За выключэннем бразільскіх футбалістаў, госці з гэтай краіны бываюць у Беларусі вельмі рэдка. Даніэль Алівейра стаў першым бразільцам, які наведаў Беларусь пасля нядаўняга адмену віз паміж краінамі. У пачатку снежня Даніэль пабываў у некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гродне.
Сустракалі бразільца ў Гродне тры студэнткі, якія вучацца на перакладчыкаў у ГрДУ. У іх паўднёваамерыканец гасцяваў тры дні. За гэты час Даніэль пазнаёміўся блiжэй з горадам, яго жыхарамі і мясцовымі піцейнымі ўстановамі.
«Маё першае падарожжа пачалося ў 2010 годзе, за гэты час я наведаў 58 краін. Цяперашняе падарожжа доўжыцца ўжо 1 год і 7 месяцаў. У гэта падарожжа пакуль увайшло 12 краін, дзе я займеў шмат новых сяброў. Навошта я падарожнічаю? Каб сустракацца з новымі людзьмі. Гэта найлепшая частка падарожжаў. Усе самыя яркія ўражанні ў мяне ад людзей», — распавядае хлопец.
Родам Даніэль са сталіцы — горада Бразiлiя. Вырас хлопец у забяспечанай сям'і, з дзяцінства прывык дапамагаць бедным і тым, хто жыве ў нястачы. Даніэль распавядае, што ў Бразіліі цяпер крызіс і моладзь вучыць мовы, каб з’язджаць на заробкі ў іншыя краіны, пераважна ў Еўропу.
Ён сам працаваў 2 гады ў Ірландыі, назапасіў грошай і адправіўся ў падарожжа. За час падарожжа ён аб’ездзіў многія краіны, пабываў валанцёрам у Іраку, Сірыi, Непале і iншых краiных. Жыллё ў сваіх падарожжах Даніэль шукае з дапамогай каўчсерфiнгу.
«У Беларусі мне спадабалася. За два тыдні, праведзеныя ў гэтай краіне, я паспеў наведаць Брэст, Баранавічы, Мінск, Ліду і Гродна. У Гродне я быў тры дні, а далей у планах у мяне Літва і Польшча. Таксама я планую ляцець дадому ў Бразілію, таму што хачу сустрэць Каляды і Новы год са сваёй сям’ёй і сябрамі».
Даніэль ужо ведае, што будзе распавядаць сябрам і знаёмым пра Беларусь. Больш за ўсё яму тут спадабаліся людзі і тое, як яны ставяцца да жыцця.
«Мне падабаецца развейваць стэрэатыпы. Раней я чуў, што ў Беларусі людзі вельмі скаваныя, вы не падарожнічаеце і не вывучаеце замежныя мовы. Я ўяўляў сабе Беларусь нейкай забытай савецкай краінай, але на самой справе ўсё абсалютна не так. Зараз я разумею, што Беларусь гэта сучасная краіна, з новай архітэктурай, перадавымі тэхналогіямі і прыгожымі ландшафтамі.
Але самае цікавае гэта людзі. Вы прыязныя, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Беларусы шмат падарожнічаюць і ведаюць мноства моў, вы адкрытыя ўсяму новаму. I гэта тое, дзеля чаго я падарожнічаю. Мне падабаецца Гродна, але, на жаль, я не паспеў убачыць вельмі шмат. Але я яшчэ вярнуся ў Беларусь, бо вельмі хачу наведаць фестываль піва ў Лідзе".
Бразілец адзначае, што піва ў Беларусі смачнае. Беларускую гарэлку ён таксама паспеў паспрабаваць — яму яна спадабалася. З ежы Даніэль адзначыў беларускія дранікі, асабліва тое, што кладуць усярэдзіну. Таксама ў Гродне хлопец пакаштаваў тварожны сырок, якіх раней ніколі не еў.
«Яшчэ трохі аб стэрэатыпах. Мяне часта пытаюцца ў падарожжы, ці люблю я футбол? Вы думаеце, што ў Бразіліі ўсе любяць футбол, а я чуў, што вы ў Беларусі п’еце гарэлку на сняданак. Але мы ўсе разумеем, што гэта няпраўда. Таму, не, я не люблю футбол. Мне падабаецца падарожнічаць і развейваць стэрэатыпы. Напрыклад, самая любімая краіна ў мяне — Расея, а горад — Уладзівасток. Я пражыў у гэтым горадзе два месяцы і вельмі ім прасякнуты. А па Расіі падарожнічаў паўгода. Чаму мне падабаецца Расія? Я не ведаю, проста мне там падабаецца. Я адчуваю сябе там як дома, бо ў бразільцаў і рускіх падобны стыль жыцця».
Распавядае Даніэль пра сваё падарожжа на фэйсбуку, а яшчэ піша кнігу пра паездку ў Непал. Бразілец быў там упершыню чатыры гады таму. Гэтая паездка пакінула вельмі шмат уражанняў.
«Я і мае сябры збіралі сродкі на будаўніцтва і рэканструкцыю дамоў. Потым самі ўсім гэтым і займаліся. Мая кніга будзе пра тое, што кожны можа быць валанцёрам. Кожны можа дапамагчы, незалежна ад статусу, колькасці грошай і талентаў. Галоўнае — гэта жаданне быць карысным. Многія людзі застаюцца адны, як сіроты і старыя, у іх няма ні родных, ні сяброў і адзінае, што ім трэба — гэта зносіны і ўвага. А гэта кожнаму пад сілу».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…