“Больш за 90% месцаў забраніравана і прададзена ў санаторыях Беларусі”, – расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балтоўскі. Ён лічыць, што ў летні перыяд яны будуць запоўненыя.
Hrodna.life паглядзеў, ці ёсць свабодныя месцы на лета ў санаторыях Гродзенскай вобласці і колькі каштуе пуцёўка. Для прыкладу мы выбралі адпачынак на аднаго чалавека з 6 па 12 чэрвеня. Дадаткова трэба аплаціць курортны збор – 3% ад кошту пуцёўкі.
“Альфа Радон” – ад 1428 рублёў
За шэсць начэй без лячэння з 20% зніжкай прыйдзецца заплаціць 1428 рублёў. У кошт уваходзіць пражыванне ў аднамесным нумары, трохразовае харчаванне па сістэме “шведскі стол”, наведванне трэнажорнай залы і аквазоны. У такім жа нумары, але з лячэннем, можна адпачыць за 1800 рублёў. Таксама на гэтыя даты ёсць свабодныя сямейныя нумары за 3 276 рублёў за аднаго госця або месца ў госцевым доме з лазняй за 4 584 рублёў.
Цэны з такой зніжкай дзейнічаюць пры ўмове 100% перадаплаты.

“Азёрны” – ад 966 рублёў
За гэтыя грошы ў санаторыі прапануюць пражыванне ў аднамесным нумары, пяціразовае харчаванне, штодзённае наведванне аквапарку (80 хвілін) і аздараўленне па профілі захворвання. На сайце санаторыя паказана, што ў пералік паслуг па пуцёўцы ўваходзяць святлолячэнне, механічны масаж, лекавая ванна, галатэрапія і кіслародны кактэйль. На гэтыя даты таксама вольныя і двухмясцовыя нумары. Кошт такіх – ад 1610 рублёў.

Чытайце таксама: Хотели с МРТ, но дорого. В Гродно «Табак» построит медцентр рядом с Triniti
“Радон” – таксама ад 966 рублёў
У кошт пуцёўкі ўваходзіць харчаванне, пражыванне, лячэнне. У пераліку працэдур, якія ўваходзяць у кошт: два агляды лекара, тры наведванні басейна, радонавыя ванны і тры сеансы масажу. Можна зарэзерваваць і двухмясцовыя нумары.

“Нёман-72” – ад 462 рублёў. Для прафсаюзнікаў і сілавікоў – зніжка 25%
У кошт пуцёўкі ўваходзіць пражыванне ў аднамясцовым нумары, харчаванне і лячэнне па профілі захворвання: інгаляцыя, брудатэрапія, масаж і іншыя.
За гэты ж нумар сябры прафсаюзаў і супрацоўнікі сілавых структур Беларусі заплацяць 346,50 рублёў. Вольныя для броні і двухмесныя нумары коштам ад 840 рублёў за дваіх.

Чытайце таксама: В ста метрах от Немана или недалеко от Юбилейного. Какие дачи под Гродно продаются до $ 10 000
“Парэчча” – за 763 рублі
У выбраныя намі даты свабодных нумароў няма. Можна адпачыць з 11 чэрвеня. У кошт пуцёўкі ўваходзіць пражыванне ў аднамясцовым нумары, лячэнне і пяціразовае харчаванне. З 6 чэрвеня можна адпачыць у двухмясцовым нумары за 595 рублёў за аднаго госця.




