Падвалам брыгіцкага касцёла ўжо амаль 400 гадоў. Стагоддзямі там хавалі манашак, але іх астанкі бясследна зніклі ў савецкія гады. Сёння ў сутарэннях храма знаходзіцца музей з унікальнымі для Гродна карцінамі і рэчамі. А яшчэ гэта месца стала пляцоўкай для сустрэч моладзі.
Каштоўныя рэчы з касцёла выратавалі сёстры-назарэцянкі
Музей у падвалах манастыра адкрылі ў 2008 годзе, тады экспазіцыя размяшчалася ў двух пакоях. Праз 10 гадоў экспанатаў у музеі прыкметна дадалося: нешта новае знайшлі ў сутарэннях, а нешта адрэстаўравалі і выставілі. Сёння музей займае ў два разы больш месца, чым пры адкрыцці. У асноўным экспазіцыя распавядае пра дзейнасць ордэна святой Брыгіты ў Гродне.
«У гэтых падвалах была пахавальня заснавальнікаў манастыра манашак-брыгітак, а сёння тут музей, у якім каля 200 экспанатаў, — распавядае настаяцель касцёла Антоні Грэмза. — Многія з іх цудам удалося захаваць дзякуючы сёстрам-назарэцянкам, якія былі апошнімі, хто жыў у манастыры. Калі ў савецкія гады касцёл зачынялі шматлікія каштоўныя рэчы манашкам удалося перавезці ў Бернардынскі касцёл. Назад усё вярнулі толькі ў 90-х. У самім жа касцёле знайшлі партрэты Весялоўскіх [сям'я, якая ахвяравала грошы на заснаванне кляштара — рэд.] і архівы».
[irp posts="93 557″ name="Гродненцы увидят восстановленые документы из архива Бригитского кастела и портреты его основателей"]
Падвалы выкарысталі максімальна
Сярод экспанатаў музея каля 200 карцін-ікон, якім па некалькі сотняў гадоў. Ёсць статут жыцця манашак-брыгітак, старадаўняя мэбля, розныя кнігі, друкаваная машынка і нават тэлефонны апарат міжваеннага перыяду.
«Карціны рэстаўруюцца дагэтуль. Пасля аднаўлення некаторыя з іх мы вывешваем ў касцёле, — дадае Антоні Грэмза. — Падвалы ў нас вялікія і мы пастараліся максімальна іх выкарыстаць. У адной частцы ў нас музей, у другой — займаецца моладзь. Магчыма, ёсць і працяг, але мы не знайшлі. Я неяк чуў, што мог быць ход пад вежу-званіцу, якая знаходзілася праз вуліцу. Але на сённяшні дзень мы нічога не знайшлі».
Музей адкрыты для ўсіх, галоўнае запіс
Сёння каб патрапіць у музей, трэба перш за ўсё звярнуцца да настаяцеля храма — ксяндза Антонія. Ён сам праводзіць экскурсію.
«У нас прыватная экспазіцыя і яна адкрыта для ўсіх жадаючых. Галоўная ўмова — папярэдні запіс. Сёння асноўныя нашы наведвальнікі гэта гараджане розных узростаў, турысты, а таксама групы школьнікаў, студэнтаў і групы ад прадпрыемстваў горада».
Даведка
Манашкі ордэна святой Брыгіты прыехалі ў Гродна ў 1636 годзе па запрашэнні гродзенскага роду Весялоўскіх, на ахвяраванні якога і быў узведзены манастыр. Сёстры-брыгіткі вялі затворніцкі лад жыцця, прысвячаючы час малітвам. У 1842 царскі ўрад канфіскаваў у ордэна большасць зямель, забараніў весці рамонт і прымаць новых кандыдатак. Манастыр стаў хутка разбурацца і да 1908 году ў ім дажывалі свае дні ўсяго дзве пустэльніцы.
Каб яго не закрылі, у Гродна даслалі манашак Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. У адрозненне ад брыгітак, гэтыя манашкі вядуць актыўнае грамадскае жыццё — займаюцца выхаваннем каталіцкіх сем’яў і моладзі, узяўшы за прыклад Святую Сям’ю з Назарэта. Менавіта дзякуючы сёстрам-назарэцянкамі і захаваліся карціны, іконы, прадметы побыту, якія можна сёння ўбачыць у музеі касцёла.