З пачаткам хакейнага сезону на фанацкім сектары гродзенцаў шмат новых асоб. Сярод іх і афрыканскія студэнты, якія ўпершыню з хакеем пазнаёміліся ў Гродне, куды прыехалі вучыцца. Чым прыцягнуў гэты від спорту выхадцаў з Ганы і Нігерыі, даведаўся Hrodna.life.
Студэнты прыходзяць на матчы «Нёмана» ў Гродне ўжо трэці раз і ідуць менавіта на фанацкі сектар, каб максімальна адчуць хакей. Афрыканскіх студэнтаў на сектары ўжо ведаюць і цёпла прымаюць. Там кажуць: «Мы чырвоныя, а яны чорныя — і разам мы «Нёман».
Ініцыятарам паходу афрыканцаў на хакей з’яўляецца нігерыйскі студэнт універсітэта імя Янкі Купалы Ахмед Яхайе.
«Мы з сябрамі часта гуляем у футбол і аднойчы пасля гульні ўбачылі шмат людзей ля Лядовага палаца, — распавядае Ахмед. — Падышлі туды, а там, аказваецца, быў турнір, у якім прымаў удзел „Нёман“. Нам сказалі, што ўваход на матч бясплатны. Мы былі здзіўлены і зайшлі паглядзець, што такое хакей».
На першым жа матчы афрыканскія хлопцы так захапіліся хакеем, што купілі сабе шалікі гродзенскай каманды.
«Мы шмат фатаграфавалі і здымалі відэа. І нашы афрыканскія сябры, якія таксама вучацца ў Гродне, пісалі, чаму мы іх не запрасілі. Дагэтуль ніхто з нас ніколі хакею не бачыў, а тут такое цікавае відовішча. Наступны раз я ўзяў на хакей яшчэ некалькі сваіх сяброў. І ўсім спадабалася. Я нават паспеў вывучыць адну крычалку «Нёман, мы з табой!».
Цяпер кожны раз, калі Ахмед гуляе ў футбол на ЦСК «Нёман», ён сочыць за афішай ля Лядовага. Студэнт плануе з сябрамі наведваць кожны матч гродзенскай каманды. Абавязкова на фанацкай трыбуне.
«Калі ёсць матч, то я тэлефаную сябрам і мы збіраемся. Гэтая гульня нам вельмі спадабалася. Асабліва сілавая барацьба, якой няма ў футболе. А таксама адносіны хакеістаў і фанатаў. Я заўважыў такую традыцыю, што гульцы пасля матчу пад’язджаюць і дзякуюць кожнаму. Нам падабаецца на фанацкім сектары, адчуваць там атмасферу і энергетыку падчас матчу. Можна сказаць, я палюбіў хакей з першага погляду».
Ахмед кажа, што калі скідвае фатаграфіі з хакею сябрам у Афрыку, яны дзівяцца і пытаюцца: чаму ў Беларусі летам катаюцца на лёдзе.
«У нас у Афрыцы няма такой гульні. Да прыезду ў Гродна мы не ведалі пра яе. Усё з-за снегу, якога ў нас няма. Калі я ўпершыню ўбачыў снег, гэта быў супер момант. Ён мне так спадабаўся, што я паехаў у Гродна знаёміцца з „Каробчыцкім Алімпам“, там я вучыўся катацца на лыжах. Цэлы дзень вучыўся, а цяпер я ўжо майстар. Снег і зіма адкрываюць новыя магчымасці, пра якія мы раней не ведалі».
У бліжэйшых планах у афрыканскіх студэнтаў навучыцца катацца на каньках і паспрабаваць пагуляць у хакей.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…