Выступ Паліны Рэспублікі, што прайшоў 26 сакавіка, стаў першай музычнай імпрэзай новай творчай пляцоўкі горада — «Свабоднай студыі». Са словаў адной з арганізатарак праекта, Алесі Юцкевіч, амаль год працы спатрэбіўся, каб «зрабіць з фабрыкі [памяшкання пальчаткавай фабрыкі „Акцэнт“ — рэд.] тэатральную залу». Выступ Паліны Рэспублікі - першая музычная імпрэза, што адкрывае тут канцэртную дзейнасць. Больш за гадзіну Паліна спявала і распавядала аб сваім жыцці, зменах у творчасці і тым, што дарыць натхненне.

Image00001

«Я таксама «людзь»

«Час змяняе людзей, а я таксама — «людзь» і не выключэнне з гэтай гісторыі. Таму ёсць і змены ў творчасці - уплываюць і знешнія, і ўласныя жыццёвыя абставіны. Тое, што я стала маці, таксама мяне змяніла. Бо з’явілася зусім іншая адказнасць і іншы погляд на многія рэчы», — распавяла Паліна.

youtu.be/BtKZuwvJRco

У пошуках «феерверкаў»

Са словаў спявачкі, на пачатку музычнай кар’еры, у 18 год, усё, што адбывалася, падавалася суцэльным феерверкам. «Я не думала ні пра што і для мяне галоўнай была гэта эмоцыя. А потым гэта адчуванне страцілася. Я яго чакала, потым шукала, пасля спявала, каб зразумець, якім чынам артыст стварае феерверкі».

Image00018

Зараз, адзначыла Паліна, «я знаходзуся ў творчым падарожжы, шукаю свой гук, сваё гучанне — знешняе, тэкставае, і проста ўнутранае. Гэта той перыяд, калі важней не вынік, а працэс, і тое што ён робіць унутры».

«Каб не расчароўвацца, не трэба зачароўвацца»

Image00005

Адносіны з публікай, на думку Паліны, гэта сітуацыя, дзе артыст не мусіць мець ніякіх чаканняў. З тым, што слухачы б хацелі чуць больш знаёмых песень, што выконваліся раней, Паліна навучылася радзіць: «Я да гэтага падрыхтаваная і гатовая часам казаць „не“. У нас людзі рэдка ходзяць на канцэрты і калі ідуць, то хочуць дакладна ведаць што пачуюць і атрымаюць. Найперш, мусіш працаваць шчыра перад сабой і дакладна адказваць сабе на пытанне навошта ты гэта робіш і ці падабаецца гэта табе. Я ў творчасці рэалізоўваю сябе».

youtu.be/BQCDMEP9v-Y

Музыка — мова для ўсіх

Галоўным адкрыццём і пачуццём апошняга часу Паліна называе «адчуванне сябе музыкам свету»:

«Музыка — гэта мова, на якой размаўляюць усе — будзь ты француз, афрыканец, ці амерыканец. Апошнім часам я стала шмат слухаць, асэнсоўваючы што вялікія музыкі робяць. І гэта нагода паспрабаваць сябе».

Image00017

Раней, жартуе спявачка, было больш адчуванне «местачковасці». Зараз, хоць і без вялікіх амбіцый, яно змянілася на асэнсаванне прыналежнасці да ўсяго музычнага свету.

Image00019