Заснавальніка анарха-панк-гурта Deviation Стаса Пачобута затрымлівалі яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі. Аднойчы чвэрць года ён правёў на «сутках». Гурт практычна не меў дазволеных канцэртаў. Стас расказаў Hrodna.life, як стаў «сікуном-рэцыдывістам», чаму ўз'яднанне Deviation магчыма толькі ў Беларусі, пра што будзе спяваць яго новы гурт і чаму ён не любіць гаварыць пра брата Анджэя Пачобута.
Стасу Пачобуту 48 год. Ён нарадзіўся ў Вялікай Бераставіцы Гродзенскай вобласці. У 16 год стварыў анарха-панк-гурт Deviation. Там граў і брат Стаса Анджэй, цяпер — палітзняволены журналіст. Гурт праіснаваў да 2009 года і выпусціў чатыры альбомы. У 2010 годзе Пачобут з’ехаў у Пецярбург. У 2015 выдаў сольны альбом «ТуняяДЗец».
Мы размаўляем са Стасам пасля яго выступу на дні нараджэння варшаўскага сквота Syrena. Стас выступае першым з акустычнай праграмай. Збіраецца каля 30 чалавек, збольшага — беларусы. Яшчэ не будзе падлеткаў у правакацыйнай адкрытай вопратцы, якія прыйшлі на мясцовыя гурты. Стас размаўляе з гледачамі па-польску, спявае — па-беларуску. Выконвае сольныя песні і песні Deviation. Пакуль мы пасля канцэрту ідзем у больш ціхае месца, Стас прапануе перайсці на «ты».
Як ты сябе па стане на 2024 год пазіцыянуеш, ідэнтыфікуеш?
Прыблізна так сама, як у 1994. Я — анархіст. Нічога не змянілася ў гэтым плане.
Можа быць, яшчэ нейкія ролі? Музыкант, бацька? Беларус?
Ну вось, ты сказала «бацька» — ну так, адчуваю ў некаторых моментах, калі спілкуюсь са сваімі дзецьмі. Але збольшага я заўжды адчуваю сябе чалавекам з анархісцкімі поглядамі.
Што для цябе гэта значыць?
Ну, анархізм — гэта цывілізацыйная пазіцыя. Гэта тое, што чалавеку не патрэбна дзяржава, і яна яго толькі абмяжоўвае, што людзі без дзяржавы могуць жыць нармальна і існаваць нармальна. А дзяржава — гэта такі канцлагер.
Хацелася б называць сябе вольнай асобай, разумееш. Але гэта такое заезджанае клішэ, што самому неяк сорамна гэта выказываць. Але ўвесь час, са сваіх 17 год, першае, што я думаў, калі ў мяне пыталі «Ты хто?», — што я чалавек. А ўсё астатняе — гэта так, наросты.
Некалі ты працаваў у Гродне кавалём, а пасля з’ехаў у Піцер. Чым ты займаўся астатні час?
У 2010-м, бадай, годзе я сядзеў паўгода без працы ў Гародні. Апошнія два тыдні я, напрыклад, жыў са сваім сабакам у гаражы. Гэта быў гараж панкавай суполкі, дзе праходзілі рэпетыцыі. Пяць-сем каманд ігралі.
Сквот, каторы мы заслужылі?
Сквот, на які не так часта прыязджалі мянты. Было цяжкае адчуванне бесперспектыўнасці. І я пачаў рассылаць свае кавальскія працы праз інтэрнэт на заходнія, еўрапейскія фірмы. І вось у нейкі момант мне з Познані адказалі, што зацікаўленыя ў працы — прыязджайце. Я ў 2010-м з’ехаў з Гародні, прыехаў у Познань, і жыў паўтара года на сквоце «Rozbrat», самым старэйшым у Польшчы. А потым паехаў да сяброўкі ў Піцер у госці. І яна мне нарадзіла двух сыноў-блізнят, і я застаўся.
Сабака памёр, ён стары ўжо быў. Я яго на ператрымку заставіў. А зараз — другі сабака, якога я забраў з Піцера з сабой.
І ты працаваў у Піцеры кім?
Некаторы час, недзе год, я працаваў у «Мемарыяле» [міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая вывучае злачынствы супраць правоў чалавека ў савецкі перыяд, атрымала Нобелеўскую прэмію міру ў 2022 годзе — Hrodna.life]. У антыдыскрымінацыйным цэнтры «Мемарыяла» мы займаліся тым, што адстойвалі правы мігрантаў, ромамі займаліся. Ну і антыфашызм такі, збольшага. Потым «Мемарыял» зрабілі «иностранным агентом» [статус, які даюць у Расіі арганізацыям ці асобам, якія атрымліваць фінансаванне з-за мяжы. Закон аб ім крытыкуюць і кажуць, што ён абмяжоўвае правы чалавека — Hrodna.life], і большая частка супрацоўнікаў эвакуявалася ў Еўропу. А мы з маёю Любай не паехалі. Засталіся.
І я працаваў кавалём, жыў нелегальна, таму што ніякіх папераў не меў. Жаднай прапіскі, ніякай рэгістрацыі ў мяне не было. Адзіны момант, калі я жыў легальна, — гэта калі я працаваў на «Мемарыал», таму што там усё легальна.
Хапала на жыццё?
Можна было даць рады. Не так, што хапала, але… У Піцеры 6,5 млн людзей. Стаўленне да пралетарыяту як да быдла. Праз тое, што большасць пралетарыяту — гэта мігранты. Усе стасункі з ім у дырэкцыі пабудаваныя на схеме «Як цябе на**аць?». Як табе недадаць, як цябе аштрафаваць? Калі б гэта было толькі ў адной фірме, я б падумаў, што так бывае. Але я прайшоў праз пяць-шэсць фірм і паўсюль было аднолькавае стаўленне.
Пры чым, цяжкі фізычны труд — ніхто з рускіх не хацеў працаваць. Разумееш, я працаваў на кузнях, дзе там па 20−30 кавалёў працавала. І з іх мо адзін быў рускі. А астатнія ўсе — альбо Малдова, альбо Таджыкістан, альбо Узбекістан. А гэтыя людзі ў Піцеры бяспраўныя. І таму дырэкцыя глядзела так: слухай, вы**ваешся — пайшоў на**й, у нас тут 6,5 млн людзей, на тваё месца — 10.
А ты сябе адносіш да пралетарыяту, так?
Не, я сябе не адчуваю пралетарыятам. Люмпенам [чалавекам без працы, прафесійнай дзейнасці і кваліфікацыі - Hrodna.life] хачу быць. Фізічная праца — праз фінансавы прымус. Калі б у мяне не было дзяцей, мабыць, на парадак менш бы працаваў. Ну, цяжка сябе не адчуваць пралетарыятам, калі ты ў**ваеш па дзевяць гадзін шэсць дзён на тыдзень.
15 мінут творчасці - і ўвесь астатні час праца, якая цябе настолькі зніштажае, што ты проста тупееш. У цябе ўвечары адна думка — як дайсці да ложка, упасці і заснуць. Таму што заўтра зноў зранку прачынацца і шыбаваць на тую самую працу. Нічога цікавага. «Любоў да рабочых у тых, хто ніколі не работаў, супрацьстаіць жаданню стаць буржуем…» (радок з песні Deviation «Уступ» - Hrodna.life).
Што ты можаш расказаць пра жонку ці сяброўку? Як вы свае адносіны ідэнтыфікуеце?
Адносіны двух свабодных людзей. Мы — анархісты, таму і не жаніліся. Нам не патрэбна дзяржава, якая нам скажа «Вось, а зараз вы жанаты». Ну, яна мне нарадзіла двух прыгожых сыноў - Севярына і Тадэвуша. Імёны выбіралі разам. Напісалі доўгі спіс імёнаў. Ёй таксама спадабаліся.
Як выглядае побыт анархіста і панка?
Для мяне панк — гэта стаўленне да камерцыі, стаўленне да культуры. Гэта культура бунту, культура адмовы ад нейкіх рэчаў. І антыкамерцыйнасць.
Жыццё панка мала чым адрозніваецца. Ну, калі ты не жывеш на сквоце. Калі жывеш на сквоце, тады так прыемна. Не трэба на працу хадзіць, не трэба квартплату плаціць. Гэта лепшыя моманты панку [смяецца — Hrodna.life].
Я памятаю байкі, што нехта прыйшоў да цябе ў госці ў Гродне — а там тыднёвае піва на падаконніку…
Не прастаяла б піва тыдзень на падаконніку. Можа, для некага мой спосаб жыцця быў шокам. Але мне падаецца, што гэта ўражанне ад няпоўнай карціны.
Як выглядае твой тыповы дзень?
Зараз жахліва. А 5.50 я ўстаю, умываюся і іду на працу кавалём. Ну, тут стаўленне да чалавека больш ліберальнае. Дырэкцыя ў мяне, напрыклад, старыя хіпаны, якія хадзілі валасатыя і бунтавалі ў 70-я гады. Таму з імі дамовіцца для мяне намнога прасцей, чым з людзьмі ў гальштуках. І яны сябе паводзяць па-чалавечы.
Як прынцыпы свабоды праяўляюцца ў сям'і, у выхаванні дзяцей? Што вы дазваляеце дзецям?
Калі гэта будзе абгрунтавана, то амаль што ўсё. Ім зараз па 12 год. Яшчэ бунт не пачаўся. Я проста з жахам думаю пра тое, калі пачнецца вось гэта гарманальная змена. Можа, я заплАчу. А зараз мне нават пакрыўдзіцца няма за што. Дзеці дастаткова самастойныя ў думках… Яны суперскія. У мяне не было такога, каб я хапаўся за галаву і думаў «Бляха, што яны нарабілі?».
Адзінае, што — ніякага гвалту ў дачыненні да асобы. Ні фізічнай сілы, ні мегакрыкаў. Таму што я і сам гэта не люблю і не любіў, калі на мене крычалі. Навошта рабіць дрэнна каханаму чалавеку? Гэта не педагагічна! Ха-ха-ха.
А так — сама каштоўнасць асобы. Калі ты тлумачыш чалавеку, што свабода асобы, яго поглядаў, яго думак — гэта самая важнае, што ў нас ёсць, і мы не маем права забіраць гэтага ў нікога. І не маем права даваць, каб у нас забіралі.
Мы стаім на прыстанку, чакаем на аўтобус, і стаіць маці з малым дзіцём. І ён так нагой пачынае капаць зямлю. І яна пачынае на яго галасіць: «Што ты робіш? Стань!». І адзін з малых глядзіць на мяне і пачынае таксама капаць зямлю. А я гляджу проста на яго. Пакапаў, пакапаў, такі пастаяў, падумаў, потым пытаецца: «Ты чаму мяне не затрымоўваеш?» Я кажу: «Ты што, дрэннае нешта робіш? Ты ж проста наском бота капаеш зямлю. Ну, хочацца табе — капай, не хочацца — не капай». Ну, і ўсё. І чалавек для сябе гэта адклаў.
Дарэчы, на якой мове яны размаўляюць?
Я з імі размаўляю па-польску з самага нараджэння. Ну, я паляк. Пачобуты-Адляніцкія [шляхецкі род гербу «Малая Пагоня», паходзяць з Гродзеншчыны — Hrodna.life] - з 1563 года мае продкі былі палякамі. Ну, тады палякаў не было, але калі падзелы на нацыянальнасці пачаліся, яны былі палякамі. Увесь час, разумееш, са мною бабулі-дзядулі размаўлялі па-польску. Дзякуючы гэтаму і вывучыў мову польскую. Тэлевізар, канешне, яшчэ даў.
З мамай яны размаўляюць па-руску. А тыдзень назад Севярын да мяне падыходзіць і кажа: «Трэба зрабіць адзін дзень у тыдні, каб мы вучылі беларускую».
Як панк праяўляецца ў каханні, да каханай асобы?
Мы разам, але калі раптоўна нешта зменіцца — то зменіцца, што рабіць? Трэба жыць далей. Ты ж не затрымаеш чалавека сілай. Паламаць можна, затрымаць — не можна. На дадзены момент я кахаю чалавека і маю надзею, што гэта ўзаемна.
Як так атрымалася, што вы з Анджэем выраслі такімі рознымі? Ты больш касмапаліт, анархіст, панк, а ён — польскі патрыёт, не есць смажанага мяса?
Я не сказаў бы, што мы моцна рознімся. Ёсць рэчы, якія нас больш аб’ядноўваць, ніж розняць. Паміж намі тры гады, разумееш, ён быў усё ж такі старэйшым братам. Бл**зь! [удар рукой на стале, паўза — Hrodna.life]. Ён — старэйшы брат. Таму ў многім ён на мяне паўплываў.
Чаму ты асёкся? Ад слова «быў»?
Таму што, бл**зь, вось гэтае «быў» е**нае. Чаму я не люблю размаўляць пра Андрэя? Таму што ўвесь час выходзіць гэты, бл**зь, прошлы час. І гэта, бл**зь, так непрыемна. Яго зараз выпусцілі з ізалятара і на месяц закрылі ў ПКТ. Ну, турма ў турме.
Як ты да яго выбару ставішся — не пісаць ліст аб памілаванні?
Разумею. Будучы на свабодзе, проста сказаць, што я б таксама не пісаў. Але мне падаецца, што я таксама б не пісаў. Таму што — такі дадатковы спосаб прыніжэння. А калі чалавек свабодны ўнутры, такім спосабам прынізіць яго не ўдасца.
Што думаеш пра людзей, якія кажуць, што трэба пісаць такія лісты, маўляў, пакуль вы там, вы ствараеце складанасці родным. Перадачкі насі, перажывай.
Ну, глупства ж гэта. Пакуль ён там, на гары, пакуль Лукашэнка сядзіць, людзі носяць перадачкі. Калі б Лукі не было, то і перадачкі насіць не трэба было.
Карацей, памылкова вінавацяць не таго?
Ну, як заўжды. Ахвяра заўжды вінавата.
Што думаеш пра выбар паміж сабой як чалавекам, якому «жыць ахвота» і сабой як дзеячам, які мусіць змагацца, пакутуючы і думаючы, што ў гісторыі гэта застанецца. Як гэты выбар зрабіць? Чаму хтосьці выбірае быць чалавекам, а хтосьці - дзеячам?
У кожнага чалавека ў гэтым сусвеце адно жыццё. І ён сам выбірае, як яго пражыць.
Некалі, калі мяне першы раз затрымала міліцыя і ў мяне былі праблемы, я яшчэ ў школе вучыўся, Андрэй распавёў мне файную рэч, якая называецца «перспектыва часу». Выглядае наступным чынам. Калі ў цябе ёсць нейкі момант у жыцці, калі ты мусіш зрабіць выбар, то ты ўключаеш так званую «перспектыву часу». Бярэш сябе, адносіш на год 10−15 далей у будучыню, паварочваешся і глядзіш на гэты момант. І робіш так, каб табе было, па-першае, не сорамна, а па-другое — найлепш, каб табе было весела.
Карыстаешся?
Увесь час.
Як табе далася чарговая эміграцыя?
Я выехаў з Горадні ў 2010 годзе. Год 10 я не адчуваў, што я з’ехаў, што я — эмігрант. Я адчуваў, што я выехаў на некаторы час. Цяпер ужо менш аптымізму. Але ўсё адно, ёсць адчуванне, што там недзе ёсць твая Гародня. Вернешся, спаткаеш тых самых людзей. Хаця, разумееш, што гэта самападман. Таму што тых самых людзей ужо не будзе, той самай Гародні ўжо не будзе. Ты ж дараслееш. Змяняецца нейкі пункт гледжання. Цяжка сказаць, што змяняецца. Але марозіва ўжо не такое салодкае.
Як ты думаеш, масавая эміграцыя — гэта перамога людзей, каторыя выехалі? Ці перамога ўладаў?
Гэта напэўна не перамога ўладаў. На мой погляд, барацьба не скончылася. Яна цягнецца далей, таму цяжка сказаць, што нехта выйграў, нехта прайграў. Улада напэўна не выйграла ад таго, што тысячы мазгоў і падаткаплацельшчыкаў з’ехала з краіны.
І Лука ўпершыню рэальна прайграў. Прайграў так, што гэта было бачна ўсім. З 94-га года было адчуванне, што ён увесь час хлусіць, увесь час падрабляюць рэферэндумы і выбары. Але ты быў такім маргіналам, каторы, як толькі пачынаў гаварыць, усе казалі: «Ой, зноў пра палітыку».
Вельмі забаўна сустракаць неафітаў, тых, хто далучыўся ў 2020-м годзе. Нас першы раз пасадзілі ў 1993-ым годзе. Яшчэ не было Лукашэнкі ва ўладзе. Проста ў правінцыі нічога не змянілася, і гэта быў, бл**зь, такі жырны савок. Астаткавыя з’явы якога культывуе Лукашэнка. З гэтымі Дварцамі рэспублік, бл**зь, чырвонымі дыванкамі. Усёй хернёй, якая яшчэ ў дзяцінстве, калі я хадзіў у школу, для мяне была проста агіднай. А тут, бл**зь, прыйшоў да ўлады чалавек, для якога гэта нейкі культ, нейкая «молодость моя».
Для мяне нічога не змянялася. У 96-ым годзе нас затрымлівалі на мітынгах і садзілі на суткі. Першы раз я патрапіў на суткі ў 93-м — нават не меў яшчэ 18 год. Мяне не мелі права садзіць, але… У 2000-х гадах у мяне ўжо ў падворку дзяжурылі перад чатырма датамі, калі апазіцыйныя мітынгі - Дзень волі, Чарнобыльскі шлях, Дзень беларускай вайсковай славы, на які я ніколі не хадзіў, але бл**зь, мене лавілі і садзілі проста на суткі. Я ў поўнай меры адчуваў таталітарнасць сістэмы. Яна была недататалітарнай з таго, што мне ўдалося скончыць, напрыклад, універ. Таму што, бля, зараз, канешне, я б вылецеў ужо з першага курса.
Лічыў, колькі дзён агулам у жыцці ты правёў на сутках?
Быў нейкі год, калі я тры месяцы з усяго года сядзеў на сутках па 10−15 дзён. Самае забаўнае, што мне на працягу чатырох-пяці год, калі лавілі ў Гародні і фальсіфікавалі пратаколы, заўжды пісалі, што я сцаў «у непаложаным месцы». Мы ржалі, што я сікун- рэцыдывіст.
А што зараз з тваімі паплечнікамі з 90-х? Можа быць, давялося ў кімсьці расчаравацца?
У некім напэўна расчараваўся, але куміраў не было, таму і расчаравання не было. Шмат людзей з 90-х недзе побач. Шмат у Варшаве, шмат з’ехала за мяжу. Разумееш, я калі жыў у Гародні, з другой паловы 90-х гадоў частка маіх знаёмых увесь час з’язджала на захад. З’язджала ў эміграцыю, таму што не магла, таму што не хацела, таму што суцэльная дэпрэсія і ніякіх зменаў. І ў мяне былі тры-чатыры гады адчування такога эксодуса, калі частка тваёй запісной кніжкі проста знікае. Таму гэтая хваля эміграцыі пасля 20-га года — яна самая вялікая. Але для мяне гэта чацвёртая хваля.
Цяжка, калі ты нешта ўмееш, нешта бачыш, нешта думаеш. І разумееш, што ў гэтай сітуацыі ты нічога не можаш здзейсніць з таго, аб чым марыш.
А калі ты быў апошні раз на малой радзіме, у Бераставіцы?
Пасля 2010 — прыязджаў з дзецьмі паказаць іх бацькам, а ім — малую радзіму. Яны замалыя тады былі. Зараз, калі на Дзяды ўсе свечкі ставілі, мы пашлі на могілкі да далёкіх Пачобутаў-Адляніцкіх. І я ім распавядаў пра могілкі ў Вялікай Бераставіцы і ў Макараўцах каля Пачобутаў. І яны мне казалі: «О-о-о, калі Лука здохне, мы паедзем і паставім свечкі. А ў нас там шмат родзічаў пахавана?». Кажу: «Шма-а-ат».
Там Пачобуты-Адляніцкія. Зараз ёсць вёска Пачобуты — тая мясціна, якую кароль даў разам са шляхецтвам. Яна размешчана на рацэ Одла. Таму «Адляніцкія». Там Пачобутаў-Адляніцкіх на могілках у Макараўцах вельмі шмат. З 1563 года хавалі і хавалі.
Раскажы пра свой стыль. Пра касічкі, напрыклад.
Я не планаваў яго, не выдумляў. Проста неяк здарылася, што мне заплялі касічкі годзе ў 2002−2003, і мне спадабалася. І ўсё, так і засталося.
І так прасцей. Я ж працаваў ужо кавалём у той час. Калі ты працуеш кавалём і маеш доўгія валасы, яны часта перашкаджаюць, часта брудзяцца. Калі косы заплятаеш, прасцей.
Завушніца як завушніца. Быў час, калі хацелася прабіваць вушы. Ну, вось яны прабіліся, вісяць. Мне ніяк не перашкаджаюць. Часам людзям перашкаджаюць, але гэта іх праблемы, не мае.
А як вывозіць панкаўскі лад жыцця? Ёсць меркаванне, што яны шмат п’юць. Як здароўе, карацей?
Здароўе нармальна. Але я алкаголю шмат не п’ю. Я не люблю смаку моцнага алкаголю — ні каньякі, ні гарэлкі, ні віскі. Проста не падабаецца смак. І я яго не п’ю амаль што. Часам пад настрой нейкі, пад спатканні з сябрамі. Але на другі дзень адчуваеш сябе такім скотам, што больш не хочацца. А піва я, напрыклад, п’ю, але люблю смак піва.
Калі жыў у Піцеры, мы зрабілі свой бровар панкаўскі, называўся «Ігнат Грынявіцкі». Ігнат Грынявіцкі застрэліў цара акурат у Піцеры. Таму мы вырашылі назваць так бровар і варылі піва. Я зразумеў, як павінна смакаваць піва. Пасля гэтага ўсе гэтыя лагеры, пілзнеры [тыповыя еўрапейскія гатункі піва — Hrodna.life] - нешта жудаснае і страшнае. Я іх не магу піць без таматнага соку. Вельмі спадабалася IPA.
А так я вось гляджу на сваіх сяброў-панкаў. У некаторых, канешне, былі праблемы з алкаголем, якія перараслі менавіта ў алкагалізм. Большасць з іх пакідала. Хто не кінуў, то іх проста закапалі ўжо. Напружанасць фізічная, да якой прыводзіць алкаголь, доўга не дазваляе жыць.
Мне заўжды гэта было нецікава, па-першае. Па-другое, напрыклад, я ніколі не піў перад канцэртам. Па прычыне таго, што п’яны можа малоць усё, што заўгодна. Ён жа п’яны. А ты цвярозы скажы ўсё, што думаеш.
Калі ў 93-м годзе мы толькі пачыналі, то, канешне, гэта вісела, — як там, бухнуць перад канцэртам, трэба. А потым, на другі-трэці канцэрты, я зразумеў, што ты выпіў, ты крыху п’яны, ты выходзіш на сцэну і ловіш проста вядро адрэналіну. А алкаголь плюс адрэналін азначае, што ты ні**я не запомніш з канцэрту. Ты нармальна функцыянуеш, ты не п’яны, ты трапляеш у ноты, трымаеш рытм. Але назаўтра, калі ты паспрабуеш прыпомніць сабе канцэрт, ты ўспомніш максімум 30 секунд з усёй падзеі. Пасля гэтага ўжо было нецікава піць перад канцэртам. Не хацелася быць Джымам Морысанам [вакаліст псіхадэлік-гурта The Doors, выступаў п’яным, памёр ад перадазіроўкі ў 27 гадоў - Hrodna.life].
У канцы 90-х-пачатку 2000-х была папулярна плынь стрэйтэдж — яны там не п’юць, не кураць і так далей. У той момант вакаліст гурта «Антиглобализатор» Бора быў акурат стрэйтэджарам. І што ты думаш? Яго затрымалі, у пратаколе напісалі, што ён быў п’яны. Маці яго прыходзіць, і ён: «Мама, я не пил, я стрейтэджер» — «Знаю, сынок».
Чаму на пратэстах у 2020-м не спявалі вашы песні?
Ну слухай… Па-першае, мы не поп-група, а па-другое, мы не культывавалі стаўленне да сябе. Не ляпілі, не рабілі ніякіх іміджаў. Рэшты хлусні такой, якую робяць усе музыканты. Я чуў, як нашыя песні спявалі анархісты. А для сярэднестатыстычнага пратэстоўца з «Маладога фронту» мы не былі сваім гуртом. А неафіты — гэта ўжо іншае пакаленне. «Муры» вывучылі, таму што ў TikTok было. Як зараз, перад канцэртам, арганізатар за тыдзень або два тэлефануе: «Вывесі ў сябе ў Instagram, калі ласка». Хлопец, у мяне няма Instagram!
Калі памёр Рома Бандарэнка, я ўключыла «Супраціўленне» і там уся сітуацыя была апісана. Гэта нейкае прароцтва?
Я ж кажу, для мяне ніякіх змен не было з 93-га года. У 98-м годзе мянты забілі знаёмага ў Гомелі. Разумееш, проста завалаклі ў мянтоўку, білі і забілі насмерць. Таму я сутыкнуўся з гэтым нашмат раней, чым тыя самыя неафіты.
api.soundcloud.com/tracks/266 011 962Чаму вашу музыку не забаранілі?
Што значыць забаранілі? Што нас, круцяць па радыё? Можа, яны думаюць, што так нам зробяць рэкламу, а рэкламу рабіць не хочуць. Панк — гэта творчасць, якая не накіравана на тое, каб быць папулярным, быць вядомым, каб цябе цытавалі. І калі нехта побач са мной пачынае слухаць Deviation, то мне сорамна і я хачу сысці. Калі я слухаю сам сябе, гэта такі акт ананізму на публіцы.
Як думаеш, на каго вы паўплывалі, зрабілі ўнёсак у пратэсты?
Я ў жыцці спатыкаў некалькі людзей, якіх вельмі паважаю і якія казалі, што я вельмі паўплываў на іх. Але мне падаецца, што калі б мяне не было, то яны самі б «знайшліся».
Чытайце таксама: У сеціве з’явіўся трыб’ют да гродзенскага панк-гурта Deviation
Як табе культура, якая склалася вакол пратэстаў - плакаты, песні?
Мне, напрыклад, пераклад «Муроў», так сабе… Мне падаецца, што гэта пераклад з польскай, а не з каталонскай. Дэманстрацыя і мітынг — гэта ўласнасць мітынгуючых. Ні тых, хто арганізаваў, ні тых, хто гаворыць з трыбуны. Кожны пратэст — гэта нейкі творчы імпульс. Плакаты і так далей — гэта як раз той самы творчы імпульс, які мне вельмі сімпатычны. Але ён заўжды ёсць у пратэстах. Інакш пратэстаў не бывае.
А дзе ты быў, калі ўсё гэта адбывалася ў жніўні 2020 года?
Сядзеў перад кампутарам у Піцеры і чакаў, што забастуюць рабочыя. І сказаў, што калі «Азот» забастуе, то сядаю і еду. Столькі раз спатыкаўся і падаў, што ты ўжо не верыш у нейкі момант, што ты можаш ляцець. І ставіш сабе нейкія дадатковыя стопні. Адчуваў сябе вельмі дрэнна, увесь час быў у кантакце з сябрамі з Беларусі, якія былі на неймаверным пад’ёме. Я разумеў, я адчуваў гэта ў 2004 годзе, гэты пад’ём — адчуванне, што ў цябе лёгкія ў два разы большыя, і ты можаш дыхаць многа. Ну, а потым — дэпрэсія і самакапанні, ці можна было нешта зрабіць інакш.
Калі знаходзішся здалёк ад сітуацыі, то ты не падпадаеш пад гэтую эйфарыю, не падпадаеш пад гэтую энергію, не атрымоўваеш гэтых флюідаў, і праз гэта можаш больш халодным розумам зразумець, адчуць, убачыць.
Ты пісаў у Facebook пра пакаленне Лукі, якое пры ім вырасла. Што з ім не так?
Гэта быў з аднаго боку жарт, з другога — сумны жарт, таму што ў ім ёсць шмат праўды. Я, напрыклад, у школе адвучыўся ў Савецкім Саюзе. Я — посткаланіяльнае, постсавецкае гэтае пакаленне. Якое атрымала незалежнасць дарам, і потым яе пра**ала. Ну, а што? Мы ўтрымалі? Не, мы ж Луку дапусцілі. Да, я сядзеў, да, я пратэставаў, але нас было замала, як пакаленне мы пра**аліся.
А пакаленне Лукашэнкі - гэта ж людзі, які ўвогуле не бачылі нічога іншага. Бля, трыццаць год! Тваю маць, ну проста ў галаве не месціцца. Трыццаць год!
А чаму гэта праблема?
Таму што ў тваёй галаве закручвалі гайкі пачынаючы з сярэдзіны 90-х апасля першага рэферэндуму. Табе не высвятляюць розныя погляды, табе высвятляюць канкрэтны прапагандысцкі погляд. Я, напрыклад, быў пакаленнем позняга саўка, калі ў савок не верылі нават тыя, хто стаяў угары. Ніхто не верыў. Усе рабілі выгляд, усе ўставалі роўна пад «Союз нерушимый» [гімн СССР — Hrodna.life] і падняцце чырвонага сцяжка, але рэальна ўсе з гэтага смяяліся.
І з Лукашэнкі з 94-га года смяяліся, смяяліся, смяяліся. У нейкі момант ужо было не смешна. Я ўжо чуў яго абсурды, якія ён там ляпаў. І гэта быў не смех, гэта была такая здзеклівая посмішка, здзеклівая і з сябе, і з яго. З сябе, таму што ты ў такой сітуацыі жывеш, а гэты даўба** на гары.
Ці зрабіў бы ты зараз штосьці інакш? Магчыма, варта было больш з людзьмі працаваць?
У Гародні - адна з найлепшых панк-сцэн у 90-я-пачатку 2000-х у Беларусі стопудова, а нават у былым саўку. Туды кожны мог прыйсці. У масы людзей была блакада сама ў сабе. Што вось нейкія лысыя, валасатыя, з іракезамі, усе брудныя, страшныя, яшчэ да**уцца.
У 10-я ўжо варожа ставіліся да карэспандэнтаў і да журналістаў. Па прычыне таго, што вось ты прыйдзеш на адну імпрэзу, а**ееш ад таго, што там адбываецца, напішаш добры артыкул, але гэта будзе значыць, што гэта ініцыятыва скончана.
Гэта погляд спулкі, якія спрабавалі ўтрымаць тое, што яны зрабілі за 10−15 год свайго жыцця. Разумееш, яны… Многім падавалася, што яшчэ трошкі, яшчэ трошкі патрываю, і гэта ўсё, бля, зменіцца, і мы нармальна перажывём гэта.
Панкавая сцэна ў Гародні з 2008, 2009 года ўсё больш і больш пачала сыходзіць у падвалы, у падполле, такі андэграўнд рэальны. Канцэрты, імпрэзы, рабіліся без плакатаў, а проста — «адна баба сказала».
Што там зараз?
Большасць маіх знаёмых з Гародні з’ехала. У мяне там засталіся тры-чатыры чалавекі. Усё неяк так сумна. Нейкія новыя гурты ёсць, проста ў мяне з імі кантакту няма.
Чытайце таксама: Канцэрты ў Гродне сыходзяць у падполле, на выступах — табу на «палітыку». Што будзе з культурай далей?
Deviation — гэта ўжо гісторыя. Ці ёсць табе яшчэ што сказаць як творцу?
Мы як раз з сябрамі з Гародні, таксама эмігрантамі, сабралі гурт, граем. Думаю, ёсць што сказаць. Пра гурт пакуль не раскажу падрабязней.
Нейкія песні нараджаюцца. Праз тое, што я — не аптыміст, часта бывае такое, што ты нешта пішаш, і гэта эйфарыя, якая непазбежна потым пераходзіць у дэпрэсію. Вось яно сядзіць унутры, і грызе цябе, і грызе. Пакуль ты не праспяваеш гэтую песню, ты проста адчуваеш сябе, бля, хворым. Ты нешта трымаеш ў сябе, а трэба гэта выпусціць.
Ці будуць іншыя тэмы, ці зноў пра Лукашэнку?
Не, ну слухай, колькі ўжо можна пра дурня гэтага пісаць. Маю надзею, што ён не дажыве ўжо. Колькі там? Пяць год максімум. Бл**ь, пяць, яшчэ пяць. Слухай, Лукашэнка — гэта не натхненне, гэта хутчэй трыгер, ад якога ты не мог пазбавіцца. Такога натхнення не хацелася.
Сацыяльныя тэксты застануцца. Таму што гэта цікавіць, я гэта адчуваю, я ў гэтым жыву.
Ці плануеце вы ўз'яднанне Deviation?
Калі ў Гародні, то так. За мяжой — бессэнсоўна. Таму што гэта ператвараецца ў звычайны гурт, які паехаў граць за мяжу. Ну, а потым, разумееш, гэтыя песні актуальныя, менавіта там і тады, калі яны нарадзіліся.
Чытайце таксама: «Будзеш фламастэрам зафарбоўваць». Справу на гітарыста Deviation за татуіроўкі закрылі - і адкрылі зноў
Думаеш, вашыя песні не актуальныя зараз?
Слухай, ну для жыхара Варшавы, напрыклад, гэта бессэнсоўна. Яны [песні] бяззубыя тут. Калі ў Беларусі яны зубастыя, то тут яны бяззубыя. Таму што, па-першае, іх на беларускай не зразумеюць. Па-другое, тут вырасла цэлае пакаленне, якое не разумее, што за ўсходняй мяжой таталітарызм.
Якім будзе ваш канцэрт у Гродне? Калі ён будзе, як ты думаеш?
Не ведаю, ці будзе. Хацелася б — вясёлым. Хацелася б, каб шмат людзей вярнулася з- за мяжы. І пазбіраем грошы на якіх-небудзь Anarchist Black Cross (анархісцкая арганізацыя ўзаемадапамогі, існуе з пачатку ХХ ст.). У анархістаў будзе малы перадых пасля таталітарызму, пакуль улады зноў не пачнуць нас рэпрэсаваць.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…