Традыцыя адзначаць пачатак новага каляндарнага года існуе практычна ва ўсім свеце, толькі падзея гэтая ў розных народаў прыпадае на розныя даты. Мы прыход новага года адзначаем 1 студзеня, хоць яшчэ з дахрысціянскіх часоў для нашых продкаў галоўнымі зімовымі святамі былі Каляды, цесна звязаныя з днём зімовага сонцастаяння.
Менавіта пасля яго, лічылі людзі, з павелічэннем працягласці дня пачынаўся новы жыццёвы цыкл. З ім людзі звязвалі новыя планы, новыя надзеі і чаканні.
Елка прыйшла ў ХІХ стагоддзі
Ужо пазней, з прыняццем хрысціянства, язычніцкае свята ператварылася ў свята Раства Хрыстова. Вобраз каляднай елкі, якая прыйшла ў хаты нашых продкаў у ХІХ стагоддзі, добра ўпісаўся ў хрысціянскую традыцыю: упрыгажэнні і ласункі сімвалізавалі дары, прынесеныя маленькаму Хрысту, а свечкі нагадвалі асвятленне месца, у якім спынялася Святое Сямейства на шляху ў Віфлеем.
Да таго ж на верхавіну дрэва заўсёды вешалі ўпрыгажэнне, якое сімвалізавала Віфлеемскую зорку, якая ўзышла ў час нараджэння Ісуса і паказала дарогу вешчунам. У выніку елка стала сімвалам Калядаў.
Да Калядаў рыхтаваліся сур’ёзна
За стагоддзі язычніцкія і хрысціянскія традыцыі перапляліся настолькі моцна, што сёння яны проста непадзельныя. Католікі і праваслаўныя ў Беларусі святкуюць Каляды ў розны час — першыя да, а другія пасля Новага года, — але ўсе аднолькава любяць гэтае свята, чакаюць з аднолькавым нецярпеннем і нават трапятаннем, а таксама памятаюць і шануюць векавыя традыцыі, якія ў часы нашых прабабуль і прадзядуль былі ў пэўнай ступені іншымі.
Рыхтаваліся да Калядаў сур’ёзна і загадзя. Напярэдадні свята калолі кабанчыка, нават у небагатых сем’ях, і яшчэ да пачатку свята стараліся скончыць усе работы з мясам. Сустракаць гэтае свята трэба было чыстым, таму абавязкова старанна прыбіралі ў хаце, у двары, затым самі мыліся ў лазні, апраналі, па магчымасці, новую вопратку.
Прыкметы і абрады
Рытуалы і традыцыі свята заўсёды дакладна выконваліся. Вялікае значэнне надавалася прыкметам, і практычна ўсё, што адбывалася напярэдадні, падчас і адразу пасля свята, мела вялікае значэнне. Напрыклад, у калядную куццю глядзелі, ці ёсць шэрань на дрэвах — чым яе больш, тым лепш уродзіцца жыта і авёс.
Лічылася, што ў гэты вечар можна нават паўплываць на жыццё-быццё ў будучым годзе: ножкі каляднага стала «спутвалі» вяроўкай, каб не ўцякала са статку і не гінула жывёла, каб коні і валы былі моцнымі. Тры абрадавых вячэры на працягу Каляд, а часам і самі вечары, называліся куццямі.
Першая лыжка — «дзядам»
Увесь вечар напярэдадні Калядаў людзі трымалі шчыры пост, і толькі пасля з’яўлення першай зоркі на небе садзіліся за стол. Гэтая куцця была посная — на стол збіраліся толькі посныя стравы, пажадана 12. На стале было разаслана свежае сена (каб у новым годзе быў добры ўраджай), на яго засцілалі чысты абрус.
Галоўнай стравай на святочным стале была куцця — каша, якую рыхтавалі з ячменю або пшаніцы і засалоджвалі мёдам. Гаспадыня ставіла на сярэдзіну стала куццю са свечкай і бліны — сімвал Сонца. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву, затым ставіў свечку ў чырвоны кут і першым садзіўся за стол.
Лічылася, што ў гэты вечар на вячэры нябачна прысутнічаюць душы памерлых продкаў, таму перш чым прыступіць да ежы, першую лыжку кашы ў сподку клалі на парог або на падаконнік — «дзядам».
Часам на акенца адпраўлялася і другая лыжка кашы — для марозу, каб прыходзіў зімой і не марозіў пасевы па вясне. Пасля гэтага дамачадцы дзялілі астатнюю куццю на ўсіх і далей частаваліся аўсяным кісялём, грыбамі, блінамі, прычым верхні блін здымалі і хавалі, каб накарміць ім скаціну ў Вадохрышча (каб не хварэла). За сталом усім трэба было абавязкова паспрабаваць хоць патроху ад кожнай стравы.
Святкавалі цэлы тыдзень
На Каляды стараліся падняцца на світанку, лічылася, хто ў гэты дзень устане раней, у таго круглы год уся праца будзе добра ладзіцца. Пасля святочнай службы ў храме і разгавення пачыналі па-сапраўднаму святкаваць Каляды, якія доўжыліся цэлы тыдзень (да Шчодрыка), — наступалі святыя вечары, або святкі, што заканчваліся ў дзень Вадохрышча.
У гэты перыяд ніхто не выконваў ніякай працы, акрамя абавязковай штодзённай, звязанай з хатнімі справамі і дагляданнем жывёлы. У першы калядны дзень было прынята наведваць сваіх хроснікаў, дарыць ім падарункі.
Увечары была багатая, шчодрая куцця — каша на сале або масле, побач з якой на стол выстаўляліся вельмі сытныя, галоўным чынам мясныя стравы (каб год наступіў багаты і ўсяго прынёс у дастатку): запечанае парася, каўбасы, дзічына, бліны і пірагі з рознымі начынкамі, гусь з яблыкамі, смажаная рыба ды іншыя прысмакі.
Калядоўшчыкі - самыя дарагія госці
Днём дзеці хадзілі з песнямі па вуліцах «славіць Хрыста» і атрымлівалі за гэта манеткі і ласункі. А ўвечары наступаў час моладзі - пара калядавання. Вялікія кампаніі па 10−15 чалавек пераапраналіся ў цыган, у мядзведзяў, абавязкова ўбіралі аднаго з членаў групы казой — апраналі на яго вывернуты поўсцю ўверх кажух, прымацоўвалі «рогі». Майстравалі вялікую зорку, якую насілі потым на шасце.
Падчас калядных святаў абавязкова трэба было весяліцца, а таму калядоўшчыкі і музыкі былі самымі дарагімі і ганаровымі гасцямі ў кожнай хаце. Калядоўшчыкі спявалі песні, прыпеўкі, танцавалі, славілі гаспадара дома і яго сям’ю. За гэта іх адорвалі смачнай ежай са святочнага стала і дробнымі грашыма, прычым падарункі гэтыя падаваліся не як міласціна жабракам, а як даніна, якая па праве належыць калядоўшчыкам.
Іх ахвотна зазывалі да сябе, заўсёды гасцінна сустракалі, адорвалі з удзячнасцю, бо лічылася, што калядоўшчыкі са сваімі песнямі нясуць у дом здароўе членам сям'і, дабрабыт і ўсялякія выгоды на цэлы год. Не ўпусціць да сябе калядоўшчыкаў азначала наклікаць бяду і на дом, і на гаспадарку.
Абавязкова — быць міласэрным
Акрамя агульнага вяселля на Каляды абавязковай лічылася яшчэ адна традыцыя — рабіць справы міласэрнасці. Прынята было дапамагаць перад святам адзінокім людзям, састарэлым, хворым, а падчас свята адведваць іх. Таксама аказвалася магчымая дапамога прытулкам, бальніцам, нават месцам зняволення. Гэта лічылася працягам той літасці, таго ўсеабдымнага дабра і спагады, якія даў людзям Хрыстос.
Варажба — абавязковы элемент свята
Са старажытнасці абавязковым атрыбутам калядных святаў была варажба, якая пачыналася ўвечары напярэдадні Калядаў і працягвалася да Шчодрыка. Асабліва гэты занятак любілі дзяўчаты, якія марылі зазірнуць у сваю будучыню.
Спосабаў даведацца пра яе было вялікае мноства. Дзяўчаты кідалі праз плячо боцік з левай нагі і ўважліва глядзелі, як ён упаў: у які бок быў накіраваны насок, адтуль і суджаны прыйдзе. На парог дзяўчаты клалі кожная свой блін, а потым звалі сабаку — чый блін ён з’есць першым, тая і замуж раней пойдзе.
Варажылі і на паленцах. Дзяўчына брала наўздагад з кастра (паленніцы) адно палена, па якім потым і вызначалі, якім будзе жаніх: калі палена роўнае і гладкае, значыць, жаніх будзе прыгажун, калі крывое ды шурпатае — непрыгожы, калі траплялася палена з сучкамі, то суджаны будзе з вялікай сям'і.
Варажылі да самага Вадохрышча, напярэдадні якога спраўлялася трэцяя куцця, так званая галодная. На стале ў гэты вечар было няшмат страў, а сама вячэра была нядоўгай. Лічылася, што ў гэты раз з ежай трэба ўправіцца хутчэй, каб і летам усе працы ў полі хутка скончыць. Гаспадар дома ў гэты вечар выходзіў на двор і мелам маляваў крыжы над усімі варотамі, вокнамі і дзвярыма, каб абараніць свой дом і сваю гаспадарку ад нячыстай сілы.
Як святкавалі ў гарадах
У гарадах Расійскай Імперыі ў XIX стагоддзі святкаванне адрознівалася ад сельскага. Было прынята ўладкоўваць калядныя гулянні, кірмашы, цырк-звярынец, латарэі, феерверкі. Для багатых гараджан праводзіліся балі, маскарады і танцавальныя вечары. Напэўна, яшчэ больш за дарослых любілі гэтае свята дзеці. Для іх рыхтаваліся спектаклі, рабіліся каткі, часам аздобленыя ледзянымі палацамі, а самым чароўным атрыбутам свята была святочная ёлка з карагодамі і падарункамі.
Публічныя ёлкі для ўсеагульнага святкавання ставілі на цэнтральных плошчах, а знатныя людзі і высокія чыны ўбіралі вялікія прыгожыя ёлкі ў сваіх дварах і гасціных. У тыя часы ёлкі ўпрыгожвалі свечкамі, пернікамі, арэхамі ў яркіх абгортках, мандарынамі, зваранымі ў мёдзе яблыкамі і сушанай садавінай. Пазней да гэтых упрыгажэнняў дадаліся цукеркі, выразаныя з кардону фігуркі людзей і жывёл, анёлы і званочкі, яркія ліхтарыкі і папяровыя гірлянды. Верхавіну ёлкі вянчала яркая прыгожая зорка.
На плошчах — батлейкі
У вялікіх і малых гарадах і мястэчках карысталіся нязменным поспехам прадстаўленні народнага лялечнага тэатра — батлейкі. Батлейка ўладкоўвалася на рынку або плошчы, часта падчас кірмашу, у яе прадстаўленні ўваходзілі рэлігійныя п’есы, народныя драмы, сатырычныя і жанравыя сцэнкі, насычаныя мясцовым фальклорам і гумарам.
Па вечарах на працягу ўсяго каляднага тыдня батлеечнікі хадзілі па хатах заможных гараджан, віншавалі гаспадароў ды іх гасцей са святам і давалі для іх прадстаўленні.
Паштоўкі - калісьці папяровыя, сёння электронныя
У канцы ХІХ стагоддзя паўстаў новы спосаб павіншаваць адзін аднаго, які вельмі хутка стаў папулярным, — адправіць святочную паштоўку. Спачатку гэта былі фотаздымкі з прыгожымі відамі, а пазней з’явіліся спецыяльныя ілюстраваныя карткі да розных святаў, у тым ліку да Каляд.
Яркія, маляўнічыя, яны неслі вестачкі, цёплыя і сардэчныя віншаванні родным людзям у розныя гарады і краіны. Іх захоўвалі на працягу многіх гадоў як памяць і добрую вестку — так калекцыя святочных віншаванняў магла ператварыцца ў дарагую сямейную рэліквію.
Звычаі, звязаныя са святкаваннем калядных і навагодніх святаў, за апошнія 100−200 гадоў не раз мяняліся. Але, адпраўляючы сёння сябру электронную паштоўку па інтэрнэце, мы, як і нашы далёкія продкі, з нецярпеннем чакаем святаў, рыхтуемся да іх загадзя, запасаемся пачастункамі і прысмакамі, думаем пра прыгожыя сувеніры і падарункі для нашых любімых і блізкіх, а на калядны стол ставім на адну талерку больш.