кітайская яблыня, розныя гатункі бэзу, бружмель, кізільнік, лох серабрысты, ірга ды шмат іншага. Некаторыя віды сустракаюцца на тэрыторыі вобласці літаральна ў адзінкавых асобніках — хвоя Паласа, елка звычайная змеепадобная.

Дэндрарый аграрнага ўніверсітэта. Фота: Яндэкс.Карты
Дэндрарый аграрнага ўніверсітэта. Фота: Алена Тарашчык, google.maps

Кафедра раслінаводства і замежных моў універсітэта наогул месціцца ў былой сядзібе Станіславова, летняй рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Яе акружае Станіславоўскі парк, закладзены ў 1760−1770 гг. па праекце італьянскага архітэктара Дж. Сака. Ён ствараўся ў стылі позняга барока і меў трохпромневае размяшчэнне асноўных алей.

Рэшткі старога парка. Фота: «Вечерний Гродно»

Ад сядзібнага парка засталося 1,5 га. Алеі часткова захаваліся, а старыя ліпы добра хаваюць ад летняй спёкі. Праўда, не хапае лавачак. Цікаўныя на верхняй частцы будынка сядзібы з боку парку знойдуць каралеўскі вензель.

А ў скверы перад галоўным уваходам у сядзібу-кафедру — ужо іншая эпоха. Там ўсталяваны помнік Івану Мічурыну, а вакол растуць яблыні выведзеных ім гатункаў. Сядзібная брама вывядзе на вуліцу Ціміразева.

Мічурын у скверы. Фота: Dzianis Sheka, google.maps
Від ад брамы. Фота: «Вечерний Гродно»

За галоўным корпусам універсітэта хаваецца яшчэ адзін сюрпрыз — драўляная скульптура.

Безназоўны сквер на Леванабярэжнай

Гэты сквер размешчаны ў цэнтры проста насупраць гродзенскіх замкаў, але нават не мае назвы. Патрапіць у яго можна з вуліцы Леванабярэжная.

Агулам сквер займае каля 2 га. Конкурс на назву для яго абвяшчалі летам 2021 года ў сувязі з тым, што вясной гродзенскія прадпрымальнікі заклалі там… сквер: пасадзілі на яго тэрыторыи маладыя дрэўцы. Прапановы павінны былі быць звязаныя з бізнесам і прадпрымальніцтвам. Ці выбралі нешта, невядома. На картах месца застаецца без назвы.

Сквер на Леванабярэжнай. Фота: banifacyj (Сяргей Марозаў)

Тут ёсць дарожкі, лавачкі, у тым ліку ўздоўж берага Нёмана, невялічкі мосцік, басейн для збору дажджавой вады і сістэма каскадаў ад яго да ракі. Калі ў Нёмане было дастаткова вады, там спыняўся цеплаход «Вольга Соламава».

Ёсць нават магчымасць займацца спортам. Фота: Яўгеній Філімонаў, Facebook

Да 2019 каля яго стаяла дзве баржы, якія сустракалі шыльдай «Галера». Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х на там праводзілі дыскатэкі. Зараз адзіная баржа пустуе, затое каля яе любяць збірацца рыбакі.

Баржа некалькі гадоў таму. Зараз засталася толькі адкрытая частка. Фота: «Вечерний Гродно»

З 2019 г. сквер намагаюцца ажывіць, перасяліўшы сюды фудтракі. Прапаноўвалі ладзіць мерапрыемствы, перанесці пракат электракартаў і электраскутэраў. У 2021 г. права на арэнду пляцоўкі ў 171,5 кв.м у скверы выкупілі мінскія бізнесмены, арганізатары Vulitsa Ezha. Там мусілі з’явіцца нестацыянарныя аб’екты грамадскага харчавання. Але вясной 2022 пляцоўку зноў выставілі на аўкцыён. Пакуль там нічога не з’явілася.

Увесну і пасля дажджу сквер традыцыйна падтаплівае: набіраюць моц крыніцы, на якіх яго заклалі. Магчыма, калі-небудзь пры рэканструкцыі крыніцы ўлічаць і абыграюць у ландшафтным дызайне.

Неўтаймаваныя крыніцы. Фота: Яўгеній Філімонаў, Facebook

Парк каля Кургана Славы

Вялікі цяністы парк ля Кургана Славы не можа лічыцца паркам у поўным сэнсе гэтага слова, бо ўваходзіць у ахоўную зону прадпрыемства «Гродна Азот». Шпацыраваць там, канешне, можна, але ў лічбы забяспечанасці гродзенцаў зялёнымі тэрыторыямі ён не ўваходзіць. Па дакументах яго ўлічваюць як мемарыяльны комплекс або мемарыяльны парк.

Гэта не замінае дзецям гуляць каля выстаўленай там вайсковай тэхнікі. Да Дня Перамогі і іншых дзяржаўных святаў у парку ладзяць мерапрыемствы, пускаюць святочныя салюты.

У 2019 г. абмяркоўвалі ўладкаванне на кургане трох’яруснай лесвіцы і агляднай пляцоўкі.

Хоць плошча парка вялікая (амаль 24 га), лавачкі ёсць толькі на падыходзе да самога кургана і каля вайсковай тэхнікі за ім. Асабліва раім завітаць туды ў траўні, калі квітнеюць хмызы бэзу каля кургана. З плюсаў - лёгка даехаць грамадскім транспартам, ёсць паркоўка, а каб перакусіць ці наведаць прыбіральню, можна пайсці ў блізкую «Карону» на Касманаўтаў.

Перспектывы даліны Ласасянкі

Даліна ракі Ласасянкі - перспектыўнае месца для паркаў і зонаў адпачынку. У новым мікрараёне на Фолюшы яе збіраюцца добраўпарадкаваць для шпацыраў жыхароў. Але пакуль раён будуецца, а добраўпарадкаванне — толькі перспектыва, уздоўж ракі можна шпацыраваць рыбацкімі сцежкамі.

У канцы XVIII ст. Антоній Тызенгаўз заснаваў тут Кунштат (Künstätte) — так званы горад майстроў, прамысловы цэнтр з мануфактурамі. Гэта быў першы прыклад рэгулярнай урбаністычнай забудовы французскага ўзору на землях сучаснай Беларусі.

Руіны млына на Ласасянцы. Фота: Urban Hrodna

Пляцоўкі на водных парогах могуць стаць добрым месцам для фота. Насупраць Ласосна на беразе захаваліся руіны старога млына. Калі паставіць мэту, то можна знайсці на беразе і месца для пікніка.

Парогі на Ласасянцы

Сажалка і схаваны парк на Рэпіна

Невялічкі гістарычны сквер на вуліцы Рэпіна і адна з сажалак каля гімназіі № 4 засталіся ад сядзібы Аўгустова. Гэта была каралеўская паляўнічая рэзідэнцыя, збудаваная Антоніем Тызенгаўзам. З пабудоў захаваліся адноўлены будынак карчмы (дзіцячы цэнтр «Пунсовыя ветразі», зараз — цэнтр дапамогі «Вера») і капліца. Саму сядзібу падарвалі ў час Першай сусветнай. Ад парка больш засталася памяць пра яго, чым ён сам.

Сажалка на Рэпіна. Фота: NewGrodna.by

Парк быў створаны ў 1770 г. разам з рэзідэнцыяй паводле праекта Джузэпэ Сака ў формах барочнага класіцызму. Былая ўязная алея з некалькімі шэрагамі таполяў, клёнаў і каштанаў паабапал стала вуліцай Рэпіна. Дрэвы моцна пацярпелі ў Першую сусветную, апошнія спілавалі ў 2011 г. Некалькі сажалак былі прыродныя, але форму ім надавалі штучна. Апошняя сажалка — якая захавалася — заўжды была не гаспадарчай, а шпацыровай. Ля яе гродзенцы ладзілі пікнікі і ў міжваенны час.

Каля сажалкі на Рэпіна. Фота: NewGrodna.by

Пазней яна прыйшла ў заняпад і ледзь не высахла ў 2000-х гг. У 2019 на сажалцы распачалі працы для аднаўлення — уладкавалі гідраізаляцыю на дне, умацавалі берагі. Плошча возера зменшылася на траціну. Каля возера ёсць выкладзеныя пліткай сцежкі, альтанкі, лавачкі.

Былая карчма. Фота: цэнтр дапамогі «Вера»

Большая частка рэшткаў былога парку Станіслава Аўгуста Панятоўскага схаваная паміж вуліцамі Рэпіна і Індустрыяльнай. Яна знаходзіцца на вытворчай тэрыторыі і недаступная для наведванняў. У 2019 г. гродзенцы прасілі адкрыць парк для людзей, але гарадскія ўлады адмовілі.

Патаемны сквер на Савецкай

Яшчэ адзін невідавочны сквер ёсць у цэнтры, проста за вул. Савецкай і гістфакам на Кастрычніцкай. Калі за помнікам Сакалоўскаму павярнуць налева, можна трапіць у малады сквер сярод жылых дамоў. Тут уладкаваныя сцежкі, лавачкі з убудаванымі кветнікамі, высаджаныя дэкаратыўныя расліны.

Сюды перанеслі кампенсацыйныя пасадкі ў кошт знішчанай зялёнай зоны на Замкавай. На яе месцы адбудавалі так званы Дом рыбака. Новы сквер зусім невялічкі - 0,03 га. Мяркуючы па зарослай травой плітцы і нешматлюднасці, ён пакуль не стаў у гродзенцаў папулярным месцам — а дарма.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паскардзіўся на сілавікоў - атрымай тэрмін. Як у Беларусі караюць зa «ілжывыя паказанні» (і не толькі «палітычных»)

Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не "палітычных" затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі…

2 снежня 2024

«Гродзенскі адвэнт-каляндар» ад Hrodna.life: 24 рэчы, ідэі і заданні на снежань 2024

Пачаўся адвэнт - традыцыйны час чакання Калядаў. У апошнія гады ўсё больш моднымі робяцца адвэнт-календары.…

1 снежня 2024

«Важатыя казалі, каб дачка пазваніла мамам». Квір-эмігранты — пра пераезд у Польшчу, касцёл і гамафобію

Квір-персоны з'язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не…

27 лістапада 2024

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць

У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…

26 лістапада 2024

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024