Адзін з пацыентаў платформы еЗдароўе (okdoc.me) быў у адпачынку, калі звярнуўся да афтальмолага анлайн. Гэтая кансультацыя выратавала яму зрок — лекар распазнаў адслаенне сятчаткі, пры якой патрэбна была тэрміновая аперацыя. Ёсць шмат іншых сітуацый, калі тэлемедыцына можа замяніць паход да лекара. Скарыстайцеся сэрвісам, пакуль гэта бясплатна — хутка яго чакае рэструктурызацыя. Аб працы платформы распавёў яе прадстаўнік і сузаснавальнік урач-анестэзіёлаг Уладзімір Свіркоў.
Ідэя платформы і патрэба ў ёй з’явілася ў 2020 годзе. Тады сышліся два фактары. З аднаго боку, лекараў у Беларусі стала менш — іх звальнялі праз іх палітычную пазіцыю, больш у краіне яны не маглі працаўладкавацца і вымушаныя былі з’ехаць. С другога боку, у Беларусі быў высокі ўзровень захворвання на «кавід». Патрэба ў лекарах ўзрастала.
«Чым больш часу ішло, тым больш гэтая розніца нарастала. А я досыць даўно займаюся тэлемедыцынай — для сваёй асабістай практыкі. Сітуацыя сама навяла мяне на думку, што можна паспрабаваць развязаць гэтую праблему з дапамогай тэлемедыцыны», — падзяліўся Свіркоў.
Тэлемедыцына, дыстанцыйная медыцына — гэта прадастаўленне медыцынскіх паслуг з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і сродкаў камунікацыі.
Ён пачаў шукаць людзей і знайшоў партнёра ў асобе Паўла Лібера — праграміста, стваральніка у тым ліку платформы «Новая Беларусь». Распрацавалі софт, сцэнар і зрабілі рэліз у чэрвені 2021 года. Праз пару тыдняў іх ужо заблакавалі ў Беларусі - платформа даступна толькі праз VPN.
Пачалі працу з 20 лекарамі - на піку было 150 лекараў 50 спецыяльнасцяў.
Каб зарэгістравацца на платформе, трэба ўвесці email, на які вам прыйдзе аднаразовы код-пароль. У мэтах бяспекі можна выкарыстоўваць email, у якім не будзе вашых апазнавальных дадзеных. Пасля гэтага пацыент можа стварыць электронную медыцынскую карту. У ёй можна пазначыць дыягназы, алергіі, прэпараты, якія вы прымаеце, загружаць медыцынскія дакументы і захоўваць іх.
На галоўнай старонцы платформы ёсць функцыя кансультацыі з лекарам. Націснуўшы на кнопку, можна выбраць патрэбнага спецыяліста, сярод актыўных на платформе. Сістэма прапануе вам свабодныя часовыя слоты. Таксама можна задаць пытанне «у воблака», пры неабходнасці прыклаўшы дакументы. Тады ён прыйдзе ўсім лекарам дадзенай спецыяльнасці. Хто першы адкажа — з тым у вас працягнецца дыялог. Можна пагутарыць у рамках чата альбо пачаць відэакансультацыю. Гісторыя чата ў вас захаваецца — вы зможаце да яе вярнуцца.
Платформа аўтаматычна перакладае медыцынскія дакументы на 110 моў. Таму, будучы ў іншай краіне, вы можаце паказаць вытрымку з карты мясцоваму лекару. Ёсць функцыя стварэння Emergency card — яна раздрукоўваецца памерам з правы кіроўцы. На ёй ёсць штрыхкод і запісаныя медыцынскія дадзеныя на той мове, які вы выбіраеце для раздрукоўкі. Праз штрыхкод можна зайсці ў ваш акаўнт.
«Гэта неабходна на выпадак, калі чалавек, напрыклад, быў знойдзены дзесьці ў несвядомым стане або падчас аварыі. Службы неадкладнай дапамогі першае, што зробяць, гэта правераць дакументы — і ўбачаць вашу медыцынскую карту», — тлумачыць Уладзімір.
«Добра працуе кааперацыя з BY_MAPKA, з „Новай Беларуссю“. Кожны зарэгістраваны карыстальнік „Новай Беларусі“, па сутнасці, атрымлівае аўтаматычны рахунак у нас», — адзначае лекар.
«Новая Беларусь» — гэта лічбавая экасістэма для беларусаў і беларусак у краіне і за мяжой, якая дае прастору для вырашэння імі сваіх праблем. Існуе год. За гэты час дадатак спампавалі 33 тысячы карыстальнікаў, уся экасістэма павялічылася з 21 тысячы карыстальнікаў да 58 тысяч. З іх 52% знаходзяцца ў Беларусі. У іх вялікім попытам карыстаюцца медыцынскія і юрыдычныя кансультацыі і культурныя праекты.
Дадаткова можна налічыць яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч цалкам ананімных карыстальнікаў экасістэмы. Штомесяц толькі аплікацыяй актыўна карыстаюцца каля 19 тысяч чалавек.
Сістэма апавяшчае лекара, калі на яго спецыяльнасць паступае запыт. Калі ён разумее, што гэта пытанне па яго частцы, ён можа яго прыняць і адказаць. Калі не — можа ігнараваць. У лекара таксама застаецца гісторыя і архіў усіх чатаў, да якога ён можа звярнуцца і другі раз звязацца з пацыентам.
«Мы спрабуем стварыць у нашай платформе — нам гэта, увогуле, удалося — працяглыя адносіны паміж лекарам і пацыентам, каб атрымлівалася гісторыя такога лекара, якому я давяраю».
Больш за ўсё зваротаў на платформе адпраўляюць да тэрапеўта, да педыятра, да гінеколага. Раней шмат звярталіся да тых, хто спецыялізаваўся па тэме каранавіруса — гэта вывелі як асобную спецыяльнасць.
— Калі гэта было актуальна, гэта была прам вельмі карысная функцыя, таму што да лекара хадзіць не трэба. Напэўна, 70% пытанняў можна было вырашыць аддалена, таму што яны не тычыліся непасрэдна лячэння. Многія з іх тычыліся агульных рэкамендацый — што рабіць, куды ісці, куды звяртацца. Каб пацыенты не былі вымушаныя з гэтымі простымі пытаннямі ісці ў паліклініку, стаяць у чарзе, інфікаваць усіх вакол і інфікавацца самім, тэлемедыцына з’яўляецца вельмі добрым эфектыўным інструментам, — распавёў Уладзімір.
Падчас мітынгаў пацыенты маглі прыйсці на сэрвіс, каб зафіксаваць пабоі, якія атрымалі пры затрыманні, калі яны баяліся звярнуцца ў бальніцу. Альбо атрымаць кансультацыю псіхолага і псіхатэрапеўта.
Цяпер жа ў Беларусі нарастае дэфіцыт вузкіх спецыялістаў у рэгіёнах. «Мы, вядома, хацелі б у гэтай справе дапамагчы і даць нашых спецыялістаў для кансультацыі беларускіх пацыентаў на перыферыі. Я думаю, што гэта будзе развівацца — дэфіцыт нарастае. Улада не прадпрымае дзеянняў для таго, каб дэфіцыт памяншаўся», — сказаў Свіркоў.
Для лекара ёсць пэўны пратакол. Ён дасылае дакументы, якія пацвярджаюць спецыялізацыю. Пасля пра яго ўдакладняюць інфармацыю ў знаёмых калегаў. Пасля верыфікацыі яго дакументы выдаляюцца, а лекару прадастаўляюць доступ да платформы. Цяпер доктар мае толькі ўмоўны нумар — яго дадзеныя невядомыя. У яго таксама ёсць свой акаўнт — туды можна загрузіць дапаможныя дакументы, шаблоны адказаў, відэа і літаратуру для пацыентаў.
— У нас на платформе як лекары, так і пацыенты ананімныя. У будучыні мы трошачкі зменім гэты пратакол, але цяпер вось так.
Праверыць лекара на «завербаванасць» Уладзімір не бачыць магчымым. Гарантаваць 100%-ную адсутнасць людзей, якія перадаюць дадзеныя з платформы, лекар не лічыць прымальным. Таму ўсё, што можна зрабіць, — гэта ананімізаваць пацыентаў:
Адзінае слабое месца — ваш твар і голас. Таму, калі асцерагаецеся, кантактуйце праз чат, а не відэа ці званок. Так праходзіць 90% кансультацый. Стваральнікам платформы прапаноўвалі зашыфраваць голас — але яго можна дэшыфраваць.
Звярнуцца на платформу можна з любымі пытаннямі - нават калі ёсць падазрэнне на неадкладны стан. Важна тое, як хутка вы атрымаеце адказ. Зараз чакаць прыйдзецца даўжэй, паколькі платформу даўно не прасоўвалі. Калі спецыяліст будзе лічыць, што пытанне ляжыць за межамі дадзенай кансультацыі, ён дасць рэкамендацыю звярнуцца да афлайнавага лекара.
«Зразумела, што хірург не можа праапераваць з дапамогай нашай платформы. Каб чалавека абследаваць, трэба, каб ён быў побач і лекар мог дакрануцца і паслухаць. У нас у практыцы былі выпадкі, якія звязаны з вострай, неадкладнай дапамогай. Лекары распазнавалі своечасова, што гэта вось тая штука, калі ўжо трэба біць трывогу і хуценька выклікаць хуткую дапамогу.
Тое, пра што я зараз кажу, афтальмалагічная праблема — пачыналася адслаенне сятчаткі. Наш афтальмолаг вельмі хутка распазнаў гэтую праблему. Пацыент быў у адпачынку і хуценька пераехаў туды, дзе яму можна было зрабіць аперацыю. Зрабіў аперацыю і застаўся відушчым. А мог бы стаць сляпым, калі б яшчэ некалькі гадзін пачакаў", — распавёў аб паспяховым кейсе Уладзімір.
Калі вы не ведаеце, які лекар вам патрэбен, — звярніцеся да тэрапеўта. Ён дапаможа вызначыць, хто вам патрэбны. Не бойцеся памыліцца і задаць пытанне не таму эксперту. Калі што, ён перанакіруе ваш запыт. Так, напрыклад, шмат запытаў пра боль у спіне нефролаг перанакіроўваў неўролагу.
Парады лекараў не з’яўляюцца медыцынскімі кансультацыямі з юрыдычнага пункту гледжання. «Гэта меркаванне чалавека з медыцынскай адукацыяй. Яго не трэба ўспрымаць як канкрэтны савет або прапісанае лячэнне. Можаце прыраўноўваць каштоўнасць гэтай кансультацыі з вашым пошукам у Google», — раіць Уладзімір.
Сайт okdoc.me быў і з’яўляецца валанцёрскай платформай. Кансультацыі бясплатныя. У канцы кансультацыі вам прапануюць зрабіць добраахвотнае ахвяраванне. Цяпер ахвяраванні паступаюць пасля 30−35% кансультацый. Іх могуць зрабіць пацыенты па-за Беларуссю. Для беларусаў унутры краіны такая опцыя адключаная для іх жа бяспекі. Данаты размяркоўваюцца паміж лекарамі. Некаторыя ад іх адмаўляюцца — і накіроўваюць, напрыклад, у Фонд медыцынскай салідарнасці або калегам, якім патрэбна дапамога.
У 2024 годзе плануецца рэструктурызацыя платформы. Пакуль яе ўтрыманне аплачваецца з кішэні заснавальнікаў. Яны плануюць шукаць гранты альбо камерцыялізаваць кансультацыі - іх могуць зрабіць платнымі. Гранты могуць абмяжоўваць развіццё, таму разглядаюць другі варыянт. Для гэтага ўжо падрыхтавалі юрыдычную базу, каб тыя кансультацыі, якія могуць лічыцца медыцынскімі, былі аформленыя ў адпаведнасці з еўрапейскім заканадаўствам.
«Кансультацыі працягнуцца, проста зменіцца трошачкі сцэнар. Перад тым, як атрымаць кансультацыю, чалавек павінен будзе заплаціць: яму будзе прапанавана заплаціць, сума на картцы будзе фіксавацца — і пасля кансультацыі здымацца», — распавёў Уладзімір.
Цана пакуль невядомая. Яна будзе залежаць ад краіны знаходжання. Хутчэй за ўсё, яна будзе супастаўная з коштам кансультацыі ў Польшчы. Там знаходзіцца больш за ўсё «эмігранцкіх пацыентаў», тлумачыць Уладзімір. Але лекары змогуць самі рэгуляваць суму. Напрыклад, лекару з Нямеччыны будзе «нецікава» працаваць за польскія кошты і ён будзе падвышаць цэннік, мяркуе суразмоўца Hrodna.life. Некаторыя лекары змогуць працаваць адкрыта і прасоўваць профіль і свае паслугі.
Для беларусаў у Беларусі кансультацыі застануцца бясплатнымі - застанецца пул лекараў, якія будуць гатовыя даваць парады бясплатна. Пацыентам трэба будзе толькі адзін раз верыфікаваць з дапамогай іншага правайдэра, што яны знаходзяцца ў Беларусі — без указання горада. Дадзеныя пра гэта захоўваць не будуць. Пасля гэтага пацыент атрымае прамакод, які трэба будзе ўвесці замест аплаты кансультацыі. «Гэта вельмі-вельмі-вельмі запавольвае развіццё, але мы не можам без гэтага — інакш няма сэнсу наогул ва ўсёй нашай працы», — кажа Уладзімір аб доступе да сэрвісу ўнутры краіны.
Таксама з’явіцца функцыя «пытанне-адказ». Там можна будзе ўвесці пытанне — і атрымаць адказ, які будзе аўтаматычна генеравацца з наяўных артыкулаў і інфармацыйных баз. Адказы будуць мадэравацца спецыялістамі. Гэта значыць, чалавек атрымае «камбінаваны» адказ і ад спецыяліста, і з матэрыялаў. Аўтаматызацыя будзе нарошчвацца. «Гэта чысты эксперымент, я такога пакуль нідзе не бачыў, і самі мы гэтага не рабілі, таму паглядзім, што атрымаецца», — сказаў Уладзімір.
Таксама ў планах — стварыць сетку афлайн-лекараў, якія знаходзяцца за мяжой і працуюць з платформай. Калі вы падарожнічаеце і маеце патрэбу ў меддапамозе, акрамя анлайн-кансультацыі, вы можаце пайсці да знаёмага ўрача — і атрымаць кансультацыю на роднай мове. Тое ж і ўнутры нейкай краіны — гэта доступ да спецыялістаў высокага класа.
«Насамрэч — вельмі высокага. Гэта сапраўды топ лекары краіны. Гэта я кажу не для красного словца, гэта на самай справе так. Таму што добрыя спецыялісты заўсёды маюць правільныя этычныя погляды і пазіцыі. Таму яны часта пакутуюць. У выніку гэтыя спецыялісты апынуліся ў нас».
Тое, што лекары працуюць за мяжой — таксама «знак якасці». Гэта значыць, яны змаглі пацвердзіць сваю адукацыю і ўзровень.
— А навошта вы гэта робіце? Вось бясплатна ў сваю нядзелю сядзіце на дзяжурстве і кансультуеце людзей.
— Матывацыя мяняецца. Людзі працуюць на платформе па розных матывацыях. Першае — гэта жаданне дапамагчы, гэта настолькі банальна і можа быць, дзесьці смешна гучыць з аднаго боку, але гэта праўда. Большасць лекараў, якія прыйшлі да нас на платформу — гэта лекары, якія прыйшлі з жаданнем дапамагаць. Яны бачылі, што патрэба ў медыцынскай дапамозе расце, а доступ да яе пагаршаецца. Менавіта таму трэба знайсці нейкі канал, каб кампенсаваць. А лекары — у большасці сваёй людзі адказныя. Яны разумеюць, для чаго патрэбныя і яны гэта робяць.
Другая прычына — вакол платформы сфармавалася кам’юніці. Для многіх лекараў гэта магчымасць мець зносіны адзін з адным і разумець, што ён — не адзін. Трэці момант — фінансавая падтрымка для лекараў, якія пазбавіліся працы. Хоць гэта не тыя грошы, за якія можна жыць. Гэта яшчэ адна прычына камерцыялізаваць праект — каб лекары не залежалі ад працадаўцаў сваёй краіны, дзе яны знаходзяцца.
«Мы вельмі доўга працавалі над тым, каб лекары ў прынцыпе рабілі прапанову зрабіць данат, бо яны не падрыхтаваныя браць грошы за сваю працу. Гэта заўсёды звязана з нейкім адчуваннем сарамлівасці - прасіць за сваю працу аплату», — адзначае Уладзімір.
Улічваючы, што кансультацыя не мае «юрыдычнай» сілы, адсачыць, ці выконвае пацыент парады, немагчыма — гэта яго адказнасць. Па той жа прычыне нельга казаць пра медычнай памылцы.
— Гэта значыць, вы не можаце потым сказаць, што лекар параіў мне вось гэта, я вось гэта зрабіў і мне стала горш, таму давайце яго пасадзім у турму. Ёсць складаней пытанне — кантроль над якасцю дадзенай кансультацыі. Калі перапіска застаецца ананімнай, як пракантраляваць, што лекар не піша глупства?
Адзін са спосабаў - водгукі кліента і своеасаблівы «рэйтынг» лекара. А казаць пра адказнасць можна будзе пасля камерцыялізацыі праекта. Яе будуць несці лекары, якія даюць медкансультацыю і маюць настрыфікацыю ў краіне, дзе працуюць — па яе законах. Платформа будзе ў гэтым выпадку пасярэднікам. «Інтэрнацыянальная» тэлемедыцына закранае юрысдыкцыю многіх краін — таму юрыстам трэба ўсё пралічыць.
Таксама тэлемедыцына — гэта спосаб атрымаць яшчэ адно медыцынскае меркаванне. Другі лекар пераканае вас у правільнасці дыягназу і лячэння. Альбо раскажа пра сваё бачанне, напрыклад — як лечаць гэта захворванне ў яго краіне.
— Пацыент можа прыйсці і сказаць, што «я чуў, што ёсць вось такое меркаванне». Далей усё залежыць ад кваліфікацыі калегі, да якога ён прыйшоў. Калі да мяне прыходзіць пацыент і кажа, што вы зрабілі дрэнна, а трэба зрабіць вось так, у мяне ёсць два варыянты паводзін. Першае — я ўключаю ўнутранага нарцыса і кажу: да ну, гэта ўсё глупства, ідзіце наогул тады да таго лекара, раз вы мяне не любіце. Гэта непрафесійна. А прафесійна — калі я аналізую тое, што яму парэкамендавалі. Калі я бачу ў гэтым сэнс, абгрунтаванасць, то магу сказаць, што гэта сапраўды больш цікавы крок. Альбо патлумачу, чаму маё лячэнне — правільнае.
Падобным чынам працуе медычны кансіліум. Калі пацыент прыносіць альтэрнатыўнае меркаванне — гэта выдатны інструмент павялічыць ступень даверу паміж пацыентам і лекарам. І вырасці ў вачах свайго пацыента, нават калі той першапачаткова выказаў сумневы ў яго лячэнні. Калі я граматна пагавару ў гэты момант з пацыентам і прыму тое меркаванне, якое ён прынёс, ці, наадварот, буду адстойваць сваё меркаванне абгрунтавана — я ў вачах пацыента толькі вырасту, — распавёў Уладзімір.
У цэлым, распавядае Уладзімір, ёсць шмат тэлемедыцынскіх платформаў, на якіх карыстальнік можа захоўваць дадзеныя і кансультавацца ў спецыялістаў. У краіне іх можа быць нават некалькі. Яны даўно ёсць у скандынаўскіх краінах. Абсалютнай нормай з’яўляюцца ў Швейцарыі. А ў Аўстрыі, напрыклад, з гэтым «тугавата». У Нямеччыне доўга прымалі законы, а калі ўсё стандартызавалі — развіццё пайшло.
еЗдароўе ж прапануе гэта абмежаванай групе людзей канкрэтнай нацыянальнай прыналежнасці, а часам — палітычнай прыналежнасці. Хоць не ставілі забаронаў на тое, каб платформай карысталіся прыхільнікі дзейнай улады. Карыстаюцца ёй, акрамя беларусаў, і расіяне, і ўкраінцы. Таксама ў партала ёсць свая спецыфіка, якая з’явілася з-за ўмоў стварэння. Напрыклад, ананімнасць з’явілася з-за патрэбы ў ёй. Гэтаму дзівіліся юрысты, з якімі працаваў Свіркоў.
Ёсць і іншыя пытанні, якія давялося вырашыць. «Вось я звярнуўся да ананімнага лекара, я з ім пагутарыў. А як мне потым знайсці гэтага лекара яшчэ раз, каб з ім пагутарыць? А як мне зрабіць так, калі мне не спадабаўся лекар, а я да яго другі і трэці раз трапіў? Ці наадварот: я — лекар, у мяне ананімны пацыент, як я яго знайду?».
На платформе за ўвесь час прайшло каля 15 000 кансультацый. У апошні год — 2000. «Гэта вельмі добры вынік для платформы, у якую не інвеставалася ні капейкі старонніх грошай», — лічыць сузаснавальнік.
На еЗдароўе зарэгістраваліся каля 20 000 чалавек. «Сярэдні беларускі раённы горад цалкам мае электронныя медыцынскія карты і перыядычна звяртаецца па дапамогу», — параўнаў Уладзімір.
У Беларусі будучыні ў кожнага беларуса будзе доступ да платформы. У кожнага будзе індывідуальная медыцынская электронная карта, якая будзе ім жа кіравацца. Для лекараў платформа будзе з’яўляцца пультам кіравання прыватнай практыкай і медыцынскай кар’ерай. Лекар зможа атрымліваць доступ да пацыентаў і выбудоўваць базу пацыентаў. Яшчэ са студэнцтва ён зможа размяшчаць там свае сертыфікаты і мець доступ да прылад платформы і літаратуры. Дадзеныя можна будзе падаваць як фідбэк аналітычнаму аддзелу Міністэрства аховы здароўя, што цяпер у Беларусі вельмі недапрацавана, лічыць Уладзімір. З імі ён зможа лепш кіраваць сістэмай.
«Ёсць вельмі шмат класных ідэй, якія дапамаглі б нам трансфармаваць платформу ў тое, пра што мы марылі — пра нейкі медыцынскі цэнтр для ў першую чаргу беларусаў, дзе б гэты беларус не знаходзіўся, — марыць стваральнік. — Калі Беларусь стане краінай, пра якую мы ўсе марым, okdoc.me будзе добрым базісам для развіцця сістэмы аховы здароўя і цэнтральнай базай дадзеных, з якой можна кіраваць сістэмай і здароўем кожнага чалавека».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…