Камуфляжныя штаны, кіцель, берцы, акуляры, каска і аўтамат. Усё. Ты гатовы. Бяжы-страляй. Сяргей Бяляеў з Гродна «бегае і страляе» ўжо тры гады. «З дзяцінства любіў гуляць у вайнушку. Потым трохі займаўся роўп-джампінгам. А як гэта надакучыла, шукаў штосці яшчэ «адрэналінавае». Страйкбол пабачыў на прасторах ютубу і загарэўся гульнёй. Пошук у сеціве вывеў на аматараў гульні з Гродна і ужо праз тыдзень ён пайшоў на першы бой.
«Ёсць каманды, што рэканструююць амуніцыю пэўных спецвойскаў, усё што можна бяруць арыгінальнае. То бок, калі ў цябе рэпліка бронекамізэлькі, то яна мае важыць як сапраўдная. І магазін у аўтамата не на 500 кулек, як звычайна ў гульні, а на 30, як у баявога. А ёсць такія, што не капіруюць, а проста апранаюцца падобна да вайскоўцаў. Гэта не рэканструкцыя, а чыста «вайнушка». Такіх называюць «пакемонамі». Ну вось я з каманды пакемонаў. Мы проста бегаем сабе ў задавальненне».
Галоўнае ў форме — каб яна была зручнай і дазваляла вольна рухацца. У абутку — каб даваў магчымасць бегаць па цэгле, шклу і лесе. Ну і, канечне, патрэбна зброя.
Свой першы аўтамат Сяргей набыў, адгуляўшы першы сезон. Зброю для страйкболу рэгістраваць не трэба, паводле дзеючых правіл яна і за зброю не лічыцца. Дульная энергія аўтамата не перавышае 3 Джоўляў. Каштаваць ён можа ад сотні да тысячы долараў, у залежнасці ад камплектацыі. Такая вось дарагая цацка з высокім узроўнем падабенства да сапраўднай зброі.
Звычайныя аўтамататы маюць магазін на 500 куль-шарыкаў. «Упакоўка мае вагу каля кілаграма і каштуе 10−15 долараў. Такога запасу звычайнаму байцу хопіць на некалькі гульняў. Кулямётчыкі, канечне, трацяць больш, могуць за дзень кілаграм расстраляць. А снайперу гэтага хопіць на цэлы сезон хопіць».
-Ёсць тры міфы пра страйкбол, што гэта гэта танны, бяспечны спорт
-І?
-І ўсё. Насамрэч, гэта не танная, часам траўманебяспечная і не зусім спартыўная гульня
Бяспека можа напаткаць у любы момант, бо гульні праходзяць то ў лясах, то ў старых казармах, то на закінутых палігонах. Трэба бегаць па лесвіцах, бітай цэгле, няроўнай зямлі. Можна і нагу падвярнуць, і ўпасці, і моцна абадрацца. Калі не трымацца правіл бяспекі, то траўмы цалкам магчымы. Што да зброі, то параніцца можна нават сталовым нажом ці зубачыстай. Так што трэба ва ўсім быць уважлівым.
Правядзенне гульняў на палігонах ці на тэрыторыі былых ваенных частак узгадняецца. У Гродне гульні часцей за ўсё праходзяць на Фолюшы ў закінутых казармах. Перад пачаткам усіх знаёмяць са сцэнарыем, праводзяць інструктаж, раздаюць рыштунак. Асноўныя віды гульняў - штурм будынка ці сустрэчны штурм. Дадатковыя заданні прадугледжваюць, што трэба яшчэ нешта ці некага знайці ці здабыць пэўны трафей.
«Бывае, што і адстаўнікі прыходзяць пагуляць, расказваюць пра тактычныя і стратэгічныя хітрасці. Але ў асноўным веды пра тое, як ваяваць у страйкболе — з фільмаў ці камп’ютарных гульняў. Хаця, канечне, там далёка не ўсё па-сапраўднаму. У прынцыпе, кожны сам мадэлюе гульню з уласнага вопыту і кемлівасці. У час, калі Counter Strike стаў кіберспортам, гэта не складана».
«Калі ў баі ў цябе трапляе куля, проста кажаш, што забіты і сыходзіш з поля „на мярцвяк“. Далей ужо паводле сцэнарыя. У некаторых гульнях можна праз пэўны час „ажыць“ і вярнуцца, у іншых — не».
Калі гульня ідзе з максімальнай капійнасцю, то могуць адыгрывацца і сітуацыі раненняў - патрапілі ў руку ці нагу — бінтуеш і далей параненай часткай цела не карыстаешся. Але звычайна паражэннем лічыцца любы факт пападання. Выключэнне — толькі калі патрапілі ў зброю. Тых жа, хто не прызнаецца, не надта любяць і паміж сабой абзываюць «маклаўдамі» ў гонар несмяротнага героя серыяла «Горац».
Часам прыходзяць пагуляць у страйкбол і тыя, што не збіраюцца заставацца ў гульні надоўга. Проста хочацца разок пабегаць. Ім можа здацца, што гульня ідзе «без сэнсу і літасці». Але гэта залежыць ад каманды. «Калі мы бяром навічка на гульню, то стараемся, каб ён не стаў лёгкай здабычай супернікам. Проста трэба слухаць гульцоў каманды і максімальна ўліваца ў сітуацыю. Тады можна прыгожа ўсё „застратэжыць“ і нават навічок адчуе сябе як Рэмба».
-А што атрымае пераможца?
-Ну як — што? Гонар і павагу!
«Гэта проста весела і шмат чаму вучыць — хуткасці рэакцыі, супрацы ў камандзе, прыняццю рашэнняў. Калі тэматычныя гульні праходзяць, па Другой сусветнай ці па „Сталкеру“, то трэба яшчэ і тэорыю пракачаць. Ды і ўвогуле, гэта добры спосаб пабавіць час. Вайнушка лепей, чым вайна».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…