Горад

Аранжарэя, дыназаўры і амфітэатр. Што з’явіцца каля палаца Чацвярцінскіх у Гродне

У Гродне адродзяць аранжарэю ў парку Жылібера. Шкляны будынак з’явіцца каля выкупленага год таму палаца Чацвярцінскіх. У ім будуць не толькі расліны з лістоў Жылібера, але і дзіцячае кафэ і дыназаўры. Побач — ландшафтны парк і амфітэатр. Праект распрацаваў Ількер Коджахан, архітэктар з Нью-Ёрка, які пераехаў у Гродна тры гады таму.

Аранжарэя ў парку Жылібера ў XVIII стагоддзі размяшчалася там, дзе цяпер пляцоўка з атракцыёнамі. Тады гэта была частка батанічнага саду, створанага Жылібером. «Яшчэ пры Савецкім Саюзе яе знішчылі. Яна была з літога чыгуну, трэба было толькі памяняць шкло — і была б шыкоўная кавярня, нават калі і не выкарыстоўваць па прызначэнні», — уздыхае Юрый Солтан, заснавальнік парку атракцыёнаў і новы ўласнік палаца Чацвярцінскіх на Ажэшкі, 20.

Аранжарэю вырашылі адрадзіць. У тым месцы, дзе яна была, гэта ўжо немагчыма. Але можна — на тэрыторыі былой медыцынскай акадэміі (палаца Чацвярцінскіх), з боку ўніверсітэта.

Батанічны сад на месцы сучаснага парку стварыў Жан Эмануэль Жылібер у 1770-х для патрэб заснаванай ім медыцынскай акадэміі (будынак на Ажэшкі, 20). У садзе было каля 2000 відаў раслін, сярод іх — рэдкія і экзатычныя. Пасля ад’езду Жылібера сад прыйшоў у запусценне, была перапланіроўка. Калі ў 1920-я гады яго паспрабаваў адрадзіць Ян Каханоўскі, колькасць відаў раслін было ўжо 800.

Будынак акадэміі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў князям Чацвярцінскім. З сярэдзіны XIX стагоддзя частку палаца арандавала паштова-тэлеграфная кантора, пазней там быў інтэрнат Другога армейскага корпуса і кіраванне павятовага воінскага начальніка. Амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны палацавы комплекс быў перададзены ваеннаму суду і камендатуры Гродна, дзе яны размяшчаліся да 2014 года.

На месцы, дзе цяпер цір, стаяла будка для ацяплення аранжарэі. Тады тапілі дровамі

Шкляная падлога і шкілет дыназаўра. Што будзе ў аранжарэі

Распрацоўкай эскізаў для аранжарэі заняўся Ількер Коджахан — амерыканскі мастак і архітэктар турэцкага паходжання. Выйшаўшы на пенсію, ён вырашыў змяніць месца жыхарства. Ількер прыехаў у Гродна, ажаніўся, палюбіў горад і застаўся. У Гродне прайшлі некалькі яго выстаў. На адной з іх Юрый Солтан убачыў працы Ількера, упадабаў, і яны дамовіліся аб стварэнні праекта.

Спачатку былі ідэі футурыстычнага будынка. Пазней вырашылі, што аранжарэя мусіць быць у стылі той эпохі, калі яе ствараў Жан Эмануэль Жылібер. Запланаваная вышыня будынка — 12 метраў. Гэта абумоўлена размяшчэннем у гістарычным цэнтры.

Унізе будзе размешчана кафэ, на тэрасах на лесвіцы над ім можна будзе сядзець у цёплы час
Запланаваная вышыня будынка аранжарэі - 12 м

Спісы раслін для аранжарэі рыхтуюць з улікам дакументаў і перапіскі Жылібера. У асноўным батанік займаўся лячэбнымі травамі. Акрамя гэтага будуць і рэдкія, трапічныя расліны.

Каб зацікавіць дзяцей, у аранжарэі задумалі стварыць парк дыназаўраў. Падлога ў памяшканні месцамі будзе шкляной, пад ёй- невялікая экспазіцыя. Гэта будзе адукацыйны праект. Школьныя экскурсіі змогуць наведаць аранжарэю бясплатна. Перад уваходам падлогу таксама часткова зробяць шкляной. Унутры будзе дзіцячае кафэ.

Адна з ідэй — размясціць унутры аранжарэі вялікі шкілет дыназаўра, прымацаваны да столі
Від на аранжарэю зверху. Унутры будуць расліны з спісаў Жылібера, экзатычныя расліны, павільёны для дзіцячых заняткаў, інфармацыйныя дошкі і дзіцячае кафэ
Адзін з працоўных эскізаў

У павільёне аранжарэі запланаваны гурток па археалогіі. Ён будзе бясплатным. Наконт яго падтрымкі ўжо дамовіліся з Гродзенскім універсітэтам імя Янкі Купалы. Магчыма, будуць і іншыя гурткі. Уладальнікі аб’екта хочуць сумясціць у адной прасторы адпачынак і адукацыю.

Каля палаца Чацвярцінскіх акрамя аранжарэі з’явяцца сезонны парк, амфітэатр, фантаны, некалькі кафэ

Бетонны плот вакол былой камендатуры плануюць прыбраць. Замест яго, згодна з праектам, павінны з’явіцца земляныя насыпы са злакавымі травамі. Выразная мяжа паміж паркам і тэрыторыяй былой медыцынскай акадэміі знікне.

На пляцоўцы перад акадэміяй плануюць зрабіць амфітэатр са сцэнай, каб можна было праводзіць канцэрты, музычныя фестывалі.

Каля былой медыцынскай акадэміі будзе і ландшафтная частка, якую Ількер таксама прапрацаваў у праекце. На тэрыторыі ў адзін гектар задуманы адкрыты сезонны парк са шматгадовых раслін, у левай частцы — парк скульптур. У іх стварэнні маглі б паўдзельнічаць гродзенскія скульптары і мастакі.

Прыклад адкрытага амфітэатра

На рэалізацыю праекта трэба час. Цяпер працу, замову матэрыялаў, раслін з іншых краін ускладняе пандэмія і закрытыя межы. Тым не менш, аранжарэя павінна з’явіцца ў Гродне цягам пяці гадоў, распавёў Юры Солтан Hrodna.life. На пытанне, навошта яму такі складаны праект, ён адказаў: «Я гродзенец».

Аўтар эскізаў ствараў дызайн стамбульскага метро

«Ён сапраўды таленавіты», — кажуць заказчыкі праекта аб архітэктары Ількеры Коджахане і хочуць, каб ён застаўся працаваць у Гродне.

Ількер Коджахан працаваў у Турцыі і Нью-Ёрку

Яго досвед у прафесіі - больш за сорак гадоў. Сярод праектаў - распрацоўка дызайну першых станцый стамбульскага метро, у Амерыцы — жылыя кварталы, комплексы, дызайн забаўляльных цэнтраў, гіпермаркетаў, офісаў. У Ількера таксама ёсць досвед распрацоўкі канцэпцый ландшафтнага дызайну. Да пераезду ў Беларусь ён шмат падарожнічаў, наведваў батанічныя сады ў Бронксе (Нью-Ёрк), Нью-Джэрсі, Вашынгтоне, Лондане.

«Я архітэктар, дызайнер, мастак. Для мяне важны кожны праект, у любой краіне. Гэты важны і таму, што хачу прыцягнуць да працы гродзенскіх мастакоў, скульптараў, ландшафтных дызайнераў», — распавёў Ількер Коджахан Hrodna.life.

Ідэя праекта Ількера — стварыць больш магчымасцяў для адпачынку ў Гродне, у тым ліку і для дзяцей

Ількер Коджахан малюе эскізы для праекта ад рукі. Гэта падрабязная канцэпцыя дызайну з улікам памераў і матэрыялаў, узгодненая з замоўцам. Эскізы перададуць у архітэктурнае бюро, дзе на іх аснове створаць чарцяжы і дакладны праект для рэалізацыі.

Адзін з прамежкавых эскізаў

Чытайце таксама: Американец-художник Илькер Коджахан открыл выставку в Гродно

Што з батанічным садам?

«Для батанічнага саду патрэбен спецыяліст, энтузіяст. Пакуль такога няма». Уладальнікі парку атракцыёнаў спадзяюцца, што такі чалавек усё ж знойдзецца, і ў будучыні атрымаецца стварыць у Гродне паўнавартасны батанічны сад.

У справе аднаўлення саду і стварэння аранжарэі Юрый Солтан спадзяецца і на ідэі і парады гараджан, спецыялістаў. «Каштоўныя людзі - тыя, хто прыйшоў сам. Мы ж не хочам сапсаваць, мы хочам зрабіць граматна». Успамінае, як пазнаёміўся з гродзенскай актывісткай, краязнаўцам Наталляй Канюк. Спачатку яна думала, што аранжарэю знеслі для парку атракцыёнаў, і прыйшла сварыцца. Пасля ж яны пасябравалі, Солтан стаў дапамагаць, шукаць для яе саджанцы. Наталля Канюк спрабавала адрадзіць батанічны сад у парку Жылібера, садзіла рэдкія дрэвы з боку ўніверсітэта. Таксама гродзенка марыла пра аранжарэю ў будынку былой медакадэміі, і нават адпраўляла праект у гарвыканкам, але ім не скарысталіся.

Чытайце таксама: «Аддаў даўжок Наталлі Канюк». Батанічны сад у парку Жылібера папоўніўся новымі дрэвамі

У «Гродназелянбудзе» ёсць спісы таго, што Наталля Канюк хацела пасадзіць у парку, грунтуючыся на звестках пра тое, што там расло раней. У іх — і оранжерейные расліны. «Жылібер збіраў усе расліны, сабраў вялізны гербарый, у якім ёсць і абарыгены, і экзоты», — распавяла Hrodna.life Таццяна Пашкевіч, ландшафтная архітэктарка «Гродназелянбуда». Спісы перадалі Юрыю Солтану. Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы, перакладаў таксама запісы Жылібера, якія тычацца Гродна. Тое, што ўдаецца знайсці, паступова высаджваюць у парку. Праблема і ў тым, што для батанічнага саду там, дзе яго пачала аднаўляць Наталля Канюк, вельмі мала месца.

Палац Чацвярцінскіх

Зараз новы ўладальнік рыхтуе гістарычную даведку для праекта. Палац — гістарычны будынак, яго адновяць такім, які ён быў. Навуковы кіраўнік праекта — з Віцебска. Працэс узгаднення займае шмат часу. «Колер даху мы ўзгаднялі два месяцы», — падзяліўся Юрый Солтан.

Былую камендатуру на Ажэшкі прадалі за 1 млн 690 рублёў год назад, у траўні 2020. Стартавая цана на аўкцыёне была амаль 657 тыс. рублёў. На самым першым аўкцыёне ў снежні 2016 года за палац прасілі больш за 2 млн долараў.

Умовы продажу ўключалі ахоўнае абавязацельства, распрацоўку праектнай дакументацыі на правядзенне рэканструкцыі і (або) капрамонту на працягу двух гадоў з дня заключэння дамовы куплі-продажу. Магчымая рэканструкцыя пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння.

Раней у будынку хацелі размясціць ЗАГС. У 2018 годзе з’явілася інфармацыя, што былую медыцынскую акадэмію маюць намер купіць кітайцыі перарабіць яе пад гасцініцу. У 2019 годзе паведамлялі, што аб’ектам зацікавіўся музыка з «Ласкавага мая» Андрэй Разін. Ён планаваў адкрыць там школу талентаў для адоранай моладзі з усёй Беларусі. Разін нават сустракаўся з кіраўніцтвам горада і прасіў, каб яму перадалі аб’ект за бесцань. Гарадскія ўлады на гэта не пайшлі. Таксама была ідэя ўладкаваць у будынку музей экалогіі.

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024