Здароўе і спорт

Пачатак футбольнага сезону: эксперты пра шанцы «Нёмана» падчас пандэміі

З 19 сакавіка, нягледзячы на пандэмію каранавіруса, у Беларусі стартуе чэмпіянат краіны па футболе. Напярэдадні першага тура мы пагутарылі з гродзенскімі футбольнымі экспертамі і даведаліся іх меркаванні пра стан «Нёмана» на пачатку чэмпіянату і пра шанцы каманды ў новым сезоне.

Спачатку факты

Ужо некалькі гадоў запар «Нёман» праводзіць падрыхтоўку да сезону ў Гродне. Як кажа кіраўніцтва горада, для каманды тут створаны ўсе ўмовы. У міжсезонні гродзенцы правялі 13 кантрольных матчаў, сустракаліся як з прадстаўнікамі Вышэйшай лігі Беларусі, так і наймацнейшага дывізіёна Літвы. У таварыскіх матчах было здабыта 5 перамог, у шасці матчах каманды разышліся мірам і дзве сустрэчы завяршыліся на карысць супернікаў.

За час міжсезоння «Нёман» пакінуў шэраг гульцоў. Сярод іх лідар Гульжыгіт Алыкулаў, на яго продажы ў «Кайрат» жоўта-зялёныя добра зарабілі. Таксама стан гродзенцаў пакінулі: Жуніор Атэменг, Алег Еўдакімаў, Пол Ролан Бебей, Міхаіл Бабічаў, Арцём Канцавы, Максім Лукашэвіч і Альварада Марын.

З «Нёманам» заключылі працоўныя пагадненні тры новыя нападнікі: серб Зоран Марушыч, беларус Дзмітрый Іваноў і ўкраінец Уладзімір Коваль. У паўабарону трэнерскі штаб падпісаў беларуса Рамана Пасевіча, кыргызстанца Эміра Шыгайбаева і армяніна Гегама Кадымяна. Абарону ўзмацнілі расійскім гульцом Андрэем Васільевым і Ягорам Хвалько, які вярнуўся ў Гродна з «Дняпро».

У першым туры чэмпіянату «Нёман» сустрэнецца з «Іслаччу» у Мінску 21 сакавіка.

Цяпер меркаванні

Павел Кулік, прадстаўнік Клуба заўзятараў футбольнага «Нёмана»

— Як і перад мінулым сезонам, ад гарадзенскага «Нёмана» у надыходзячым чэмпіянаце краіны я нічога асаблівага не чакаю. Прынцыпова не змянілася кадравая палітыка, фінансавыя ўмовы засталіся прыкладна на ўзроўні мінулага года. Наш клуб па многіх паказчыках вельмі адстае ад прызнанных лідараў - БАТЭ, мінскага «Дынама», салігорскага «Шахцёра», а таксама і ад кароткачасовага чэмпіёна краіны з Брэста. У той жа час сур’ёзных праблемаў у «Нёмана» таксама няма.

Невядома ці змогуць усе 16 клубаў дагуляць гэты сезон да канца. Тут я перш за ўсё маю на ўвазе гэтак званыя «цукровыя» клубы, якім зараз прыйдзецца вельмі цяжка. Таму ўсё зноў ідзе да таго, што гарадзенскі «Нёман» зойме сваё месца ў сярэдзіне табліцы.

Гуляць матчы падчас пандэміі каранавіруса лічу баязлівасцю чыноўнікаў федэрацыі футбола: тыя людзі не могуць прыняць рашэнне самастойна, не ўзгадніўшы яго самі ведаеце з кім. На дадзены момант толькі Беларусь і Турцыя не прыпынілі свае ўнунтраныя турніры. Калі вызваліўся час гульні зборных, першы тур чэмпіянату варта было б згуляць калі-небудзь у рэзервовы дзень, а потым глядзець, як будзе развівацца сітуацыя ў свеце. Нездарма ўвесь свет зачыняе межы і ўводзіць карантын. Не можа быць, каб у Беларусі ў гэты час усё было б так бяспечна.

Раман Алешка, спартыўны аглядальнік блога s13.ru

— Беларусь адзіная абрала нелагічную бяздзейнасць па барацьбе з пандэміяй, таму рашэнне пачаць Чэмпіянат Беларусі выклікала толькі яхідную ўсмешку. А паколькі матчы збіраюць каля 1500−2000 чалавек, то пасадзіць усіх гледачоў па стадыёне на адлегласці 2 метры адзін ад аднаго будзе нескладана.

Што тычыцца чаканняў ад каманды і сезону, то тут усё відавочна. Пазмагаемся ў сярэдзіне табліцы. Склад каманды пра гэта кажа. Светлая пляма — гэта тое, што клуб збольшага навучыўся прадаваць футбалістаў і звярнуў увагу на ўласных дублёраў і выпускнікоў школы. Хачу пажадаць камандзе абысціся без эпідэміі траўмаў, якая пераследуе «Нёман» ужо 3 гады.

Сяргей Гаўрыцкі, спартыўны аглядальнік і карэспандэнт БЕЛТА

— Разважаць правільна ці не, што пачынаюць сезон у такі час, не бяруся. Для прыняцця рашэнняў ёсць кампетэнтныя людзі, а час пакажа, хто меў рацыю. Але ў цэлым у нашым футболе, на жаль, на некаторых матчах і каранцін не патрэбны. Бо гледачоў там мізэр. Таму ад сезону чакаю аднаго: каб ён быў цікавым, захапляльным і вярнуў гледачоў на трыбуны. Усё гэта ў руках, то бок нагах, нашых футбалістаў.

Ці стаў «Нёман» мацней, пакажуць толькі гульні. Вядома, я хачу, каб менавіта наша каманда ў гэтым сезоне была, калі не заканадаўцам моды, то адным з галоўных пастаўшчыкоў інтрыгі, цікавасці, прыгожых галоў і перамог.

Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік «Вечернего Гродно»

— Нічога страшнага не здарылася б, калі б пачатак чэмпіянату перанеслі, а потым, напрыклад, летам, каляндар зрабілі шчыльней. А то як у нас лета, так футбола няма. Увесь свет гуляе па два матчы ў тыдзень і нічога.

З іншага боку стадыён у нас вялікі, а прыхільнікаў ходзіць мала. Пры жаданні ўсіх можна пасадзіць на адлегласць двух метраў адзін ад аднаго — месца хопіць усім.

Шчыра кажучы, у цяперашнім міжсезонні спецыяльна не наведваў таварыскія матчы «Нёмана», каб «нагуляць апетыт» і зірнуць на каманду ў афіцыйных матчах. Сачыў за навінамі і падпісаннямі. Хочацца ўбачыць новых гродзенскіх зорачак, можа гэты сезон стане прарыўным для кагосьці з нашай моладзі. А легіянеры? Яны прыходзяць і сыходзяць.

Барацьбы за медалі не чакаю. Мне хочацца, каб каманда паказвала шчыры футбол, дзеля якога заўзятары прыходзілі б на трыбуны. Не атрымліваецца перамагаць — гуляйце да апошняга, каб гледачам за вас не было сорамна. Змагайцеся да канца, заўзятары гэта ацэняць, нават калі матч завершыцца не на нашу карысць.

Вітаўт Руднік, заўзятар са стажам, аўтар кніг пра футбол

— Не чакаю ад гэтага сезона істотнага паляпшэння вынікаў «Нёмана». Каманда згубіла свайго самага крэатыўнага гульца (маю на ўвазе Алыкулава) і будзе па-ранейшаму мець клопаты з арганізацыяй атакі. Марушыч і іншыя гульцы атакі, якія далучыліся да каманды гэтай зімой, не выглядаюць пакуль тымі «джокерамі», за кошт якіх можна будзе забіваць пераможныя галы. Брамнікі і абаронцы «Нёмана» досыць добрага класу, але за кошт адной абароны высока ў турнірнай табліцы не ўздымешся.

Прагназую, што каманда зможа ўзняцца на 2−3 прыступкі вышэй у параўнанні з мінулагоднім 10-м месцам, але гэта здарыцца не за кошт узмацнення ўласнай гульні, а за кошт таго, што слабей будуць выглядаць традыцыйныя сераднякі-супернікі - «Мінск», «Слуцк», «Тарпеда-Жодзіна».

У сувязі з пандэміяй я б адклаў старт чэмпіянату краіны як мінімум да сярэдзіны красавіка, каб не рызыкаваць здароўем футбалістаў і гледачоў. Гледачы, дарэчы, і самі не пойдуць зараз напоўпамі на стадыёны і камандам, калі чэмпіянат стартуе ў запланаваныя тэрміны, давядзецца гуляць пры амаль пустых трыбунах. Не ведаю, каму патрэбны такі футбол і чаму мы нават у такой сітуацыі імкнемся выглядаць разумнейшымі за футбольныя і цывільныя ўлады іншых краін, якія прыспынілі свае чэмпіянату альбо адклалі іх старт. У сувязі з пераносам Еўра-2020 можна спакойна згуляць перанесеныя з вясны туры чэмпіянату летам, калі, спадзяюся, пандэмія пачне адступаць.

Дзмітрый Бандарчук, грамадскі дзеяч, прадстаўнік Клуба заўзятараў

— Якія чаканні могуць быць ад такой стабільнасці? АБФФ не рэагуе на тое, што адбываецца з чэмпіянатамі суседзяў і Еўра 2020.

У нас тое ж кіраўніцтва клуба, той жа трэнер, той жа ўзровень гульцоў, прынцыпова новага спонсара няма. Будзем рэалістамі - пазмагаемся за 6−8 месцы. У мінулым годзе былі размовы аб прызавым месцы — а на справе нічога не мянялася. Так што застаецца толькі верыць у каманду, гатовую пазмагацца за гонар Гродна.

Уладзімір Кульбіцкі, анлайн-аглядальнік «Прессбола»

— Пачатак футбольнага свята ў 2020 годзе крыху азмрочаны распаўсюджваннем каранавіруса. Таму ўвага грамадскасці рассейваецца на некалькі франтоў, і маючыя адбыцца футбольныя перыпетыі сыходзяць на другі план. Маё меркаванне, зыходзячы з таго, што я бачу ў рэальнасці - падстаў не праводзіць чэмпіянат на дадзены момант проста няма. Правесці пачатак без гледачоў - было б разумным рашэннем. Астатняе, што тычыцца віруса, пакінем на сумленні лекараў і чыноўнікаў.

Датычна чэмпіянату, напэўна паўтаруся, але галоўная інтрыга асабіста для мяне — наколькі вялікі запас трываласці пакінуў БАТЭ ў спадчыну Анатоль Капскі. Я думаю, што вялікі. Асаблівым пунктам вядома ідзе падрыхтоўка да сезону роднай гродзенскай каманды. На вялікі жаль, асаблівых, не кажу нават чэмпіёнскіх, медальных ілюзій, я не чакаю. «Нёман» ператварыўся, або яго ператварылі, у закаранелага серадняка. Прычым стыль гульні каманды ў хатніх матчах відавочна не спрыяе прыцягненню гледачоў на стадыён. За невядомым раней шматлікім «Энергетыкам» да канца сезону на трыбунах сачылі з куды большай цікавасцю.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024