Спадчына

Горад Ларысы Геніюш, радзіма беларускіх немцаў і сядзіба, дзе гасцяваў Напалеон. 10 месцаў паміж Свіслаччу і Зэльвай — за 1 дзень

Трэцяе падарожжа Hrodna.life — гэта 10 вёсак і гарадоў з вядомымі і невядомымі цікавосткамі гісторыі. Выехаўшы з Гродна раніцай можна пабачыць велічныя сядзібы і паркі ў Падароску і Красках, драўлянае дойлідства ў Багудзенках, даўні бровар у Вердамічах і адзіную сінагогу з бутавага каменю ў Поразаве. Алея герояў, дзе Сталін суседнічае з Траўгутам і Каліноўскім, таксама ўваходзіць у гэты маршрут. Мы праехалі яго за 12 гадзін, каб на ўласныя вочы пабачыць, як #ЖывесабеБеларусь.

Пра першыя 4 пункты падарожжа мы напісалі ў першай частцы. У гэтым артыкуле — кропкі 5−10.

5. Харашэвічы: царква з падземным ходам у 10 кіламетраў

Гістарычная даведка. Царква Святой Ганны стаіць у полі паміж Харашэвічамі і Задваранамі. Яе пабудаваў на ўласныя сродкі памешчык Якім Булгарын ў 70-х гадах XVIII стагоддзя. Спачатку храм быў уніяцкім, а потым стаў праваслаўным. Царква перажыла тры пажары. Больш за ўсё разбурылася падчас апошняга, у 1972 годзе. У ходзе аднаўлення пасля пажару выявілі абрушаны стары тунэль пад зямлёй. Ён вёў да Лыскава і меў даўжыню каля 10 кіламетраў.

У храме знаходзіцца цудадзейны абраз святой Ганны з дачкой Марыяй на руках. Святую Ганну лічаць апякункай сем’яў, што не могуць займець дзяцей. Для іх штогод 7 жніўня тут ладзяць адмысловае набажэнства.

6. Краскі - замкнёная брама сядзібы і Паша-«кулібін», які можа ўсё (эксклюзіўная прыгода нашага падарожжа)

Гістарычная даведка. Сядзіба ў вёсцы Краскі ад 1796 года належала роду Сухадольскіх. У 1836 годзе яе набылі Булгарыны, а ў 1914 — Сегені. Гэта сям’я валодала маёнткам да 1939 года. Сядзіба складаецца са старога драўлянага тынкаванага будынка часоў Булгарына і каменнай прыбудаванай часткі, якую ў 1905 году дадалі Сегені. У савецкі час тут размяшчаўся санаторый для хворых на сухоты, а пазней — лячэбна-працоўны прафілакторый. Пасля развалу СССР будынак пуставаў і разбураўся. У 2009 годзе сядзібу купіў з аўкцыёна расійскі бізнесмэн Вадзім Селіх. Цяпер у будынку вядзецца рэканструкцыя і рэстаўрацыя. Доступ туды абмежаваны.

«Не пускаюць туды. Шкада. Хай бы людзі глядзелі», — спачувае нам мясцовы мінак.

На гэтым расповед пра трэцяе падарожжа Hrodna.life мог бы скончыцца. Мы выпадкова закрылі дзверы машыны, пакінуўшы ключы ўсярэдзіне. Інтэрнэт у Красках амаль не ловіць. Дазваніцца да горада — праблема. Так бы мы і стаялі да сканчэння батарэяў на тэлефонах. Нас чакала рамантычная ноч у Красках, пад закрытымі варотамі сядзібы, каля замкнёнай машыны. Але тут падыйшоў да нас мясцовы мужчына. Ад роспачы мы нават імя ў яго забыліся запытаць і між сабой пасля называлі яго Дзед. Паслухаўшы пра нашу бяду, ён сказаў: «Ёсць у нашай вёсцы адзін „кулібін“ - Паша. Калі хто вам дапаможа, то адно ён».

Праз некалькі хвілін вярнуліся ўжо ўдвох. Паша ацаніў сітуацыю, пастукаў нагой па колу і спакойна сказаў, што адкрыць нашу машыну — справа трох хвілін. Пашаптаў Дзеду, той пайшоў і вярнуўся з кавалкам вяроўкі. Яшчэ некалькі хвілін Пашавай варажбы над дзвярыма і - вуаля — машына адкрыта.

Праз слёзы радасці ад вызвалення мы пачалі распытваць героя — адкуль такое майстэрства.

«Я з 7-і гадоў раблю машыны, — адказаў проста Паша. — Мне было 8, як дзядзька купіў сабе Жыгулі тройку. Паехаў ён у суседнюю вёску да цесця, пасля прыйшоў да нас ды кажа: „Нешта стукае пярэдняя падвеска“. Пайшлі мы з ім, павярнулі жыгулі на бок і я разабраў увесь перад. Прыйшла цётка. Паглядзела і кажа: „То што, у Ваўкавыск заўтра не паедзем?“ Кажу — чаму? За гадзіну ўсё абратна сабраў».

Былі ў Пашы і гісторыі з дзвярыма, калі братава жонка таксама выпадкова закрыла ключы ў машыне, ды яшчэ шмат розных гісторый, пасля якіх ён пайшоў вучыцца і стаў аўтаслесарам ужо з дыпломам.

Мы ехалі далей і ўсю дарогу размаўлялі пра Пашаў талент. Уяўлялася, што ён мог бы стаць гангстарам-угоншчыкам у якім Чыкага, але стаў ратавальнікам для сваёй вёскі Краскі. Дзед казаў, што Пашу ў Красках усе ведаюць і звяртаюцца з самых розных нагодаў. На ўсе запыты ў Пашы -«кулібіна», насамрэч — Янкоўскага, ёсць рашэнні.

А ў нас, дзякуючы Пашу, ёсць працяг падарожжа.

7. Падароск: мястэчка, дзе нарадзіўся даследнік Вавілону і гасцяваў Напалеон Банапарт

Некалі Падароск быў знакамітым мястэчкам і меў магдэбургскае права. Тут у 1802 году нарадзіўся каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, філосаф, археолаг, першы даследнік старажытнага Вавілону і заснавальнік першай у Ліване вышэйшай навучальнай установы Максіміліян Станіслаў Рыла.

Гістарычная даведка. Траецкую царкву пабудавалі ў Падароску ў 1776 годзе на месцы старой драўлянай царквы 1634 года. Раней храм быў уніяцкім, потым праваслаўным, а ў 1925 годзе яго перадалі каталікам. Верагодна, менавіта тут ахрысцілі Масіміліяна Станіслава Рылу. У 1939 годзе касцёл зачынілі. Пасля вайны храм выкарыстоўвалі як збожжасховішча, а пазней як склад мінеральных угнаенняў. У 1990 годзе храм перадалі праваслаўным. А пад касцёл у 1993 годзе перабудавалі былы клуб пажарнай службы.

Гістарычная даведка. Сядзібу ў Падароску пабудаваў ў сярэдзіне XVI стагоддзя літоўскі магнат і дзеяч ВКЛ Мацвей Клачко. Ад таго часу маёнтак змяніў шмат гаспадароў. Ім валодалі Дольскія, Грабоўскія, Пухальскія, Чачоты і Бохвіцы. У ХІХ ст. Раман Бохвіц перабудаваў сядзібу ў стылі позняга класіцызму. Апошняга гаспадара сядзібы, Ота Бохвіца, у 1939 растралялі бальшавікі. За савецкім часам у сядзібе была кантора мясцовага калгаса. У 2012 годзе маёнтак набыў з аўкцыёна расійскі прадпрымальнік беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Цяпер у сядзібе вядзецца рэканструкцыя. Тут будзе музей беларускай шляхты і гатэль.

8. Ізабелін, дзе да гэтага часу жывуць беларускія немцы

У XVI стагоддзі вёска называлася Петуховічы ці Петухова. Новую назву ёй даў саксонец і ваявода ВКЛ Ян Флемінг. Ён уладарыў мястэчкам у другой палове XVIІІ стагоддзя і перайменаваў вёску ў Ізабелін у гонар дачкі Ізабэлы. Таксама ён запрасіў у мястэчка нямецкіх майстроў, каб развіваць прамысловасць. На пачатку XІX стагоддзя тут была ткацкая фабрыка, дзе яны працавалі.

Гістарычная даведка. Царкву Святога Міхаіла Арханёла ў Ізабеліне пабудавалі ўніяты ў канцы XVIII стагоддзя. У 1863 годзе ў званіцу ўдарыла маланка і храм сур’ёзна пацярпеў ад пажару. Пасля рамонту яго зрабілі праваслаўным. З тых часоў царква абнаўлялася ў 1924 годзе.

Гістарычная даведка. Першы касцёл у Ізабеліне пабудавалі ў XVII стагоддзі, калі мястэчка належала Сапегам, але ён да нашых дзён не захаваўся. Сучасны касцёл Святых Пятра і Паўла пабудаваў граф Грабоўскі ў 1778 годзе як кальвінскі збор. У 1935 годзе збор перадалі католікам. У савецкія часы ў касцёле зрабілі склад, а ў 80-х гадах мясцовыя атэісты падпалілі храм. 10 гадоў касцёл стаяў разбураным. У 1990-х гадах храм вярнулі вернікам і адрэстаўравалі.

9. Міжэрычы: сустракаюць ветракамі, развітваюцца — неаготыкай

Гістарычная даведка. Благавешчанскі касцёл у Міжэрычах. Першы драўляны касцёл у Міжэрычах пабудавалі ў 1622 годзе. У 1891 годзе яго зачынілі. У 1907 году пабудавалі новы неагатычны храм з цэглы. У гэты час на тутэйшых землях паўстала шмат храмаў у стылі неаготыкі. Нагодаю стаў указ цара аб рэлігійнай талерантнасці. Пасля 40 гадоў забароны католікі атрымалі шанец на свае храмы і скарысталі яго напоўніцу. У 1946 годзе храм зачынілі і зрабілі ў ім гандлёвую лаўку. Толькі ў 1989 годзе касцёл вярнулі вернікам і адбудавалі нанова. У касцёле захоўваецца абраз Маці Божай Міжэрыцкай, напісаны ў першай палове XVIII стагоддзя

10. Зэльва: горад Сапегаў і Ларысы Геніюш

Гістарычная даведка. У 1614 годзе за грошы Льва Сапегі ў Зэльве пабудавалі першы каменны храм, але ён не захаваўся. У 1743 годзе Антоні Сапега прафінансаваў будаўніцтва новага касцёла. У першай сусветнай ён быў разбураны. На гэтым месцы ў 1913 годзе ўзвялі касцёл Найсвяцейшага Сёмухі па праекце Юзэфа Піўса Дэконскага. У 1950 годзе з касцёла зрабілі краму, а ў 1960-х збожжасховішча. Вярнулі храм вернікам толькі ў 1989 годзе.

У 1815 годзе ў Зэльве на сродкі Сапегаў пабудавалі ўніяцкі храм на месцы старой праваслаўнай драўлянай царквы. У пачатку ХХ стагоддзя храм перабудавалі, і ў 1910 годзе перадалі праваслаўным.

Каля царквы Святой Жываначальнай Тройцы знаходзіцца арка, на якую падвешаны звон з 1888 года. Ён важыць 400 кілаграмаў.

Побач з Траецкай царквой пахавана беларуская паэтка і пісьменніца Ларыса Геніюш і яе муж. Зэльва была родным горадам яе мужа. Пара вярнулася сюды пасля папраўча-працоўных лагераў. Ўсе свае гады жыцця ў Зэльве Геніюш адмаўляліся прыняць грамадзянства СССР. Жыццё сям'і праходзіла пад наглядам КДБ.

Скульптуру каня на плошчы паставілі ў 2008 годзе. Гэта сімвал Зэльвы, бо тут ад 1720 года праходзілі штогадовыя кірмашы па продажы коней у гонар Святой Ганны. З 2001 года традыцыю аднавілі. Звычайна Ганненскі кірмаш праводзяць у Зэльве напрыканцы жніўня.

Зэльва — апошняя кропка ў трэцім падарожжы Hrodna.life. Засталося вярнуцца дадому и планаваць новыя маршруты па Гарадзеншчыне.

Чытай яшчэ:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024