Сям’я Журакоўскіх амаль кожны год прыязджае да форта каля вёскі Навумавічы, дзе 20 кастрычніка 1942 расстралялі прадстаўнікоў гродзенскай інтэлігенцыі, узятых немцамі ў закладнікі за забітага патрульнага. Прыязджаюць, каб успомніць загінулага дзядулю Баляслава Журакоўскага, імя якога выбіта на адной пліце з астатнімі загінулымі ў той дзень.
Не паспелі пераехаць
Баляслаў Журакоўскі нарадзіўся ў 1897 годзе пад Вільняй, вучыўся ў Віленскім універсітэце і скончыў там эканоміка-юрыдычны факультэт. Пасля вучобы яго накіравалі працаваць у Варшаву, пасля ў Беласток, а ў сярэдзіне 1930-х гадоў ён з жонкай Яўгеніяй і сынам Багданам пераязджае ў Гродна. Да пачатку Другой сусветнай вайны Баляслаў займаў высокую пасаду ў горадзе — быў начальнікам ведамства кіравання акцызаў і манаполій. Жылі Журакоўскія ў вялікім двухпавярховым доме на рагу сучасных вуліц 17 верасня і Славацкага.
«У Гродне ў дзядулі была добрая пасада, так што сям’я на жыццё не скардзілася. Дом, дзе жылі Журакоўскія, быў тады на ўскраіне горада. Там у вялікім асабняку наша сям’я здымала другі паверх. Яшчэ да пачатку вайны дзядуля купіў зямлю ў Луцку і там хацеў пабудаваць дом, а потым пераехаць. Але пераехаць сям’я не паспела, пачалася вайна», — распавядае ўнучка Баляслава Аліна.
Журакоўскі трапіў у спіс закладнікаў
У перыяд нямецкай акупацыі Баляслаў Журакоўскі працаваў на тытунёвай фабрыцы фінансістам. 13 кастрычніка 1942 гады здарылася неспадзяванае: прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі арыштавалі за забітага нямецкага салдата.
Па адной з версій, у гэты дзень на Старым мосце праз Нёман патруль з нямецкага салдата і паліцэйскага спыніў Вітольда Матушэўскага з гружаным возам. Ён вёз свіную тушу і самагонку з Грабава. Патруль спрабаваў затрымаць парушальніка, але той адкрыў агонь з пісталета. У выніку перастрэлкі загінуў нямецкі салдат, а паліцай быў паранены і пазней памёр у лякарні. Сам Матушэўскі паспеў уцячы.
«Немцы за сваіх забітых салдат жорстка каралі мясцовае насельніцтва, — кажа Аліна. — З-за дзеянняў Матушэўскага арыштавалі мясцовую інтэлігенцыю, у тым ліку і дзядулю Баляслава. Ён хоць і быў у падполлі, але пра гэта немцы не ведалі. Калі дзядулю арыштавалі, яму было 45 гадоў. Дома ў яго засталіся жонка і 9-гадовы сын, мой тата».
Пачынаючы з лета 1942 гады немцы пачалі арыштоўваць у Гродне прадстаўнікоў інтэлігенцыі і браць іх у закладнікі за забітых вайскоўцаў. Пасля інцыдэнту з Матушэўскім было арыштавала 100 чалавек з Гродна і Сакольскага павета. Баляслаў Журакоўскі трапіў у гэты спіс разам з Янам Каханоўскім, Юзафам Вевюрскім і іншымі вядомымі ў той час гродзенцамі.
Па слядах Каханоўскага: як пад Гродна ў кастрычніку 1942 года расстралялі мясцовую інтэлігенцыю
Расстралялі кожнага чацвёртага
Матушэўскага быў абвешчаны тэрмін з’явіцца да 18 кастрычніка. Але ў гэты дзень ён не з’явіўся. Тады шэф гестапа Фром, тыдзень пратрымаўшы сваіх ахвяр у турме, загадаў выпусціць 75 чалавек на волю (у тым ліку і жонку Матушэўскага), а 25 чалавек — расстраляць.
«На наступны дзень пасля таго як частку людзей адпусцілі, мая бабуля пайшла ў турму, каб перадаць мужу пасылку. Але ёй там сказалі, што перадача ўжо нікому не патрэбная», — успамінае жанчына словы свайго бацькі.
20 кастрычніка закладнікаў вывезлі да форта каля вёскі Навумавічы. Там жа і расстралялі. Сярод забітых быў Баляслаў Журакоўскі, заснавальнік Гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі і яго калегі з польскай гімназіі імя Міцкевіча, лекары, інжынеры, ваенныя і іншыя.
«Тата хацеў лакалізаваць дакладнае месца расстрэлаў»
Пасля расстрэлу жонка Баляслава Яўгена засталася адна з маленькім сынам. З дому, дзе яны жылі, іх выселілі. Там пасялілася нямецкая сям’я.
«А нашым ідзі куды хочаш. Тата распавядаў, што было вельмі складана, зберажэнняў у сям'і ніякіх не было. Ужо пасля вайны яму прыходзілася зразаць гузікі з розных нарадаў сваіх бацькоў і хадзіць прадаваць іх на рынак. А рабіў гэта, каб хоць неяк пракарміць сябе і маму. Пасля таго расстрэлу бабуля вельмі пакутавала і доўга хварэла. Мой тата гэта разумеў, да самай смерці даглядаў яе і пажаніўся толькі ў 39 гадоў.
Пра расстрэл у Навумавічах ён ніколі не забываў, хоць, напэўна, і зла на Матушэўскага не трымаў. Кожны раз на гадавіну тата прыязджаў на месца расстрэлаў, распытваў мясцовых жыхароў. Ён хацеў лакалізаваць дакладнае месца гібелі бацькі. Штосьці яму ўдалося даведацца і ён распавядаў, што расстрэлы праходзілі недалёка ад самога форта, туды яшчэ адзін час кветкі насілі. А цяпер усе нясуць кветкі на горку да помніка. Тата памёр у 2011 годзе, а мы з мамай працягваем прыязджаць на гэтае месца", — сказала Аліна.
Матушэўскі быў падпольшчыкам
Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут ужо шмат гадоў вывучае падзеі расстрэлаў у Навумавічах. Ён адзначае, што Матушэўскі падчас вайны быў у падполлі і, магчыма, перавозіў не проста кантрабанду.
«Паводле маёй інфармацыі Матушэўскі быў членам падполля, яшчэ да вайны ён быў у розных арганізацыях. Ёсць інфармацыя,
што калі ён перавозіў кантрабанду ў Гродне, яго суправаджалі два чалавекі. Каб правезці свой тавар, ён паспрабаваў даць хабар немцу, але той не ўзяў. І калі зразумеў, што нічога не атрымаецца, тады стаў страляць і ўцякаць».
Пачобут адзначае, што праз некаторы час недалёка ад Беластока Матушэўскага ўсё-ткі злавілі супрацоўнікі гестапа. Шукалі яго не толькі з-за забойства, але і з-за амерыканскага пісталета.
«У яго быў яшчэ даваенны амерыканскі пісталет, але гестапа палічыла, што Матушэўскі сур’ёзны шпіён і кінула ўсе сілы, каб яго знайсці. Знайшлі і арыштавалі, і, як мяркуецца, расстралялі ў гродзенскай турме. Там жа на тэрыторыі і закапалі, а эксгумацыя парэшткаў была праведзена ўжо саветамі ў пасляваенныя гады. Меркавана тады на тэрыторыі турмы і былі знойдзеныя парэшткі Матушэўскага і іншых расстраляных вязняў».
Каля 3 тысяч расстраляных
Пасля трагедыі 20 кастрычніка 1942 года расстрэлы ля форта праходзілі рэгулярна. 13 ліпеня 1943 года там расстралялі і дырэктара адной з гродзенскіх школ Юзэфа Вевюрскага з яго вялікай сям’ёй, і многіх іншых. Пры адступленні немцы спрабавалі пазбавіцца ад слядоў: паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Навумавічы, яны выкопвалі целы расстраляных і спальвалі. Пах спаленых целаў выразна адчуваўся ў суседніх вёсках.
Ужо пасля вызвалення, улетку 1945 года каля форта працавала Гродзенская гарадская і Сапоцкінская раённая камісіі НДК (Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і вяла расследаванне нямецкіх злачынстваў. У выніку іх працы з’явілася прыблізная колькасць загінуўшых каля форта — каля 3 тысяч чалавек.