Гродзенскія арыенціроўшчыкі падзяліліся. Частка з іх заклікае байкатаваць спаборніцтвы і трэніроўкі клуба «Кронан» і яго кіраўніка Эдварда Ародзя. Прычынай называюць скаргі на гарадскі цэнтр турызму і аднаго са спартсменам іншага клуба. У сакавіку 2022 года хтосьці адправіў іх у падатковую, следчы камітэт, КДБ і пракуратуру. Спартсмены вырашылі, што пішуць іх з «Кронана». Там жа адпрэчваюць абвінавачванні і рыхтуюць пазоў у суд.
На сайце obelarus.net («Арыентаванне ў Беларусі») 26 сакавіка з’явіўся адкрыты зварот гродзенскіх арыентыроўшчыкаў. У ім яны заклікалі байкатаваць спаборніцтвы і трэніроўкі, якія праводзіць клуб «Кронан» і яго кіраўнік і старшыня Гродзенскай абласной федэрацыі арыентавання (ГрАФА) Эдвард Ародзь.
Абноўлена: пасля публікацыі гэтага тэксту публічны доступ да «Гасцёўні» сайта, дзе быў размешчаны зварот, закрылі.
Аўтары звароту прапанавалі не супрацоўнічаць з клубам «Кронан» і з Эдвардам Ародзем, падзякаваць трэнерам і арганізатарам, якія «працягваюць дзейнасць нягледзячы на ціск» і ініцыяваць «адкрытыя і сумленныя выбары старшыні ГрАФА на новы тэрмін». На момант публікацыі гэтага матэрыялу зварот падпісаў 41 чалавек.
Скарга, якая стала прычынай канфлікту, была падпісаная выдуманым прозвішчам. Быццам бы гэта бацька аднаго з дзяцей, якія займаюцца арыентаваннем у клубе «Верас» пры Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства. У лісце было сказана, што дзяцей прымушаюць хадзіць на платныя трэніроўкі, якія праводзіць ІП Крапіўка, у кіраўніка гуртка няма педагагічнай адукацыі, у Крапіўкі «падпольная друкарня», яго жонка мае замежнае грамадзянства і «ўцякла» за мяжу, а ў самым цэнтры турызму «разброд і хістанне» [прыводзім змест паводле цытатаў са звароту — заўв. Hrodna.life]. Зыходзячы з тэксту ліста і наяўнасці ў ім пэўнай інфармацыі, аўтары звароту вырашылі, што ананімку напісаў Эвард Ародзь ці хто-небудзь з яго каманды.
«У лісце выкладзеныя недакладныя факты, таму ён не ўяўляе юрыдычнай небяспекі нашым калегам, але сам факт выклікаў у падатковую інспекцыю і пракуратуру Крапіўкі Дзмітрыя, кіраўнікоў і трэнераў Цэнтра турызму, бацькоў выхаванцаў гурткоў прымушаюць людзей адчуваць трывогу і прыніжэнне», — пішуць аўтары.
Яны лічаць, што за два гады Ародзь «сваімі дзеяннямі і бяздзейнасцю нанёс шкоду гродзенскаму арыентаванню і яго актывістам». Сярод іншага яго абвінавачваюць у скаргах на дзіцячых трэнераў і гарадскія трэніроўкі ад незалежных спартсменаў, пагрозах трэнерам і арганізатарам спаборніцтваў і абмежаванні доступу да спартыўных карт і да электроннай адзнакі, набытых за гарадскія або грамадскія сродкі. Адна са спартсменак-падпісантак звароту пацвердзіла Hrodna.life, што Эдвард Ародзь ёй пагражаў. Праўда, дзяўчына не ўдакладніла сутнасць пагрозаў.
Абодва гродзенскія клубы спартыўнага арыентавання — «Верас» і «Кронан» — уваходзяць у Беларускую федэрацыю арыентавання (БФА). БФА была створана ў 1991 годзе. З 1992 года з’яўляецца поўнапраўным сябрам Міжнароднай федэрацыі арыентавання (IOF).
Канфлікт у гродзенскім арыентаванні цягнецца даўно, а з 2019 года стаў маштабным, распавёў Hrodna.life адзін з гродзенскіх спартсменаў-арыентыроўшчыкаў, якія падпісалі зварот на obelarus.net. Паводле яго слоў, у клуб «Верас» сышлі людзі, у якіх дзейнасць Эдварда Ародзя «выклікала пытанні». Амаль адразу, як клуб быў створаны наноў у 2020 годзе, ён стаў досыць паспяховым на спаборніцтвах. Гэтыя поспехі выстаўляюць клуб «Кронан», які шмат гадоў прадстаўляў арыентаванне ў вобласці, у не надта добрым святле, мяркуе спартовец. Акрамя таго, некаторыя сябры клуба спрабавалі шкодзіць: забаранялі карыстацца раней распрацаванымі картамі, не падтрымлівалі спаборніцтвы, арганізаваныя «Верасам». Напрыклад, у 2021 годзе менш чым за тыдзень перад Чэмпіянатам Гродзенскай вобласці на доўгай дыстанцыі, які падрыхтаваў клуб «Верас», арганізатарам сказалі, што дазволу на правядзенне няма.
Зараз у складзе «Вераса» 51 чалавек. Гэта дарослыя спартсмены і навучэнцы Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. Старшыня клуба, Ганна Баўшэвіч, адмовілася хоць неяк каментаваць Hrodna.life сітуацыю з даносамі.
Зміцер Крапіўка, пра які таксама ішла гаворка ў даносах — сябра мінскага клуба «Камволь», займаецца спартыўным арыентаваннем 20 гадоў. Крапіўка — майстар спорту Беларусі, намеснік старшыні прэзідыума Беларускай федэрацыі арыентавання. Ён таксама трэніруе, сам займаецца распрацоўкай мапаў для спартыўнага арыентавання. Аўтар сацыяльнага праекта «Мая мапа» - мапы лесапарку Пышкі з маршрутамі рознай складанасці, якія можна праходзіць самастойна.
Крапіўка — адзін з арганізатараў буйных спаборніцтваў па бегавым арыентаванні Grodno Forest Days, якія прайшлі ў Гродне 26−27 сакавіка 2022 года. Гэтыя спаборніцтвы павінны былі быць міжнароднымі і ўвайсці ў сусветны рэйтынг, але іх пазбавілі такога статусу праз санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Зміцер Крапіўка таксама адмовіўся ад каментароў Hrodna.life з нагоды лістоў, дзе ён згадваўся.
Раней Зміцер Крапіўка працаваў з Ародем, але перад Чэмпіянатам Еўропы па спартыўным арыентаванні ў Гродне ў 2019 годзе іх шляхі разышліся, распавяла Hrodna.life крыніца сярод спартсменаў. Канфлікт Крапіўкі і Ародзя быў звязаны з фінансаваннем і арганізацыяй чэмпіянату.
«Ародь укладваў свае рэсурсы ў развіццё арыентавання, як ён разумеў. І Крапіўка свае рэсурсы ўкладвае ў арыентаванне, і іх інтарэсы перакрыжоўваюцца», — патлумачыла крыніца.
Зараз Дзмітрый Крапіўка і Эдвард Ародзь арганізуюць спаборніцтвы незалежна адзін ад аднаго.
«Кронан» існуе з 2000 года. На дадзены момант у ім 67 членаў. Старшыня клуба Эдвард Ародзь — адначасова і кіраўнік Гродзенскай абласной федэрацыі арыентавання (ГрАФА) і намеснік старшыні Беларускай федэрацыі спартыўнага арыентавання. Ародзь займаецца спартыўным арыентаваннем з 1981 года. Ён суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, кандыдат у майстры спорту СССР, трэнер, арганізатар спаборніцтваў, дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту ГрДУ ім. Янкі Купалы. Пляменнік Эдварда Ародзя — начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь.
«Канфлікт не сённяшняга дня, гаворка ідзе пра тое, каб забраць абсталяванне, мапы, якія былі створаны. Не было маёмасці, не было б канфлікту. Абсталяванне, якое было набыта па ініцыятыве ПРААН за кошт грошай клуба „Кронан“», — сказаў Эдвард Ародзь Hrodna.life.
Ён распавёў, што рыхтуе пазовы ў суд супраць аўтараў звароту. Ародзь сказаў, што не ведае, хто пісаў ананімныя лісты з абвінавачваннямі, але мае некалькі версій. Па яго словах, у ананімным лісце былі прэтэнзіі і да яго.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…