Спадчына

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся

Будынак сённяшняга кафэ «Веранда» доўгі час заставаўся таямніцай для гісторыкаў: невядома было, калі ж яго збудавалі і якая была пачатковая функцыя. Нядаўнія архіўныя знаходкі прынеслі сапраўдны сюрпрыз: аказваецца, гэты будынак — самы стары з захаваных на тэрыторыі краіны бровараў!

Раней жа лічылася, што збудаванне было палацам Радзівілаў 18 ст. на Падоле, паводле іншай інфармацыі - палацам Румеля 19 ст.

Працаваў нядоўга

Бровар быў пабудаваны ў другой палове 18 ст. на ўласныя сродкі літоўскага надворнага падскарбія Антонія Тызенгаўза. Аднак, хутчэй за ўсё, на поўную вытворчую магутнасць прадпрыемства так і не запрацавала.

Бровар Тызенгаўза на плане 1795 г.
У самым канцы 18 ст. будынак належаў райцу магістрата Лаўрыну Барысевічу і, паводле плана горада 1798 г., ужо не працаваў, паступова прыходзячы ў заняпад. У дакументах пач. 19 ст. трапляецца інфармацыя аб распродажы з будынка былога бровара дэмантаваных медных катлоў, трубаў і іншага тэхнічнага абсталявання.
Бровар на плане 1810 г.
У 1810 г. гарадскія ўлады разглядалі праект рэканструкцыі будынка пад казармы, а затым, у 1828 г. — пад гарадскі шпіталь. Але абодва праекты не былі рэалізаваныя.

1000 пудоў хлеба

У 1833 г. гаспадар будынка, граф Дзяконскі, прадаў будынак старэйшаму і малодшаму бургамістрам Гродна Адрыяну Харыну і Івану Казацкаму за 3825 руб. серабром. Яны набылі яго для далейшага перапродажу. Будынак тады быў у паўаварыйным стане і, па меркаванні губернскага архітэктара, мог з часам абрынуцца ў Нёман.

У тым жа годзе былы бровар набыў прадпрымальнік Якаў Румель. Без даху і перакрыццяў, маючы толькі чатыры сцяны, будынак быў прыстасаваны пад хлебапякарню. Унутры пад адкрытым небам знаходзілася 29 печаў. Тут штодзённа выпякалі да тысячы пудоў хлеба для салдатаў гродзенскага гарнізоннага батальёна.

Будынак былога бровара бачны на заднім плане за чыгуначным мостам. Фотаздымак 1860-х гг.
Упершыню будынак адлюстраваны на фотаздымку 1861 г. На ім бачна вялізны раскінуты ўздоўж берага Нёмана двухпавярховы цагляны аб’ём, які на той момант стаяў без даху ўжо амаль паўстагоддзя.

Запусценне і рэканструкцыя

Новае жыццё будынак атрымаў у 1890 г., калі ў ім было адчынена Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, дзе адначасова знаходзіліся сталярная і слясарная майстэрні.

Будынак былога бровара і Аляксандраўскага рамеснага вучылішча. Фотаздымак 1915−1916 гг.
У міжваенны час у будынку знаходзілася рамесніцкая школа «Polskiej Macierzy Szkolnej». Пасля Другой сусветнай вайны тут працавалі майстэрні.

2009 год

У часы незалежнай Беларусі былы бровар доўгі час знаходзіўся ў запусценні, пакуль некалькі год таму яго не выкупілі. Пасля рэканструкцыі ў будынку адчынілася кафэ «Веранда» і офісныя памяшканні.

Ад аўтара

На наш погляд, будынак з амаль 250-гадовай гісторыяй мае быць лепш даследаваны, а ўстановы, якія знаходзяцца ў ім, сваёй назвай павінны адсылацца да гісторыі будынка, да прыкладу тых, якія ўжываюцца ў дакументах 19 ст.: «бровар Тызенгаўза» або «старая піваварня».

Апошнія запісы

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025