37-гадовы галандскі выкладчык Марцін Геўзендам з Ратэрдама скарыстаўся бязвізавым рэжымам і ў жніўні прыехаў пазнаёміцца з Гродзенскім рэгіёнам. Пра свае прыгоды ён расказаў Hrodna.life.
Упершыню Марцін пабываў у Беларусі ў 2007 годзе. Тады па візе ён наведаў Мінск і Баранавічы. У 2019 годзе ён даведаўся, што Беларусь стала больш адкрытай для турыстаў і вырашыў вярнуцца.
«Прыехаць сюды мне параіў мой знаёмы з Германіі. Сказаў, што можна зрабіць гэта без візы. Я ўзяў два тыдні адпачынку, падрыхтаваў усе дакументы і паехаў на цягніку да Беластока. А адтуль на ровары да Гродна».
Марцін спецыяльна ўзяў з сабой ровар, каб праехацца па некалькіх месцах Гродзеншчыны, а таксама пазнаёміцца з большай колькасцю людзей. Акрамя Гродна Марцін пабываў у Скідзелі і ў ваколіцах Аўгустоўскага канала.
«У першы дзень я знаёміўся з Гродна. Прыгожы горад з мноствам касцёлаў і прыгожых будынкаў, але без канкрэтнай праграмы ў гэтым горадзе больш за 2−3 дні няма чаго рабіць. Патрэбен гід. Можа ў Гродне і вельмі добрыя музеі, але замежныя турысты там не ўсё зразумеюць. Мне лягчэй, я ведаю некалькі моў, але калі прыедуць іншыя турысты з Галандыі ці Францыі, то яны нічога не зразумеюць.
Таксама ў Гродне мне спадабаліся людзі і беларускі панадворак у цэнтры горада [вул. Кірава, 3 — дзе знаходзяцца рэдакцыя Hrodna.life, «Цэнтр гарадскога жыцця», магазіны «Адметнасць» і «Цудоўня"]. У турысцка-інфармацыйным цэнтры мне пра гэта не расказалі, але толькі ў гэтым месцы я ўбачыў нешта беларускае.
Агулам мне спадабаўся Гродна, але ёсць і свае нюансы — хапае яшчэ перажыткаў камуністычнага мінулага: плошчы, вуліцы і помнікі. Краіна быццам хоча быць Беларуссю, але пакуль я бачу сумесь культур. Прыкметныя адгалоскі Польшчы і Расіі, а вось свайго беларускага вельмі мала".
На наступны дзень пасля свайго прыезду Марцін вырашыў з’ездзіць у Скідзель і ўбачыць там сапраўдную Беларусь. Дабіраўся ён туды цягніком.
«Я хацеў убачыць глыбінку і абраў Скідзель. Не памыліўся. У гэтым горадзе ўбачыў шмат цікавых людзей, якія працавалі на агародах, а хтосьці з іх піў гарэлку. Некаторыя стаялі на вакзале і чакалі цягніка ў Мінск або ў Гродна. Калі людзі даведваліся, што я з Галандыі, то падыходзілі і пыталіся, што я тут раблю. Заўсёды прапаноўвалі сваю дапамогу. Прыемна».
Адкрытасць і гасціннасць беларусаў Марцін адчуў на тэрыторыі Аўгустоўскага канала.
«Калі ехаў да канала, я спыніўся ў нейкай вёсачцы і сустрэў там моцна п’янага мужчыну, які падказаў мне дарогу. У выніку я апынуўся ў памежнай зоне і мяне спыніў малады памежнік. Ён запатрабаваў дакументы. Калі шчыра, то я думаю, ён нават і не ведаў, што са мной рабіць — ці легальна я тут знаходжуся, ці не. У выніку пачаў тэлефанаваць свайму шэфу, а таксама глядзець нешта ў інтэрнэце. Пакуль мы чакалі званка, хлопец вырашыў расказаць крыху пра сябе — сказаў, што марыць жыць у Аўстраліі. Прыемная размова атрымалася.
Праз 30 хвілін яму ператэлефанаваў шэф і перадаў, што ўсе з дакументамі ў мяне ў парадку і магу ехаць далей. Развіталіся і я паехаў далей. Праехаў усяго 4 кіламетры і зноў сустракаю памежнікаў ужо на машыне, так званым «бохане». Былі тры салдаты, ужо старэйшыя. І зноў я за дакументы, а яны сказалі, што ўсё нармальна і запрасілі піць віскі [рэд. — хутчэй за ўсё, Марцін сустрэў паляўнічых у камуфляжнай вопратцы]. Пілі мы за сяброўства народаў, у тым ліку Галандыі і Беларусі, за каханне і за беларускіх афіцэраў. А потым гэтыя хлопцы запрасілі мяне пастраляць качак. Я адмовіўся і паехаў на Аўгустоўскі канал. Але дзякуючы такім сустрэчам я сустрэў сапраўдных і добрых беларусаў".
Чарговы паездкай у Беларусі Марцін застаўся задаволены, далей ён трымае шлях у Літву, а адтуль на цягніку адправіцца ў Галандыю.
«У гэтай паездцы я для сябе адкрыў Беларусь з іншага боку. Рады, што ўзяў з сабой ровар, на ім мне ўдалося наведаць многія месцы. Я люблю ездзіць на веласіпедзе, у нас у Галандыі для двухколавага транспарту створаны ўсе ўмовы, у Гродне ж веласіпедыстаў пусцілі на тратуары, што стварае праблемы. Ёсць непрыемныя моманты з бардзюрамі, у некаторых месцах яны ледзь не па паўметра. Але гэта ўсё можна выправіць.
Што тычыцца коштаў, то ў Беларусі для мяне яны прымальныя, але з гутарак з мясцовымі я зразумеў, што для іх усё дорага. За 5 дзён знаходжання ў Гродзенскім рэгіёне я пакінуў усяго каля 200 еўра. Я разумею, што гэта вельмі мала, але мне хапіла. Дадому вязу кнігу — канстытуцыю Беларусі на англійскай мове, дыскі з музыкай, гадзіннік «Луч», ну і фатаграфіі. Галоўнае, што прывязу я ў Галандыю — гэта сваю гісторыю".
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…