З абавязковых прадуктаў для сняданку 18 красавіка патрэбныя гарбуз, кукурузная мука, яйкі, ёгурт, бананы, замарожаныя ягады і гародніна для салаты. Выдаткаваць на прыгатаванне не больш за паўгадзіны атрымаецца, калі адразу аптымізаваць чарговасць прыгатавання. Кніга, з якой рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік рэкамендуе правесці дэгустацыю сняданку і наступны тыдзень — «Мая школа» ад настаўніцы і пісьменніцы Ганны Севярынец.
Сняданак папасуе тым, хто прытрымліваецца безглютэнавай дыеты. Таксама тут няма дададзенага цукру і солі.
Прыдумаць сняданак — гэта амаль як прыдумаць школу, падумала я, пачынаючы чытаць кнігу Ганны Севярынец. Аўтарка піша — спачатку трэба прыдумаць дырэктара, бо любая школа з яго пачынаецца і ім сканчаецца. «Я б прыдумала не дырэктара, а дырэктарку. І напрыклад, яе б звалі Соф’я. А тады б я прыдумала для яе і школу. Маёй Соф'і лепш за ўсё падыдзе школа ў невялікім мястэчку — няхай яно завецца Чарэпіты».
Для сняданку перш за ўсё трэба прадумаць чарговасць гатавання, каб нідзе не губляць часу.
Найперш чысцім гарбуз ад скуркі і семачак, рэжам на кавалачкі і ставім на агонь.
Пакуль гарбуз варыцца, робім смузі. У мяне будзе сняданак на дваіх і смузі з розных ягад. Адзін — малінавы, другі - смуродзінавы.
Прадукты для смузі (на 1 порцыю)
1 банан, парэзаны кавалачкамі
100 г замарожаных ягад
100 г грецкага ёгурту
Пачатак канца сняданку гатовы. А гераіню кнігі дырэктарка ўжо ўзяла на працу: «Клас вам не даю, няма чаго галаву дурыць, бярыце рускі ў дзясятым, адзінаццатым „А“ і для душы — пяты. Астатняе даб’ем факультатывамі. Урокаў вядзіце колькі хочаце, а больш вам нічога i не трэба.»
«Адкуль яна здагадалася тады, што я акрамя ўрокаў нічога ў школьных справах не цямлю, — таямніца», — прызнаецца гераіня. А я ўслед за ёй прызнаюся — я мала што разумею ў складанні рэцэптаў. Затое ўмею сачыць за часам. Гарбуз ужо гатовы. Трэба зліць ваду і даць яму астыць. А мы пакуль прыгатуем салату. З ім усё проста — жменя зеляніны, гародніна, сыр, арэхі і алей. Такія салаты выкладваю адразу на талеркі.
Самае складанае — узважыць ці хаця б на вока ацаніць, колькі чаго трэба ўзяць.
Пра той жа «боль» піша Ганна: «Яшчэ бяроза не пачала жаўцець, яшчэ толькі заўтра прыйдзе Ілля і накідае ў ваду гнілля, а ўжо, бывае, скаланаешся, як атрымаеш ў вайберы паведамленне ад завуча: „Запыт абласнога ўпраўлення: колькі стабальнікаў вы падрыхтуеце ў гэтым годзе? Адказ тэрмінова ды вечара. дзякуй за разуменне“. Няма за што дзякаваць, дзе ж яно, тое разуменне: як гэта я магу спрагназаваць стабальнікаў? Але ж гэта дурная справа прагназавання для нас звыклая: ці гэта не я кожны верасень пішу прагназаваных пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд на пяць гадоў наперад?»
Але я пастараюся і напішу рэцэпт панкейков.
Прадукты для гарбузовых панкейкаў
Вараны гарбуз — 400 г
Кукурузная мука — 1 шклянка
Яйкі - 2 шт.
Грэцкі ёгурт — 1 пакунак (230 г)
Сода або пякарскі парашок — палова чайнай лыжкі
Аліўкавы алей для смажання — 1−2 ст. л.
Грэцкія арэхі - 1−2 ст. л.
А ў кнізе ў Ганны закружвается сюжэт — завуч Агурцова ўпарта праводзіць лінейкі і зборы, астранаміцу дзеці клічуць «Зоркай Венерай», фізрук водзіць усіх у паходы, а выпускнікі «маладыя тыгры» усім «даюць джазу».
Спойлерыць далей кнігу не буду. Можна за сняданкам і да абеду спакойна пачытаць.
Ганна піша ў прадмове, што гэта не ўспаміны, не настаўніцкі дзённік і нават не блог у Facebook. Гэта — мастацкі твор з усімі адпаведнымі атрыбутамі. У першую чаргу — з мастацкай выдумкай. Мне вельмі сымпатычны такі падыход. Да гатавання сняданкаў я таксама стаўлюся з мастацкай выдумкай. І вы паспрабуйце. І «Маю школу» абавязкова пачытайце.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…