З 23 лютага ў Гродне адкрыўся чарговы кантактны заапарк — «Папугайня». Гэта месца, дзе жыве 100 папугаяў. Птушкі перамяшчаюцца па памяшканні, іх можна карміць, гладзіць, фатаграфаваць. Мы запыталіся ў арнітолагаў і зааабаронцаў, ці нармальна адчуваюць сябе там птушкі і ці можна іх так утрымліваць.

— Зарабляць грошы падобным чынам на птушках падаецца не надта прыгожа ў адносінах да іх, — кажа гродзенскі арнітолаг Зміцер Вінчэўскі. — Папугаі - адны з самых разумных птушак, таму стрэсам будзе не толькі колькасць незнаёмых ім людзей, але нават і іншыя віды побач.

А вось перакарміць птушак немагчыма, бо ў іх іншы метабалізм. Калі корму ў іх больш, чым трэба, то яны могуць яго проста захаваць на будучыню.

Нормы памяшканняў не прапісаны

У «Папугайні» на 40 кв.м жыве 100 папугаяў. Арнітолаг Сяргей Шакала кажа, што ў суседніх Польшчы і Прыбалтыцы больш за 10 такіх «папугайняў». І папугаяў там больш, чым у гродзенскім аналагу. У Беларусі на заканадаўчым узроўні не прапісана, якія плошчы павінны быць у птушак пры групавым утрыманні. Ёсць пастанаўленне № 16 ад 27.02.2007, дзе ўказаны нормы памяшканняў для ўтрымання, але не для калектыўнага.


100 экзотических птиц в одном месте: в Гродно открывается «Попугайня»


Галоўнае, кажа спецыяліст, своечасова адсочваць здароўе птушак. Пры такой колькасці верагоднасць захворванняў і інфекцый узрастае. А ўтрымліваць дробныя віды папугаяў у групах нават лепш, чым індывідуальна ў клетках. Яны лятаюць групамі, і гэта добра.

Сяргей толькі раіць лепш арганізаваць наяўнасць палак і галінак. «Трэба разумна ўладкаваныя або абстаўленыя месцы, дзе птушкі могуць сядзець. Не хоча птушка мець зносіны з чалавекам — яна павінна дыстанцыявацца і сесці на зручную галінку».

Дзецям застаецца толькі бачыць жывёл у камп’ютары ці тэлевізары

— Што тычыцца этычнага боку пытання, я больш станоўча гляджу, чым адмоўна. Па ўтрыманні экзатычных і дзікіх жывёл Беларусь сярод краін СНД на самым апошнім месцы. Заканадаўчы план рэзка рэгламентуе магчымасць ўтрымання птушак і жывёл, — кажа Сяргей.

Нядаўна вынесены на разгляд праект пастановы аб закрыцці кантактных заапаркаў.

— Ён абгрунтаваны тым, што хтосьці кагосьці ўкусіў. Вядома, гэта нядобра. І ў гэтым плане трэба спачатку прапісаць, якія жывёлы з’яўляюцца аб’ектамі кантактных заапаркаў, перш чым забараняць. Калі ўсё забараняць, то дзецям застаецца толькі бачыць жывёл у камп’ютары ці тэлевізары, — каментуе Сяргей. — Не думаю, што птушкі-імпрынты могуць нанесці шкоду дзецям ці дарослым. Укусаў ад коткі ці сабакі больш. А так нічога дрэннага не бачу. Павінна быць нешта, што прыцягвае і радуе дзяцей і дарослых. Не толькі заапаркі. Калі чысціня, парадак, заўсёды ёсць корм, вада — якія праблемы?

“Папугаі могуць пакутаваць ад дэпрэсіі або не знайсці сабе пару”. Арнітолагі і зааабаронцы пра гродзенскую “Папугайню”
Сяргей Шакала, фота з сацсетак
Гродзенцы лічаць, што «Папугайня» стане канкурэнтам заапарку і людзі перастануць туды хадзіць. Але там таксама ёсць кантактная пляцоўка, якая працуе ў цёплы сезон. Там можна пазнаёміцца з дробнымі грызунамі і невялікімі і бяспечнымі для чалавека жывёламі.

Папугаі могуць пакутаваць ад дэпрэсіі і не знайсці сабе пару

Яна Каралёва з зааабарончай арганізацыі «Адчыненыя клеткі» кажа, што ўзнікненне падобных устаноў, якія працуюць па тыпу кантактнага заапарка, ужо нясе ў сабе навязаную ідэю аб тым, што чалавек можа абыходзіцца з істотамі ў прыродзе, як з рэчамі. А скажонае паняцце беражлівых адносін да прыроды гібельна для нашай будучыні.


Пяцізоркавая гасцініца ці пакуты? У Гродне адчыніўся кантактны заапарк: разбіраем за і супраць


— Часцей за ўсё ў кантактныя заапаркі ходзяць сем'і з маленькімі дзецьмі 3−7 гадоў. А якраз у гэтым узросце закладваюцца асновы адносін да навакольнага свету. Калі дзіця з дзяцінства вучыць, што можна ўтрымліваць жывых істота супраць іх волі дзеля забавы, то яно не навучыцца паважаць прыроду. А ў будучыні, маючы больш магчымасцяў, цалкам можа стаць тым, хто пабудуе чарговы хімзавод, які будзе наносіць шкоду экалогіі. Ці, калі закладваць у яго свядомасць думкі пра тое, што прырода мае патрэбу ў абароне, стане заснавальнікам якога-небудзь карыснага экалагічнага праекта, — кажа Яна.

“Папугаі могуць пакутаваць ад дэпрэсіі або не знайсці сабе пару”. Арнітолагі і зааабаронцы пра гродзенскую “Папугайню”
Яна Каралёва, «Адчыненыя клеткі»
Таксама яна кажа, што птушка, будучы носьбітам, можа заразіць чалавека небяспечным захворваннем — сальманелёзам, туберкулёзам, арызанозам і хламідыёзам. З боку птушак таксама ёсць праблемы. Напрыклад, папулярныя віды папугаяў жывуць 10−40 гадоў. З узростам афарбоўка птушак робіцца больш бляклай, што не будзе прыцягваць наведвальнікаў. А магчыма, стане прычынай пазбавіцца ад птушкі.

Па-другое, пастаянны стрэс ад зносін з людзьмі, празмернасць ежы, сухое паветра і яркае святло дрэнна ўплываюць на здароўе птушак. У папугаяў у няволі нават можа развіцца дэпрэсія, як у чалавека. Па-трэцяе, папугаі складаныя, разумныя стварэнні. Ім складана ствараць пары, маючы абмежаваны выбар. І абмежаваная тэрыторыя ў закрытым памяшканні не задаволіць патрэбу птушак у палётах, якія яны здзяйсняюць кожны дзень.

Яна лічыць, што калі ёсць жаданне паглядзець на дзікіх жывёл, то лепш за ўсё глядзець на іх у іх натуральным асяроддзі пражывання.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]