Людзі і справы

Выбухі з гібеллю людзей, рэпосты і сыход суддзяў. Каго апраўдвалі суды ў Гродне і вобласці?

Трое суддзяў на мінулым тыдні вырашылі спыніць адміністрацыйныя справы «ў сувязі з недаказанасцю віны ў здзяйсненні правапарушэння». Так, напрыклад, суддзя Лідскага раёна Уладзімір Фёдаравіч палічыў, што падпіска на «Нехту» не даказвае віну мужчыны. У яго тэлефоне міліцыянты не знайшлі ні перасылкі «экстрэмісцкай прадукцыі», ні яе вырабу, ні захоўвання з мэтай распаўсюду. Да такой жа высновы прыйшлі суддзі Лепельскага раёна і Ленінскага раёна Брэста. У 2020 годзе адсотак апраўдальных прысудаў у Беларусі склаў 0,3%. Дадзеных на 2021 год яшчэ няма. Telegram-канал «Право имеют» узгадаў, каго ў Гродне і вобласці ў розныя гады апраўдвалі па «палітычных» і не толькі справах.

Справы пасля пратэстаў-2020

  • 17 снежня 2020 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшоў перагляд справы Яна Романа ад 11 жніўня. У жніўні яго асудзілі па арт. 23.34 і 23.4 КоАП на штраф у 15 базавых велічынь, а ў снежні — апраўдалі. Яна Романа апраўдала суддзя Алена Тоўсцік-Самойла.

Яна Романа затрымалі 10 жніўня каля будынка Кастрычніцкага РАУС Гродна. Журналіст прыйшоў даведацца пра калегу, якога затрымалі днём раней. Каля РАУС у той момант было 100−150 чалавек. А 17:30 да РАУС прыехаў АМАП і ўсіх разагнаў. Яна затрымалі, пры гэтым ударылі ў твар і выбілі зубы. Романа затрымалі 10 жніўня, а 17:30 і пратрымалі ў РАУС да 12:00 11 жніўня. Яму далі штраф 15 базавых велічыняў (382 рублі).

Ян Роман пасля затрымання ў жніўні 2020 года. Фота: Hrodna.life
  • Суд 5 студзеня спыніў справу паводле арт. 23.34 КаАП супраць гродзенкі Любові Сарлай за заканчэннем тэрміну. Адпаведнае рашэнне прыняла суддзя суда Кастрычніцкага раёна Алена Тоўсцік-Самойла.
  • У той жа час спынілі справу і гродзенкі Вольгі. Яна была затрыманая 31 кастрычніка 2020 года на маршы ў падтрымку «азотаўцаў», які не адбыўся. У момант, калі пачаліся затрыманні, яна сядзела на лаўцы на адным з прыпынкаў і чакала сяброўку. З гэтай лавачкі яе і затрымалі. Сведкамі выступалі прадстаўнікі інфармацыйнай групы Кастрычніцкага РАУС, якія распавялі, што дзяўчыну не памятаюць. Сама Вольга пыталася, ці тлумачылі супрацоўнікі на акцыі людзям, якія там маглі апынуцца выпадкова, як бяспечна сысці і што рабіць у сітуацыі, калі вакол вялікая колькасць сілавікоў. Міліцыянты казалі, што пра гэта гродзенцам не распавядалі. З боку Вольгі выступіла яе сяброўка, якая пацвердзіла словы дзяўчыны, што тая яе чакала і што яны павінны былі сустрэцца, а потым пайсці гуляць па горадзе. У выніку суддзя, выслухаўшы ўсе бакі, вырашыў спыніць адміністрацыйную справу, паведамляе T**.BY.
  • 12 кастрычніка 2020 года суддзя суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Дамарад спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Людмілы Сульжыцкай. Жанчыну асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
    За масавым мерапрыемствам, якое адбывалася ў Смаргоні 20 верасня, жанчына назірала здалёк, распавёў праваабаронца Алесь Дзергачоў. Аднак на яе склалі пратакол за актыўны ўдзел. Падчас судовага паседжання, суддзя прыйшоў да высновы: віна Людмілы Сульжыцкай не даказаная, пісала «Рэгіянальная газета».
Акцыя пратэсту ў верасні 2020 года. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life
  • 10 верасня 2020 года той жа суддзя апраўдаў Смаргонскага актывіста Аляксандра Паплаўскага. Аляксандр ужо адседзеў сем сутак за дробнае хуліганства, якія прысудзіла яму суддзя Людміла Пятрова. Але хлопец абскардзіў прысуд у абласным судзе. Справу накіравалі на перагляд Дзмітрыю Дамараду. Ён цалкам апраўдаў актывіста.
  • 2 лістапада 2020 года суд Кастрычніцкага раёна апраўдаў 18-гадовага гродзенца Улада Даніленку. У жніўні Улада прызналі вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 23. 34 КаАП, але Гродзенскі абласны суд скасаваў гэтую пастанову і адправіў справу на новы разгляд. Суддзя Кастрычніцкага раёна Руслан Хіхол апраўдаў абвінавачанага — адміністрацыйны працэс у дачыненні да гродзенца спынены, паведамляе s13.ru.

Суддзя, які спыніў адміністрацыйныя справы, сышоў з суда

19 жніўня 2020 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшло пасяджэнне па справе музыкі і журналіста Аляксандра Дзянісава. Яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП). Суддзя Дзяніс Раманішка спыніў адміністрацыйную справу за недаказанасцю віны. Ён жа спыніў яшчэ чатыры адміністрацыйныя справы. Улетку 2021 года суддзя сышоў з працы па ўласным жаданні.

Апраўдалі журналістаў, якіх судзілі за чужыя матэрыялы

Адміністрацыйны працэс супраць гродзенскіх журналістаў Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай спынілі з-за недаказанасці. Такое рашэнне прыняў суддзя Дзмітрый Бубенчык 24 красавіка.

Журналістаў абвінавачвалі ў тым, што яны незаконна вырабілі і распаўсюдзілі інфармацыйную прадукцыю (арт. 22.9 КаАП) — рэпартаж пра Чэслава Немэна з вёскі Старыя Васілішкі. Абвінавачаныя патлумачылі, што імёны аўтараў ёсць у сюжэце — і гэта зусім іншыя людзі.

Справа аб гібелі супрацоўнікаў «Гродна Азот»

Апраўданы майстар па рамонце ААТ «Гродна Азот» Мікалай Саўль па справе аб гібелі двух работнікаў прадпрыемства. Такое рашэнне абвешчана ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 24 чэрвеня 2019 года. Раней Саўля абвінавачвалі ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух людзей (ч. 3 арт. 304 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Справы на актывістаў

Справу аб дробным хуліганстве, узбуджаную ў 2017 годзе супраць актывіста Руху «За Свабоду» Вітольда Ашурка, які ўсклаў да помніка Леніну вянок з калючым дротам, спынілі з-за адсутнасці складу правапарушэння, паведамлялі на сайце руху.

У Гродне ў 2019 годзе спынілі справу супраць кіраўніка Саюза палякаў Анжалікі Борыс. Суд Ленінскага раёна Гродна разглядаў адміністрацыйную справу старшыні непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў (СПБ) Анжалікі Борыс, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». На яе гродзенская міліцыя склала пратакол аб нібыта адміністрацыйным правапарушэнні па арт тады 23.34 КаАП, а менавіта за «несанкцыянаванае» правядзенне ў сакавіку бягучага года традыцыйнага свята «Казюкі».

Справа на прыхільнікаў Макса Коржа

Шэсце прыхільнікаў спевака Макса Каржа, якое прайшло 25 жніўня 2019 года ў Гродне, спачатку прызналі несанкцыянаванай акцыяй. Пачалі адміністрацыйны працэс. Але пазней арганізатара шэсця да адміністрацыйнай адказнасці вырашылі не прыцягваць.

25 жніўня 2019 года каля 20 прыхільнікаў Макса Каржа з голымі торсамі прайшліся па Савецкай вуліцы ў Гродне. Фота: Hrodna.life

Справа за рэпост кліпа

Гродзенец Андрэй Галавенка размясціў на сваёй старонцы кліп «Pussy» нямецкага гурта Rammstein. Праз 4,5 года, 21 мая 2019 года, аддзел культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз прызнаў кліп забароненым да распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.

На падставе экспертызы Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 2 ст. 343 КК (Выраб і распаўсюд парнаграфіі). За гэта пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўлення волі. Пазней крымінальную справу закрылі, а замест яе пачалі адміністрацыйную. У выніку за рэпост кліпа Rammstein Андрэй атрымаў штраф — 1275 рублёў (тады — 50 базавых велічынь).

Справа на міліцэйскага начальніка

Суд у канцы 2011 года вынес апраўдальны прысуд у дачыненні да былога намесніка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Рудніка, які праходзіў па скандальнай «генеральскай справе», піша s13.ru.

Падпалкоўнік абвінавачваўся па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Дзяржаўны абвінаваўца прасіў для яго тры гады турмы. Яго справу звязвалі з крымінальным расследаваннем ў дачыненні да былога начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама генерала Генадзя Хацько. У жніўні 2011 года міліцэйскага генерала памілаваў прэзідэнт пасля таго, як Генадзь Хацько раскаяўся і вярнуў у казну 30 мільёнаў рублёў (у жніўні 2011 года курс долара складаў 5 096 рублёў, а 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў - $ 5 886) — шкода, якую ён нанёс, незаконна выкарыстоўваючы рэсурсы абласнога УУС пры будаўніцтве свайго катэджа. Кошт самога дома, які знаходзіцца ў мікрараёне Паўднёвы ў Гродне, летам 2010 года рыэлтары ацэньвалі ў 200 тысяч долараў, удакладняе «Ежедневник».

Выбух у бальніцы

У судзе разглядалі справу былога галоўнага ўрача Гродзенскай клінічнага абласной бальніцы Святаслава Савіцкага. Газ на тэрыторыі шпіталя выбухнуў у ліпені 2013 года, тады памерлі двое рабочых. Справу завялі ў студзені 2014 года, да суда яна дайшла ў верасні 2018-га. Савіцкі не адказваў за выбух, паколькі да моманту суда выйшаў пяцігадовы тэрмін даўніны. Сваю віну ў гэтай частцы ён прызнаў. Па гэтым артыкуле яму пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі. У выніку лекара прысудзілі да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і ўзялі пад варту ў зале суда за тое, што ён незаконна налічваў прэміі кіруючым супрацоўнікам.

Апраўдалі часткова

Суддзя Ларыса Барэль у судзе Ленінскага раёна Гродна 17 ліпеня 2020 года прысудзіла гродзенцу Сяргею Калмыкову штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў) па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Па іншым артыкуле (17.1 КаАП — Дробнае хуліганства) яго апраўдалі. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года разам з Сяргеем Ціханоўскім.

У Гродне 5 ліпеня 2011 года быў асуджаны на тры гады з адтэрміноўкай прысуду беларускі журналіст, актывіст Саюза палякаў Анджэй Пачобут.

На той момант карэспандэнт польскай «Газеты Выборчай» быў прызнаны вінаватым у паклёпе на прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку і атрымаў тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады, пісала «Свабода». Суд апраўдаў яго па артыкуле аб абразе.

Чытайце таксама: Анджэй Пачобут: Хочаш выставіць уладу ці апазіцыю ў добрым святле — ты ўжо не журналіст

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024