20 кастрычніка 2018 года споўнілася 76 гадоў з дня расстрэлу гродзенскай інтэлігенцыі каля форта каля вёскі Навумавічы. Тады, у 1942 годзе, гестапаўцы без прамаруджання і без сведак выканалі загад па расстрэлу 25 закладнікаў узятых за забітага патрульнага. Сярод расстраляных гродзенцаў быў і дырэктар заапарка Ян Каханоўскі, які здзейсніў подзвіг і пайшоў на смерць замест іншага чалавека.
Гісторыя пачалася тыднем раней, 13 кастрычніка 1942 гады ў 18 гадзін. Па адной з версій, у гэты дзень на Старым мосце праз Нёман патруль з нямецкага салдата і паліцэйскага-паляка спыніў мясцовага жыхара Вітальда Матушэўскага з гружаным возам. Ён вёз кантрабанду і пачаў стральбу па патрулю. У выніку перастрэлкі загінуў нямецкі салдат, а паліцай быў паранены і пазней памёр у лякарні. Матушэўскі збег.
Гераічны ўчынак Каханоўскага
Па некаторых дадзеных, гродзенец перавозіў па горадзе свіную тушу і самагон, не ўзгадніўшы гэта з мясцовымі акупацыйнымі органамі. За забіты патруль улады запатрабавалі неадкладнай выдачы вінаватага і далі тэрмін да 18 кастрычніка. У адваротным выпадку будуць узятыя закладнікі: 100 чалавек з мясцовага насельніцтва.
Да прызначанай даты вінаваты не з’явіўся. Тады немцы, як і абяцалі, узялі ў закладнікі людзей, у асноўным прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі: лекараў, ксяндзоў, настаўнікаў і іншых спецыялістаў. Сярод іх апынуліся загадчык заапарку Ян Каханоўскі і вядомы педагог Юзаф Вевюрскі.
Закладнікаў трымалі ў турме ў цэнтры горада. Мясцовыя жыхары прасілі акупацыйныя ўлады вызваліць іх, нават прапаноўвалі выкуп. Адзінае, на што пагадзіўся шэф мясцовага гестапа Фром: расстраляць не 100, а толькі 25 закладнікаў. Адбор праходзіў у турэмным калідоры: з шэрагу вывелі кожнага чацвёртага. У іх лік патрапіў Юзаф Вевюрскі, шматдзетны бацька, а яго сябра-халасцяк Ян Каханоўскі атрымаў шанец выйсці на свабоду.
Ян Каханоўскі не мог дапусціць, каб сям’я Вевюрскага жыла без бацькі, тым больш яго жонка чакала чарговае дзіця. Каханоўскі прапанаваў немцам памяняцца месцамі з Вевюрскім. Немцы здзівіліся, але дазволілі. Так Ян Каханоўскі цаной свайго жыцця выратаваў Юзафа Вевюрскага. Як потым аказалася, усяго на некалькі месяцаў.
«Напэўна, гэта былі прадстаўнікі інтэлігенцыі»
Жыхарцы Гродна Людміле Тупіцынай у 1942 годзе было 12 гадоў, калі яна з бацькамі трапіла ў мясцовую турму. За некалькі месяцаў зняволення яна вывучыла турму і людзей, якія туды траплялі.
«Памятаю, аднойчы ў 1942 годзе каля Гродна хтосьці забіў двух немцаў. А тады быў выдадзены закон, што калі забіваюць аднаго немца,
то бяруць у закладнікі 200 грамадзянскіх [насамрэч 100 — рэд.]. Нас на прагулкі не выпускалі, а гэтых людзей можна было ўбачыць у двары турмы кожны дзень.
Праз акно мне было добра усё відаць. Памятаю жанчыну з хлопчыкамі-блізнятамі, святароў і іншых. Напэўна, гэта былі прадстаўнікі інтэлігенцыі, бо ўсе былі добра апранутыя. Адной ноччу гэтых людзей пачалі вывозіць на расстрэл. У турме навокал былі крыкі, але пры гэтым стрэлаў не было чуваць. Нам, дзецям і жанчынам у камеры, было страшна. Мы сядзелі і не ведалі, што будзе з намі".Магчыма, сярод тых закладнікаў, якіх памятае Людміла Тупіцына, быў Ян Каханоўскі і іншыя прадстаўнікі гродзенскай інтэлігенцыі.
Праз два дні пасля смяротнага адбору ў гродзенскай турме, закладнікаў сталі вывозіць да форта каля вёскі Навумавічы, дзе ўжо былі падрыхтаваныя ямы. 20 кастрычніка 1942 гады стаў апошнім днём у жыцці закладнікаў.
«Вы павінны ганарыцца, што ваш муж загінуў за Радзіму»
У 76-ю гадавіну смерці гродзенскай інтэлігенцыі ля форта каля вёскі Навумавічы можна было сустрэць людзей, які памятаюць не толькі Каханоўскага, але і іншых загінуўшых у той дзень. Сям’я Журакоўскіх стараецца кожны год прыязджаць у гэтае месца, каб успомніць дзядулю Баляслава Журакоўскага, імя якога выбіта на адной пліце з Каханоўскім.
«Да вайны ён быў у Гродна начальнікам упраўлення акцызаў і манаполій, а падчас вайны працаваў фінансістам на тытунёвай фабрыцы, — распавядае Яніна Журакоўская. — Пры немцах Баляслаў дзейнічаў у складзе падполля, але ў адзін дзень яго, як і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі горада, узялі ў закладнікі за забітых салдат. На наступны дзень яго жонка пайшла ў турму перадаць пасылку. Ёй там сказалі, што перадача яе мужу ўжо не патрэбна.
Яна засталася адна з дзевяцігадовым сынам. Жылі яны вельмі бедна, а чалавек, з-за якога расстралялі людзей, збег. Пазней яго знайшлі ў Польшчы, дзе ён быў жывы і здаровы. Аднойчы муж распавядаў, што яго маці неяк сустрэла жонку таго Матушэўскага і тая яшчэ асмелілася сказаць: вы павінны ганарыцца, што ваш муж загінуў за Радзіму ў складзе падпольнай арганізацыі. Яны нават не прызналі віну і гэта нашу сям’ю моцна абурыла. Столькі невінаватых людзей з-за гэтага Матушэўскага расстралялі".
Шмат крыві і рука з зямлі
Расстрэлы ля форта каля вёскі Навумавічы праходзілі ў адкрытым полі і мясцовыя жыхары бачылі, як сюды часта прыязджалі нямецкія машыны. Сярод сведак страшных падзей была і Яніна Таўрэль, жыхарка вёскі Навумавічы.
«Гэта цяпер кусты і дрэвы тут, а раней там было чыстае поле і каля форта ўсё было відаць, як на далоні, — распавядае Яніна Пятроўна. — Аднойчы пасля расстрэлаў мы з сяброўкай прыйшлі да гэтага месца. Памятаю жоўты пясок і шмат крыві, нават рука аднаго чалавека тырчала з зямлі. Толькі мы адышлі ад гэтага месца, як машына нямецкая зноў прыехала. Яны шмат людзей тут расстралялі. Спісы, якія цяпер каля крыжоў, гэта толькі малая частка тых людзей. Калі немцаў не было, людзі з вёскі часта хадзілі да форта. Яны чулі стогны і нейкія словы. Я лічу, што людзі падалі ў яму і жывымі, у надзеі потым выбрацца. Быў выпадак адных такіх уцёкаў, але таго чалавека дагналі і расстралялі».
Немцы замяталі сляды
Пасля трагедыі 20 кастрычніка 1942 года расстрэлы ля форта праходзілі рэгулярна. 13 ліпеня 1943 года там расстралялі і Юзафа Вевюрскага з яго вялікай сям’ёй, і многіх іншых. Пры адступленні немцы спрабавалі пазбавіцца ад слядоў: па ўспамінах жыхароў вёскі Навумавічы, яны выкопвалі целы расстраляных і спальвалі. Пах спаленых целаў выразна адчуваўся ў суседніх вёсках.
Па адной з версій гродзенскіх краязнаўцаў, цела Яна Каханоўскага ўдалося выкапаць яго знаёмым і перапахаваць на каталіцкіх могілках у Гродне, побач з магілай брата. Сёння там стаіць помнік.«Мне, здаецца, такога быць не можа, — дадае Яніна Таўрэль. — Калі б немцы заўважылі, што парушаны насып, яны б расстралялі ўсю нашу вёску. Машыны да форта ездзілі пастаянна і там заўсёды кагосьці расстрэльвалі. Стрэлы мы чулі часта, а калі ўсё заціхала трохі, мясцовыя хадзілі да месцаў расстрэлаў, але, наколькі я памятаю, ніколі нікога не выкопвалі».
Сёння ўвекавечана імя толькі аднаго чалавека з загінуўшых ля форта — Яна Каханоўскага. У гонар яго названа вуліца ў Гродне, каля заапарка. Імёны некаторых іншых ахвяр можна знайсці на каменных плітах ля форта. Астатнія навечна забытыя.