Людзі і справы

«Падлеткі ўсё ведаюць пра сэкс. Час размаўляць пра адносіны». Аўтары кнігі «Граблі Сансары» тлумачаць, чаму да іх герояў першы сэкс прыходзіць раней за першае каханне

Творчы дуэт Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак піша кнігі для падлеткаў ужо 15 гадоў. За гэты час іх кнігі сталі дыпламантамі конкурса «Алые паруса» і лаўрэатамі конкурса «Книгуру», атрымалі кніжную прэмію «Алиса» і перамогу на фестывалі «Дар». Новая кніга аўтараў «Граблі Сансары» складаецца з дзвюх частак — «40,5 тыдняў» і «Кола Сансары». На пачатку сюжэта героі кнігі - школьнікі, якіх звязаў амаль выпадковы першы сэкс. Для Hrodna.life аўтары расказалі, чаму абралі такую тэму і як дапрацоўвалі сюжэт з дапамогай чытачоў.

«Калі бацькі падлеткаў лічаць, што ім рана ведаць пра цяжарнасць, я ўсміхаюся»

Назва першай часткі кнігі «40,5 тыдняў» будзе для падлеткаў зразумелай, лічыць Яўгенія Пастэрнак. «Мы просім тэставых чытачоў, каб яны казалі нам пра недакладнасці ў тэксце. Некалькі дзяўчынак 14−15 гадоў напісалі, што ў нас надта весела апісаны адчуванні пасля першага сэксу. Маўляў, так хутка не ўстанеш і дадому не пойдзеш. Так што, калі бацькі 14−15-гадовых дзяўчат лічаць, што ім яшчэ рана чытаць пра цяжарнасць, я стрымана ўсміхаюся».

А больш загадкавую назву другой часткі кнігі - «Кола Сансары» — аўтары тлумачаць непасрэдна ў тэксце.

У ранейшых кнігах аўтары пісалі пра першае каханне ў падлеткавым ўзросце. Вакол яго будаваўся сюжэт аповесці «52 лютага». У новай кнізе падзеі разгортваюцца вакол першай блізасці школьнікаў-падлеткаў. Аднак аўтары лічаць, што аповесць зусім не пра сэкс.

«Гэта калі падлеткаў потроліць хочацца, мы кажам, што пра першы сэкс. Няма там сэксу. Ёсць адна няўдалая спроба, дзе двое падлеткаў, нацкаваных сябрамі, спрабуюць ім заняцца, і ледзь не згараюць абодва ад сораму і збянтэжанасці. І потым два гады глядзець адзін аднаму ў вочы не могуць», — тлумачыць Яўгенія Пастэрнак.

Ды і расказваць падлеткам пра сэкс - справа няўдзячная. «Падлеткі зараз усе ведаюць. Я думаю, значна больш за дарослых».

Меркаваннем аўтараў, зараз важна казаць пра тое, што сэкс — гэта частка адносін. І што адносіны — першасныя.

«Вельмі важна пра пачуцці гаварыць. Гэта каханне ці не каханне? Ці закаханасць? Або цяга? Або проста хочацца стаць дарослым? Ці ўсе сябры «ўжо», а ты яшчэ як смаркач?

Важна казаць пра адказнасць. Што ад сэксу бываюць дзеці, яны сабе ўяўляюць, але, на жаль, дрэнна сабе ўяўляюць, як зрабіць, каб іх не было.

Таксама варта звярнуць іх увагу, што абмяркоўваць «што будзем рабіць, калі…» трэба да сэксу. Гэта, як мінімум, зберажэ ад расчараванняў і адразу расставіць ўсе кропкі над і".

«Там, дзе няма інфармавання пра кантрацэпцыю, падлеткавых цяжарнасцяў больш»

Што да выхавання цноты, то на думку аўтараў, ёй не спрыяе адсутнасць ведаў пра кантрацэпцыю.

«Там, дзе няма адэкватнага інфармавання падлеткаў пра кантрацэпцыю і лічыцца, што такім чынам выхоўваецца цнатлівасць, падлеткавых цяжарнасцяў больш. І смяротнасці ад падпольных абортаў таксама».

«Цнатлівасць — гэта правільна, — кажа Яўгенія Пастэрнак. Але яна мае быць свядомым выбарам. А выбар базуецца на поўнай інфармацыі аб тым, што будзе, калі яе страціць.

І ведаеце, я яшчэ ў глыбокім СССР, калі сама была падлеткам, чытала ў часопісе «Здароўе» артыкул пра падлеткавыя цяжарнасці. Ён пачынаўся словамі, што калі два чалавекі адзін аднаго любяць, то сэкс паміж імі - гэта нармальна. Тады гэта думка мяне здзівіла. Падалося, што гэта — страшнае блюзнерства. І я сабе ўяўляю, як тады напружыліся ўсе бацькі.

Але насамрэч, Каханне з вялікай літары «К» паміж падлеткамі сустракаецца не так часта. І расказваць ім трэба не пра сэкс, а пра тое, якое яно, гэта Каханне. Каб не разменьваліся. Каб шанавалі яго і не здраджвалі яму. Каб давяралі і давяраліся.

І пра тое, што Каханне нікому проста так навечна не дастаецца, яго трэба захоўваць, песціць і падтрымліваць. І часта гэта вельмі не проста".

«Падлетак паводзіць сябе як падлетак. Гэта непрыемна, але нармальна»

Чытаючы «Граблі сансары» міжволі ўзнікае думка, што кніжка напісана хутчэй для бацькоў падлеткаў, чым для цяперашніх школьнікаў. Бо часам дарослым героям там нестае дарослых паводзінаў. Аўтары з гэтым згодны.

«Тое, што ўсё больш інфантыльных дарослых — гэта праблема. Калі падлетак паводзіць сябе як падлетак, гэта непрыемна, але нармальна. А вось калі як падлетак сябе паводзіць саракагадовы чалавек, гэта бяда».

Што да чытачоў, то іх Яўгенія і Андрэй па ўзроставай прыкмеце не дзеляць. «Мы расказваем гісторыю, а чытачы самі разбяруцца, каму яе чытаць. Каму нудна, той пакіне».

«У «40,5 тыднях» ёсць шмат розных адносін, а вось кахання — няма. Бацькі Асі адзін аднаго не любяць. І бацькі Грышы. І падлеткам проста няма адкуль узяць мадэль адносін. Яны не могуць выскачыць за рамкі таго, што самі бачаць.

Працяг аповесці - «Кола Сансары» — ужо пра тое, што змяняецца ў жыцці, калі прыходзіць каханне. Яно можа выцягнуць людзей з самых складаных сітуацый".

«Усё прыдумана ад пачатку і да канца»

Сюжэт новай кнігі аўтары стварылі самі. Ніякіх рэальных пратапыпаў героі «Грабляў Сансары» не маюць: «Усё прыдумана ад пачатку і да канца. Але нам чытачы распавядаюць такія гісторыі, што мы разумеем — мы вельмі добрыя. У рэальным свеце ўсё нашмат больш жорстка».

Новыя творы Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак спачатку змяшчаюць у сваёй суполцы адной з сацсеткак. Усе ахвотныя могуць стаць тэставымі чытачамі і пазнаёміцца з творамі. Такіх чытачоў звычайна збіраецца некалькі соцен. Прыкладна траціна з іх — падлеткі.

«Бясплатна выкладваць кнігі не шкада. Мы тэставым чытачам яшчэ і прыплачваць павінны. Яны вельмі дапамагаюць, задаюць пытанні ў той момант, калі ўсё яшчэ можна выправіць, — тлумачыць Яўгенія. — А продажам гэта нават спрыяе. Кніга яшчэ не выйшла, а ў сеціве яе ўжо што моцы абмяркоўваюць».

Кніга «Граблі Сансары» выйдзе з друку ў маскоўскім выдавецтве «Время» ў канцы лістапада і будзе прэзентавана на літаратурнай ярмарцы Non/fiction. «Далей ад нас ужо нічога не залежыць. Прадавацца яна будзе для ўсіх ахвотных».

Самі аўтары лічаць, што кніга ўжо адбылася. «Мы атрымалі некалькі дзясяткаў водгукаў ад тэст-чытачоў. Іх зачапіла. Яны спрачаюцца з намі. Яны злуюцца і плачуць, распавядаюць гісторыі з уласнага жыцця. А мы — дапрацоўваем тэкст».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024