Пад сакурай і з прынцэсай. Ірына Новік — пра гродзенскую турму і «лячэбнае» галаданне на сутках

Раз. Два. Тры. Чатыры. Пяць. Крэм-гель для душа «Інжыр і сакура». З сокам інжыра. ¼ звільгатняльнага крэму. Шэсць. Сем. Восем. Распарадак дня затрыманых у ІЧУ турмы № 1. Разварот. Раз. Два. «Прынцэса Кандзі». Цэйлонскі чай. Сто пакуначкаў з ярлычкамі. Тры. Чатыры. Пяць. Шэсць. Сем. Восем. Разварот. І так — 16 гадзін. У ізалятары часовага ўтрымання гродзенскай турмы № 1 затрыманыя праводзяць цэлы дзень, мераючы камеру крокамі.

Ад шостай раніцы да дзясятай вечара тут нельга сядзець і ляжаць. Нават на падлозе. Можна — стаяць. Або хадзіць. Для «палітычных» сядзець у турме — проста фігура мовы.

Трапіць у турму на Кірава — журналісцкая ўдача. Звычайна затрыманых па адміністрацыйцы адпраўлялі ў ізалятар на вуліцы Гая. Але зараз ён на рамонце. Усіх прывозяць у турму № 1. І мяне — таксама.

Чытайце таксама: Унітаз затыкаюць хлебам, вяроўкі робяць з пакетаў. Як выжываюць вязні гродзенскай турмы

Мяне затрымалі 1 чэрвеня. Прычына — распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, артыкул 19.11, частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Раніцай патэлефанаваў участковы і папрасіў зайсці на апытанне. Спытала, ці шмат часу зойме размова. На гэты дзень у мяне быў запіс на манікюр. «У межах паўгадзіны», — паабяцаў інспектар. І не схлусіў. Проста праз паўгадзіны апытання быў агляд у мяне ў кватэры і «перамяшчэнне» ў Ленінскі раённы аддзел унутраных спраў (РАУС). Потым — турма.

Літары

Кнігу і нататнік з асадкай узяць у камеру не дазволілі. Рэдактарскае вока, звыклае да тэксту, усё роўна ўсюды шукае літары. Этыкетка ад геля для душа налеплена на плітку каля ўмывальніка. Распарадак дня вісіць на дзвярах над «кармушкай». Кардонная накрыўка ад каробкі гарбаты ляжыць на шэрай скрыні, прыкручанай да сцяны. Больш літар няма. Але… праз нейкі час пачынае адкрывацца другі пласт рэальнасці - з аўтографамі былых насельнікаў камеры. Друкаванымі літарамі ў узгалоўі нараў: «Мухамор». «Ірма» і букецік — на адкосе дзвярэй. «Усім шанцуе» ад Юліі. «Каб убачыць вясёлку, трэба перачакаць дождж» ад Наташы. Дзе-нідзе — даты. Самая позняя — чэрвень 2020. Мабыць, пасля гэтага часу шарыкавыя ручкі ў арыштантаў забіралі.

Чытайце таксама: Дж — У Гародні дожДЖ. «Гарадзенская азбука» вырушае на шпацыр па радках песні Віктара Шалкевіча

«Гарадзенская азбука» — адзін з праектаў Hrodna.life, з якім працуе рэдактарка Ірына Новік. Гэта цыкл матэрыялаў пра цікавыя месцы, людзей і падзеі з гісторыі Гродна. Адзін з апошніх матэрыялаў быў прысвечаны былому езуіцкаму калегіуму. У яго мурах цяпер турма, і менавіта там сядзела Ірына.

Восем маленькіх крокаў

У камеры двухпавярховыя нары на чацвярых. Праход паміж імі - шырынёй менш метра. У даўжыню — восем маленькіх крокаў. У адным тарцы абабітыя бляхай дзверы. Побач — унітаз і рукамыйнік. Кавалачак люстэрка на сцяне. Насупраць — акенца пад столлю, забранае кратамі. У шырыню — 17 квадрацікаў. У вышыню — 12. Верх акенца выгнута дугой, паралельна арачнай столі. Цяжка дакладна падлічыць, колькі ў кратах поўных клетак. У верхнім шэрагу яны рэзаныя. Калі скласці ўсе кавалачкі, то цэлых квадрацікаў будзе каля 216.

Чытайце таксама: У іх — музей, у нас — рэчаіснасць. Што агульнага ў латвійскай турмы 1940-х і сучасных беларускіх ізалятараў

Я — сырок у шакаладзе

Ад участка да дома мы з участковым ішлі пешшу. «Вы зразумейце, — тлумачыў інспектар. — Гэта ж наогул не мая справа. Мая праца — п’яніцы і дэбашыры». Ён ківае галавой у бок шматпавярховак Дзевятоўкі, нашага спальнікі. «Я ж як касірка ў супермаркеце. Падабаецца табе чалавек, не падабаецца — трэба ўсіх разлічыць па чарзе».

Ага. Я толькі ківаю. Я — сырок у шакаладзе на стужцы транспарцёра перад касай. Мяне прасканавалі, счыталі штрых-код з «экстрэмізмам» і адпраўляюць па ўсіх пакладзеных пунктах маршруту. Мяне больш няма. Я — сырок у шакаладзе.

Наступны пункт — РАУС. Тут сабралі справу. «Азнаёмцеся. Распішыцеся. Затрыманы да суда». Далей — «малпоўня». Чакаю, пакуль адвязуць у турму. У квадратным памяшканні без вокнаў шэрыя сцены і дзве лаўкі. На адной хтосьці спіць, скруціўшыся абаранкам. Тут пахне. Ну, як пахне. Смярдзіць. Шкарпэткамі. Немытым целам. Потам. Бядой і беспрасветнасцю. Але калі пасядзець паўгадзіны — звыкаеш.

Ксюша

Мая суседка прачынаецца і пачынае гарлапаніць. У асноўным — матам. Адзінае канструктыўнае ў яе словах — што трэба ў туалет. Яе выводзяць, потым прыводзяць назад.

«Цябе сюды кінулі, каб я цябе адп*здзіла. А я не буду. Х*лі», — кажа суседка. Яна спявае. Песня рве душу і барабанныя перапонкі.

 “Ко мне на хату ты пришел, какие были речи.
Ты меня нежно целовал и обнимал за плечи.
Ты искалечил жизнь мою – сорвал цветок и бросил.
Но всё равно тебя люблю, хотя на сердце осень”.
Мы знаёмімся. Суседку клічуць Ксюша.

— Адкуль ты ведаеш гэтую песню, Ксюша?
— Дык гэта ж маё жыццё…

Ксюша распавядае пра сваё жыццё — як нарадзіла, хоць лекары казалі, што бясплодная. Як выхоўвала дачку. Як прыносіла ёй крадзеныя туфлі на абцасе-дванадцадцы і сукенкі любога колеру. Як пахавала бацькоў. Як сядзела два гады ў турме за нявыплату аліментаў. Як выйшла і прынесла крадзеную лавачку да іх магілы на могілках.

«Ну ладна я, маладая, — Ксюша ніяк не можа зразумець, што я тут раблю. — Я-та спала пад кустом, вось і забралі. А ты-та чаго? Чысценькая ж… Што, зяць-с*ка з хаты выгнаў? Ці ўнукі?»

Я не ведаю, як растлумачыць Ксюшы пра палітыку, інтэрнэт і экстрэмізм. У Ксюшыным жыцці іх няма. Таксама, як у маім — зяця і ўнукаў, якія выгналі мяне з хаты. Але тут мы сядзім побач. У нас ёсць шэрыя сцены, дзве лаўкі і Ксюшына песня.

“Ты говоришь, что я пьяна –
Конечно же, я пьяная.
Налейте мне еще вина
Запью я жизнь поганую.”

Калі мяне адводзяць, Ксюша зноў спіць. «Мяне б даўно выпусцілі, — казала яна. — Яшчэ ў мінулую змену. Але х*лі там рабіць? Я яшчэ не выспалася».

Насупраць працы

Мяне суправаджае дзяўчына ў форме. Доўгія валасы, пазногці з гель-лакам, туш на вейках. Міліцэйскі бусік едзе па горадзе. Пушкіна, Астроўскага, Дзяржынскага, Сацыялістычная, Кірава. Праязджаем пад вокнамі рэдакцыі, спыняемся ля турмы. Кіроўца злуецца — перад намі чарга. Крыты грузавік з надпісам «Людзі» прывёз этап. «Гадзіну прастаім, не менш», — бурчыць ён.

Я яшчэ не ведаю, што гэта — добра. Што гэта — апошняя гадзіна на бліжэйшыя трое сутак, калі мне можна сядзець днём. Успамінаю нашы вечныя рэдакцыйныя жарты аб тым, што спачатку сядзіш насупраць турмы, а потым — насупраць працы. Час праходзіць хутка.

7 — шчаслівы лік

Мяне здаюць дзяжурнаму. Трэба распрануцца і прысесці тры разы. Дзяўчына, якая суправаджае, правярае адзенне. Потым маю ссабойку. Кніга, нататнік, асадка, пашпарт — іх адкладаюць у бок і пакуюць у пакецік з нумарам 7. «Шчаслівы лік», — адзначаю. Мне пакінулі цёплую кофту, ласіны і майку, дзве змены бялізны, мыла, зубную пасту і шчотку, крэм для твару і для рук і таблеткі. Лекі паклалі каля ўваходу ў камеру, у агульным калідоры. Іх выдавалі па просьбе — два разы на дзень. Я прымаю таблеткі не тады, калі ўжо дрэнна, а каб не стала дрэнна. «Гэта старасць», — жартуем мы дома. «Гэта прафілактыка», — кажа наша ўчастковая лекарка.

Дажыць да світання

Я ў камеры. Перыядычна шамаціць па жалезных дзвярах вечка — гэта ахоўнік зазірае ў вочка.

Ляск, адчыняецца кармушка:

— Есці будзеце?

— Не.

Ляск. Кармушка зачыняецца. Гэта шэсць вечара. Яшчэ праз пару гадзін — ляск, адчыняецца кармушка:

— Хлеб браць будзеце?

— Не.

Потым сірэна. Гэта дзесяць. Адбой.

Ляск. Дзверы адчыняюцца, трэба выйсці, узяць матрац і падушку. Да шасці раніцы можна спаць.

Падушка, матрац і коўдра «пахнуць». Святло ў камеры не выключаюць. Але я ведаю лайфхак: павязку з носа і рота можна перасунуць на вочы. Атрымаецца маска для сну.

Двойчы за ноч мяне падымаюць. Трэба ўстаць тварам да сцяны і сказаць прозвішча, імя і імя па бацьку, дату нараджэння і артыкул. У шэсць раніцы матрац і падушку з коўдрай забіраюць.

Ляск, адчыняецца кармушка.

-Есці будзеце?

-Не.

На другі дзень у турме мне прапанавалі аформіць адмову ад харчавання пісьмова. «Напішыце: «Адмаўляюся ад прыёму ежы па прычыне…», — казаў ахоўнік, прапіхваючы ў «кармушку» аркуш паперы і асадку. Прычына — гэта пратэст. Супраць неабгрунтаванасці затрымання, нечалавечых умоў і здзеклівых забаронаў. Другая прычына — самаабарона. Я шмат чула пра турэмную ежу. Думаю, яна нанесла б майму здароўю большую шкоду, чым трое сутак галадання. Не ўпэўненая, што кішачнік бы справіўся. Мне не хацелася курчыцца з хворым жыватом, калі нельга сесці ці прылегчы.

«Адмаўляюся ад харчавання», я напісала і паставіла дату. Усе ж самі разумеюць, чаму.

Раніца — добры час

Пасля пад’ёму зразумела, што рабіць: вымыць рукі з мылам. Пачысціць зубы. Прычасацца. Нанесці крэм на твар — вочы моцна зацяклі, мабыць, алергія на сырую падушку. Зрабіць масаж. Гімнастыку для суставаў. Расцяжку. Абстукаць косткамі пальцаў па ўсіх костках, расцерці цягліцы, расцерці скуру.

І зноў: Раз. Два. Тры. Чатыры. Пяць. Крэм-гель для душа «Інжыр і сакура». З сокам інжыра. ¼ звільгатняльнага крэму. Шэсць. Сем. Восем. Распарадак дня затрыманых у ІЧУ турмы № 1. Разварот. Раз. Два. «Прынцэса Кандзі». Цэйлонскі чай. Сто пакуначкаў з ярлычкамі. Тры. Чатыры. Пяць. Шэсць. Сем. Восем. Разварот.

Літар у камеры вельмі мала. Як і колераў. Сцены — рэшткі бледна-жоўтага і бледна-зялёнага. Асноўны колер — шэры. Гэта цвіль. Грыбок, які працяў сцены метровай таўшчыні наскрозь.

Імпрэсіянізм асобна ўзятай камеры

Разводы грыбка на сценах можна разглядаць, як у дзяцінстве — аблокі, што плылі па небе. Тут — заяц з рамонкам у зубах. Тут — анёлы з трубамі, як на Фарным касцёле. Гэтыя палоскі - марскі пейзаж з заходам сонца. У куце, дзе цвілі асабліва шмат, карціны, што ўсплываюць ва ўяўленні, падобныя на афортаў. Сплятаюцца раслінныя матывы, фантазійныя фрагменты, тэхнагенныя элементы. Там вока. Тут рука. Кветкі. Шасцярэнькі. Лісце. Дрэвы. Амаль як на выставе Юрыя Якавенкі.

Над унітазам сетка трэшчынак і рудыя падцёкі. Па каларыстыцы падобна на старых гербарыяў Элізы Ажэшкі. Бледна-іржавыя разводы — як папараць па галінках-расколінах. Такія вісяць у аптэцы-музеі, за некалькі муроў адсюль.

Эфект перадышкі

Ляск кармушкі. «Падысці. Спіной. Рукі за спіну». Гэта значыць, трэба прасунуць рукі ў акенца «кармушкі». На іх надзенуць кайданкі. Мяне некуды вядуць. Уніз па жалезнай лесвіцы з рыфленымі прыступкамі. Па баках парэнчы: жалезныя палосы, пафарбаваныя ў зялёны. На іх — рамонкі. Круглыя белыя пялёсткі і круглыя жоўтыя сярэдзінкі. Як на дзіцячых малюнках. «Направа. Тварам да сцяны. Наперад». Я ўваходжу ў адчыненыя дзверы. За сталом адвакат. Хто ж яшчэ тут можа ўсміхацца? «Сядайце». Просіць перашпіліць мне кайданкі наперад. Зараз я бачу свае бранзалеты — чорныя палоскі з спружынамі замка. Халодныя. Скрыгаткія. Бразгаюць.

Ахоўнік выходзіць. А я не магу стрымаць слёзаў. Гаворым ціха.

— Як вы?

Спрабую усміхацца:

— Нармальна. А як нашы?

— Усё добра. Хвалююцца за вас. Пра суд нічога не вядома. Справу яшчэ не перадалі з РАУС.

— Раскажыце, што вы робіце? Цяжка ўвесь час на нагах? Хоць абутак зручны?

Я распавядаю пра свае мастацкія галерэі, плесневых зайчыкаў і анёлаў, пра песні Ксюшы ў «малпоўні», пра восем маленькіх крокаў, сустаўную гімнастыку, палярызаванае дыханне — пра ўсё, што запаўняе дзень.

Такое было толькі ў кніжках

Я чытала пра гэта ў Віктара Франкла і Анатоля Рыбакова. Ведала з фільмаў пра абкружэнне, палон і канцлагеры. Трэба. Заставацца. Чалавекам. Рабіць тое, што можаш рабіць. Мыць рукі. Чысціць зубы. Мяняць бялізну. Спяваць шэптам. Чытаць вершы на памяць. Рабіць размінку, як у піянерлагеры.

-Гавары. Яшчэ ёсць трохі часу. Хоць пасядзіш…

У мяне зноў слёзы. Ну вось і ўсё. Час ісці. Кайданкі зноў перашпільваюць за спіну. Калідоры. Лесвіца з рамонкамі на зялёных балясінах. Я ў доўгай сукенцы. Стараюся дацягнуцца пясцю з-за спіны, каб падабраць падол. Страшна зачапіцца і ўпасці. Пасля сустрэчы з адвакатам мне загадваюць узяць рэчы і пераводзяць у іншую камеру.

Гадзіннік каралевы Боны

Гэтая камера такая ж, як першая. Але! Тут прыадчынена вакно. Неба ўсё роўна не бачна. Шкло непразрыстае. Але дыхаць лягчэй, і цвілі менш. За акном брэшуць сабакі. І - о, цуд! — чуваць, як б’е гадзіннік на Фарным касцёле. Самы. Стары. Гадзіннік. Еўропы.

Чытайце таксама:

Можна вымыць рукі. Прычасацца. Зрабіць размінку. Разняволіць дыяфрагму. Памасіраваць шыю і плечы. Падыхаць глыбока. Хутка ноч.

Сірэна. Матрац. Легчы. Ноччу зноў некалькі разоў будзяць. «Устаць. Тварам да сцяны. Прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння. Артыкул». Выдатныя пытанні. Патрэбныя. Жыццёвасэнсавыя. Асабліва — сярод ночы.

Нас раніца сустракае сірэнай

Наступная раніца пачынаецца як звычайна — сірэнай. На трэці дзень нават турма здаецца звычайнай справай. Людзі паўсюль жывуць. Размінкі, расцяжкі, нават крыху танцаў. Вада. Масаж. Маленькія крокі. Пасля чарговага лязгу: «З рэчамі на выхад». Уніз па лесвіцы з белымі рамонкамі. «У нас мінус адзін, — суправаджальнік здае мяне дзяжурнаму. — Распішыцеся, што атрымалі рэчы». З «шчаслівага» мяшка з нумарам 7 высыпаюць мае кнігу, нататнік, асадку і пашпарт. «Потым зноў да нас?» — пытаецца дзяжурны. Што яму сказаць? Гэта не я вырашаю.

Злачынцаў заўсёды зловяць. У дэтэктывах

Машына едзе праз горад — зноў знаёмыя вуліцы. Які ж прыгожы Гродна! Астроўскага, Пушкіна, Дубко. Да будынка суда машына не даязджае. Зварочвае ў двор Ленінскага РАУС. Высвятляецца, што тут будзе выязны суд. «Сядайце, сядайце, — паказвае на шэраг крэслаў дзяжурны міліцыянт. — Суддзя прыедзе прыкладна праз гадзіну».

— Кніжку ўзяць можна?

— Гледзячы якую.

Паказваю міліцыянту свой польскі дэтэктыў. На мяккай вокладцы — жамчужныя пацеркі і тонкія жаночыя рукі. У крыві. Сюжэт — усё як я люблю. У інтэлектуальнага паліцэйскага прафайлера намячаецца раман з пракуроркай. Усё гэта — на фоне загадкавых забойстваў і злачынстваў, якія яны абавязкова раскрыюць.

Сядзець і чытаць кніжку — вельмі крута. Асабліва перад судом. Калі не ведаеш, што табе дадуць — штраф ці суткі.

Актавая зала РАУС з чырвонымі шэрагамі крэслаў і чырвона-зялёным кардонам афармлення сцэны. Стол. Суддзя з памочніцай. Усім усё ясна. Пярэчанняў няма. Згодныя. Штраф 25 базавых. Вывесці.

Чытайце таксама: «Фашысты ў кіно — ветлівыя людзі па параўнанні з імі». Бармэн з Гродна, — пра 14 гадзін пасля сустрэчы з АМАПам

Іду па вуліцы з торбай у руках. Здаецца, ад мяне на кіламетр пахне цвіллю і турмой. Папрасіць тэлефон у мінака. Тэлефанаванне. Таксоўка. Па мяне прыехалі калегі.

Тыдзень на волі

Купляю фарбу для валасоў:

— Гэта я вас у інтэрнэце бачыла?

— Напэўна.

— Дзякуй вам за вашу працу.

Сустракаю суседку:

— Мы так за цябе перажывалі!

— Дзякуй!

Стаю ў царкве на набажэнстве, чую за спінай:

— Гэта тая журналістка, якую ў турму саджалі.

П’ем каву з калегам, падыходзім разлічыцца:

— Не трэба. За вас ужо заплацілі.

Столькі любові, колькі было вакол мяне ў апошні тыдзень, я даўно не адчувала.

Не-кніжная турма

Калі вы глядзелі «Зялёную мілю», «Уцёкі з Шаўшэнка» або «Вязня замка Іф», лепш не трапляйце ў гродзенскую турму. Асабліва па «палітычных» артыкулах. Рэальнасць расчаруе. Кнігі, шпацыры, сродкі гігіены — гэта для слабакоў. У гродзенскай турме такіх не трымаюць. З іншага боку — страхоўку ад турмы ў нас пакуль не прыдумалі. Так што лепш загадзя перачытаць Салжаніцына, Шаламава і Мандэльштама — падрыхтавацца.

Цана памылкі

У чым я ні секунды не сумнявалася, так гэта ў тым, што мяне не пакінулі калегі, сябры, блізкія. Я дакладна ведала, як пачынаюць круціцца шасцярэнькі ў рэдакцыі, калі паступае сігнал «нашы ў небяспецы».

Больш складана было справіцца з пачуццём віны — гэта праз мяне, праз маю памылку зараз столькі праблем. Дапамагло ўменне крытычна ставіцца да значнасці сваёй персоны. Я не пуп зямлі, не вакол мяне круціцца сусвет. Прычына праблем не ўва мне — у тых, хто прыдумаў і выконвае нечалавечыя законы, называе чорнае белым і кідае людзей у турмы.

Катаванні - гэта тут і цяпер

Першае, што хацелася зрабіць дома — прыняць душ. Змыць з сябе турму. На наступны дзень я пайшла шпацыраваць у горад. Глядзела на людзей, разглядала развалы ўсякага дабра на Скідзельскім рынку, адчувала пад падэшвамі басаножак гродзенскі брук, піла каву і ела ўсякія прысмакі проста на вуліцы.

Праходзячы Савецкай, пачула бой гадзінніка на Фарным і павярнулася. Краем погляду зачапілася за рэльефныя паўкруглыя дугі на белай сцяне другога паверху турмы.

Дугі на другім паверсе турмы нагадваюць пра камеру. Такой жа дугой выгінаецца столь камеры

Штосьці ў іх вельмі знаёмае. Дакладна такой дугой выгіналася… Столь. Турэмнай. Камеры. Я застыла з кавалкам пірага ў руцэ. Проста тут. Проста цяпер. Проста за гэтымі сценамі. Людзей. Кругласутачна. Катуюць. Цяпер мне гэта не разбачыць. І не забыцца.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024