У свае 37 гадоў паўночнаірландскі падарожнік Джоні Блэр наведаў больш за 150 краін. Для яго падарожжа — гэта не толькі знаёмства з новымі месцамі, але і пастаянная праца. Пра кожную паездку Джоні распавядае чытачам свайго блога. Гэтым разам прафесійны падарожнік з’ездзіў у Гродна, дзе правёў два дні разам са сваімі польскімі сябрамі.
Джоні ў Беларусі другі раз. Упершыню ён пабываў тут у 2007 годзе — тады ён быў у Мінску і Бабруйску. У Гродне ён знаёміўся з мясцовымі славутасцямі, а таксама з культурай піцейных устаноў.
«Ёсць дзве прычыны, чаму я прыехаў зноў у Беларусь. Па-першае, я проста люблю падарожнічаць, усюды. Зараз, жывучы ў Варшаве ўжо 1,5 гады, я магу спакойна трапіць у Літву, Латвію, Славакію і Нямеччыну. Я скарыстаўся блізкасцю Беларусі і вярнуўся праз 11 гадоў. Мне было важна паглядзець, як змянілася краіна.
Іншая прычына — я не люблю турыстычныя гарады, такія як Рым ці Стамбул. Сябры распавядаюць пра паездкі ў такія месцы, але мне там сумна, бо я аддаю перавагу іншаму віду турызма. Я люблю знаходзіцца ў такіх гарадах, дзе я практычна з’яўляюся адзіным турыстам сярод мноства мясцовых людзей, і дзе няма японцаў, якія фатаграфуюць усё на сваім шляху. Гэта як акунуцца ў іншую культуру".
Падарожнік ведаў, што ў Гродна можна трапіць па бязвізавым рэжыме. Але чамусьці ў пасольстве Беларусі ў Варшаве прапанавалі зрабіць візу. На думку Джоні, такія цяжкасці з візай іншы раз адштурхваюць турыстаў.
«Візу мне зрабілі на 4 дні. У пасольстве я пытаў пра візу на тыдзень, але мне сказалі, што я не магу зрабіць яе проста так — павінна быць на кожны дзень рэзервацыя ў гасцініцы. Сказалі, прасцей узяць візу на некалькі дзён. А каб патрапіць без візы ў Беларусь, трэба збіраць шмат дакументаў і распісваць увесь план. Для мяне гэта было нязручна. Магу сказаць, што трапіць у Беларусь складана».
Джоні кажа, што ў Гродне — даступныя цэны для турыстаў. Снедаў ён тут за 6−7 руб, а гэта вельмі танна ў параўнанні з роднай Паўночнай Ірландыяй.
«Мы з сябрамі наведвалі і мясцовыя бары. Былі ў „Піўным рэстаране“, „Несцерцы“ і бары „Лондан“. У Гродне добрая культура піцейных устаноў, нешта ёсць агульнае з Мінскам. Яшчэ ў Гродне мне спадабаліся людзі. Падчас святкавання Дня Узброеных сіл мы пайшлі парк, дзе было шмат цікавых пляцовак. Там адпачывалі людзi — спявалі і танчылі. Сам парад мы не засталі, але бачылі тэхніку ў цэнтры горада — яна прыцягвала дзятву. Такія выставы знаёмяць маладое пакаленне з ваеннай гісторыяй краіны — ідэя добрая».
Пасля вяртання дадому Джоні будзе пісаць артыкулы пра Гродна. Кампанія, на якую працуе падарожнік, ужо заплаціла яму за тры матэрыялы пра беларускі горад.
«Сайт на якім я публікуюся, чытае вельмі шмат людзей, каля 20 тысяч праглядаў у дзень. Гэта людзі з усяго свету. А мой асабісты блог чытаюць у асноўным людзі, якія любяць падарожнічаць у незвычайныя краіны. Яны не чытаюць мае матэрыялы пра Парыж і Рым, яны чытаюць пра Беларусь, Азербайджан, Афганістан і Паўночную Карэю. Мой сайт праглядае ў сярэднім 14 тысяч чалавек. Каб больш людзей даведалася пра мае паездкі, я заўсёды расшарваю свае матэрыялы па ўсіх сацыяльных сетках».
Многія пытаюцца ў Джоні, як яму ўдаецца так шмат падарожнічаць і дзе ён бярэ грошы на ўсе свае паездкі. Няўжо на артыкулах можна так зарабляць? Сёння ў падарожніка дзве асноўныя працы, якія дазваляюць яму ездзіць па свеце.
«Для пачатку — я пісьменнік і пішу пра свае падарожжы. Мае матэрыялы пастаянна публікуюць у інтэрнэце, але часам яшчэ іх друкуюць у часопісах, якія раздаюць у самалётах і на караблях. Гэтыя кампаніі плацяць мне ў амерыканскіх доларах. Гэта мая любімая праца. Але калі я жыву ў Варшаве, я выкладаю англійскую мову ў бізнесе і маркетынгу. Я дапамагаю палякам атрымаць больш высокі ўзровень мовы. Жыхары Польшчы добрыя ў англійскай мове, але я хачу даць ім веды ў сферы бізнесу. Так што пяць дзён на тыдзень я настаўнік, а сем дзён на тыдзень — пісьменнік.
Апошнія 1.5 года Джоні жыве ў цэнтральнай Еўропе, у Варшаве. Да гэтага хлопец жыў у Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.
«Я не толькі падарожнічаю, але і жыву ў найбольш цікавых краінах. Польшча выдатнае месца, каб там жыць. Там усё вельмі танна, а палякі прыязныя і гасцінныя. Перавага Польшчы яшчэ ў тым, што там адкрыта мноства напрамкаў у любыя кропкі свету. А я ў першую чаргу падарожнік і гэта для мяне важна.
За сваё жыццё я быў на розных кантынентах і амаль ва ўсіх краінах. Напрыклад, у Еўропе не быў толькі ў Албаніі. Хачу туды паехаць, але пакуль не атрымліваецца. Наступнае маё падарожжа — гэта вяртанне ў Афрыку. А мая мэта — наведаць усе краіны ў свеце. У некаторыя часам хочацца вярнуцца, але ёсць і такія дзяржавы, у якія мне хапае прыехаць усяго адзін раз і вяртацца не хочацца. Напрыклад, Гаяна.
У Беларусі цікава, таму я і вярнуўся. Жыць я тут не хачу, мне болей падабаецца быць тут у якасці турыста. Магчыма, калі-небудзь я яшчэ захачу тут жыць, можа сустрэчу дзяўчыну, якая прапануе мне застацца з ёй. Я не жанаты і ў мяне няма дзяўчыны, таму, хто ведае, што будзе далей. Але каб жыць у Беларусі важна ведаць і мясцовую мову".
Джоні адзначае, што за апошнія гады краіны з постсавецкай прасторы прагрэсуюць у веданні англійскай мовы. Гэта вялікі плюс для турыстаў, якія прыязджаюць. І Беларусь не выключэнне.
«Я добра ведаю толькі англійскую мову, але магу трохі гаварыць па-іспанску і па-французску. Зараз я пачынаю вучыць польскую. Мне хапае для падарожжаў англійскай мовы. Я быў у Іране, Карэі, Афрыцы — і людзі мяне разумеюць. Руская мова таксама выдатная, таму што ты можаш аб’ездзіць мноства краін, такіх як Казахстан, Таджыкістан і іншыя, дзе цябе будуць разумець».
У канцы размовы Джоні, як прафесійны падарожнік, дае некалькі саветаў Беларусі і ў прыватнасці Гродна, як можна прыцягнуць яшчэ больш турыстаў.
«Па-першае, вы павінны зрабіць так, каб Беларусь не блыталі з іншымі краінамі, такімі як Польшча, Украіна і Расія. Калі я прыехаў у Гродна, я бачыў шмат чырвона-зялёных сцягоў і гэта плюс. Вы павінны паказаць прыезджым, што вы асобная краіна са сваім менталітэтам і ўрадам, а не нейкая частка Расii. Вы павінны зрабіць нешта спецыфічнае, каб людзі з іншых краін вас запомнілі. У Беларусі ёсць шмат славутасцяў ЮНЭСКА і гэтым можна прыцягнуць турыстаў. І я думаю, у вас павінна быць лепшая арганізацыя турызму, асабліва ў такіх гарадах як Гродна. І абавязкова павінны быць даведнікі і буклеты на англійскай мове.
Цяпер практычна ўсе людзі сядзяць у сацыяльных сетках — Instagram, Facebook. Мая думка, што людзі павінны выкладаць больш фатаграфій у сацыяльныя сеткі. Напрыклад, я выкладаў фатаграфіі з Гродна гэтыя два дні і распавядаў людзям пра Беларусь і Гродна. I мне пісалі, пыталіся, дзе гэта і як атрымаць візу, колькі каштуе кава і ежа. Некаторыя хлопцы нават пыталіся, як там справы з дзяўчатамі. Калі б я выклаў здымак з мясцовымі дзяўчатамі, то многія б задумаліся, што ім варта прыехаць у Беларусь, таму што тут шмат прыгажунь.Калі вы спытаеце ў амерыканца, што ён ведае пра Беларусь, ён можа нешта пачытаць у Вікіпедыі, але больш інфармацыі цяпер людзі атрымліваюць з сацыяльных сетак. Таму, калі да вас прыязджаюць падарожнікі, як я, вы павінны заўсёды з імі размаўляць, бо яны раскажуць пра вашу краіну іншым. І гэта вельмі важна.
І яшчэ, усе турысты прыязджаюць выдаваць грошы. У гэтым і сэнс — турысты трацяцца на рэстараны і гатэлі. Таму ў гэтых устаноў павінны быць старонкі ў сацыяльных сетках з прыгожымі фатаграфіямі і прывабнымі тэкстамі. Калі так будзе, то да іх і прыедуць".
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…