На пешаходнай вуліцы ў цэнтры Гродна з’явіліся новыя музыканты. Мінакі спыняюцца побач, каб паслухаць сусветныя хіты ў прафесійным выкананні ўдзельнікаў «Гродзенскай капэлы». Hrodna.life даведаўся, адкуль з’явіліся музыканты і ці надоўга яны затрымаюцца на Савецкай.
У Гродна Антон Сіліч і яго напарнік Ілля Белы патрапілі па размеркаванні пасля вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў 2018 годзе. Антон родам з Бабруйска, Ілля — з Барысава.
«Два гады ў нас была адпрацоўка ў Гродне. Мы граем у „Гродзенскай капэле“. Цяпер няма канцэртаў па аб’ектыўных прычынах. Сядзець дома не выйсце. У сярэдзіне чэрвеня мы ўпершыню выйшлі граць у цэнтр Гродна», — кажа Антон.
Антон граў на вуліцы і раней. З калегамі ён быў у Германіі і Польшчы. У яго вялікі вопыт вулічнага музыканта.
«Многія музыкі лічаць, што выходзіць на вуліцу — не высакародна. Маўляў, гэта нешта падобнае да жабравання. Я бачу ігру на вуліцы як нейкі перформенс або прадстаўленне. Цяпер межы зачыненыя, зарплаты, якую я атрымліваю ў капэле, асабіста мне не хапае. Жонка працуе на паўстаўкі, у нас яшчэ маленькае дзіця. Заробленых грошай хапае, каб выйсці ў нуль. Раней ездзіў за мяжу, там граў на вуліцы і ў рэстаранах».
Музыкі ў Беларусі атрымліваюць мала, таму шукаюць падпрацоўку ў розных калектывах і установах, кажуць Антон і Ілля.
«Я б таксама мог ісці дадаткова куды-небудзь граць, але мне гэта эканамічна нявыгадна, — кажа Антон. — Мне выгадней мець больш вольнага часу. Зарабіць на вуліцы ў Беларусі таксама можна, досыць нядрэнны заробак».
Пакуль музыкі граюць у дуэце і часам запрашаюць гродзенку Ганну з флейтай. Над назвай калектыву яшчэ думаюць. У планах — граць на вуліцы ў Гродне, у будучыні магчымыя паездкі і па іншых гарадах Беларусі.
«Цяпер каранавірус і не хочацца кудысьці ездзіць, пакуль граем у Гродне. Заробкі на вуліцы залежаць у асноўным ад надвор’я. Мы плануем выходзіць на выхадных, каб не надакучваць гродзенцам».
Антон, Ілля і Ганна граюць папулярную музыку, музыку з фільмаў. Пакуль рэпертуар невялікі.
«Гродзенцы ставяцца да нас вельмі станоўча. Спыняюцца, дзякуюць, паказваюць пальцы ўверх і кажуць, што баян з шансонам ім ужо надакучыў. Просяць выходзіць часцей. Што тычыцца канкурэнтаў, то ў нас у горадзе іх няшмат. Ёсць нядрэнны калектыў з трох чалавек і яшчэ хлопец грае на стылізаваным старадаўнім інструменце. Мы думаем, месца ўсім хопіць на вуліцы», — кажа Антон.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…